АРАТО́РЫЯ (італьян. oratorio ад лац. oro гавару, малю),

буйная шматчасткавая кампазіцыя для спевакоў-салістаў (часам чытальніка), хору і сімф. аркестра пераважна эпіка-драм. характару, прызначаная для канцэртнага выканання. Мае агульныя рысы з операй (сюжэт, наяўнасць арый, рэчытатываў, ансамбляў, хароў), адрозніваецца ад яе адсутнасцю акцёрскай ігры, дэкарацый (як выключэнне бываюць сцэнічныя араторыі), перавагай апавядальнасці над драм. дзеяннем. У параўнанні з кантатай мае большыя памеры, ярка выражаную сюжэтную аснову.

Зарадзілася на мяжы 16—17 ст. ў Італіі. Напачатку араторыі пісалі на біблейскія, евангельскія або ант. сюжэты. Росквіт жанру ў 18 ст. звязаны з творчасцю Г.​Ф.​Гендэля, які стварыў класічны тып манум. героіка-эпічнай араторыі, і І.​С.​Баха, чые пасіёны (страсці) насычаны глыбокім філас. зместам. Пад уплывам асаблівасцяў розных нац. культур араторыя мадыфікавалася. Адбывалася яе сімфанізацыя (кампазітары венскай класічнай школы) або лірызацыя (кампазітары-рамантыкі). У 20 ст. адрадзілася цікавасць да араторыі, якая інтэнсіўна збліжаецца з операй, кантатай, сімфоніяй.

У бел. музыцы першыя араторыі створаны ў 1930-я г. (блізкая да араторыі вак.-сімф. паэма «Над ракою Арэсай» М.​Аладава, незакончаная араторыя «Вызваленне» Я.​Цікоцкага). У 1960-я г. напісаны араторыі «Песня пра Кубу» С.​Картэса, «Званы» Я.​Глебава, «Мы — беларусы» К.​Цесакова, першая камерная араторыя «Песні Хірасімы» (для чытальніка, салістаў — барытона і сапрана і 2 фп.) Дз.​Смольскага. З 1970-х г. бел. араторыі вылучаюцца разнастайнасцю тэматыкі і жанравымі разнавіднасцямі. Сярод найб. значных араторый «Мая Радзіма» Смольскага, «Свяці, зара» Глебава, «Зямля Беларусі» У.​Дарохіна (сл. П.​Броўкі), «Памяці паэта» Картэса і «Паэт» Смольскага на вершы Я.​Купалы, «Памяць Хатыні» В.​Войціка, «Хатынь» Цесакова, «Ванька-Устанька» (сл. Я.​Еўтушэнкі) і «Вольнасць» паводле кн. А.​Радзішчава «Падарожжа з Пецярбурга ў Маскву» А.​Мдывані. У 1980 — пач. 1990-х г. створаны араторыі «Бітва за Беларусь» А.​Багатырова, «Думкі рускія» А.​Бандарэнкі, «Лісткі з календара» (сл. М.​Танка) А.​Залётнева, «Сказ пра Ігара» і «Іканастас» Л.​Шлег, «Куранты» В.​Капыцько, «Зорка паэта» Э.​Наско, «Беларускае вяселле» Цесакова, «Партызанскія песні» У.​Алоўнікава і інш.

Большасць бел. араторый ярка публіцыстычныя, напоўненыя грамадз. пафасам. Для іх характэрны апора на бел. паэзію, прыёмы развіцця, інтанацыйныя і ладавыя асаблівасці бел. муз. фальклору, увядзенне нац. інструментаў. У шэрагу араторый выкарыстаны новыя сродкі выразнасці, у т. л. прыёмы моўнай дэкламацыі з фіксаванымі гукавышыннай лініяй і рытмам, санорныя эфекты, элементы алеаторыкі, серыйнай тэхнікі, падпарадкаваныя маст. мэтам.

Літ.:

Розенов Э.К. Очерк истории оратории // Розенов Э.К. Статьи о музыке: Избр. М., 1982;

Кулешова Г.Г. Белорусская кантата и оратория. Мн., 1987.

А.​У.​Валадковіч.

т. 1, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́ЗАЧНІК,

таленавіты майстар-выканаўца казак, хавальнік казачных традыцый. Вызначаецца індывід. манерай выканання, складам рэпертуару. Славутыя К. ў рускіх — А.​Навапольцаў, А.​К.​Барышнікава (Купрыяніха), М.​М.​Каргуеў, М.​А.​Сказкін, Г.​М.​Каралькова, у ўкраінцаў — Р.​Ф.​Чмыхала, А.​С.​Калін, К.​Дзеравенчанка, у беларусаў — І.Азёмша, А.Ваўчок, П.П.Гаспадароў, П.В.Гулевіч, Я.​Дзежка, Д.​Кулеш, І.Ю.Макей, В.Міхайлаў, Рэдкі, М.Спірыда і інш., у славакаў Е.​Смолка і інш.

