ІЗЯСЛА́Ў ЯРАСЛА́ВІЧ (у хрышчэнні Дзмітрый; 1024—3.10.1078),

князь тураўскі і вял. князь кіеўскі, старэйшы сын Яраслава Мудрага. Княжыў у Тураве, напэўна, з 1042 (заснавальнік дынастыі Ізяславічаў), а ў 1052 атрымаў і пасад у Ноўгарадзе. Пасля смерці бацькі (1054) стаў вял. князем кіеўскім. У 1058 зрабіў паход і перамог заходнябалцкае племя голядзь. У 1067 з братамі Святаславам і Усеваладам ваяваў супраць полацкага кн. Усяслава Брачыславіча, удзельнік Нямігскай бітвы 1067. У час перагавораў каля Оршы вераломна захапіў Усяслава ў палон і адправіў у цямніцу ў Кіеў. У выніку нар. паўстання ў 1068 І.Я. скінуты з трона. У 1069 з дапамогай польск. караля Баляслава вярнуўся ў Кіеў, прагнаў Усяслава з Полацка і прызначыў на яго месца свайго сына Мсціслава Ізяславіча, а потым — Святаполка Ізяславіча. У 1073 вымушаны пакінуць Кіеў, у 1077 зноў захапіў кіеўскі трон. У Тураў на княжанне паслаў сына Яраполка Ізяславіча. І.Я. загінуў у міжусобнай барацьбе пад Чарнігавам. Адзін са складальнікаў «Рускай праўды». Віслыя свінцовыя пячаткі І.Я. выяўлены пры археал. раскопках у Ваўкавыску, Тураве, Брэсце.

Г.​В.​Штыхаў.

т. 7, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫСЛО́ЎЕ,

часціна мовы, якая абазначае прыкмету дзеяння, стану або якасці. Асн. марфалагічная асаблівасць П. — адсутнасць форм скланення і спражэння. Можа мець формы ступеней параўнання.

У сказе П. прымыкаюць да дзеясловаў («сядзець моўчкі»), прыметнікаў («якасна новы»), лічэбнікаў («трэці злева»), радзей да назоўнікаў («сяўба па-новаму») і П. («позна ноччу»). Паводле значэння падзяляюцца на якасна-азначальныя, што ўказваюць на якасць («агніста»), меру («крыху»), ступень інтэнсіўнасці, мяжу дзеяння, прыкметы ці стану («датла», «уволю») і акалічнасныя, што ўказваюць на месца або напрамак («там», «уверх»), час («аднойчы»), прычыну («спрасонку»), мэту («наўмысна») дзеяння. Утвараюцца афіксальным (суфіксальным — «высока»; прэфіксальным — «некуды»; прэфіксальна-суфіксальным — «змалку») спосабамі, асноваскладаннем («штогод») і інш. Папаўняюцца за кошт пераходу ў іх склад інш. часцін мовы: назоўнікаў («страх»), дзеепрыслоўяў («спатыкаючыся»), часціц («абы-абы»), Могуць ужывацца ў якасці прыназоўнікаў («побач»), злучнікаў («калі»), часціц («ледзь»), мадальных слоў («напэўна»), У сказе выконваюць ролю акалічнасці (пераважна), азначэння, выказніка.

Літ.:

Шуба П.П. Прыслоўе ў беларускай мове: Марфал. нарыс. Мн., 1962;

Яго ж. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987;

Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985.

А.​І.​Наркевіч.

т. 13, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯКУ́Б З КАЛІ́НАЎКІ (Каліноўскі, Калінаўка, Каліновіус; ? — 1583),

бел. гуманіст, ідэолаг левай, плебейска-сял. плыні радыкальна-рэфармацыйнага руху на Беларусі ў 2-й пал. 16 ст., антытрынітарый. Паслядоўнік Пятра з Ганёндза і М.Чаховіца. З 1560 прапаведнік у магната-кальвініста А.​Валовіча. У 1568 пакінуў гэту службу, верагодна, з прычыны актыўнага ўдзелу ў антытрынітарскім руху ў ВКЛ. З 1567 удзельнічаў у арыянскіх сінодах у Польшчы і ВКЛ. На сінодзе ў Скрынску (пад Радамам) абраны на дыспут з дытэістамі (пратэстанты, якія прызнавалі дваістую прыроду Бога). У 1568 разам з Паўлам з Візны палемізаваў з С.Будным на сінодзе ў Іўі (каля Валожына). Каля 1569 выехаў у Польшчу і там з групай сваіх прыхільнікаў з ВКЛ заснаваў у Ракаве (цяпер у Свентакшыскім ваяв.) прымітыўна-камуніст. рэліг. суполку. Каля 1575 знаходзіўся ў Любліне. На радзіму, напэўна, ён так і не вяртаўся. Выступаў супраць эксплуатацыі, свецкай улады, войнаў, адстойваў сац. і нац. роўнасць; прычынай сац. несправядлівасці лічыў прыватную ўласнасць.

