ВАЛЫНЕ́Ц (Вячаслаў Іванавіч) (н. 2.7.1948, в. Ятвезь Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. мастак. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1977). Яго творы вызначаюцца выразнасцю малюнка, глыбокім псіхалагізмам персанажаў: цыкл трыптыхаў «Поры года» (1977), «Пад старой грушай», «Зімовы пейзаж» (абодва 1980), «Ахвяра», «Мёртвая вёска», «Багаты сусед», «Антрапагенны ландшафт», серыя «Дварнягі» (1990—96) і інш. Аформіў кнігі: «Беларускія народныя казкі» (1993), казкі братоў Грым «Чарадзейная хатка» (1994) і інш.

В.Валынец. Пад старой грушай. 1980.

т. 3, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕКСЕ́МА (ад грэч. lexis слова, выраз),

адзінка лексічнага ўзроўню мовы, яго лексікі. Вылучаецца разам з інш. абстрактнымі адзінкамі мовы (фанема, марфема, семема, графема). Уяўляе сабой сукупнасць форм і значэнняў, што ўласцівы аднаму і таму ж слову ва ўсіх яго ўжываннях і рэалізацыях. Напр., усе формы слова «мова» («мову», «мовам» і інш.) і розныя значэнні гэтых форм у розных спалучэннях: «беларуская мова», «мова твора», «мёртвая мова» і інш. — тоесныя як прадстаўнікі лексемы «мова».

Літ.:

Слово в грамматике и словаре. М., 1984.

т. 9, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМХА́РСКАЯ МО́ВА,

адна з семітахаміцкіх моў (семіцкая група). Пашырана ў Эфіопіі (дзярж. мова) і некат. сумежных краінах (Самалі, усх. раёны Судана). Генетычна блізкая да эфіопскай мовы — геэз (мёртвая мова эпіграфікі і хрысц. л-ры Эфіопіі). У амхарскай мове вылучаюць 3 дыялекты: шаанскі (аснова літ. мовы), гаджамскі і гандарскі. У фанетыцы 7 галосных і 28 зычных фанем. Для імяннога словаўтварэння характэрна словаскладанне, для сінтаксісу — фіксаваны парадак слоў з выказнікам у канцы сказа. Першыя пісьмовыя помнікі датуюцца 14 ст. Літ. Амхарскай мовы развіваецца з 19 ст. і карыстаецца складовым эфіопскім пісьмом.

Літ.:

Титов Е.Г. Современный амхарский язык. М., 1971.

т. 1, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛА́БСКАЯ МО́ВА,

мёртвая мова; належыць да зах.-слав. моў (гл. Славянскія мовы). Была пашырана да 1-й пал. 18 ст. па левым беразе р. Лаба (Эльба; цяпер тэр. зямлі Ніжняя Саксонія, Германія). Адметныя рысы П.м.: захаванне насавых галосных, аорыста і імперфекта, рэшткаў парнага ліку, рухомы націск, спрашчэнне скланення, вял. колькасць ням. запазычанняў у лексіцы і інш. Пісьменства не мела, але ў 17—18 ст. было складзена некалькі слоўнікаў і запісаны некаторыя тэксты на П.м. Асн. помнікі палабскага пісьменства — нататкі палабскага селяніна Я.​П.​Шульцэ і ням.-палабскі слоўнік К.​Хеніга на 5 тыс. слоў. Сярод даследчыкаў П.м. — Т.​Лер-Сплавінскі, К.​Палянскі (этымалагічны слоўнік П.м.), А.​Я.​Супрун і інш.

Літ.:

Супрун А.Е. Полабский язык. Мн., 1987.

А.​В.​Зінкевіч.

т. 11, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАМІ́РСКІЯ МО́ВЫ,

арэальная сукупнасць роднасных моў, якія адносяцца да іранскіх моў (усх. група). Пашыраны ў далінах зах. і паўд. Паміра (Таджыкістан, Афганістан, Пакістан, паўн. Індыя, Кітай). Да П.м. належаць: ваханская, язгулямская, ішкашымская мовы, шугнана-рушанская група моў (шугнанская, рушанская, хуфская, бартангская, арашорская, сарыкольская), па пэўных уласцівасцях — мунджанская і йідга, мёртвая стараж.-ванджская і, магчыма, саргулямская. Грамат. лад П.м. пераважна сінтэтычны. Іх структурнае падабенства і агульнасць лексічнага фонду даюць падставы меркаваць пра іх канвергентнае развіццё ў моўным саюзе. П.м. беспісьмовыя. Для носьбітаў большасці з П.м. мовай пісьма і адукацыі служыць таджыкская мова, для носьбітаў сарыкольскай мовы — уйгурская.

