КАЛІНО́ЎСКАЯ (па мужу Баначыч) Таццяна Антонаўна

(9.1.1905, г. Саратаў, Расія — 24.1.1997),

бел. спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана). Вучылася ў Саратаўскай кансерваторыі (1922—28, класы вакалу М.​Мядзведзева і А.Баначыча). Скончыла Бел. студыю оперы і балета (1933). У 1933—41 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Валодала прыгожым мяккім голасам вял. дыяпазону, тонкім муз. густам, прывабнай сцэн. знешнасцю. Сярод партый: Шамаханская царыца, Марфа («Залаты пеўнік»; студыйны спектакль «Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Мікаэла («Кармэн» Ж.​Бізэ), Русалка («Кветка шчасця» А.​Туранкова).

Б.​С.​Смольскі.

т. 7, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ПЦЕЎ Харытон Пракопавіч (1700—63/64),

расійскі даследчык Арктыкі. Капітан 1-га рангу. Стрыечны брат Дз.Я.Лапцева. На флоце з 1718. У 1739—42 кіраваў адным з паўн. атрадаў Другой Камчацкай экспедыцыі, правёў пры ўдзеле С.І.Чэлюскіна, Н.​Чэкіна і Г.​Мядзведзева апісанне п-ва Таймыр паміж вусцямі рэк Хатанга і Пясіна, адкрыў і апісаў некаторыя бліжэйшыя астравы. Па заканчэнні экспедыцыі служыў на Балт. флоце. Імем Л. названы: марскі бераг на п-ве Таймыр, мыс на п-ве Чэлюскін і інш.; у гонар Х.П. і Дз.​Я.​Лапцевых названа Лапцевых мора.

т. 9, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСТО́ЎНІКАЎ Васіль Андрэевіч (н. 1.5.1936, в. Мядзведзева Горацкага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. фізік. Канд. фіз.-матэм. н. (1970). Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1960). З 1964 у Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі (з 1979 заг. лабараторыі). Навук. працы па лазернай фізіцы, лазернай фота- і біяфізіцы, мед. лазерным прыладабудаванні. Адзін са стваральнікаў новага тыпу лазераў — на растворах арган. фарбавальнікаў. Распрацаваў навук. асновы высокаэфектыўных метадаў лазернай тэрапіі. Дзярж. прэмія СССР 1972.

Тв.:

Лазеры и наследственность растений. Мн., 1984 (у сааўт.);

Терапевтическая эффективность низкоинтенсивного лазерного излучения. Мн., 1986 (у сааўт.).

А.​І.​Болсун.

т. 10, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯРДЛО́ВА Роза Міронаўна (н. 25.10.1908, г. Віцебск),

бел. і расійская кінаактрыса. Засл. арт. Беларусі (1935). Скончыла кінааддзяленне Ленінградскага тэатр. тэхнікума (1930, майстэрня Я.​Чарвякова). З 1927 здымалася ў кіно. Выканаўца лірыка-драм. роляў. Створаным вобразам уласціва спалучэнне жыццёвай верагоднасці з героіка-рамант. афарбоўкай характару гераінь. Знялася ў бел. фільмах: «Да заўтра» (1929), «Баям насустрач» (1932), «Залатыя агні» (1934), «Новая радзіма», «Шлях карабля» (абодва 1935), «Дачка Радзімы» (1937). Найб. значныя ролі ў маст. стужках на «Ленфільме»: «Дзяўчына з далёкай ракі» (1928), «Цана чалавека» (1929), «Каўказскі палоннік» (1930), «Кроў зямлі» (1931), «Адчайны батальён» (1933), «Нявеста» (1957).

В.​А.​Мядзведзева.

т. 14, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЗНЯЦО́Ў Мікалай Іванавіч (27.7.1911, с. Зыранка Таліцкага р-на Пермскай вобл., Расія — 9.3.1944),

савецкі разведчык. Герой Сав. Саюза (1944). Працаваў інжынерам у Пермі і Маскве. У Вял. Айч. вайну з жн. 1942 у партыз. атрадзе Дз.​М.​Мядзведзева «Пераможцы», які дзейнічаў на Укр. Палессі. Пад імем ням. обер-лейтэнанта Паўля Зіберта вёў разведку ў г. Роўна (Украіна), збіраў і перадаваў у партыз. атрад каштоўныя звесткі і дакументы. Разам з партызанамі рабіў дыверсіі, даставіў у партыз. атрад некалькі ням.-фаш. генералаў і чыноўнікаў. Загінуў у баі з прыхільнікамі С.​А.​Бандэры каля с. Барацін Бродаўскага р-на Львоўскай вобл.

