ДРУ́ЦКІЯ-САКО́ЛІНСКІЯ.

Друцкія-Сакалінскія, княжацкі род герба «Друцк», адгалінаванне роду кн. Друцкіх. Найб. вядомыя:

Сямён (? — пасля 1514), намеснік таропецкі (1489), бранскі (1492—94), уладальнік Саколіна каля Друцка (адсюль 2-я частка прозвішча) і інш. Мікалай Мітрафан (каля 1610—90), архімандрыт Браслаўскага базыльянскага манастыра, з 1671 смаленскі уніяцкі архіепіскап. Міхал Леан (каля 1630—90), чашнік (1654) і маршалак аршанскі (1665), пісар ВКЛ, староста вяляціцкі (1685). Кароль Міхал (каля 1660—1713), кашталян смаленскі (1703). Міхаіл (каля 1550—1621), маршалак аршанскі (1591), староста азярышчанскі (1597), кашталян віцебскі (1605), ваявода полацкі (1613) і смаленскі (1621). Крыштоф Міхал (каля 1580—1639), староста азярышчанскі (1621—39), кашталян мсціслаўскі (1623), полацкі (1625). Ян Антоні (?—1662), кашталян мсціслаўскі (1655). Леан Лаўрэн (каля 1680—1726), архімандрыт Гродзенскага базыльянскага манастыра (1713), смаленскі уніяцкі архіепіскап (1718).

В.​Л.​Насевіч.

т. 6, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯ́ТНІЦКІ (Мітрафан Яфімавіч) (3.7.1864, с. Аляксандраўка Варонежскай вобл., Расія — 21.1.1927),

рускі збіральнік і выканаўца нар. песень. Засл. арт. Рэспублікі (1925). Вучыўся ў духоўным вучылішчы ў Варонежы, браў урокі спеваў у Л.​Абразцова, К.​Эверардзі. З 1903 чл. Муз.-этнагр. камісіі пры Маскоўскім т-ве аматараў прыродазнаўства, антрапалогіі і этнаграфіі. Выконваў рус. нар. песні ў канцэртах камісіі. Вёў навук.-этнагр. работу. Запісваў песні з голасу і пры дапамозе фанографа (каля 400 песень пераважна варонежскіх; часткова апубл. ў 1904 і 1914). У 1910 стварыў хор з нар. спевакоў Варонежскай і Разанскай губ. (з 1927 хор яго імя, гл. Рускі народны хор імя М.​Я.​Пятніцкага). У 1921—25 выкладаў спевы ў студыі МХТ. Сабраў вял. калекцыю нар. інструментаў і касцюмаў.

Літ.:

Казьмин П.М. Страницы из жизни М.​Е.​Пятницкого. М., 1961.

т. 13, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́ЎНАР-ЗАПО́ЛЬСКІ (Мітрафан Віктаравіч) (14.6.1867, г. Рэчыца Гомельскай вобл. — 30.9.1934),

бел. гісторык, эканаміст, этнограф, адзін з заснавальнікаў бел. нац. гістарыяграфіі. Скончыў Кіеўскі ун-т (1894). З 1899 прыват-дацэнт Маскоўскага, з 1902 праф., заг. кафедры Кіеўскага ун-таў. У 1907—17 дырэктар Кіеўскага камерцыйнага ін-та. З 1920 у Харкаве, Баку, з 1925 праф. БДУ, правадз. чл. Інбелкульта, старшыня яго гіст.-археагр. камісіі. З 1926 праф. Ціміразеўскай с.-г. акадэміі, правадз. чл. Ін-та гісторыі АН СССР. У 1929 у сувязі з упамінаннем імя Д.-З. ў справе «Платонава—Тарле», ідэалагічным наступам на «нацдэмаўшчыну» ў Беларусі, арыштам вядучых бел. вучоных ён не пазбег праследаванняў. Было заблакіравана выбранне Д.-З. акадэмікам АН СССР, асуджаны як ідэйна-заганны рукапіс яго кнігі «Гісторыя Беларусі», паскораны выхад на пенсію.

