ЛУСО́Н (Luzón),

найбольшы востраў на Пн Філіпінскага архіпелага. Пл. 105,6 тыс. км². Нас. 30 млн. чал. (1995). Рэльеф пераважна сярэднягорны, выш. да 2928 м (г. Пулаг). Есць дзеючыя вулканы (Маён і інш.). Клімат субэкватарыяльны, мусонны, частыя тайфуны. Вечназялёныя і лістападныя трапічныя лясы, у далінах рэк — саванны. Радовішчы храмітаў, золата, нафты, газу, жал. руд. Прам-сць: харч., дрэваапр., тэкст., цэм., горназдабыўная. Вырошчваюць рыс, кукурузу, трыснёг, тытунь, какосавую пальму, какаву, каву, манільскія каноплі і інш. На Л. сталіца Філіпін — г. Маніла.

т. 9, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БА́БКІ»,

бел. нар. гульня. Некалькі пар бабак (падкапытныя косці жывёл) ставяць на роўным месцы ў рад («кон»), і з абумоўленага месца кожны гулец па чарзе збівае іх біткай (вялікая бабка, набітая свінцом). Збітыя бабкі лічацца выйгранымі. Разнавіднасць гульні — біток, дзе замест бабак выкладаюць піраміду з арэхаў, вакол якой праводзіцца круг — «горад». Гульцы з абумоўленага месца кідаюць найбольшы арэх-біток у піраміду. Арэхі, выбітыя за мяжу круга, лічацца выйгранымі. Той, хто прамахнуўся, дабаўляе ў піраміду арэх. Гульня скончана, калі ўсе арэхі выбіты з «горада».

т. 2, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕРМА́ ПРЫ́НЦЫП,

асноўнае палажэнне геаметрычнай оптыкі, паводле якога святло распаўсюджваецца ад аднаго пункта да другога ўздоўж лініі, калі час распаўсюджвання будзе экстрэмальны (найменшы ці найбольшы) у параўнанні з часам распаўсюджвання ўздоўж інш. магчымых ліній, якія злучаюць дадзеныя пункты. Устанавіў П.Ферма. З Ф.п. вынікаюць законы прамалінейнасці распаўсюджвання святла (у аднародным асяроддзі), люстранага адбіцця святла і пераламлення святла. У хвалевай оптыцы Ф.п. — лімітны выпадак Гюйгенса—Фрэнеля прынцыпу пры ўмове, што можна не ўлічваць дыфракцыю святла, а светлавыя прамяні разглядаць як нармалі да хвалевых паверхняў.

т. 16, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЕЙСТАЦЭ́НАВЫ АДДЗЕ́Л (ЭПО́ХА), плейстацэн (ад грэч. pleistos найбольшы + kainos новы),

ніжні аддзел антрапагенавай сістэмы (перыяду), апошні адрэзак ледавіковай гісторыі Зямлі, які адпавядае найб. працяглай эпосе антрапагенавага (чацвярцічнага) перыяду. Паводле розных ацэнак П.а.(э.) доўжыўся 0,7—3,5 млн. г. і завяршыўся 0,1 млн. г. назад. Ён падзелены на ніжні (ранні), сярэдні і верхні (позні) плейстацэн або эа-, меза- і неаплейстацэн. Характарызуецца глабальным пахаладаннем клімату Зямлі і чаргаваннем у сярэдніх шыротах халодных (ледавіковых) і адносна цёплых (міжледавіковых) інтэрвалаў. Тэр. Беларусі належыць да рэгіёнаў класічнага развіцця ледавіковых з’яў і падзей у плейстацэне.

А.​Ф.​Санько.

т. 12, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́МЕНСКІЯ ВАЛУНЫ́,

геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1972). За 100 м на ПнУ ад в. Каменка Уздзенскага р-на Мінскай вобл. 2 вялізныя ледавіковыя валуны пегматытавага граніту. Найбольшы камень даўж. 7 м, шыр. 3,5 м, выш. 1,8 м, у абводзе 17,5 м, аб’ём 24 м³, маса каля 64 т. Другі (паўд.) валун даўж. 5,3 м, шыр. 3,5 м, выш. 2,4 м, у абводзе 14,1 м, аб’ём 23,5 м³, маса 62,5 т. Прынесены ледавіком каля 200—120 тыс. г. назад са Скандынавіі як адзіны блок пароды, які пры раставанні лёду раскалоўся на 2 часткі. У стараж. часы — язычніцкае капішча.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 7, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НОВАСІБІ́РСК,

горад у Расіі, цэнтр Новасібірскай вобл., на р. Об. Узнік у 1893, у 1904—25 наз. Нованікалаеўск. 1367,7 тыс. ж. (1996). Найбольшы горад Сібіры. Прамысл., навук. і культ. цэнтр. Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт, аэрапорт, метрапалітэн. Прам-сць: маш.-буд. (з-ды «Сібэлектрацяжмаш», электратэрмічнага абсталявання і інш.), станкабуд., прыладабуд., радыёэлектронная, авіябудаванне, чорная і каляровая металургія, хім. і хім.-фармацэўтычная, лёгкая, харч.; вытв-сць буд. матэрыялаў. ГЭС. Сібірскае аддзяленне Рас. АН. 16 ВНУ, у т. л. 2 ун-ты, кансерваторыя. 6 тэатраў, у т. л. тэатр оперы і балета. Філармонія. Цырк. Музеі: краязн., геал., заал., гісторыі і культуры народаў Сібіры, карцінная галерэя.

