НЁТЭР ((Noether) Амалі Эмі) (23.3.1882, г. Эрланген, Германія — 14.4.1935),

нямецкі матэматык, адна з заснавальнікаў абстрактнай алгебры. Скончыла Эрлангенскі ун-т (1902), дзе першай з жанчын Германіі атрымала ступень д-ра навук (1907). У 1922—33 праф. Гётынгенскага ун-та, у 1928—29 выкладала ў Маскоўскім ун-це. З 1933 праф. жаночага каледжа ў г. Брын-Мор (ЗША). Навук. працы па алгебры (тэорыі ідэалаў, гіперкамплексных сістэм, дыферэнцыяльных інварыянтаў і інш.). Увяла паняцце групы з аператарамі, даказала тэарэму аб гомеамарфізмах і ізамарфізмах, развіла агульную тэорыю выключэння і тэорыю алгебраічных мнагастайнасцей. Сфармулявала адну з фундаментальных тэарэм тэарэт. фізікі (гл. Нётэр тэарэма).

Літ.:

Вейль Г. Математическое мышление: Сб.: Пер. с англ. и нем. М., 1989. С. 274—292.

М.​М.​Касцюковіч.

Э.Нётэр.

т. 11, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКО́ФІЛД ((Scofield) Пол) (н. 21.1.1922, г. Херстпірпойнт, Вялікабрытанія),

англійскі акцёр. Вучыўся ў школах пры Рэпертуарным т-ры (1939, г. Кройдан) і пры т-ры «Маск» (1940—41, Лондан). З 1942 выступаў у Вандроўны.м, з 1944 у Бірмінгемскім, з 1946 у Шэкспіраўскім мемарыяльным (г. Стратфард-он-Эйван), з 1949 у інш. т-рах. Лепшая яго роля — Гамлет («Гамлет» У.​Шэкспіра). Сярод інш. роляў: Лір, Макбет (аднайм. трагедыі Шэкспіра), Томас Мор («Чалавек на ўсе часы» Р.​Болта; прыз 4-га Міжнар. кінафестывалю ў Маскве за лепшую мужчынскую ролю ў аднайм. фільме, 1966), Траплёў, Вайніцкі («Чайка», «Дзядзька Ваня» А.​Чэхава), Хлестакоў («Рэвізор» М.​Гогаля). З 1954 здымаецца ў кіно. Сярод фільмаў: «Скарпіён», «Ганна Карэніна», «Гамлет» і інш. Гастраліраваў у СССР у 1955, 1964, 1968.

Літ.:

Ковалев Ю.В. Пол Скофилд. Л., 1970.

т. 14, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕХАНІ́ЗМАЎ І МАШЫ́Н ТЭО́РЫЯ,

навука пра агульныя метады даследавання і праектавання механізмаў і машын. Уключае структурны, кінематычны і дынамічны аналіз механізмаў і машын (тых, што існуюць) і сінтэз механізмаў (праектаванне новых механізмаў для ажыццяўлення зададзеных рухаў); дынаміку механізмаў і машын, кінематыку механізмаў, кінетастатыку механізмаў з ёю звязаны дэталі машын (як навук. дысцыпліна), матэрыялазнаўства, навука пра надзейнасць тэхн. сістэм і інш. Займаецца таксама праектаваннем сістэм кіравання машын-аўтаматаў (гл. Аўтаматычнага кіравання тэорыя), даследаваннем і праектаваннем маніпулятараў і прамысл. робатаў.

Сфарміравалася ў канцы 18 — пач. 19 ст. пад уплывам патрэб машынабудавання. Значны ўклад у яе развіццё зрабілі Ж.​В.​Панселе і Г.​Г.​Карыяліс (Францыя), Ф.​Рэло, О.​Мор і Л.​Бурместэр (Германія), Р.​Віліс (Вялікабрытанія), Дж.​Бенафіт (ЗША), П.​Л.​Чабышоў, М.​Я.​Жукоўскі, М.​І.​Мярцалаў, І.​І.​Артабалеўскі, М.​Р.​Бруевіч (Расія) і інш.

