ДЭГЕЛЬМІНТЫЗА́ЦЫЯ (ад дэ... + гельмінты),
комплекс лячэбна-прафілакт. мерапрыемстваў па знішчэнні гельмінтаў (паразітычных чарвей) на ўсіх стадыях іх развіцця ў арганізме чалавека ці жывёлы і ў навакольным асяроддзі (глеба, гной). Праводзіцца з лячэбнай, прафілакт. і дыягнастычнай мэтамі з выкарыстаннем проціглісных (антыгельмінтных) сродкаў (гексахлорэтан, піперазін, насенне гарбузоў, філіксан і інш.), высокай т-ры і хірург. аперацый.
т. 6, с. 324
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНІЕЗІЁЗЫ,
інвазійныя хваробы свойскіх і дзікіх жвачных жывёл. Пашыраны ўсюды, суправаджаюцца масавым падзяжом маладняку. Пры М. расстройваецца страваванне, бываюць сутаргі, жывёлы худнеюць. Выклікаецца цэстодамі, якія паразітуюць у кішэчніку. Паразіт развіваецца ў навакольным асяроддзі з удзелам прамежкавага гаспадара — глебавых кляшчоў арыбатыд. Носьбіты хваробы — хворыя жывёлы, якія заражаюцца пры заглынанні з травой інвазіраваных кляшчоў. Гл. таксама Гельмінтозы.
т. 10, с. 80
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЛЕНГА́ЦЫЯ,
вызначэнне напрамку на які-н. аб’ект праз вуглавыя каардынаты. Адрозніваюць пасіўную П. на аснове натуральнай кантрастнасці аб’екта на навакольным фоне і актыўную П., калі аб’ект апрамяняецца эл.-магн. ці акустычнымі хвалямі. Праводзіцца з дапамогай аптычных (пры аптычнай лакацыі), радыётэхн. (пры радыёлакацыі), акустычных (пры гукавой лакацыі) ці інш. метадаў. У караблеваджэнні абмяжоўваюцца вызначэннем пеленга (працэс пеленгавання).
т. 12, с. 262
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКАМПЕНСА́ЦЫЯ (ад дэ... + кампенсацыя),
парушэнне дзейнасці органа, сістэмы органаў і арганізма ў цэлым з прычыны знясілення ці зрыву яго прыстасавальных механізмаў. Шкодныя ўздзеянні выклікаюць значныя змены ў арганізме і парушаюць раўнавагу паміж арганізмам і навакольным асяроддзем, што існуе пастаянна. Праз некат. час арганізм прыстасоўваецца да новых умоў існавання (напр., гіпертрафіруецца мышца сэрца пры яго пароках) і раўнавага аднаўляецца — настае кампенсацыя.
т. 6, с. 330
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАСЕЛЯВА́ННЕ (ад ням. drosseln душыць; скарачаць),
працяканне вадкасці, пары або газу праз мясц. гідрадынамічнае супраціўленне патоку (звужэнне трубаправода, вентыль, кран і інш.). Суправаджаецца змяншэннем ціску, калі паток не выконвае знешняй работы і адсутнічае цеплаабмен з навакольным асяроддзем. Пры Д. рэальных газаў адначасова змяняецца т-ра (гл. Джоўля—Томсана эфект). Выкарыстоўваецца для ахалоджвання і звадкавання газаў, вымярэння і рэгулявання расходу вадкасці і газаў.
т. 6, с. 201
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯФІ́ЛЫ [ад бія... + ...філ(ы)],
хімічныя элементы і рэчывы, здольныя акумулявацца ў жывых арганізмах у значна большых колькасцях, чым у навакольным асяроддзі (цынк, кісларод, фосфар і інш. элементы, многія пестыцыды). Часта канцэнтрацыя (каэфіцыент біялагічнага назапашвання) біяфілаў у жывых арганізмах у дзесяткі, сотні і тысячы (сотні тысяч) разоў большая, чым у асяроддзі. Павышанае назапашванне біяфілаў у арганізме прыводзіць да ўзнікнення таксікозаў, нават да гібелі арганізма. Гл. таксама Біялагічнае ўзмацненне.
т. 3, с. 181
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСЕРВАТЫ́ЗМ у біялогіі,
захаванне пэўнай ступені ўстойлівасці біял. сістэмы (напр., геному, папуляцыі) у нязменным стане або павольнае яго змяненне, пасіўнае супрацьдзеянне знешнім фактарам, якія ўздзейнічаюць на сістэму і могуць парушыць яе раўнавагу і сувязі, што ўсталяваліся паміж арганізмамі ў сістэме і навакольным асяроддзем (напр., гнездавы К. — прыхільнасць птушак да месцаў гнездавання). Кансерватыўныя прыкметы біял. сістэмы імкнуцца захавацца нязменнымі або павольна змяняюцца ў ходзе эвалюцыі.
т. 7, с. 591
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАМАТЫ́ЗМ,
эстэтычная катэгорыя, што адлюстроўвае і абагульняе супярэчнасці і канфлікты чалавечага жыцця, узаемадзеянне чалавека з навакольным грамадскім і прыродным асяроддзем. Найб. поўным і канцэнтраваным праяўленнем Д. з’яўляецца драм. канфлікт як спецыфічна эстэт. форма выяўлення жыццёвых супярэчнасцей, форма адлюстравання ў мастацтве вострага сутыкнення процілеглых чалавечых учынкаў, ідэй, імкненняў, страсцей. У мастацтве драм. канфлікт вылучаецца глыбінёй і значнасцю ідэйнага і сац. зместу, вастрынёй і напружанасцю і выражаецца ў дасканалай маст. форме.
т. 6, с. 198
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТРА́СТ (франц. contraste),
рэзка выражаная процілегласць. 1) Зрокавы К. — зрокавая ацэнка яркасці (асветленасці) прадмета (ці яго колеру) у параўнанні з навакольным фонам. Найменшы К., які ўспрымаецца вокам, наз. парогавым.
2) К. фатаграфічны — характарыстыка негатыўнага (ці пазітыўнага) фатаграфічнага відарысу па суадносінах яго самага светлага і самага цёмнага ўчасткаў. Для чорна-белых відарысаў вызначаецца як рознасць найб. і найменшай аптычных шчыльнасцей пачарнення і паказвае скорасць нарастання пачарнення з павелічэннем экспазіцыі.
т. 8, с. 6
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУ́НТЛАНД ((Brundtland) Гру Харлем) (н. 20.4.1939, Осла),
дзяржаўны і палітычны дзеяч Нарвегіі. Скончыла ун-т у г. Осла і Гарвардскі ун-т (ЗША). У 1974—79 міністр па пытаннях аховы навакольнага асяроддзя. З 1977 дэп. парламента. У 1975—81 нам. старшыні, з 1981 старшыня Нарвежскай рабочай партыі (НРП). У 1979—81 старшыня знешнепаліт. к-та сторцінга (парламента), з 1986 — Міжнар. камісіі па навакольным асяроддзі і развіцці. У 1981, 1986—89 і з 1990 прэм’ер-міністр Нарвегіі.
т. 3, с. 268
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)