Літ.:

Подокшин С.А. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы: (Вторая пол. XVI — нач. XVII в.). Мн., 1970.

С.​П.​Падокшын.

т. 18, кн. 1, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛУ́ЦКІ ЛЕ́ТАПІС, Увараўскі летапіс,

помнік беларуска-літоўскага летапісання 16 ст., адзіны спіс 3-й, скарочанай рэдакцыі Беларуска-літоўскага летапісу 1446. Збярогся ў рукапісе 1-й чвэрці 16 ст. Як сведчаць запісы на палях, што датычаць князёў слуцкіх, бытаваў і, напэўна, узнік у Слуцку (адсюль назва). У адрозненне ад 2-й рэдакцыі Бел.-літ. летапісу 1446 (гл. Нікіфараўскі летапіс, Супрасльскі летапіс, Акадэмічны летапіс), у якой спачатку змешчана летапісная кампіляцыя з рус. летапісаў, а ў канцы — мясцовыя гіст.-літ. творы, С.л. адкрываецца «Летапісцам вялікіх князёў літоўскіх», завяршаецца агульнарус. летапісам. Апошні дадаткова скарочаны і змяшчае выбарачныя гіст. запісы пра падзеі 970—1240 (абрываецца на апісанні паходу Батыя на Кіеў і Галіцка-Валынскую Русь). Іншы парадак размяшчэння ў гэтым спісе «Пахвалы Вітаўту» і Смаленскай хронікі. Рукапіс дэфектны, без пачатку і канца, не хапае лістоў у сярэдзіне. Да 1917 зберагаўся ў б-цы графа А.​С.​Уварава (адсюль другая назва) у Маскве, цяпер — у Гіст. музеі ў Маскве. Асн. арыгінальная частка С.л. ўпершыню апубл. ў 1854 А.​М.​Паповым, у 1877 выдадзены ў Кёнігсбергу ў перакладзе на ням. мову. Поўнасцю змешчаны ў 17-м і 35-м т. «Поўнага збору рускіх летапісаў».

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 15, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАДКЕ́ВІЧ Аляксандр (4.6.1776, г. Чарнобыль, Украіна — 24.1.1838),

палітычны і ваенны дзеяч, хімік, літаратар. Чл. Пецярбургскай АН (з 1818), шматлікіх навук. т-ваў. З роду Хадкевічаў. Вучыўся ў Варшаўскім пансіянаце для магнацкай моладзі М.​Нікуты. У час паўстання 1794 прызначаны Т.​Касцюшкам маёрам нац. гвардыі, напэўна, браў удзел у Віленскім паўстанні 1794 і баях у ВКЛ. Пасля падаўлення паўстання жыў на Валыні. У вайну 1812 чл. Ваеннага к-та Часовага ўрада Вялікага княства Літоўскага, камандзір 18-га пях. палка, які выставіў за ўласны кошт. У 1813 трапіў у рас. палон. Пры арганізацыі войска Каралеўства Польскага ў 1815 прызначаны нач. штаба гвардзейскай дывізіі, у 1818 — ген. брыгады. У 1819 сенатар Каралеўства Польскага, з 1820 дэпутат сейма. Належаў да масонскіх лож. У пач. 1824 арганізаваў у Кіеве спатканне дзекабрыстаў М.П.Бястужава-Руміна і С.І.Мураўёва-Апостала з прадстаўніком Патрыятычнага таварыства С.​Крыжаноўскім. У 1826 высланы ў Пецярбург, пасля ў Жытомір пад нагляд паліцыі Вызначыўся як хімік-даследчык, тэхнолаг. Гал. навук. праца — «Хімія» (т. 1—7, 1816—18). Займаўся таксама мінералогіяй, фармацэўтыкай. Вядомы як паэт, драматург, тэатр. крытык, калекцыянер. Аўтар нарысаў пра Касцюшку, Я.​Г.​Дамброўскага, кн. «Партрэты праслаўленых палякаў з іх апісаннем» (1820).