Літ.:

Теория машин и механизмов. М., 1976;

Левитская О.Н., Левитский Н.И. Курс теории механизмов и машин. 2 изд. М., 1985;

Теория механизмов и машин Мн. 1970.

т. 10, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́ЎЭН ((Owen) Роберт) (14.5.1771, Ньютаўн, Вялікабрытанія — 17.11.1858),

англійскі утапічны сацыяліст. У 1791—1829 прадпрымальнік, кіраўнік буйных фабрык. Займаўся філантрапічнай дзейнасцю; пачынальнік фабрычнага заканадаўства. Асн. творы: «Лекцыі пра зусім новы стан грамадства» (1830), «Кніга пра новы маральны свет» (1836—44), «Рэвалюцыя ў свядомасці і дзейнасці чалавечага роду...» (1849). Будучае бяскласавае грамадства ўяўляў як федэрацыю самакіравальных абшчын, кожная з якіх аб’ядноўвала 300—2000 чалавек. У працоўных калоніях (камунах), арганізаваных на грамадскай уласнасці, насельніцтва падзялялася на 8 груп у залежнасці ад узросту. Адмаўляў сац. рэвалюцыі і гвалтоўны шлях пераўтварэння грамадства. Спадзяваўся на выхаванне і асветніцтва як гал. шлях пабудовы гуманнага грамадства. У адрозненне ад ідэйных папярэднікаў (Т.​Мор і Т.​Кампанела) зрабіў спробу практычнай рэалізацыі свайго сац. праекта. Арганізатар прац. камун у Англіі і ЗША (большасць з іх былі нежыццядзейнымі). Яго вучэнне і практычная дзейнасць значна паўплывала на сац.-грамадскую думку і сац. практыку Зах. Еўропы (напр., утапічны сацыялізм быў адным з тэарэт. вытокаў марксізму).

Тв.:

Рус. пер. — Избр. соч. Т. 1—2. М.; Л., 1950.

Т.​І.​Адула.

т. 11, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭМАНАЛО́ГІЯ (ад дэман + ...логія),

рэлігійнае вучэнне пра злых духаў, заснаванае на першабытнай веры ў духаў (нячысцікаў), а таксама пра спосабы пазбаўлення ад іх людзей, апанаваных д’яблам. Такімі спосабамі хрысціяне лічаць малітвы, заклінанні і пэўныя культавыя дзеянні па выгнанні д’ябла (экзарцызм). Гіст. Д. бярэ пачатак у першабытнай веры ў духаў. Найб. значэнне мае ў рэлігіях з дуалістычным падзелам Сусвету на свет дабра і зла (зараастрызм і маніхейства). У больш позніх рэлігіях, на якія паўплываў зараастрызм (іудаізм, хрысціянства, іслам і інш.), Д. з’яўляецца таксама важнай састаўной ч. веравучэння. Большасць вобразаў бел. нар. Д. дахрысціянскага паходжання. У Д., як і ў міфалогіі, з’явы навакольнага свету, адухоўленыя нар. фантазіяй, адлюстраваны ў выглядзе фантаст. істот. Дэманалагічныя ўяўленні звязваліся з прыроднымі з’явамі (духі прыроды), гаспадаркай і хатнім побытам (хатнія духі), нягодамі, хваробамі, прычым пераважалі вобразы злой сілы. Нар. фантазія надзяляла іх чалавечымі рысамі, знешне падобнымі да чалавека (пераважна на старога дзядка з сівой барадой). Сярод духаў прыроды вылучаліся лясун — гаспадар лесу, вадзянік — дух вады, палявік, жыцень — духі палёў; вылучалі лазавіка, багніка, што нібыта жылі ў лазняку, багне. Большасць павер’яў пра хатніх духаў звязана з уяўленнямі пра «апекуна» дома і гаспадаркі дамавіка; бытавалі таксама ўяўленні пра хлеўніка, гуменніка, лазніка, ёўніка (апошняму часта ахвяроўвалі сноп жыта, каб не спаліў ёўню). Хваробы, паводле павер’яў, чынілі цётухны (увасаблялі ліхаманку), крыксы, начніцы (увасаблялі дзіцячыя хваробы), маровая панна (увасабляла мор, эпідэмію). Увасабленнем трывожнага сну была мара. Найб. пашыраным у нар. Д. быў вобраз чорта, які лічыўся прычынай усякай бяды, няшчасця, зла; быў падобны на д’ябла і служыў яго сінонімам. У канцы 19 — пач. 20 ст. вобразы нар. Д. страцілі рэліг. значэнне і засталіся ў фальклоры як персанажы нар. маст. фантазіі (трапляюцца пераважна ў былічках і чарадзейных казках).

