МАНІВІ́ДАВІЧЫ,

дзяржаўныя дзеячы і буйныя землеўладальнікі ў ВКЛ у 14—15 ст. Родапачынальнік — баярын Манівід (у хрышчэнні Войцех, Альберт) Кайлікінавіч (каля 1360—1424), які ўпамінаецца з 1387 у складзе велікакняжацкай рады. З 1396 намеснік віленскі. У час заключэння Гарадзельскай уніі 1413 атрымаў герб «Ляліва» і стаў першым ваяводам віленскім. Ад вял. кн. Вітаўта атрымаў Геранёны-Суботнікі (1396), Лаздуны і Жупраны (1403) у Ашмянскім пав., Беразіно, Гняздзілавічы, Дзядзілавічы, Домжарыцы, Докшыцы, Мсціж у Харэцкай вол. і Гасцілавічы ў Лагожскім княстве (1407), Станькава ў Мінскім пав., Сярпейск у Смаленскай зямлі, Брагін, Горваль і Любеч у б. Чарнігаўскім княстве. З яго родзічаў і нашчадкаў найб. вядомыя:

Гедыгольд (у хрышчэнні Юрый; каля 1370—1434), брат Манівіда, маршалак надворны ў 1401, ваявода кіеўскі з 1411, староста падольскі з 1415, намеснік смаленскі ў 1424, ваявода віленскі ў 1425—32, уладальнік Вішнева ў Ашмянскім пав. Пётр (Сенька) Гедыгольдавіч (каля 1400—51), маршалак надворны ў 1429, намеснік смаленскі з 1448, кашталян віленскі ў 1451. Ад вял. князёў Жыгімонта Кейстутавіча і Казіміра IV атрымаў маёнткі Волма, Дзераўная, Камень, Налібакі, Радашковічы ў Менскім пав., Мір і Свержань у Новагародскім пав. Іван (Івашка) Манівідавіч (каля 1400—58), намеснік падольскі і крамянецкі з 1437, маршалак кн. Свідрыгайлы ў 1438, ваявода трокскі з 1443, віленскі ў 1458. У дадатак да бацькоўскіх уладанняў атрымаў ад вял. кн. Казіміра Амнішава, Валожын і Даўгінава ў Менскім пав., паводле завяшчання стрыечнага брата Пятра Гедыгольдавіча — Мір (1451). Войцех (каля 1430—75), сын Івана, кашталян віленскі з 1461, адначасова ваявода новагародскі з 1471 і падстолі ВКЛ у 1475. Памёр без нашчадкаў, яго вялізныя ўладанні адышлі да сясцёр Соф’і (жонка Мікалая Радзівіла) і Ядвігі (жонка Алехны Судзімонтавіча). Агульнае з М. паходжанне мелі Аляхновічы, Дарагастайскія, Забярэзінскія (нашчадкі родзіча Манівіда — Рымавіда) і, магчыма, Вяжэвічы і Глябовічы (выводзілі сябе ад Вяжа, родзіча Манівіда).

В.​Л.​Насевіч.

т. 10, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУМЯ́НЦАЎ (Пётр Васілевіч) (1859, Масква — 15.5.1929),

расійскі рэвалюцыянер, сацыял-дэмакрат. Скончыў Маскоўскае камерцыйнае вучылішча (1878). Напачатку народнік. з канца 1880-х г. сацыял-дэмакрат. За рэв. дзейнасць у вучылішчы высланы ў Цвярскую губ. У 1886 па заданні арг-цыі «Чорны перадзел» стварыў падп. друкарню ў Цверы, за што сасланы ў Акмолінскую вобл. З сярэдзіны 1890-х г. працаваў у Мінску ва ўпраўленні Лібава-Роменскай чыгункі. Чл. Мінскай с.-д. арг-цыі. 13—15.3.1898 на кватэры Р. адбыўся Першы з’езд РСДРП. У ліп. 1898 арыштаваны і сасланы ў Кіеўскую губ. У 1901 вярнуўся ў Мінск, працаваў на чыгунцы, надворны саветнік (1910); тайна працягваў удзельнічаць у с.-д. руху. З 1919 у Гомелі. Пазней пераехаў у г. Сураж Бранскай губ. У доме ў Мінску, дзе жыў Р., Дом-музей I з’езда РСДРП.