Першыя нарысы, прысвечаныя звычаёваму праву, зямельным адносінам, абрадам, вераванням, гіст. мінуламу Беларусі, пачаў публікаваць у канцы 1880-х г. У даследаванні «Беларускае мінулае» (1888) упершыню стварыў асн. ядро канцэпцыі гіст. развіцця бел. народа, паставіў праблему неабходнасці нац. адраджэння Беларусі. У 1891 выдаў манаграфію «Нарыс гісторыі Крывіцкіх і Дрыгавіцкіх земляў да канца XII стагоддзя», у 1899 — працу «В.​М.​Цяпінскі, перакладчык Евангелля на беларускую гаворку». Даследаваў сац.-эканам. адносіны ў ВКЛ 14—16 ст., дзярж. асновы літ.-бел. гаспадарства, гісторыю сялянства на Беларусі і ў Расіі (працы «Дзяржаўная гаспадарка Вялікага княства Літоўскага пры Ягелонах», 1901, «Нарысы па арганізацыі заходнярускага сялянства ў XVI ст.», 1905, «Старонка з гісторыі прыгоннага права ў XVIII—XIX стст.», 1906, «На зары сялянскай свабоды», 1911). Выдаў Баркулабаўскі летапіс, «Акты Літоўска-Рускай дзяржавы (XIV—XVI ст.)» (т. 2, вып. 1), «Дакументы Маскоўскага архіва Міністэрства юстыцыі» (т. 1). Вывучаў грамадскую думку Расіі, дзекабрысцкі рух (працы «З гісторыі грамадскіх плыняў Расіі», 1905, «Палітычныя ідэалы М.​М.​Спяранскага», «Таемнае таварыства дзекабрыстаў», абедзве 1906, «Ідэалы дзекабрыстаў», 1907). Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 удзельнічаў у адбудове бел. дзяржаўнасці на дэмакр. асновах. У 1919 на бел. і асн. еўрап. мовах выдадзены нарыс Д.-З. «Асновы дзяржаўнасці Беларусі», у якім ён на падставе аналізу гіст., эканам. і этнагр. фактараў абгрунтаваў права бел. народа на суверэннасць. Апублікаваў манаграфію «Народная гаспадарка Беларусі, 1861—1914 гг.» (1926), раздзел «Беларуская ССР і Заходняя вобласць РСФСР» у кн. «Эканамічная геаграфія СССР» (1926), завяршыў абагульненую працу «Гісторыя Беларусі» (1926, выд. 1994), у якой разгледзеў шляхі, пройдзеныя бел. народам ад эпохі першабытнага ладу да пач. 1920-х г. У Рэчыцы Д.-З. пастаўлены помнік (1997).

Тв.:

Белорусская свадьба и свадебные песни. Киев, 1888;

Белорусское Полесье: Сб. этногр. материалов. Вып. 1. Киев, 1895;

Спорные вопросы в истории Литовско-Русского сейма. СПб., 1901;

Исследования и статьи. Т. 1. Киев, 1909;

История русского народного хозяйства. Т. 1. Киев, 1911;

Обзор новейшей русской истории. Т. 1—2. Киев, 1912—18.

Літ.:

Даўгяла З.І. Літаратурныя працы доктара рускай гісторыі М.​В.​Доўнар-Запольскага ў храналагічным парадку за 45 год (1883—1928) // Зап. аддз. гуманіт. навук БАН. Мн., 1929. Кн. 8. Працы класа гісторыі, т. 3;

Гануш А.Г., Кручок П.С. Мітрафан Доўнар-Запольскі. Мн., 1995;

Михальченко С.И. Киевская школа в российской историографии (В.​Б.​Антонович, М.​В.​Довнар-Запольский и их ученики). М.;

Брянск, 1997.

А.​С.​Ліс.

М.В.Доўнар-Запольскі.

т. 6, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)