М.​Ф.​Піліпенка.

т. 6, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЦІ́НСКАЯ МО́ВА, латынь,

адна з італійскіх моў. Мёртвая. Мова каталіцкай царквы, афіц. мова (разам з італьян.) Ватыкана.

У фанетыцы — доўгія і кароткія галосныя, націск на 2-м або 3-м складзе ад канца слова; у марфалогіі — выкарыстанне флексіі як асн. сродку формаўтварэння, 6 склонаў, 3 лады (індыкатыў, кан’юнктыў і імператыў), 2 станы (актыўны і медыяльна-пасіўны); у лексіцы — уплыў сабінскай, этрускай і пераважна грэч. моў. Паводле паходжання — мова племені лацінаў. Пісьмовыя помнікі з 6 ст. да н.э. З павелічэннем тэр. Рымскай імперыі Л.м. пашырылася на ўвесь Апенінскі п-аў, пазней — на паўн. Афрыку, Галію, Брытанію, Дакію і інш.

У гісторыі Л.м. ант. часу вылучаюць некалькі перыядаў. Архаічны перыяд, ад якога захавалася некалькі надпісаў 6—4 ст. да н.э., фрагменты стараж. законаў, урыўкі з сакральнага гімна сакліяў і інш. Дакласічны перыяд (3—2 ст. да н.э.) — час станаўлення літ. Л.м., у аснове якой дыялект Рыма; захаваліся камедыі Плаўта і Тэрэнцыя, фрагменты твораў інш. аўтараў. Класічная, ці «залатая», латынь (1 ст. да н.э.) — мова з багатай лексікай, развітой навук.-філас., паліт. і тэхн. тэрміналогіяй, разнастайнасцю сінтакс. сродкаў. Найб. развіцця дасягнула л-ра (Цыцэрон, Вергілій, Гарацый, Авідзій). Паслякласічная, ці «сярэбраная», латынь (1 ст.), калі канчаткова склаліся фанет. і марфал. нормы літ. мовы, устаноўлены правілы арфаграфіі, якімі кіруюцца і пры сучасным выданні лац. тэкстаў. Позняя латынь (2—6 ст.) характарызуецца развіццём нар.-размоўнай мовы. Пасля заняпаду Рымскай імперыі (5 ст.) з дыялектаў Л.м. пачалі развівацца раманскія мовы. Л.м. ў сярэднія вякі стала міжнар. мовай навукі, школы, філасофіі, дыпламатыі, часткова л-ры. На ёй пісалі Т.​Мор, Эразм Ратэрдамскі, М.​Капернік, Ф.​Бэкан, І.​Ньютан. Дзякуючы Л.м. культура Рыма і ўспрынятая ім грэч. культура сталі набыткам чалавецтва. Еўрап. мовы адчулі на сабе ўплыў Л.м. як крыніцы лексічнага ўзбагачэння і папаўнення паліт., навук. і тэхн. тэрміналогіі. Лац. алфавіт абслугоўвае многія мовы свету (гл. Лацінскае пісьмо).