А.​А.​Ерашэвіч.

т. 16, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАДКО́ВІЧЫ, Валадкевічы,

дзяржаўныя дзеячы ВКЛ з роду герба «Радван». Верагодна, паходзяць ад шляхціца з Віленскага пав. Каспара Мікалаевіча Валадовіча, сыны якога Марцін і Рыгор у 1567 ставілі ў войска ВКЛ 2 коннікаў з маёнтка Геранёны Ашмянскага пав.; Марцін згадваецца і сярод шляхты Менскага пав. Найб. вядомыя:

Марцін (згадваецца ў 1567—82), пісар земскі, суддзя земскі і гараднічы менскі (1582). Меў сына Адама і дачку Палонію, якая была жонкаю кн. П.​Друцкага-Горскага. Марцін, верагодна, сын Адама. Суддзя земскі менскі (1628). Крыштоф (1600 ? — 1670), пісар земскі менскі, ваявода новагародскі (1658). У 1645 другі шлюб узяў з княжной Альжбетай з роду Друцкіх-Саколінскіх (памерла ў 1653). Яго дачка Соф’я Канстанцыя ў 1652 выйшла замуж за маршалка ВКЛ кн. А.​Палубінскага. Марцін Казімір, гараднічы і падстароста менскі (1649). Яго нашчадкамі, напэўна, былі Валадковічы, якія ў 2-й пал. 17—18 ст. займалі розныя пасады ў Менскім пав. Магчыма, да гэтага роду адносіліся Валадковічы: Сенька, які ў канцы 15 — пач. 16 ст. служыў князям Мсціслаўскім і атрымаў ад іх вёскі Касмынічы і Філіпаўшчыну; Павел, які ў 1582 з сынам Васілём служыў удаве кн. Ю.​Ю.​Слуцкага Кацярыне з Тэнчынскіх; Рыгор, полацкі шляхціц, згадваецца ў 1582; Дзям’ян (памёр да 1582), жонкай якога была Палонія Лядская. У Жамойціі існаваў род Валадковічаў герба «Лебедзь».

В.​Л.​Насевіч.

т. 3, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУКО́МСКАЕ КНЯ́СТВА,

феадальнае ўладанне ў ВКЛ на землях вакол Лукомскага воз. Цэнтр — Лукомль. На думку гісторыка Л.​В.​Аляксеева, Л.к. магло ўзнікнуць як адзін з удзелаў Полацкай зямлі ў 12—13 ст., але ў тагачасных крыніцах не названы ніводны князь з яго ўладальнікаў. Верагодна, яно было падаравана кімсьці з вял. кн. літоўскіх заснавальніку роду князёў Лукомскіх у сярэдзіне — 2-й пал. 14 ст. У 2-й трэці 15 ст. значная частка княства зноў трапіла ва ўласнасць вял. князя або ў выніку згасання адной з галін князёў Лукомскіх, або праз канфіскацыю часткі іх уладанняў за падтрымку кн. Свідрыгайлы ў час яго барацьбы з Жыгімонтам Кейстутавічам. Гэта частка Л.к. была тады ж раздадзена інш. феадалам: паны Саковічы атрымалі Улу, Боліна і Свяда ў міжрэччы Улы і Эсы, паны Кезгайлы — землі ў вярхоўях Эсы, дзе пазней узнік маёнтак Халопенічы. Напэўна, тады ж Цяпіна стала цэнтрам маёнтка Амельяновічаў, а Чарэя — паноў Чарэйскіх. Рэшта княства з маёнткамі Лукомль, Гарадзец, Мялешкавічы, Шчыдуты, Пірошыцы і інш. засталася ва ўладанні князёў Лукомскіх. У выніку падзелаў паміж імі раздрабілася і фактычна перастала існаваць як адзінае цэлае ўжо ў 16 ст.

Літ.:

Насевіч В.Л. Лукомль і Лукомльская воласць // Гіст.-археал. зб. Мн., 1994. № 4.

В.​Л.​Насевіч.

