КІ́МБАРАЎСКІЯ ЦЫСТЭРЦЫЯ́НСКІЯ КЛЯ́ШТАРЫ,

мужчынскі і жаночы кляштары каталіцкага манаскага ордэна цыстэрцыянцаў у Кімбараўцы (прыгарад Мазыра, цяпер у межах горада). Мужчынскі кляштар у пач. 18 ст. заснаваны навагрудскім кашталянам А.​Аскеркам. У далейшым ахвяраванні на кляштар рабілі інш. прадстаўнікі гэтага роду, каралі Рэчы Паспалітай Аўгуст II і Аўгуст III. У 1825 манахі мелі юрыдыку ў Кімбараўцы, вёскі Навікі і Юхнаўку, 24 валокі зямлі. Пры кляштары працавала школа (у 1819—10 вучняў), у б-цы было 850 тамоў. У 1864 кляштар скасаваны, касцёл пераабсталяваны ў царкву. Жаночы кляштар існаваў у 1744—1888. Засн. па ініцыятыве прыёра мужчынскага кляштара Б.​Ражанскага, кн. К.​Сапега падараваў 30 тыс. злотых. У 1809 у школе пры кляштары вучылася 28 дзяўчат. Захаваліся будынкі касцёла і частка жылога корпуса.

А.​А.​Ярашэвіч.

Да арт. Кімбараўскія цыстэрцыянскія кляштары. Агульны выгляд касцёла цыстэрцыянак.

т. 8, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕТЭРАСПАРЫ́Я (ад гетэра... + грэч. spora сяўба, насенне),

разнаспоравасць, утварэнне спор розных памераў у некаторых вышэйшых раслін (напр., у водных папарацей, селагінелавых і інш.). Буйныя споры (мегаспоры, або макраспоры) даюць жаночыя расліны, дробныя (мікраспоры) — мужчынскія. У пакрытанасенных раслін мікраспора (пылок) пры прарастанні дае мужчынскі заростак, мегаспора, якая ўтвараецца ў семязавязі, прарастае ў жаночы заростак — зародкавы мяшок.

т. 5, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАВЭ́РКА,

1) у беларусаў мужчынскі доўгі аднабортны пінжак з даматканага сукна. Пярэднія полкі рабілі суцэльныя, з дзвюма праразнымі і дзвюма накладнымі кішэнямі, адкладным каўняром і бартамі, спінку — з падразной шырокай гесткай і хлясцікам. У 19 — пач. 20 ст. была пашырана сярод заможных сялян, засцянковай шляхты.

2) Верхняя кароткая мужчынская вопратка з аўчын, абцягнутая даматканым сукном.

т. 3, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАПЛАФА́ЗА (ад грэч. haploos адзіночны + фаза),

фаза жыццёвага цыкла асобіны, якая характарызуецца адзінарным (гаплоідным) наборам храмасом у ядрах клетак. У большасці жывёл гаплафаза моцна рэдукавана і практычна зведзена да палавых клетак; у многіх зялёных водарасцей увесь цыкл, за выключэннем зіготы, адбываецца ў гаплазе. У пакрытанасенных раслін гаплафаза прадстаўлена зародкавым мяшком (жаночы гаметафіт) і пылковым зернем (мужчынскі гаметафіт).

т. 5, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕЗГІ́НКА,

народны танец лезгін. Муз. памер ​6/8, ёсць варыянты на ​2/4. Тэмп хуткі. Мелодыя дакладная, дынамічная. У аснове сюжэта Л. — танец-спаборніцтва, што дэманструе спрыт, віртуознасць, нястомнасць танцораў. Выконваецца як сольны мужчынскі танец і ў пары з жанчынай. У многіх народнасцей Каўказа існуюць разнавіднасці Л., якія атрымалі найменне ад назвы народнасці, мясцовасці ці мелодыі суправаджэння. На Беларусі вядомы падобны танец «Лязінка».

т. 9, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ДСКАЯ АБУТКО́ВАЯ ФА́БРЫКА.

Створана ў 1929 у г. Ліда Гродзенскай вобл. як ф-ка гумавых вырабаў «Ардаль». У Вял. Айч. вайну разбурана. Адноўлена ў 1946. У 1949 здадзены ў эксплуатацыю гумавы цэх, у 1952—3-і цэх мужчынскага, у 1957—7-ы цэх жаночага абутку. З 1994 народнае прадпрыемства «Лідская абутковая фабрыка». Асн. прадукцыя (1999): мужчынскі, жаночы і дзіцячы абутак.

т. 9, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНЬ І ЯН,

у старажытнакітайскай міфалогіі і натурфіласофіі цёмны, жаночы пачатак (інь) і супрацьлеглы яму светлы, мужчынскі пачатак (ян). З эпохі Чжоў (1027—256 да н.э.) кітайцы разглядалі неба як увасабленне ян, а зямлю — інь. Увесь працэс светабудовы яны ўяўлялі як вынік узаемадзеяння І. і Я., не проціборства іх, а імкнення адно да аднаго. Сістэму І. і Я. шырока выкарыстоўваў даасізм.

т. 7, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРАСТЭРО́Н,

мужчынскі палавы гармон (андраген). Асн. прадукт метабалізму тэстастэрону, падобны да яго біял. дзеяннем — здольны выклікаць узмацненне або ўзнікненне другасных палавых адзнак у пазваночных жывёл і чалавека. У значнай колькасці выводзіцца з мачой. Гарманальная актыўнасць андрастэрону прыкладна ў 10 разоў слабейшая, чым тэстастэрону; выкарыстоўваецца ў медыцыне для ацэнкі ўзроўню прадукцыі андрагенаў у арганізме і пакладзена ў аснову колькаснай ацэнкі біял. дзеяння мужч. палавых гармонаў.

т. 1, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ДУДА́РЫКІ»,

бел. сцэнічны мужчынскі танец. Створаны ў 1960-я г. балетмайстрам І.​Серыкавым з выкарыстаннем элементаў традыц. нар. лексікі. Муз. памер ​2/4. Тэмп жвавы. Мае гумарыстычны характар, выконваецца любой колькасцю ўдзельнікаў, якія па чарзе саліруюць, імітуючы ігру на дудцы, выяўляючы сваю вынаходлівасць, дасціпнасць, уменне весяліць народ. Насычаны тэхнічна складанымі рухамі.

Літ.:

Алексютович Л.К. Белорусские народные танцы, хороводы, игры. Мн., 1978. С. 339—353.

Л.​К.​Алексютовіч.

т. 6, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРТУ́З,

мужчынскі летні галаўны ўбор з казырком. Шылі найчасцей з чорнага сукна. На Беларусі пашыраны з сярэдзіны 19 ст. У канцы 19 — пач. 20 ст. пераважалі К. накшталт вайсковых шапак з шырокім каляровым аколышкам і цвёрдым, часам лакіраваным казырком. На Панямонні і ў Цэнтр. Беларусі традыц. К. рабілі з саломы з палатнянай падшэўкай, аздобленыя 2 разеткамі, вышытымі чырвонымі баваўнянымі ніткамі.

Саламяны картуз. Гродзеншчына. Пач. 20 ст.

т. 8, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)