Літ.:

Пахалина Т.Н. Памирские языки. М., 1969;

Яе ж. Исследование по сравнительно-исторической фонетике памирских языков. М., 1983.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 12, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛЬНАЎ (Уладзімір Мікалаевіч) (н. 29.8.1939, в. Гародна Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. графік і жывапісец. Скончыў Харкаўскі маст.-прамысл. ін-т (1971). Сярод ранніх твораў пераважаюць графічныя кампазіцыі, выкананыя ў традыц. жанрах: серыі літаграфіі «Зямля» (1977—79) і пастэлей «Горад майго дзяцінства» (1982). Трагічны лёс вёскі, узаемаадносіны чалавека і навакольнага асяроддзя, пытанні экалогіі ў творах «Чырвоны спрут» (1974), «Рытмы хіміі» (1976), «Вячэра на траве» (1979), «Трывожны сон птушкі» (1981), серыя «Мёртвая вёска» (1991—92). Успаміны аб вайне — у аснове кампазіцый «Памяці партызана» (1975), «Вяртанне. Прысвячаецца бацьку» (1985), стараж. Віцебску прысвечаны серыя «Мой горад» (1981), трыпціх «Сцёртыя рысы твару» (1985), «Стары горад» (1991). У творах 1990-х г. дамінуючае месца занялі ідэі хрысц. маралі, праблемы духоўнасці, клопат аб захаванні спадчыны, увасобленыя ў складаныя метафарычныя вобразы («Памяць», «Шлях да храма», «Прысвячэнне», «Паклон зямлі», «Пераможаны»).

М.Л.Цыбульскі.

У.Вольнаў. Памяць. 1995.

т. 4, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МА́ЙСКАЯ НАВАЛЬНІ́ЦА»

(«Maigewitter»),

кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партызан і мясц. насельніцтва ў Віцебскім, Гарадоцкім, Суражскім і Лёзненскім р-нах Віцебскай вобл. (у трохвугольніку Віцебск—Гарадок—Сураж) у Вял. Айч. вайну. Праводзілася 17—22.5.1943 сіламі 87-й пяхотнай, 4-й авіяпалявой дывізій, 8-й танк. брыгады, 9 ахоўных батальёнаў, батальёна СС «Мёртвая галава», паліцыі Лёзненскага і Панізоўскага (Смаленскай вобл.) р-наў. Усяго ў аперацыі ўдзельнічала больш за 20 тыс. карнікаў. Захопнікам процістаялі партыз. брыгады 1-я і 2-я Бел. імя Панамарэнкі, дыверсійная Бел. імя Леніна, 1-я Віцебская, імя А.​Ф.​Данукалава, імя Чырванасцяжнага Ленінскага камсамола агульнай колькасцю 2,5 тыс. чал. Праціўніку ўдалося выцесніць партызан з раёнаў іх дыслакацыі. Карнікі расстралялі больш за 2400 чал., захапілі 350 кароў і коней, 150 ц збожжа.

В.​С.​Лазебнікаў, У.​С.​Пасэ.

т. 9, с. 523

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕГІ́ПЕЦКАЯ МО́ВА,

асобная галіна семіта-хаміцкіх моў (разам з копцкай мовай). З 5 ст.мёртвая. Была пашырана на тэр. сучаснага Егіпта, выцеснена егіпецкім дыялектам арабскай мовы. Падзяляецца на стараж.-егіпецкую (32—22 ст. да н.э.), сярэднеегіпецкую і класічную (22—14 ст. да н.э.), новаегіпецкую (14—7 ст. да н.э.), дэматычную (7 ст. да н.э. — 5 ст. н.э.). Усе звесткі пра Е.м. прыблізныя, што тлумачыцца складанасцю пісьма.