т. 13, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУКО́НІЦА,

вёска ў Галынкаўскім с/с Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл. За 15 км на ПнУ ад Зэльвы, 145 км ад Гродна, 17 км ад чыг. ст. Зэльва. 121 ж., 54 двары (1999). Сельскі клуб. Помнік архітэктуры — Міхайлаўскі касцёл (1782).

Вядома з 2-й пал. 15 ст. як сяло і прыселак у маёнтку Дзярэчын. Уласнасць Копачаў (Капачэвічаў), у 16 ст. — Нарбутаў (Нарбутовічаў). У 1505 надворны харунжы Войцех Нарбутовіч з жонкай Ганнай заснавалі тут касцёл Міхаіла Архангела (не захаваўся). У крыніцах 17 ст. Л. наз. мястэчкам (1610), потым — сялом (1630, 1663). Належала Гарабурдам, Палубенскім, Пініцкім, Цехановічам. З 1795 у Рас. імперыі. У 19 — пач. 20 ст. вёска Слонімскага пав. Гродзенскай губ. У 1897—200 ж., 29 двароў, царква, крама. З 1921 у Польшчы, у Слонімскім пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 у Галынкаўскім с/с Зэльвенскага р-на. У 1962—66 у Слонімскім р-не.

т. 9, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДСКА́РБІ,

службовая асоба ў ВКЛ у 15—18 ст. 1) П. земскі (у 17—18 ст. П. вялікі літоўскі) першапачаткова захоўваў скарб ВКЛ, выконваў фін., гасп., а таксама судовыя і дыпламат. даручэнні вял. князя і Рады ВКЛ. З 1520 адначасова і пісар. Уваходзіў у склад Рады ВКЛ. З 2-й пал. 16 ст. набыў самаст. распарадча-выканаўчыя функцыі, вёў улік крыніц дзярж. даходаў, збіраў і распараджаўся дзярж. даходамі, адказваў за чаканку манеты, прызначаў мытнікаў і зборшчыкаў розных плацяжоў і падаткаў, праводзіў рэвізіі. З 1569 з’яўляўся членам Сената Рэчы Паспалітай.

2) П. дворны (у 17—18 ст. П. надворны літоўскі) быў спачатку намеснікам П. земскага. З вылучэннем сталовых маёнткаў у 1588 іх фінансавы і эканам. кіраўнік.

3) П. трокскі (скарбовы) у 16 ст. быў памочнікам П. земскага, хавальнікам аддзялення скарбу, якое знаходзілася ў г. Трокі. Свае П. меліся таксама ў прыватных асоб ВКЛ, напр., у віленскага кашталяна, гетмана ВКЛ К.​І.​Астрожскага, віленскага ваяводы, канцлера ВКЛ М.​М.​Радзівіла і інш.

А.​І.​Груша.

т. 11, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЦЫ (у 15—16 ст. Пацавічы),

магнацкі род герба «Газдава» ў ВКЛ. Паходзіць ад Паца Даўкшавіча, ад імя якога ўтварылася родавае прозвішча. У 15 ст. валодалі маёнткамі ў Лідскім, з 16 ст. — у Берасцейскім і Гарадзенскім пав., мяст. Магільна і Астравец, у пач. 17 ст. набылі Чартарыйск, Відзы, Галоўчын, Княжыцы і інш. Найб. вядомыя:

Юрый Пацавіч (?—1505), маршалак гаспадарскі і намеснік ковенскі з 1480, ваявода кіеўскі (каля 1483—92), намеснік новагародскі з 1492, полацкі ў 1496—1501. Мікалай Юр’евіч (?—1545 або 1546), лоўчы ВКЛ у 1509—42, падкаморы ВКЛ у 1527—42, ваявода падляшскі з 1543. Дамінік (?—1579), кашталян смаленскі з 1571. Станіслаў (1525—88), падстолі ВКЛ з 1552, ваявода віцебскі з 1566. Павел (1530—95), кашталян віцебскі з 1566, ваявода мсціслаўскі з 1578, кашталян віленскі з 1593. Ян (1550—1610), чашнік ВКЛ з 1581, ваявода менскі з 1600. Стафан (1587—17.11.1640), пісар вялікі ВКЛ у 1615—30, рэферэндар свецкі ВКЛ у 1626—30, падскарбі надворны ў 1630, падскарбі вялікі з 1630, падканцлер з 1635, староста берасцейскі. Крыштоф Зыгмунт (1621—10.1. 1684), харунжы вялікі ВКЛ з 1646, падканцлер з 1656, канцлер з 1658, староста ковенскі, пінскі. Узначальваў антырадзівілаўскую групоўку П., якая да сярэдзіны 1680-х г. фактычна кіравала ВКЛ. Міхал Казімір (1624—4.4.1682), чашнік ВКЛ у 1659, абозны вялікі з 1659, генеральны рэгіментар (камандуючы) войскамі ВКЛ у 1659 і 1663, ваявода смаленскі і гетман вялікі з 1667, ваявода віленскі з 1669. Актыўны ўдзельнік вайны з Расіяй 1654—67, ваен. кампаній супраць Турцыі. Казімір Міхал (7—1719), пісар вялікі ВКЛ у 1683—1710, маршалак надворны ў 1708—09. Крыштоф Канстанцін (?—1725), пісар вялікі ВКЛ з 1710, кашталян полацкі з 1724, староста ковенскі, пінскі і дудскі. Міхал Ян (1730—кастр. 1787), ген.-лейт. (1766 або 1767), удзельнік Радамскай канфедэрацыі 1767, маршалак літоўскі Барскай канфедэрацыі (1769). Юзаф (1736—13.3.1797), ген.-м. (1757), удзельнік паўстання 1794, чл. Найвышэйшай літоўскай рады. Людвік Міхал (19.5.1780—31.8.1835), ген. брыгады ў польск. корпусе напалеонаўскай арміі (1812), ген. дывізіі (1814), граф французскай імперыі, сенатар-кашталян Каралеўства Польскага з 1825, у час паўстання 1830—31 камандаваў корпусам, часовы галоўнакамандуючы (1830), сенатар-ваявода (1831), чл. Адм. рады ў Варшаве. Памёр у эміграцыі. Апошні з роду П.

Літ.:

Wolff J. Pacowie: Materyjały historyczno-genealogiczne. Pb., 1885.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 12, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУЗЫ́НЫ,