т. 9, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧО́РНАЯ РУСЬ,

назва паўн.-зах. часткі Беларусі, якая ўвайшла ў склад ВКЛ на пач. этапе яго фарміравання (сярэдзіна 13 ст.). Паводле гіст.-геагр. уяўленняў 18—20 ст., гал. цэнтрамі Ч.Р. былі Навагрудак, Гродна, Ваўкавыск, Слонім. Аднак аўтэнтычныя гіст. крыніцы не пацвярджаюць існавання на гэтай тэрыторыі вобласці з такой назвай. Тэрмін «Ч.Р.», напэўна, быў утвораны на ўзор і ў процівагу Белай Русі не раней за 14 ст. ў зах.-еўрап. л-ры і на пачатку не меў трывалай лакалізацыі. У абсалютнай большасці выпадкаў 14—17 ст. назва ўжывалася зах. еўрапейцамі ў дачыненні да розных тэрыторый на У і Пд ад сучаснай Беларусі. Адна з першых крыніц, дзе ўпамінаюцца «чорныя русіны», — нямецкамоўная хроніка Венгрыі Г.​Мюгельна (каля 1360), у якой паведамляецца пра перасяленне стараж. венграў у Панонію праз тэр. сучаснай Украіны. На карце Фра Маўра (1459) Ч.Р. пазначана на правабярэжжы Акі. Англ. дыпламат Дж.​Флетчэр адзначаў (1591), што Чорнай Сарматыяй (Руссю) называліся Уладзімірскае, Маскоўскае, Разанскае і інш. княствы на Пн ад Чорнага мора. У «Геаграфічным лексіконе» базыльяніна І.​Карпінскага (Вільня, 1766) суадносіны паміж 3 «каляровымі» часткамі Русі маюць такі выгляд: Белая Русь — Мсціслаўскае, Віцебскае, Полацкае, Смаленскае ваяв.; Чорная — Навагрудскае і Мінскае ваяв.; Чырвоная — усе ўкр. землі Польшчы. Такі падзел тады лічылі спрадвечным, спрабуючы рэтраспектыўна аднесці яго як мінімум да 14 ст. У сапраўднасці чляненне Русі на Белую, Чорную і Чырвоную штучнае і не было ўласцівае самім усх. славянам, пакуль да іх у 16—17 ст. шырока не пранікла еўрап. адукаванасць.

Літ.:

Белы А. Хроніка «Белай Русі» = Chronicon «Russiae Albae»;

Нарыс гісторыі адной геагр. назвы. Мн., 2000.

А.​В.​Белы.

т. 17, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЗІВІ́ЛАЎСКІ ЛЕ́ТАПІС, Кёнігсбергскі летапіс,

помнік старажытнарускага летапісання, летапісны звод пач. 13 ст.; зместам блізкі да Лаўрэнцьеўскага летапісу. Складаецца з «Аповесці мінулых гадоў» і летапісу за 1112—1206, прысвечанага пераважна гісторыі Паўн.-Усх. Русі. Вядомы адзіны ілюстраваны спіс канца 15 ст., зроблены, напэўна, у Смаленску, у канцы яго змешчана «Хаджэнне Данііла ігумена...». У 16—1-й пал. 17 ст. рукапіс зберагаўся на Беларусі. Апошні ўладальнік Р.л. Багуслаў Радзівіл завяшчаў Кёнігсбергскай б-цы, куды рукапіс трапіў у 1671. З 1758 знаходзіцца ў Расіі. У летапісе шмат каштоўных звестак з гісторыі ўсх. славян эпохі ранняга сярэднявечча, якія за 9—11 ст. пададзены паводле летапісу Нестара, за 12 ст. — уладзімірскага летапіснага зводу пач. 13 ст. Пад 1128 змешчана аповесць пра Рагнеду Рагвалодаўну поўнай рэдакцыі, якая складзена, найб. верагодна, у Кіеве ў 2-й пал. 11 ст. паводле вуснага апавядання Яна Вышаты, прапраўнука Дабрыні (дзядзькі кн. Уладзіміра Святаславіча). Вялікую культ.-гіст. каштоўнасць маюць 617 каляровых мініяцюр, якія адлюстроўваюць розныя бакі жыцця (ваен. паходы і бітвы, паўстанні, нар. святы і абрады, паліт. дзейнасць князёў, розныя сцэны з выявамі помнікаў архітэктуры), матэрыяльную культуру (прадметы побыту, мэблю, адзенне, зброю і інш.) усх. славян, з’яўляюцца своеасаблівым маст. летапісам сярэднявечча. Шэраг мініяцюр звязаны з гісторыяй бел. зямель: «Рагнеда і Рагвалод», «Бітва на Нямізе», пра паланенне і вызваленне Усяслава Полацкага і інш. У некат. мініяцюрах адчуваецца ўплыў зах.-еўрап. традыцый. Рукапіс зберагаецца ў б-цы Расійскай АН у Санкт-Пецярбургу.