У 16—18 ст. на ўсх.-слав. землях, у т. л. на Беларусі, Л.м. выкладалася ў навуч. установах, выкарыстоўвалася ў справаводстве, дыпламат. перапісцы, пры напісанні навук. трактатаў і літ. твораў. Яе добра ведалі і на ёй пісалі бел. асветнікі Мікола Гусоўскі, С.​Будны, Сімяон Полацкі і інш. Многія запазычанні з Л.м. ўвайшлі ў бел. мову (гл. Лацінізм).

Літ.:

Тронский И.М. Очерки по истории латинского языка. М.; Л., 1953;

Яго ж. Историческая грамматика латинского языка. М., 1960.

т. 9, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУМАНІ́ЗМ (ад лац. humanus чалавечы, чалавечны),

сістэма светапогляду, кірунак філас. і грамадска-паліт. думкі, паводле якіх чалавечая асоба ёсць найвышэйшая каштоўнасць сац. быцця і культуры. Ідэі гуманных адносін да чалавека выяўляліся ўжо ў глыбокай старажытнасці. Мысліцелі, мастакі і ідэолагі эпохі Адраджэння (Леанарда да Вінчы, Дж.​Бруна, Г.​Галілей, Ф.​Бэкан, Эразм Ратэрдамскі) паказалі ідэал свабоднага, гарманічна развітога чалавека. Рэнесансавы гуманізм як тып культуры і светапогляду сфарміраваўся ў Італіі (творчасць Ф.​Петраркі, Дж.​Бакачыо, Ларэнца Вала, Піка дэла Мірандала, Рафаэля, Леанарда да Вінчы, Мікеланджэла) і пашырыўся на інш. рэгіёны разам з рухам Рэфармацыі (М.​Мантэнь, Ф.​Рабле ў Францыі, Ф.​Бэкан, У.​Шэкспір у Англіі, А.​Дзюрэр у Германіі, М.​Сервантэс у Іспаніі і інш.). Прадстаўнікі утапічнага камунізму (Т.​Мор, Т.​Кампанела, Т.​Мюнцэр, А.​Сен-Сімон, Ш.​Фур’е, Р.​Оўэн і інш.) выкрывалі антычалавечую, на іх погляд, сутнасць прыватнай уласнасці, эксплуатацыі, марылі пра справядлівае грамадства. Самабытныя ідэі рэв.-дэмакр. і народніцкага гуманізму развівалі А.​Радзішчаў, В.​Бялінскі, М.​Дабралюбаў, М.​Чарнышэўскі, Л.​Талстой і інш. мысліцелі і дзеячы рус. культуры. Ідэя свабоднага, усебаковага развіцця асобы як абсалютнай каштоўнасці і самамэты грамадскага прагрэсу ўтварае краевугольны камень марксісцкага гуманізму (К.​Маркс, Ф.​Энгельс, У.​І.​Ленін, Г.​В.​Пляханаў і інш.).

У сучасную эпоху ідэі і прынцыпы гуманізму набылі асаблівую актуальнасць, сталі жыццёвай неабходнасцю для кожнага народа і чалавецтва ў цэлым.

