СЭ́РЦА,

цэнтральны орган крывяноснай сістэмы чалавека, пазваночных і некат. беспазваночных (членістаногіх, малюскаў), які забяспечвае рытмічнымі скарачэннямі кровазварот. Тыпы С. адрозніваюцца марфалагічна: пульсуючыя сасуды ў кольчатых чарвей, галатурый, насякомых, ланцэтніка; ампулярныя дадатковыя С. (у насякомых, галаваногіх малюскаў, міксін); лімфатычныя С. ў рыб, амфібій, рэптылій; трубчастыя (у большасці членістаногіх, ракападобных, абалоннікаў); камерныя (у малюскаў і пазваночных; двухкамерныя — у рыб; трохкамерныя — у земнаводных; чатырохкамерныя — у кракадзіла, птушак, млекакормячых).

С. чалавека — полы мышачны орган, заключаны ў калясардэчную сумку (перыкард). Размешчана паміж лёгкімі ў міжсценні грудной поласці, мае форму зрэзанага конуса. У дарослага чалавека даўж. С. 10—15 см, сярэдняя маса 250 г у жанчын, 330 г у мужчын. Перагародка падзяляе С. на правую і левую палавіны (правая ў пярэдняй частцы цела, левая — у задняй). Кожная з палавін мае перадсэрдзе (уверсе) і размешчаны пад ім жалудачак. «Шкілет» С. складаецца са шчыльнай валакністай злучальнай тканкі (з участкамі храстковай), утвораны мембраннай перагародкай, фібрознымі трохвугольнікамі і кольцамі. З ім звязаны клапаны сэрца і прымацавана большасць мышачных валокнаў. Сценка С. ўтворана папярочна-паласатай сардэчнай мышачнай тканкай (міякардам), якая звонку абкружана эпікардам, унутры выслана эндакардам. Рух крыві ў адным напрамку забяспечваецца сардэчнымі клапанамі, якія адкрываюцца толькі ў адным напрамку (з перадсэрдзяў у жалудачкі і з жалудачкаў у артэрыі). С. дарослага чалавека скарачаецца 55—70 разоў за мін і пераганяе за гэты час 4,5—5 л крыві. Кожны цыкл сардэчнай дзейнасці складаецца са скарачэння (сістала) перадсэрдзяў, потым жалудачкаў і паўзы (дыястала), у час якой сардэчная поласць напаўняецца крывёю і аднаўляецца скарачальная энергія С. Дзейнасць С. рэгулюецца нейрагумаральнымі механізмамі. Сардэчная мышца валодае аўтаматызмам (можа скарачацца і без удзелу ц. н. с.). С. забяспечваецца крывёю каранарнымі (вянечнымі) артэрыямі, якія ўтвараюць густую капілярную сетку; інервуецца галінкамі блукальнага і сімпатычнага нерваў. Хваробы С. чалавека вывучае кардыялогія.

Літ.:

Шмальгаузен И.И. Основы сравнительной анатомии позвоночных животных. 4 изд. М., 1947;

Новиков И.И. Сердце и сосуды: Онтогенез и восстановление нейрорегуляторной системы. Мн., 1990;

Ромер А.Ш., Парсонс Т.С. Анатомия позвоночных: Пер. с англ. Т. 1—2. М., 1992.

А.​С.​Леанцюк.

Сэрца чалавека: 1 — правы жалудачак; 2 — правая вянечная артэрыя; 3 — правае вушка; 4 — перыкард (адрэзаны); 5 — верхняя полая вена; 6 — аорта; 7 — плечагалаўны ствол; 8 — левая агульная сонная артэрыя; 9 — лёгачны ствол; 10 — левае вушка; 11 — пярэдняя міжжалудачкавая галіна левай вянечнай артэрыі; 12 — вялікая вена сэрца; 13 — левы жалудачак.

т. 15, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)