У фарміраванні казачнага рэпертуару вял. ролю адыгралі прафес. К. На Русі і Беларусі — скамарохі, вандроўныя «баяры́» Казкі найчасцей расказвалі на вячорках, асабліва ў калядны тыдзень. У.​Дабравольскі ў «Смаленскім этнаграфічным зборніку» (ч. 1, 1891) апубл. значны матэрыял пра індывідуальны маст. стыль бел. К. вёскі Бердзябякі Ельнінскага пав. Смаленскай губ. Міхайлава. Ад селяніна Дзежкі з в. Новая Хадароўка Сакольскага пав. Гродзенскай губ. М.​Федароўскі запісаў больш за 70 казак, жартаў, анекдотаў, легенд, паданняў. Гаспадароў за ўдзел у рэв. выступленнях у 1905 высланы ў Алонецкую губ., дзе ад яго запісана 106 казак. Пра высокую культуру К. Бел. Палесся сведчаць прасякнутыя задушэўным лірызмам, нар. мудрасцю, напоўненыя новымі ідэямі казкі і апавяданні Рэдкага (ад яго запісана 38 тэкстаў), Азёмшы (запісаны 32 казкі), М.​Савіцкага, Куляша, М.​Бохмат і інш. Самабытна развіваў сац. матывы ў быт. казках Ваўчок (запісана 18 казак і апавяданняў). У Вял. Айч. вайну творчасць К. адлюстроўвала барацьбу за свабоду. Пастух М.​Багрым з в. Даўляды Нараўлянскага р-на расказваў «сон» пра хуткае выгнанне акупантаў. Эсэсаўцы яго расстралялі. Агітац. рыфмаваную казку «Зоркавы горад» расказвалі ў Пухавіцкім р-не, у Астрашыцкім Гарадку. Пасля вайны ад А.​С.​Коржань (г. Орша) запісаны казкі-легенды пра К.​С.​Заслонава. Макей (в. Алексічы каля Зэльвы), Я.​П.​Яфіменкаў (в. Ластавічы Глыбоцкага р-на) «разыгрывалі» казку ў асобах. Сучасныя К. пісьменныя, з шырокім кругаглядам. Пераважаюць жанчыны, якія выконваюць і інш. фалькл. творы. Для многіх расказванне казак — неабходнасць, звязаная з выхаваннем дзяцей, таму ў іх рэпертуары шмат казак пра жывёл і блізкіх да іх чарадзейных. У 1960—80-я г. ў розных раёнах Беларусі выяўлены таленавітыя К.: К.​Мельнікава з Лоеўскага, Ф.​Вяргун з Мазырскага, Е.​Ляўчэня з Любанскага, П.Акулевіч з Бярэзінскага, С.​Паўлянкова з Гомельскага, М.​Коўтун з Чэрвеньскага, Н.​Краснякова з Крупскага, У.​Русіновіч з Светлагорскага, Л.​Цыбульская з Уздзенскага р-наў (ад іх запісана па 30—15 казак). Вылучаюцца К.-імправізатары, якія не выходзяць за межы традыц. сюжэта, свабодна абыходзяцца з матэрыялам, часам кантамінуюць некалькі сюжэтаў, падкрэсліваюць дыдактычны бок казкі (М.​Казлоўская, У.​Рамбальская, Пастаўскі р-н), і К.-традыцыяналісты, якія строга трымаюцца сюжэтнай схемы і вядомага ім тэксту (Д.​Гапеева, Быхаўскі р-н). Есць К.-маралісты (Е.​Варашкевіч, Ляўчэня, Любанскі р-н), эпікі (Р.​Глусцоў, Быхаўскі р-н, С.​Вежнавец, Светлагорскі р-н), гумарысты (Акулевіч, Русіновіч). Крыніцы папаўнення рэпертуару сучасных К. істотна пашырыліся (кнігі, радыё, тэлебачанне), але па-ранейшаму гал. роля належыць тэкстам, што перайшлі ад дзядоў і бацькоў.