У фанетыцы вядомы зычныя і галосныя (на пісьме не абазначаліся) гукі. Націск — на апошнім ці перадапошнім складзе. У марфалогіі назоўнік меў мужч. і жан. род, адз., парны і мн. лік; склоны выражаліся аналітычна. Прыметнікі падзяляліся на якасныя і адносныя (нісбі), лічэбнікі — на колькасныя і парадкавыя. Дзеясловы мелі незалежны і залежны стан, загадны і неазначальны лад; катэгорыя часу ў ранні перыяд Е.м. адсутнічала. У сінтаксісе асновай класіфікацыі сказаў быў выказнік; адрозніваліся дзеяслоўныя і недзеяслоўныя сказы. Першыя пісьмовыя помнікі, напісаныя егіпецкім пісьмом, датуюцца канцом 4 — пач. 3-га тыс. да н.э.

т. 6, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКЛАШЭ́ЎСКІ (Яўген Васілевіч) (н. 9.8.1936, в. Лыскі Падляскага ваяв., Польшча),

бел. пісьменнік і перакладчык. Скончыў Пінскае пед. вучылішча (1957). Вучыўся ў Мінскім пед. ін-це замежных моў (1962—66). Настаўнічаў. З 1972 у час. «Родная прырода», «Маладосць», з 1981 літкансультант СП Беларусі, у 1991—98 у час. «Тэатральная Беларусь». Друкуецца з 1959 (да 1981 пад псеўд. Яўген Верабей). У лірыцы ўслаўляе прыгажосць роднага краю, каханне, адлюстроўвае духоўны свет чалавека, роздум над сэнсам жыцця (зб-кі «Свежасць», 1968; «Світальны водбліск», 1981; «У спрадвечным руху», 1985; «Зара-заранка, зара-вячэрніца», 1989). Прыхільнік паэт. прозы, вострасюжэтных псіхал. твораў. Маральна-этычныя праблемы, жыццё школы ў аповесці «Чатыры Дарогі» (1979). Аўтар аповесці пра лёс настаўніцы «Мёртвая Крыніца» (1988), рамана-даследавання «Каханне і смерць, або Лёс Максіма Багдановіча» (1991, Літ. прэмія імя І.​Мележа, 1996), п’ес «Чарга» (1992), «Натуршчыца, або Прэзентацыя відэатэатра» (1996). Кн. сатыры і гумару «Ганна з Пухавіч» (1976). На бел. мову пераклаў паасобныя творы А.​Пушкіна, М.​Лермантава, С.​Ясеніна, М.​Забалоцкага, А.​Міцкевіча, Р.​Кіплінга, Э.​Хемінгуэя і інш.

І.​У.​Саламевіч.

Я.В.Міклашэўскі.

т. 10, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЖБА́ (Іосіф Абрамавіч) (14.12.1907, г. Днепрапятроўск, Украіна — 15.9.1995),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1955). Пасля сканчэння студыі Маскоўскага трама працаваў у Маск. т-ры імя Ленінскага камсамола. У Айч. вайну ў рус. трупе Чувашскага т-ра драмы. З 1944 у Дзярж. рус. т-ры Беларусі. Выканаўца пераважна характарных роляў. Найб. ярка рысы творчай індывідуальнасці выявіліся ў вобразах нац. драматургіі; Малышаў, Духонін («Брэсцкая крэпасць», «Галоўная стаўка» К.​Губарэвіча), Багун, Мякішаў («Білет у мяккі вагон», «Пад адным небам» А.​Маўзона), Фёдар Шупеня, Ніканаў («Трывога», «Соль» А.​Петрашкевіча). Стварыў каларытныя вобразы і ў класічнай, сучаснай і замежнай драматургіі: Шалы («Узнятая цаліна» паводле М.​Шолахава), Андрэй Жаркоў («З вечара да поўдня» В.​Розава), Леўшын, Маўрыкій Манахаў, Данат («Ворагі», «Варвары», «Ягор Булычоў і іншыя* М.​Горкага), Сілан і Бяссудны («Гарачае сэрца», «На бойкім месцы» А.​Астроўскага), Луп Кляшнін («Цар Фёдар Іаанавіч» А.​К.​Талстога), Казарын («Маскарад» М.​Лермантава), Яга і Глостэр («Атэла» і «Кароль Лір» У.​Шэкспіра), Паўлет («Марыя Сцюарт» Ф.​Шылера), Харнблаўэр («Мёртвая хватка» Дж.​Голсуарсі) і інш. Выступаў у радыёспектаклях.

Б.​І.​Бур’ян.

т. 13, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)