прыроджаныя і набытыя паталаг. працэсы ў скуры і яе прыдатках (валасах, пазногцях). Вядома каля 2000 Д. Выклікаюцца экзагеннымі (хім., фіз., біял.) і эндагеннымі (ачаговыя інфекцыі, агульныя інфекц. хваробы, інтаксікацыі) прычынамі, парушэннямі абмену рэчываў, функцыі залоз унутр. сакрэцыі, крова- і лімфазвароту, пашкоджаннем нерв. сістэмы, нястачай вітамінаў. Прыроджаныя Д. бываюць пры інтаксікацыях, інфекцыях, парушэннях кровазвароту плода ва ўлонні маці. Д. пашкоджваюць увесь арганізм або асобныя органы і сістэмы. Лячэнне агульнае (прычыннае) і мясцовае (сімптаматычнае). Гл. таксама Высыпка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБСЦЭ́С (ад лац. abscessus нарыў),
мясцовае намнажэнне гною, якое суправаджаецца мясцовым распадам тканак і ўтварэннем у іх гнойнай поласці, абмежаванай абалонкай. Развіваецца пры пранікненні гнаяродных мікробаў у тканкі пры траўмах, а таксама пры ўздзеянні на тканкі некат. рэчываў (шкіпінару, кратонавага алею, сулемы і інш.). Мікробы з першапачатковага ачага могуць распаўсюджвацца па лімфатычных і крывяносных сасудах у суседнія тканкі і аддаленыя органы (скуру, лёгкія, печань, ныркі, галаўны мозг, мышцы і інш.) і выклікаць фарміраванне ў іх другасных абсцэсаў. Бывае востры, хранічны, паверхневы, халодны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАКА́ЛЬНАЕ ЗАБРУ́ДЖВАННЕ, мясцовае забруджванне,
забруджванне прыроднага асяроддзя вакол прамысл. прадпрыемстваў, населеных месцаў, будоўляў, кар’ерных распрацовак і інш. Можа быць хім., фіз., біял., мех. ці комплексным. У розных ступенях адзначаецца ўсюды (у т. л. на Беларусі), асабліва ў месцах канцэнтрацыі буйных прамысл. прадпрыемстваў, жывёлагадоўчых комплексаў, інтэнсіўнага земляробства, у наваколлі буйных гарадоў і інш. З сукупнасці Л.з. могуць фарміравацца рэгіянальнае забруджванне і нават глабальнае забруджванне. Змяншэнню Л.з. спрыяюць эфектыўныя сістэмы ачысткі сцёкавых вод і прамысл. выкідаў, рацыяналізацыя выкарыстання вытв. сыравіны, укараненне безадходных тэхналогій, арганізац. і тэхн. меры па зніжэнні антрапагеннага ўздзеяння на прыроду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЗАВАЕ АЦЯПЛЕ́ННЕ,
ацяпленне за кошт энергіі спальвання гаручых газаў. Сістэмы газавага ацяплення складаюцца з газаправодаў, запорна-рэгулявальнай арматуры і аўтам. прылад бяспекі карыстання газам.
Адрозніваюць мясцовае (газ спальваецца ў ацяпляльных прыладах непасрэдна ў памяшканнях, што ацяпляюцца) і цэнтральнае (спальванне газу ў прамысл. устаноўках). Для мясцовага газавага ацяплення выкарыстоўваюць канвекцыйныя і прамяніста-канвекцыйныя прылады, якія адрозніваюцца спосабам падачы вонкавага паветра для гарэння газу і выдалення прадуктаў згарання, а таксама прамяністыя прылады (інфрачырвоныя выпрамяняльнікі). Пры цэнтр. газавым ацяпленні падаецца паветра, змяшанае з прадуктамі згарання або падагрэтае імі.
Выкарыстоўваецца ў прамысл. і грамадз. збудаваннях пры часовым знаходжанні людзей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МИ́НСКИЙ ПРОЛЕТА́РИЙ»,
што дзённая газета, орган Мінскага Савета рабочых і чырвонаармейскіх дэпутатаў і губваенрэўкома. Выдавалася 2—30.4.1919 у Мінску на рус. мове. Асвятляла жыццё і барацьбу мінчан за ўмацаванне сав. улады, работу сав. органаў у галіне гасп. і культ.буд-ва, друкавала інфарм. матэрыял аб ходзе нацыяналізацыі прамысл. прадпрыемстваў, заклікала насельніцтва Мінска на барацьбу з інтэрвентамі і ўнутр. контррэвалюцыяй. У кожным нумары давалася інфармацыя «Радыёграмы РОСТА». Матэрыялы групаваліся пад рубрыкамі: «Па Расіі», «На Украіне», «Па Беларусі і Літве», «Партыйнае жыццё», «Рабочае жыццё», «Мясцовае жыццё», «Эканамічная старонка». Выйшлі 22 нумары.