Літ.:

Сержпутовский А.К. Сказки и рассказы белорусов-полешуков. СПб., 1911. С. I—VII;

Сказки Ф.​П.​Господарева. Петрозаводск, 1941. С. 7—55;

Беларускія казкі, запісаныя ад Пятра Гулевіча. Мн., 1963. С. 5—8;

Бараг Л.Р. Беларуская казка. Мн., 1969. С. 46—60, 227—251;

Кабашнікаў К.П., Барташэвіч Г.А. Сустрэчы з казкай. Мн., 1984;

Калеснік У. Жыў-быў казачнік... // Калеснік У. Тварэнне легенды. Ми., 1987;

Кароткая Л.Л. Жывое, роднае... Мн., 1989;

Азадовский М.К. Русские сказочники // Азадовский М.К. Статьи о литературе и фольклоре. М., Л., 1960;

Шастина Е.И. Сказки, сказочники, современность. Иркутск, 1981;

Оповідання Р.​Ф.​Чмихала / Зібр. Володимир Лесевіч // Етнографічній збірник. 1904. Т. 14;

Зачаровані казкою: Укр. нар. казки Закарпаття в запісах П.​В.​Лінтура. Ужгород, 1984.

К.​П.​Кабашнікау. І.​У.​Саламевіч.

т. 7, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯСВІ́ЖСКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ КО́МПЛЕКС,

помнік архітэктуры 16—18 ст. у г. Нясвіж Мінскай вобл. Закладзены ў 1583 кн. М.​К.​Радзівілам Сіроткам на ПдЗ ад горада на месцы драўлянага замка 1533. У пачатку буд-ва (да 1599) удзельнічаў італьян. арх. Дж.​Бернардоні. У першапач. выглядзе адлюстраваны на гравюры Т.​Макоўскага пач. 17 ст. Замак меў у плане форму чатырохвугольніка памерамі 170 × 120 м, быў абкружаны высокім земляным валам з бастыёнамі па вуглах, вадзяным ровам (унутр. кальцо), шырокай дарогай з невысокім земляным насыпам (гласісам) з вонкавага боку і штучнымі вадаёмамі на р. Уша (вонкавае кальцо). Вал (выш. да 20 м) абмураваны каменем, уверсе пераходзіў у мураваны бруствер з дадатковымі ўмацаваннямі, унутры вала былі мураваныя стайні і 4 патаемныя ўваходы. У 17 ст. па вуглах бастыёнаў пабудаваны 4 абарончыя вежы (вядомыя па інвентарах). Падыход да замка з З быў умацаваны трохвугольным шанцам, да якога вялі 2 пад’язныя дарогі. Уздоўж гал. восі знаходзіліся мураваная брама з рассоўным мостам і 3-павярховы палац з 8-граннымі вуглавымі вежачкамі. Злева ад брамы стаяў 2-павярховы гасп. корпус, справа — 3-павярховая казарма з вял. дазорнай вежай. У 1706 замак разбураны шведамі. Адноўлены і перабудаваны ў стылі барока пасля 1726 арх. К.​Ждановічам (у 1740 пабудаваў таксама палацавую капліцу). У 18 ст. ў буд-ве палаца ўдзельнічалі арх. М.​Педэці (у 1748—52), М.​Фларыяновіч (1775—78), К.​Спампані (1778—79), А.​Лоцы (1783, праект галерэі). Мураваныя бастыёны заменены землянымі ўмацаваннямі. Паводле інвентара 1767, замак складаўся з палаца і дапаможных карпусоў абапал уязной брамы. Палац — 3-павярховы прамавугольны ў плане будынак, накрыты дахоўкай і завершаны круглай у плане купальнай ратондай, у якой знаходзіўся гадзіннікавы звон. На гал. фасадзе меў галерэю, аздобленую балюстрадай з меднымі пазалочанымі парэнчамі. У ніжнім паверсе палаца размяшчаліся службовыя памяшканні, 2 лазні і інш. Верхнія паверхі займалі княжацкія апартаменты з вял. колькасцю парадных і жылых памяшканняў. У інтэр’ерах былі кафляныя і фаянсавыя печы, упрыгожаныя лепкай са стука, каміны з метал. геральдычнымі выявамі. Сцены аздаблялі дубовыя разныя панэлі, палатняныя і скураныя шпалеры ў ляпных пазалочаных рамах. Ляпная столь была пакрыта пазалотай і размалёўкай. Мэбля інкруставаная і размаляваная, упрыгожаная маст. тканінамі. Падлога з дубовага наборнага паркету. Вял. значэнне ў ансамблі інтэр’ера мелі творы жывапісу (партрэты, абразы, карціны на гіст. сюжэты), дэкар.-прыкладнога мастацтва (калекцыя саксонскага фарфору, размаляваны золатам шкляны посуд, крышталь, вырабы радзівілаўскіх мануфактур і інш.). Асабліва багатай аздобай вызначаліся парадныя залы і галерэі (збройная, партрэтная, мармуровая, залатая, гетманская, бібліятэчная). У браме (наверсе быў гадзіннік) размяшчаліся кардэгарда (у ніжнім ярусе), памяшканні архіва (у верхнім ярусе). Дапаможныя карпусы абапал брамы ўключалі шэраг жылых і гасп. памяшканняў, майстэрні, кухні, скляпы, скарбніцы і інш., а таксама замкавую капліцу з асн. памяшканнем, сакрысціяй, званіцай і кругавой галерэяй для літургічных працэсій. У капліцы былі фаянсавыя і разныя драўляныя алтары, амбон са штучнага мармуру. Скляпенні былі аздоблены размалёўкай на біблейскія сюжэты. Злева і справа ад замкавай брамы па-за межамі ўмацаванняў каля ставоў існавалі 2 комплексы жылых, гасп. і вытв. пабудоў (жыллё прыслугі, свірны, стайні, вазоўні, парахавая і карэтная майстэрні, кузня і інш.). Каля аднаго з іх стаяў Нясвіжскі тэатр Радзівілаў. У замкавых бастыёнах былі арсеналы, алькежы і каморы.