Літ.:

Медведев Д.Н. Это было под Ровно. Элиста, 1968;

Яго ж. Сильные духом. Свердловск, 1971;

Гладков Т.К. Николай Кузнецов М., 1971.

т. 8, с. 562

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАВЯЛЕ́ВІЧ Віктар Васілевіч (н. 4.6.1946, г. Самарканд, Узбекістан),

бел. рэжысёр кіно і тэлебачання. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1974). З 1968 на тэлебачанні. Паставіў фільмы: дакумент. «Вакаліз» (1971), «Крыніца» (1974, спец. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Дубліне, 1974), «Тварам да вас» (1978, спец. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Кане, 1979), «Стварэнне» (1980), «Бацькоўскі дом» (1982), «Хатынь» (1985), «Па дарогах «Слова аб паходзе Ігаравым» (1986), «Галасушка» (1989), «Адхланне» (1992), «Уладар» (1993), «Славянскія танцы», «Валянцінаў дзень» (абодва 1994), «Пад крыламі Ефрасінні» (1997, прэмія Міжнар. кінафестывалю «Залаты віцязь», Масква, 1997), «Дабро твары» (1998), «Час будаваць храмы» (2001); маст. «Прыйдзі і віждзь» (1992), «Пастка для зубра» (1994—95); фільмы-спектаклі «Пачакай, затрымайся» (1981), «Пагарэльцы» (1988), «Князь Вітаўт» (1998); фільмы-балеты «Карміна-Бурана» (1990), «Шчаўкунок» (1992), «Спартак» (1993), «Страсці» («Рагнеда», 1996) і інш.

В.​А.​Мядзведзева.

т. 17, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́ВІНА (дзявочае Падрамянцова) Марыя Гаўрылаўна

(11.4.1854, г. Камянец-Падольскі, Украіна — 21.9.1915),

расійская актрыса. Як праф. актрыса дэбютавала ў 1869 у Мінску (Полінька — «Даходнае месца» А.​Астроўскага). З 1870 працавала ў Харкаве, Ноўгарадзе, з 1872 — у трупе акцёра П.​Мядзведзева ў Казані, Саратаве, Арле. Выступала ў вадэвілях, аперэтах, лёгкіх камедыях. З 1874 у Александрынскім т-ры (С.-Пецярбург). Была лепшай выканаўцай ролі Мар’і Антонаўны за ўсю сцэн. гісторыю «Рэвізора» М.​Гогаля. Яе ігра адметная маст. завершанасцю, лаканізмам і выразнасцю дэталей. Сярод роляў: Паліксена, Вара, Надзя, Вера Піліпаўна («Праўда — добра, а шчасце лепш», «Дзікунка», «Выхаванка», «Сэрца не камень» Астроўскага), Акуліна («Улада цемры» Л.​Талстога), Верачка, Наталля Пятроўна («Месяц у вёсцы» І.​Тургенева). Гастролі С. у Берліне (1899) садзейнічалі папулярызацыі рус. акцёрскага мастацтва за мяжой. Адзін з арганізатараў і старшыня Рус. тэатр. т-ва. Заснавальніца прытулку для састарэлых артыстаў (1896, цяпер Дом ветэранаў сцэны імя С. у С.-Пецярбургу).

Тв.:

Горести и скитания. Л.;

М., 1961.

Літ.:

Шнейдерман И.И. М.​Г.​Савина. М.; Л. 1956.

т. 14, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ЎНА,

горад, цэнтр Ровенскай вобл. на Украіне, на р. Вусце (бас. р. Прыпяць). Вядомы з 1282. Каля 245 тыс. ж. (2000). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Прам-сць: машынабудаванне і металаапрацоўка (высакавольтная электраапаратура, станкі і інш.), хім. (мінер. ўгнаенні, ВА «Азот»), харч., лёгкая (ільняная). 3 ВНУ, 2 тэатры, музеі: гіст.-краязн., разведчыка М.​І.​Кузняцова. Успенская царква (18 ст.).