Літ.:

Полное собрание русских летописей. Т. 38. Радзивилловская летопись. Л., 1989;

Радзивилловская летопись: Факс. воспр. рукописи: Текст. Исслед. Описание миниатюр. СПб.;

М., 1994.

В.​А.​Чамярыцкі.

Вольга і Святаслаў. Малітва Вольгі. Мініяцюры з Радзівілаўскага летапісу.

т. 13, с. 215

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАСО́ВЫ РЭВАЛЮЦЫ́ЙНЫ КАМІТЭ́Т ЗАХО́ДНЯГА ФРО́НТУ (ЧРК ЗФ),

грамадска-палітычная арг-цыя ў жніўні—верасні 1917, створаная для аховы парадку і прадухілення магчымых выступленняў у падтрымку Карнілава мяцяжу 1917. Створаны з членаў Выканаўчага к-та Зах. фронту (Выкамзаха), прадстаўнікоў Мінскага Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў, Савета сял. дэпутатаў Мінскай і Віленскай губ., Мінскай гар. думы. Пачаў фарміравацца ў ноч на 10.9.1917 на пасяджэнні членаў Выкамзаха (33 чал.) пры ўдзеле франтавога камісара У.​В.​Жданава пасля абмеркавання атрыманай ад міністра-старшыні Часовага ўрада А.​Ф.​Керанскага тэлеграмы пра яго канфлікт з «былым вярхоўным галоўнакамандуючым Карнілавым» і просьбай аб падтрымцы законнай улады. У выніку на пасяджэнні прынята каля 15 пастаноў, скіраваных на мабілізацыю сіл і сродкаў для барацьбы з мяцежнікамі на фронце і ў тыле, найперш у Мінску. На 2-м пасяджэнні Выкамзаха створаны агульны рабочы орган — ЧРК ЗФ, які сканцэнтраваў у сваіх руках дзейнасць асн. грамадска-паліт. арг-цый фронту. Агульнае кіраўніцтва к-там ажыццяўляў Жданаў. Адначасова к-т папоўніўся прадстаўнікамі Савета рабочых і салдацкіх (Н.​Д.​Зальманаў, К.​І.​Ландар, Р.​Л.​Хасін) і Савета сял. дэпутатаў (І.​П.​Несцераў і А.​І.​Главінскі). Кіраўніком к-та выбраны старшыня Выкамзаха Кажэўнікаў, яго нам. — Ландар. З 10 членаў ЧРК ЗФ 7 былі эсэры, 1 бальшавік, 1 бундавец. З мэтай прадухіліць выкарыстанне Л.Г.Карнілавым салдат Зах. фронту для барацьбы супраць Часовага ўрада к-т перапыніў сувязь карнілаўскіх войск са Стаўкай у Магілёве; на ўсе вузлавыя чыг. станцыі Мінскай ваен. акругі накіраваны ўпаўнаважаныя камісара фронту з правамі кантролю за перасоўваннем войск. К-т выдаў распараджэнне аб арышце асоб, якія вялі пагромную ці контррэв. агітацыю. За час дзейнасці к-та ў Мінску і яго ваколіцах не адбылося ні аднаго выпадку контррэв. ці паліт. акцыі, скіраваных на дэстабілізацыю становішча. Апошняй акцыяй ЧРК ЗФ стала паездка яго прадстаўнікоў разам з ваен. камісарам фронту, ваен. пракурорам і следчай камісіяй у Магілёў 14.9.1917 пасля арышту Карнілава. 14 вер. новы вярх. галоўнакамандуючы Керанскі загадам прадпісаў Жданаву спыніць дзейнасць ЧРК ЗФ. 15 вер. нарада ўсіх прадстаўнікоў ЧРК ЗФ, напэўна, выказалася за спыненне дзейнасці к-та, бо 22 вер. на пасяджэнні Мінскай гар. думы яе старшыня Вайнштэйн абвясціў пра скасаванне ЧРК ЗФ.

Літ.:

Сяменчык М.Я. Грамадска-палітычнае жыццё ў Мінску (сакавік—красавік 1917 г.). Мн., 1994.

М.​Я.​Сяменчык.

т. 17, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)