АНТАРКТЫ́ЧНЫЯ АА́ЗІСЫ,

свабодныя ад ледавіковага покрыва ўчасткі краявой зоны Антарктыды. Плошча ад некалькіх дзесяткаў да соцень квадратных кіламетраў (аазіс Бангера 952 км²). Размешчаны ўнутры вобласці ледавіковай акумуляцыі, акаймаваны зонай абляцыі. Для антарктычных аазісаў характэрны спецыфічны прыродны комплекс (мясцовы менш суровы клімат, ландшафты халодных пустыняў, шмат азёраў, арганічнае жыццё прымітыўнае, крыягенна-структурныя глебы). Раслінны свет: імхі, лішайнікі, прэснаводныя водарасці; жывёльны свет: птушкі — буравеснікі, паморнікі, у асобных антарктычных аазісах — пінгвіны. У антарктычных аазісах — большасць палярных навук. станцый.

т. 1, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРА́ (італьян. bora ад грэч. boreas паўн. вецер),

мясцовы моцны і парывісты халодны вецер, накіраваны ўніз па горным схіле. Назіраецца пераважна зімой у мясцінах, дзе невысокія горныя хрыбты (да 300—600 м) узнімаюцца над морам, напрыклад на Балканскім узбярэжжы Адрыятычнага м., каля Новарасійска на Каўказе, на берагах Байкала і інш. Утвараецца, калі халоднае паветра перавальвае праз хрыбет і з вял. скорасцю (да 40—60 м/с) «падае» па схіле. Бара выклікае значнае пахаладанне, небяспечнае для суднаў (магчыма хуткае абледзяненне).

т. 2, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́ЛЫ-РЫ́БЫ, піларылападобныя,

піларылыя скаты (Pristiformes),

атрад храстковых рыб. 1 сям., 7 відаў. Пашыраны ў трапічных і субтрапічных водах усіх акіянаў. Жывуць на мелкаводдзі, часам у рэках. Найб. вядомы піларыл звычайны, або піла-рыба (Pristis pectinatus).

Даўж. да 6 м, маса да 2,4 т. Цела пляскатае, жабравыя шчыліны на ніжнім баку. Рыла вельмі падоўжанае, сплошчанае, па абодвух яго баках зубападобныя нарасці (адсюль назва). Кормяцца бентасам, часам рыбай. Яйцажывародныя; нараджаюць да 20 малявак. Мясцовы аб’ект промыслу.

Да арт. Пілы-рыбы. Піларыл звычайны.

т. 12, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЯ РАБО́ЧАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ.

Існавала з 1896 да восені 1897 у Віцебску. Створана ў выніку пераходу мясц. с.-д. гурткоў да масавай агітацыі сярод рабочых. Асновай арг-цыі былі цэхавыя стачачныя касы. На агульным сходзе членаў касы выбіраліся касір, кантралёр і прадстаўнік цэха. Яны ўваходзілі ў міжкасавую сходку, якой праз свайго прадстаўніка кіраваў мясцовы с.-д. камітэт. Віцебская рабочая арганізацыя не выстаўляла паліт. патрабаванняў, задачы абмяжоўвала барацьбой за паляпшэнне эканам. становішча рабочых, каардынацыяй дзейнасці цэхавых арг-цый (стачачных кас). У вер. 1897 уступіла ў Бунд.

М.​В.​Біч.

т. 4, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЯСНЫ́ ЧАС,

сістэма адліку часу па гадзінных паясах, што распасціраюцца ўздоўж мерыдыянаў з даўгатой, кратнай 15°. Нумарацыя 24 паясоў (ад 0 да 23) вядзецца з З на У ад Грынвіцкага мерыдыяна. П.ч. у сумежных паясах адрозніваецца на 1 гадз. Межы часавых паясоў звычайна праводзяць па дзярж. і адм. граніцах, па рэках, хрыбтах і інш. Ва ўсіх пунктах, якія знаходзяцца ў межах аднаго пояса, лічыцца адзін і той жа час сярэдняга мерыдыяна дадзенага пояса. П.ч. уведзены ў 1883 у ЗША, у СССР — з 1919. Гл. таксама Дэкрэтны час, Мясцовы час.

т. 12, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЫЗ (ад франц. brise лёгкі вецер),

мясцовы вецер на ўзбярэжжы мораў, вял. азёр, вадасховішчаў і рэк. Двойчы на працягу сутак мяняе напрамак: дзённы брыз дзьме з воднай паверхні на нагрэтую сушу, начны — наадварот. Абумоўлены нераўнамерным награваннем паветра над паверхняй вадаёма і сушы. Скорасць 2—5 м/с. Найб. бывае летам пры ўстойлівых антыцыклонах, ахоплівае слой паветра да 1 км, пашыраецца на 10—50 км ад берагавой лініі. Найчасцей назіраецца ў тропіках. На Беларусі адзначаецца на вял. вадаёмах, скорасць каля 2 м/с.