Пры перабудове гал. палацавага корпуса надбудаваны 4-ы паверх, завершаны трохвугольным франтонам з рэльефным стукавым дэкорам. Перабудаваныя бакавыя карпусы злучаны з гал. корпусам 3-павярховымі жылымі будынкамі, а з уязной брамай (у 2-й пал. 18 ст. завершана вежай) — галерэямі. У выніку палац набыў замкнёную па перыметры поліганальную форму, блізкую да пяцівугольніка. Фасады, арыентаваныя на ўнутр. двор, аздоблены пілястрамі вял. ордэра і вырашаны ў 2 колеры. 8-гранныя вежы (дазорная і над брамай) накрыты шлемападобнымі купалкамі з галоўкамі. У 1809 комплекс рэстаўрыраваны арх. М.​Цэйзікам. Часткова захаваліся багатыя калекцыі твораў мастацтва, зброі, сямейныя партрэты, б-ка, архіў, а таксама аздоба інтэр’ераў. З 1945 у замку размешчаны санаторый «Нясвіж». Паркі пейзажнага тыпу закладзены ў 1879 у пойме р. Уша. Пл. з вадаёмамі каля 100 га. Складаюцца з 5 аўтаномных ландшафтных зон, кожная з якіх мае завершаную кампазіцыю. Ставамі Замкавым і Дзікім паркі падзяляюцца на права- і левабярэжную часткі. На правабярэжнай знаходзяцца палац і замак з фрагментам парку (Замкавы парк) і Стары («англійскі») парк з «японскім» садам. У замкава-палацавы фрагмент уключаны рэшткі бастыёнаў, напоўненыя вадой равы, валы, азялененыя дворыкі, на бастыёнах — альтанкі. З дэкар. упрыгожанняў — стары ’калодзеж у стылі барока з дэталямі маст. коўкі і скульптура «Амур з чашай». Да Замкавага парку прылягае Стары парк з маляўнічымі палянамі, дэкар. групамі дрэў, памятнымі камянямі і архітэктурай малых форм. У пач. 20 ст. за Старым паркам створаны «японскі» сад з паплавамі. У левабярэжнай ч. — Новы (Марысін) парк з т.зв. іпадромам. Афармляў паркі садавод-дэкаратар А.​Пастарэмчак. У 1913—14 праведзены работы па паляпшэнні паркавых ландшафтаў. У парках растуць елкі звычайная і Энгельмана, лістоўніцы даурская і сібірская, хвоі веймутава і чорная і інш. У 1985—91 паводле праекта, распрацаванага ін-там «Мінскпраект» (гал. арх. І.​Жлоба), праведзены чысткі вадаёмаў, адваднога канала, асушэнне вільготных тэрыторый, адноўлены асобныя планіровачныя вузлы і ўчасткі, малыя арх. формы, асн. ландшафтныя кампазіцыі. У 1990-я г. ў парку ўстаноўлены бюсты кн. Ю.​Нясвіжскага, У.​Сыракомлі, Дж.​М.​Бернардоні (усе скульпт. С.​Гумілеўскі), кн. М.​К.​Радзівіла Сіроткі, Т.​Макоўскага, Я.​Коласа (усе скульпт. М.​Канцавы), скульптуры «Дама ў чорным» (скульпт. Л.​Давідзенка) і інш., 3 вазы з сімваламі: «1794. За нашу і вашу волю. 1863», «1410. Грунвальд», «Gloria victoria».

В.​Р.​Анціпаў, М.​А.​Ткачоў, Ю.​А.​Якімовіч.

Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс. З малюнка Н.​Орды. 19 ст.
Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс.
Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс. Унутраны двор.

т. 11, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)