У Беларусі гуманіст. канцэпцыя грамадства і чалавечай асобы выяўлялася на ўсіх этапах развіцця культуры, філас. і грамадска-паліт. думкі. Хрысц. гуманізм пашыраўся праз рукапісную новазапаветную л-ру (евангеллі) і царк. вучэнне, хрысц. і свецкую л-ру, разнастайныя жанры нар. творчасці, царк. архітэктуру, жывапіс, музыку. Тыповым дзеячам культуры гуманіст. кірунку быў Ф.Скарына. Ідэі грамадскай справядлівасці і гуманізму развівалі С.​Будны, В.​Цяпінскі, Ю.​Даманеўскі, А.​Волан, М.​Гусоўскі, Я.​Вісліцкі, Сімяон Полацкі, Л.​Зізаній, М.​Сматрыцкі, М.​К.​Сарбеўскі, І.​Капіевіч, Б.​Дабшэвіч, К.​Нарбуг, А.​Доўгірд і інш. дзеячы бел., літ., польск. культур. У канцы 18 — 1-й пал. 19 ст. на Беларусі ўзніклі дэмакр. і сац.-утапічныя плыні гуманіст. думкі, накіраванай на пабудову грамадства без эксплуатацыі, на аснове хрысц. згоды і гармоніі. Нац.-бел. дэмакр. плынь гуманіст. думкі выявілася ў фалькларыстыцы і этнаграфіі, у маст. прафес. культуры і л-ры (творчасць Я.​Чачота, Я.​Баршчэўскага, У.​Сыракомлі, В.​Дуніна-Марцінкевіча, А.​Абуховіча), духоўна-гуманіст. лідэрстве бел. пісьменнікаў, іх удзеле ў паўстанні 1863—64 на чале з К.​Каліноўскім і барацьбе за нац. самавызначэнне бел. народа (Цётка, Я.​Купала, Я.​Колас, М.​Багдановіч). Прадстаўнікі марксісцкай філасофіі ў БССР звязвалі гуманізм з рэв.-класавай барацьбой за пабудову камуніст. грамадства, якое стварае перадумовы для ўсебаковага развіцця асобы. З 2-й пал. 1950 — 1-й пал. 1960-х г. пачалося сістэматычнае вывучэнне і вяртанне народу гуманіст. традыцый бел. культуры. Гэты працэс паскорыўся пасля абвяшчэння незалежнай Рэспублікі Беларусь (1990).

Літ.:

Очерки истории философской и социологической мысли Белоруссии (до 1917 г.). Мн., 1973;

Идеи гуманизма в общественно-политической и философской мысли Белоруссии (дооктябрьский период). Мн., 1977;

Холличер В. Личность и гуманизм: Пер. с нем. М., 1981;

Конан У.М. Ля вытокаў самапазнання: Станаўленне духоўных каштоўнасцей у святле фальклору. Мн., 1989;

Самосознанне европейской культуры XX в. М., 1991.

У.​М.​Конан.

т. 5, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНАГО́ГА (ад грэч. synagogē сход, месца сходу),

бет-кнесет (іўрыт, літар. — дом сходу), шул (ідыш, літар. — школа), культавы будынак у іудаізме, прызначаны для набажэнстваў і рытуальнага чытання Торы. Часам тэрмін «С.» выкарыстоўваецца для абазначэння іудзейскай абшчыны.

Дакладны час узнікнення С. не высветлены. Паводле талмудычных крыніц, у 5 ст. да н.э. ў Палесціне легендарны іудзейскі святар Ездра з мэтай адраджэння нац. самасвядомасці яўр. народа ва ўмовах іншаземнага заваявання стварыў згуртаванне вучоных і знаўцаў нар. традыцый, якое атрымала назву Вял. С. Магчыма, у гэты час узніклі і збудаванні С. Патрэбнасць у С. звязана з усталяваннем традыцыі чытання Пяцікніжжа па суботах і святочных днях. Да пач. н.э. С. існавалі ва ўсіх рэгіёнах рассялення яўр. насельніцтва. Найб. іх колькасць (480) знаходзілася ў Іерусаліме. Акрамя Палесціны С. будавалі ў г. Дамаску, Александрыі, Антыёхіі, Эфесе, Карынфе, Афінах, Рыме. Гал. месца ў С. займае святы каўчэг (арон-кадзеш), у якім захоўваюцца скруткі Торы (Сефер-Тора); ён знаходзіцца каля ўсх. сцяны. Вернікі моляцца на ўсх. напрамак С. (мізрах) — у бок Іерусаліма. Тора чытаецца са спец. ўзвышэння — бімы. У артадаксальных С. жанчынам адводзіцца асобнае месца (часта галерэя). Часам у С. і яе прыбудовах знаходзяцца ўстановы, якія адыгрываюць важную ролю ў абшчынным жыцці: школы, дабрачынныя арг-цыі, рабінскі суд, зала сходаў і інш.