Літ.:
Бараноўскі П.М. Газета клікала да барацьбы // Весн. БДУ. Сер. 4. 1987. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ПЕЛ,
незгаральныя рэшткі, што застаюцца пасля поўнага згарання паліва. Утвараецца з мінер. прымесей паліва. Колькасць П. ў розных палівах розная, напр., у каменным і бурых вуглях ад 1 да 45% і больш, у торфе ад 2 да 30%, у дрывах звычайна менш за 1%, у мазуце часцей да 0,15%. Памяншае цеплату згарання, зніжае інтэнсіўнасць цеплаабмену, выклікае знос труб і дымасосаў, забруджвае атмасферу пры выкідах з дымавымі газамі. Выкарыстоўваюць для вытв-сці некаторых відаў бетону, з П. некаторых відаў вугалю атрымліваюць рэдкія і рассеяныя элементы (напр., германій); у сельскай гаспадарцы як мясцоваемінер. ўгнаенне, якое мае калій (у форме лёгкарастваральнага карбанату калію K2CO3), фосфар, кальцый, магній, мікраэлементы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЯЗБО́ЛЬВАННЕ,
штучнае адключэнне ўспрымання болю пры хірург. аперацыях, інш. лячэбных і дыягнастычных працэдурах, траўмах і некаторых захворваннях. Пастаяннае абязбольванне практыкуецца пры нясцерпных працяглых болях, пакутах (напр., у анкалагічнай практыцы). Часовае абязбольванне з’яўляецца звычайнай працэдурай у лячэбнай, асабліва хірург., практыцы; ажыццяўляецца без парушэння свядомасці (мясцовае абязбольванне, або мясцовая анестэзія), а таксама з яе парушэннем (агульнае абязбольванне, або наркоз). Сродкі і метады абязбольвання розныя, прадугледжваюць выкарыстанне хім. (наркотыкі і інш. анестэзіруючыя прэпараты), фіз. (электраток, холад) і нейрапсіхічных (штучная блакада або хірург. адключэнне пэўных участкаў нерв. Сістэмы, гіпнатычнае ўздзеянне) фактараў. Ад правільнасці іх выбару залежыць зыход цяжкіх хірург. аперацый (памылкі ў выбары могуць прывесці да пасляаперацыйнага шоку). Вывучэннем праблем абязбольвання займаецца анестэзіялогія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫКАНА́ЎЧЫЯ і РАСПАРА́ДЧЫЯ О́РГАНЫдзяржаўнага кіравання.
Ажыццяўляюць практычную рэалізацыю законаў і арганізацыю грамадскіх адносін з мэтаю забеспячэння дзярж. інтарэсаў пэўнага грамадскага і паліт. ладу. У Рэспубліцы Беларусь вышэйшым выканаўчым і распарадчым органам з’яўляецца Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь на чале з Прэм’ер-міністрам. Асн. звяном сістэмы выканаўчых і распарадчых органаў з’яўляюцца выканаўчыя камітэтымясц. Саветаў дэпутатаў розных узроўняў. Яны валодаюць агульнай кампетэнцыяй у сферы дзярж. кіравання адпаведнага ўзроўню, арганізуюць і кантралююць выкананне актаў мясц. Саветаў і вышэйстаячых органаў дзярж. улады і кіравання, распрацоўваюць і падаюць на разгляд у Саветы бягучыя і перспектыўныя планы эканам. і сац. развіцця, бюджэт, прымаюць меры па іх рэалізацыі, вядуць неабходную распарадчую дзейнасць, уключаючы выданне падзаконных нарматыўна-прававых актаў, ажыццяўляюць інш. паўнамоцтвы, прадугледжаныя заканадаўствам, указамі Прэзідэнта. Гл. таксама Мясцовае кіраванне і самакіраванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАМІ́Р’Еў міжнародным праве,
прыпыненне або спыненне ваен. дзеянняў паводле пагаднення паміж краінамі, якія знаходзяцца ў стане вайны, або па патрабаванні Савета Бяспекі ААН. Бывае агульнае, пашыранае на ўсе ўзбр. сілы, і мясцовае, або частковае, якое ўстанаўліваецца на асобных участках фронту (для накіравання парламенцёраў, правядзення перагавораў пра спыненне канфліктаў, захавання помнікаў культуры і інш. мэт). Адрозніваюцца таксама П. часовае і канчатковае. Часовае можа быць спынена са сканчэннем устаноўленага ў ім тэрміну, наступленнем абумоўленай у пагадненні аб П. падзеі або прыняццем варагуючымі бакамі дэкларацыі пра спыненне П. Канчатковае П. дзейнічае да ўступлення ў сілу мірнага дагавора або інш. акта, які афармляе канчатковае ўрэгуляванне ўзбр. канфлікту. У адрозненне ад мірнага дагавора П. спыняе толькі ваенныя дзеянні, а не становішча вайны паміж дзяржавамі, бакамі. Найб. простая разнастайнасць П. — спыненне агню.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДЗЯНО́Е АЦЯПЛЕ́ННЕ,
найбольш пашыраная сістэма ацяплення ў жылых, грамадскіх і прамысл. Збудаваннях. Цяпло ў памяшканне перадаецца гарачай вадой праз ацяпляльныя прылады. Бывае: цэнтральнае (цеплазабеспячэнне ад ЦЭЦ або кацельні) і мясцовае; з натуральнай і прымусовай цыркуляцыяй; паводле спосабу далучэння ацяпляльных прылад да трубаправодаў з верхнім і ніжнім размеркаваннем вады; двух-, аднатрубнае і праточнае; кальцавое і тупіковае.
Асн. часткі сістэмы: водападагравальнік, дзе вада падаграецца палівам, эл. токам, парай або больш гарачай вадой, ацяпляльныя прылады (радыятары, канвектары і інш.), трубаправоды (магістралі, стаякі) і запорна-рэгулявальная апаратура. У сістэмах вадзянога ацяплення з натуральнай цыркуляцыяй вада рухаецца за кошт рознай шчыльнасці нагрэтай у водападагравальніку (больш лёгкай) вады і больш цяжкай вады, што астыла ў ацяпляльных прыладах і трубаправодах; цыркуляцыя павялічваецца з павелічэннем адлегласці (па вертыкалі) паміж ацяпляльнымі прыладамі і водападагравальнікам (сістэмы выкарыстоўваюцца толькі ў невял. збудаваннях). У сістэмах з прымусовай цыркуляцыяй рух вады забяспечвае цыркуляцыйная помпа.