У пісьмовых крыніцах згадваецца з 1282 як горад Галіцка-Валынскага княства. З 2-й пал. 14 ст. ў ВКЛ. У канцы 15 ст. атрымаў магдэбургскае права. Пасля Люблінскай уніі 1569 у складзе Рэчы Паспалітай, пасля 2-га яе падзелу (1793) разам з Правабярэжнай Украінай далучаны да Расіі. З 1793 павятовы горад Валынскай губ. У 1-ю сусв. вайну акупіраваны (1918) аўстра-герм., з 1920 — польскімі войскамі. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 у складзе Польшчы. У 1939 далучаны да УССР, са снеж. 1939 абл. цэнтр. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны (1941—44) ням.-фашыстамі, цэнтр рэйхскамісарыята «Украіна». Каля Р. дзейнічалі партыз. атрад Дз.​М.​Мядзведзева «Пераможцы» і разведчык М.​І.​Кузняцоў.

т. 13, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУМЯ́НЦАВА Любоў Рыгораўна (н. 18.4.1943, г. Пяцігорск Стаўрапольскага краю, Расія),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1978). Скончыла Маскоўскі дзярж. ін-т тэатр. мастацтва імя А.​Луначарскага (1964). З 1964 у Маскоўскім драм. т-ры на Малой Броннай. З 1966 на кінастудыі «Беларусьфільм» (з 1981 у Т-ры-студыі кінаакцёра). Выканаўца лірыка-драм. і драм. роляў. Ёй уласцівы выразная пластыка, экспрэсіўнасць, уменне выявіць духоўную сутнасць персанажа. Сярод тэатр. роляў: Наташа («Сам-насам з усімі» А.​Гельмана), Жанчына («Чалавечы голас» Ж.​Както), Красавіна, Домна Панцялеўна («Жаніцьба Бальзамінава», «Таленты і паклоннікі» А.​Астроўскага), Гертруда («Гамлет» У.​Шэкспіра), Філумена («Філумена Мартурана» Э. Дэ Філіпа) і інш. Знялася ў фільмах: «Альпійская балада» (1966), «Прыгодны да нестраявой» (1968), «Бацька» (1971), «Міравы хлопец» (1971), «Дарога на Рубецаль» (1971), «Учора, сёння і заўжды» (1972), «Вялікі ўтаймавальнік» (1974), «Надзейны чалавек» (1975), «Марынка, Янка і таямніцы каралеўскага замка» (1976), «У профіль і анфас» (1977), «Вялікая — малая вайна» (1981), «Раптоўны выкід» (1984), «Мы едзем у Амерыку» (1990), «Без доказаў» (1992), «Зала чакання» (1995).

В.​А.​Мядзведзева.

т. 13, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТАЛАГІЧНАЯ ФІЗІЯЛОГІЯ

Даследаванні ў галіне паталагічнай фізіялогіі на Беларусі вядуцца з 1928 з адкрыццём адпаведнай кафедры на мед. факультэце БДУ, якую арганізаваў М.​В.​Колпікаў. У 1958—75 кафедру ўзначальваў А.​Ю.​Бранавіцкі, пад кіраўніцтвам якога распрацоўваліся формы і механізмы ўзаемазвязаных тэндэнцый хваробы — паталагічныя і кампенсаторныя рэакцыі, пытанні канцэрагенезу, а таксама пытанні ішэміі і вянознай гіперэміі нырак, парушэнні кровазвароту ў печані і інш. органах брушной поласці. Распрацаваны метады пералівання крыві: унутрыартэрыяльны (Ф.​А.​Андрэеў, Р.​В.​Савасценка), падскурны (Я.​А.​Шавялько, Ф.​А.​Яхімовіч). Удасканалены паталагічная фізіялогія язвавай (Г.​А.​Мядзведзева) і прамянёвай (Л.​Ф.​Супрон) хвароб, паказаны ўплыў рыбануклеінавай кіслаты і гістонаў на пухліны (Бранавіцкі) і інш. Навук. даследаванні ў галіне паталагічнай фізіялогіі вядуцца ў мед. ун-тах Мінска, Гродна, Віцебска, дзе вывучаюцца пытанні росту пухлін, ліхаманкі, тэрмарэгуляцыі, нырачнай паталогіі, рэгуляцыі сардэчнай дзейнасці і сасудзістага тонусу, уплыву кровазаменнікаў на рэактыўнасць і ўстойлівасць арганізма і інш. Вядучыя спецыялісты ў галіне паталагічнай фізіялогіі Я.​Д.​Буглоў, Ф.​І.​Вісмант, А.​А.​Крыўчык, А.​В.​Лявонава, Дз.​А.​Маслакоў, Ю.​Я.​Радзівонаў, У.​І.​Шабека.

Літ.:

Патологическая анатомия и физиология. Мн., 1997.

М.​К.​Недзьведзь.

т. 18, кн. 2, с. 569

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)