княжацкі род герба «Агінец» у ВКЛ, Польшчы, Рас. імперыі. Паходзяць ад Рурыкавічаў, з 16 ст. выводзілі сябе ад чарнігаўскіх князёў, уладальнікаў Казельска каля Калугі, аднак дакументальна гэта не пацвярджаецца. Родапачынальнік Васіль Глушонак выслужыў у вял. князя ВКЛ Казіміра землі на Смаленшчыне, у пач. 1480-х г. перайшоў да вял. князя маскоўскага Івана III. Яго нашчадкі засталіся ў ВКЛ. Найб. вядомыя: Алехна Васілевіч (мянушка Глазына; ?—1500?). У 1450-х г. вызначыўся ў вайне з чэшскім правіцелем Іржы Подзебрадам. Акольнічы смаленскі ў 1486—1500, намеснік лучынскі ў 1494—1500. Іван Васілевіч (мянушкі Глазыніч, Пузынін). У час вайны Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1492—94 перайшоў да Івана III. Яго сыны Міхаіл, Дзмітрый, Іван, Леў, Андрэй, Юрый засталіся ў ВКЛ. Дзмітрый Іванавіч (мянушка Глушонак; ?—1510?). Ад яго сына Багдана пайшоў род Агінскіх. Багдан Цімафеевіч (?—1571), унук Івана Іванавіча. Маршалак гаспадарскі з 1567. Аляксандр (у манастве Афанасій; ?—1650), сын Юрыя. Паборца валынскі ў 1613, пасол на сеймы 1616, 1618, 1632. Змагаўся супраць увядзення уніяцтва. У 1632 абраны праваслаўным епіскапам луцкім і астрожскім, з 1633 архімандрыт жыдычаўскі. Геранім (?—1657), сын Яна. Удзельнічаў у войнах з туркамі. Пасол на сеймы. У 1640—50-я г. адзін з найб. актыўных абаронцаў кальвінізму ў ВКЛ. Андрэй (?—1701), сын Гераніма. Староста упіцкі, кашталян мінскі з 1697. Міхал (?—1723), сын Андрэя. Рэгент меншай канцылярыі ў ВКЛ у 1699—1717, харунжы надворны ў 1712—17, пісар вялікі ВКЛ з 1717. Пасол на сейм 1697. У 1712 і 1720 пасол да цара Пятра I. Крыштоф Дамінік (1—2.11.1731), сын Андрэя. Падстолі упіцкі ў 1695 і староста ў 1696—1720, мсціслаўскі кашталян з 1720 (або 1722) і ваявода з 1730. Пасол на сеймы 1696, 1697, 1712—13, 1718, маршалак Трыбунала ВКЛ у 1727. Стафан Міхаіл (21.12.1667, г. Упіта — 5.3.1738), сын Андрэя. Д-р філасофіі (1705), тэалогіі (1734). З 1685 езуіт. Пётр (21.7.1664—1.3.1717), сын Яна Казіміра. З 1677 езуіт. У 1709—13 рэктар Нясвіжскага калегіума. Антоні Міхал (?—24.3.1752). Харунжы упіцкі з 1717 і староста ў 1724—32, харунжы надворны з 1728, кашталян мсціслаўскі з 1746. Юзаф Эдвард (24.9.1878—20.1.1949). З 1919 працаваў у мін-ве замежных спраў Польшчы. Аўтар лірычных і сатыр. вершаў (зб. «Даўней», 1905), патрыят. паэм, гімнаў, паэт. драм (зб. «Па дарозе», 1922), аповесцей. Вывучаў праблемы паходжання княжацкіх родаў ВКЛ, іх паліт. ролю ў жыцці дзяржавы. Аўтар працы «Вялікае княства Літоўскае да Міндоўга» (часткова апублікавана ў 1937).

В.​С.​Пазднякоў.

т. 13, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́СЦІКІ, Осцікавічы,

шляхецкі род герба «Трубы» («Тромбы») у ВКЛ. Найб. вядомыя:

Осцік (у каталіцтве Крысцін; ? — 1442 або 1443), родапачынальнік О. Паходзіў з заможнага баярскага роду з-пад Вільні. Да 1418 атрымаў пасаду кашталяна віленскага. Належаў да найб. уплывовых магнатаў ВКЛ. Меў некалькі сыноў, з якіх ад Станькі (Станіслава) пайшоў далейшы род О., ад Радзівіла — магнацкі род Радзівілаў. Рыгор Станькавіч (?—1519), унук Осціка, маршалак гаспадарскі ў 1492—94 і надворны ў 1494—1510, ваявода трокскі з 1510. Удзельнік вайны Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1492—94. У бітве на Вядрошы 1500 трапіў у палон, вярнуўся ў 1509. Юрый Рыгоравіч (? — 1546 або 1547), сын Рыгора Станькавіча, маршалак гаспадарскі ў 1546. Станіслаў Рыгоравіч (?—1519), сын Рыгора Станькавіча, крайчы ВКЛ у 1517—19, ваявода полацкі ў 1519. Рыгор Рыгоравіч (мянушка Віршыла; ?—1557), сын Рыгора Станькавіча, крайчы ВКЛ у 1519—42, ваявода новагародскі ў 1542—44, кашталян віленскі з 1544. Юрый Юр’евіч (каля 1530—79), сын Юрыя Рыгоравіча, ваявода мсціслаўскі ў 1566—78 і смаленскі з 1578. Удзельнік Лівонскай вайны 1558—83. Рыгор Юр’евіч (каля 1535—18.6.1580), сын Юрыя Рыгоравіча, каралеўскі дваранін з 1569. У 1580 зняволены ў Вільні з-за падазроных кантактаў з рас. паслом, абвінавачаны ў дзярж. здрадзе, замаху на жыццё караля Стафана Баторыя і пакараны смерцю. На яго сыне Яне, суддзі земскім віленскім у 1606—09, род О. скончыўся.