Да арт. Брыз. Схема цыркуляцыі паветра ў дзённым і начным брызе.

т. 3, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЙТАЎСКІ СУД,

мясцовы суд у гарадах ВКЛ. Войт, які ўзначальваў адміністрацыю горада, меў права і ўласнага суда. У грамаце 1390 на магдэбургскае права Брэсту ўпамінаецца толькі адна крыніца ўлады і суда — войт. У грамаце 1498 Полацку гаворыцца, што бурмістры і радцы не маглі судзіць без войта. Каралева Бона ў 1551 запатрабавала, каб у велікакняжацкіх гарадах суд. спрэчкі старосты разглядалі сумесна з гар. войтам. У многіх прыватнаўласніцкіх гарадах, дзе не было ўведзена магдэбургскае права, таксама дзейнічаў або войтаўскі суд, або войтаўска-лаўніцкі суд. Поруч з войтаўскім судом існаваў бурмістраўска-радзецкі суд.

Т.​І.​Доўнар.

т. 4, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСА́Ж (франц. massage),

комплекс прыёмаў механічнага дазіраванага раздражнення паверхні цела чалавека з лячэбна-прафілактычнымі мэтамі. Рэфлекторна ўплывае на функцыян. стан нерв. сістэмы, актывізуе абмен рэчываў, паляпшае кровалімфазварот і скарачальную здольнасць мышцаў. Бывае агульны (усяго цела) і мясцовы (асобных ч. цела). Адрозніваюць лячэбны М. (назначаецца ўрачом пры комплексным лячэнні хвароб і траўмаў), спартыўны (трэніровачны, папярэдні, аднаўленчы), гігіенічны (садзейнічае ўмацаванню здароўя), касметычны (памяншае завяданне скуры, праяўленне дэфектаў скуры твару і інш.). Паводле тэхнікі выканання М. падзяляюць на класічны, сегментарны, кропкавы, фінскі, шведскі. Робяць рукамі ці спец. апаратамі. Асн. прыёмы М. — пагладжванне, расціранне, размінанне, вібрацыя і інш.

т. 10, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́НКАСТЭР ((Lancaster) Бёрт) (сапр. імя Бёртан Стывен; 2.11.1913, Нью-Йорк — 1994),

амерыканскі кінаакцёр. У кіно з 1946. Ствараў вобразы валявых, моцных духам людзей, здольных супрацьстаяць неспрыяльным абставінам. Сярод яго работ вострахарактарныя («Элмер Гантры», 1960, прэмія Оскар 1961; «Буфала Біл і індзейцы», 1976), тонкапсіхал. («Леапард», 1962; «Сямейны партрэт у інтэр’еры», 1975) і трагічныя («Нюрнбергскі працэс», 1961) ролі. Зняўся ў фільмах: «Птушкалоў з Алькатраса» (1962; прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі), «Сем дзён у маі» (1964), «Дваццатае стагоддзе» (1976), «Шкура» (1980), «Мясцовы герой» (1983) і інш. Вядучы каментатар створанай сав. дакументалістамі кінаэпапеі «Вялікая Айчынная» (1979), у пракаце ЗША наз. «Невядомая вайна».

Літ.:

Карцева Е.Н. Берт Ланкастер. М., 1983.

т. 9, с. 123

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫДО́НА, Эліса,

у рымскай міфалогіі царыца, заснавальніца Карфагена, дачка цара Тыра, жонка і сястра цара Сіхея. Брат Д., Пігмаліён, забіў Сіхея, каб захапіць яго багацце, але Д. ўцякла са скарбамі ў Афрыку. Мясцовы бербейскі цар Ярба падараваў ёй крыху зямлі — столькі, колькі зойме шкура вала. Хітрая Д. разрэзала шкуру на вузкія палоскі, абкружыла імі вял. ўчастак зямлі і заснавала горад-крэпасць Карфаген. Пазней пакахала Энея, закінутага навальніцай у Карфаген, і пасля яго ад’езду скончыла самагубствам. Да міфа аб Д. звярталіся скульптары і мастакі (А.​Мантэнья, Л.​Карачы, П.​П.​Рубенс), літаратары (Г.​Сакс, Я.​Б.​Княжнін, бел. паэма «Энеіда навыварат»), кампазітары (Г.​Пёрсел, А.​Скарлаці, Г.​Ф.​Гендэль, І.​Гайдн) і інш.

т. 6, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)