Панарама Новасібірска.

т. 11, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІХАТЭ́-АЛІ́НСКІ МЕТЭАРЫ́Т,

жалезны метэарыт, які ўпаў 12.2.1947 у заходніх адгор’ях Сіхатэ-Алінскага хрыбта.

Выпаў у выглядзе метэарытнага дажджу, які ўтварыўся ад драбнення асн. масы на выш. 4—5 км над Зямлёй. Падзенне суправаджалася ўспышкамі святла і выбухамі. Найбольшыя яго экзэмпляры ўтварылі кратэры дыяметрам ад 4 м да 28 м, дробныя рассеяліся на плошчы каля 3 км². Агульная маса метэарытнага рэчыва прыкладна 70 т, маса асколкаў і асобных экзэмпляраў, знойдзеных на плошчы падзення, 37 т, найбольшы з іх 1745 кг. Складаўся з жалеза (93%), нікелю (6%) і невял. колькасці фосфару, кобальту, серы і медзі.

Літ.:

Кринов Е.Л. Железный дождь. М., 1981.

т. 14, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЙМЕ́НШЫ АГУ́ЛЬНЫ КРА́ТНЫ двух (ці больш) цэлых лікаў,

найменшы дадатны лік, які дзеліцца на кожны з зададзеных лікаў. Напр., Н.а.к. лікаў 12, 15 і 20 з’яўляецца 60. Н.а.к. двух натуральных лікаў роўны здабытку гэтых лікаў, падзеленаму на іх найбольшы агульны дзельнік.

Выкарыстоўваецца пры складанні (ці адыманні) дробаў найменшым агульным назоўнікам двух (ці больш) дробаў з’яўляецца Н.а.к. іх назоўнікаў. Для знаходжання Н.к.а. зыходныя лікі раскладаюць на простыя множнікі (гл. Раскладанне на множнікі) і перамнажаюць усе простыя множнікі, якія ўваходзяць хаця бы ў адзін лік. Пры гэтым кожны множнік бяруць найб. колькасць разоў, якую ён сустракаецца. Паняцце Н.а.к. дастасавальнае і для мнагаскладаў: Н.а.к. двух ці больш мнагаскладаў ёсць мнагасклад найменшай ступені, які дзеліцца на кожны з зададзеных.

т. 11, с. 130

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХА́ГАР (Ahaggar), Хогар,

пустыннае нагор’е ў Цэнтральнай Сахары, у Алжыры. Складзена з плоскавяршынных ступеньчатых хрыбтоў (сярэдняя выш. да 800 м), выцягнутых з Пн на Пд, і базальтавых плато (сярэдняя выш. 2000 м), над якімі ўздымаюцца вулканічныя конусы, найбольшы выш. 3003 м (г. Тахат). З Пн і Пд нагор’е акаймавана пясчанікавымі градамі (куэстамі) палеазойскага ўзросту. Складзена з крышт. сланцаў, гнейсаў і гранітаў. Радовішчы плаціны, алмазаў, урану, нікелю, медзі і інш. Клімат трапічны горна-пустынны. Сярэдняя т-ра студз. 10 °C, ліп. 35 °C, ападкаў менш як 100 мм за год. Пастаянны паверхневы сцёк толькі ў вярхоўях сухіх далін (уэдаў), дзе шчыльнае травяное покрыва. Трапляюцца асобныя дрэвы і гаі (кіпарысы, мірт, пальмы, акацыі). Жывёльны свет: муфлоны, гепарды, ільвы; у аазісах шмат птушак.

т. 2, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРА́УС (Struthio camelus),

птушка атр. страусападобных. Адзіны сучасны від атрада. Вывадкавая птушка. Пашыраны ў Афрыцы, раней трапляўся (да 1941) у Сірыі і на Аравійскім п-ве (вынішчаны). Жыве ў пустынях і стэпах, зрэдку з зараснікамі кустоў. Трымаецца групамі да 5—6, радзей да 30—40 птушак.

Найбольшы з сучасных птушак: выш. да 2,7 м, маса да 136 кг. Самец большы за самку. Апярэнне мяккае, у самца чорнае, махавыя і рулявыя пёры белыя, у самкі — шаравата-бурае. Галава і шыя пакрыты кароткім пухам. Не лятае; характэрны малыя памеры грудной косці і адсутнасць кіля. Ногі доўгія, моцныя, з 2 пальцамі. Хутка бегае (да 50 км/гадз). Палігам. 3—6 самак адкладваюць 6—8 яец (самыя вял. з птушыных) у агульнае гняздо Расліннаедныя. Разводзяць на фермах (дзеля пёраў для ўпрыгожанняў і мяса).

Страус афрыканскі: 1 — самка; 2 — самец; 3 — нага.

т. 15, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)