т. 11, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАШТО́ЛЬДЫ, Гастаўты, Гастоўты, Гоштаўтасы,

магнацкі (з 1529 графскі) род герба «Габданк» у ВКЛ. Найб. вядомыя прадстаўнікі роду:

Гаштольд (? — 1364), ад вял. князя ВКЛ Альгерда атрымаў у валоданне Камянец Падольскі. Адзін з першых у Літве прыняў каталіцтва і ўзяў імя Пётр. Кашталян замка Вялена на р. Нёман, загінуў пры яго абароне ад крыжакоў. Андрэй (? — каля 1410), сын Гаштольда, намеснік віленскі (1386) і крэўскі (1390). Ян (? — 1458), староста дарсунскі (1422), маршалак надворны вял. князёў Вітаўта і Свідрыгайлы (1426—35), намеснік смаленскі (1436), ваявода трокскі (1440) і віленскі (1443). На Гарадзельскім сейме 1413 прыняў герб «Габданк». Удзельнічаў у заключэнні Мельнскага дагавора 1422. Падтрымліваў Свідрыгайлу ў яго барацьбе супраць Ягайлы, а ў 1432 — Жыгімонта Кейстутавіча ў барацьбе супраць Свідрыгайлы. У 1440 узначаліў групоўку магнатаў, якая дамаглася абрання вял. кн. ВКЛ Казіміра IV Ягелончыка, стаў яго выхавальнікам і фактычным правіцелем ВКЛ. Пасля абрання ў 1446 Казіміра і каралём Польшчы перайшоў у апазіцыю да яго. Валодаў Геранёнамі (пазней Мураваныя Геранёны — рэзідэнцыя роду), Меднікамі пад Вільняй, Тыкоцінам на Падляшшы, Дарагабужам у Смаленскай зямлі і інш. Марцін (? — 1483), староста новагародскі (1464), ваявода кіеўскі (1471), ваявода трокскі (1480), маршалак земскі (1481). Альбрэхт (? — 1539), гл. Гаштольд А. Станіслаў (каля 1507 — 18.12.1542), ваявода новагародскі (1530) і трокскі (1542). З яго смерцю род Гаштольдаў згас. Быў жанаты з Барбарай Радзівіл, якая, аўдавеўшы, стала другой жонкай караля Польшчы і вял. кн. ВКЛ Жыгімонта II Аўгуста, маёнткі Гаштольдаў перайшлі да вял. князёў ВКЛ.

А.​М.​Нарбут.

т. 5, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРНАСТА́І,

шляхецкі род у ВКЛ уласнага герба [«Вага» змененая; у 1544 або 1554 атрымалі герб «Кітаўрас» («Гіпацэнтаўр»)]. Найб. вядомыя прадстаўнікі роду:

Раман Івашкавіч (?—1487 ?), першы вядомы з роду Гарнастаяў, намеснік пуціўльскі ў 1476—82, оўруцкі ў 1486. Гарнастай (Астафій; каля 1460—1503), сын Рамана, ключнік кіеўскі ў 1486, намеснік оўруцкі ў 1487—93, загінуў у бітве з татарамі. Іван (?—1558), сын Гарнастая, пісар ВКЛ з 1512, маршалак дворскі ў 1529—42 і надворны з 1542, пасол у Маскве ў 1522, дзяржаўца дарсунішскі ў 1525, падскарбі земскі і староста слонімскі з 1531, дзяржаўца мсцібогаўскі ў 1534, зэльвенскі ў 1535. У 1538—42 выконваў абавязкі ваяводы трокскага, у 1539—51 таксама дзяржаўца біршцянскі, з 1556 — крэўскі. З 1551 ваявода новагародскі. Меў маёнткі ў Брэсцкім, Ваўкавыскім, Мінскім, Аршанскім пав. Анікей (? — да 1565), сын Гарнастая, дваранін гаспадарскі ў 1529, дзяржаўца дубіскі і канеўскі, ключнік віленскі ў 1533, пісар гаспадарскі ў 1536—44, староста чаркаскі і канеўскі да 1547, дзяржаўца любашанскі ў 1546—55, староста гомельскі з 1547 і рэчыцкі з 1555, маршалак дворскі з 1547. Валодаў маёнткамі ў Аршанскім пав. Гермаген (? — 1553), сын Івана, пісар ВКЛ у 1551. Валодаў Сакаловам у Слонімскім пав. Гаўрыла (Габрыэль; 1515?—1588), сын Івана, намеснік камянецкі, ваявода і староста мінскі ў 1566, ваявода брэсцкі ў 1576. Валодаў маёнткамі ў Брэсцкім, Вількамірскім пав., часткай Астрошыц, Талачына, Басеі. Іван (1520?—1566), сын Івана, намеснік дарсунішскі з 1551, уладальнік маёнткаў у Ваўкавыскім, Брэсцкім пав., часткі Друцка і інш. Астафій (1530? — пасля 1586), сын Івана, валодаў маёнткамі ў Трокскім пав. і інш. Геранім (1540? — 1600), сын Гаўрылы. Меў сына Самуэля (?—1618?), падкаморага кіеўскага, на сыне якога Міхаіле (?—1637) скончылася мужчынская лінія роду.

В.​Л.​Насевіч.

т. 5, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРША́ЛАК,

пасада (урад) у Польскім каралеўстве і ВКЛ. 1) М. вялікі — найвышэйшы ураднік Польшчы ў 14—18 ст. і ВКЛ у 15—18 ст. (у 15 ст. наз. земскі, у 16 ст.найвышэйшы). Лічыўся 1-м міністрам. Кіраваў дваром манарха, прымаў замежных паслоў, вышэйшых ураднікаў дзяржавы, назіраў за этыкетам, загадваў прыдворнай стражай і каралеўскай гвардыяй, сачыў за бяспекаю манарха, прызначаў дваран. Разглядаў здарэнні і злачынствы, здзейсненыя пры двары і ў месцы знаходжання манарха. Склікаў і вёў пасяджэнні сената, а калі сейм быў вальным — кіраваў ім. Гэтыя абавязкі выконваў вял. М. ВКЛ, калі сейм адбываўся ў ВКЛ.

2) М. гаспадарскі — ураднік пры двары манарха ў 13 — пач. 17 ст. Выконваў яго спец. даручэнні, кіраваў прыдворнымі службамі. Часам колькасць М. гаспадарскіх перавышала 10 чал. 3) М. павятовы — мясцовы ўрад у ВКЛ, які ўзнік у час правядзення адм.-тэр. рэформы 1565—66 пры трансфармацыі ўрада М. гаспадарскага. Кіраваў шляхтай у павеце, склікаў і вёў павятовы сеймік. Такога ўрада не было ў гал. павеце ваяводства, дзе функцыі М. выконваў кашталян.

4) М. дворны (надворны) — ураднік у Польшчы і ВКЛ у 15—18 ст. Загадваў гасп. справамі манаршага двара, кіраваў М. гаспадарскімі. Быў намеснікам М. вялікага, уваходзіў у склад сената.

5) М. сеймавы — ураднік, які выбіраўся пасламі Пасольскай Ізбы (ніжэйшай палаты сейма) для вядзення пасяджэнняў. Рабіў справаздачу перад манархам, зачытваў ухвалы Пасольскай Ізбы.

6) М. трыбунальскі — ураднік, які выбіраўся суддзямі трыбуналаў, у т. л. Трыбунала Вялікага княства Літоўскага, для кіравання пасяджэннямі і судаводства.

7) М. дворскігасп. ўраднік пры дварах членаў манаршай сям’і, біскупаў, магнатаў, кіраўнік прыдворных служак. 8) М. губернскі, павятовы — назва кіраўніка шляхецкай карпарацыі губерні або павета ў зах. губернях Рас. імперыі з 1785; тое, што і прадвадзіцель дваранства.

У.​М.​Вяроўкін-Шэлюта.

т. 10, с. 153

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)