На фарміраванне арх. аблічча С. паўплывалі традыцыі і прыёмы культавага дойлідства Міжземнамор’я эпохі элінізму і Рым. імперыі. Асновай першых будынкаў С. стаў базілікальны план, у аснове якога прасторнае памяшканне, падзеленае калонамі на падоўжныя нефы. З боку ўвахода і па баках рабілі порцікі з каланадай. Гал. (алтарная) сцяна арыентавалася на Іерусалім (у еўрап., у т. л. бел., яўрэяў на У), каля яе невял. ўзвышэнне (альмэ-мор). У цэнтры залы — кафедра (біма). У некат. С. меўся арган. Алтары багата ўпрыгожвалі разьбяным арнаментам, узорамі маст. кавальства і ліцця з расл. і зааморфнымі матывамі. Па меры рассялення яўрэяў па краінах Еўропы, С. набывалі стылёвыя рысы пэўных народаў і эпох.

На бел. землях С. з’явіліся ў 14 ст. Будавалі С. драўляныя і мураваныя. Архітэктура бел. С. ўвасабляе стылізаваны і пераасэнсаваны вобраз жытла, каўчэга. Усе С. складаюцца з цэласнага, значных памераў аб’ёму пад дахам, блізкім да шатровага (у гарадах Ашмяны Гродзенскай, Столін Брэсцкай абласцей, 18 ст.). Слонімская сінагога арганічна ўпісалася ў гар. арх. ансамбль стылю барока. Архітэктура некат. мураваных С. з рысамі абарончага дойлідства (Быхаўская сінагога). С. ў г. Іўе (Гродзенская вобл.) эклектычная, складаецца з 3 будынкаў для розных слаёў насельніцтва — гандляроў, рамеснікаў і купцоў. Найб. арыгінальныя драўляныя С., якім уласціва адзінства вобраза, аб’ёмна-прасторавае вырашэнне, у аснове якога — пераход рытуальнага памяшкання ў шатровы, часта складанай формы, дах. Формы абыходных галерэй, прыбудоў паўтараюць у мініяцюры форму асн. аб’ёму (С. ў Заблудаве, цяпер Падляскае ваяв., Польшча; не захавалася). С. былі ў гарадах Гродна, Глыбокае, Нароўля, г.п. Сапоцкін, в. Воўпа Ваўкавыскага р-на і інш. Да 1917 ва ўсх. Беларусі былі 704 С. У сувязі з антырэліг. дзейнасцю сав. улад у 1936 засталася 71 С. Шмат С. знішчана ням.-фаш. акупантамі ў Вял. Айч. вайну. У пач. 1990-х г. на Беларусі дзейнічалі 2 С., на 1.1.2001—8 С.

А.​І.​Лакотка.

Сінагога ў г. Столін Брэсцкай вобл.

т. 14, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЦЫЯЛІ́ЗМ (франц. socialisme ад лац. socialis грамадскі),

1) сукупнасць ідэй, поглядаў, вучэнняў аб дасканалым грамадстве.

2) Кірунак ідэйна-паліт. і тэарэт. думкі, а таксама адпаведны ёй грамадскі рух.

3) Сацыяльны лад грамадства, які прадугледжвае пабудову і функцыянаванне ўсёй сістэмы грамадскіх адносін, грамадскай структуры і ін-таў, у т. л. дзяржавы, у адпаведнасці з сацыяліст. ідэямі. Тэрмін «С.» увёў у пач. 1830-х г. франц. сацыяліст-утапіст П.​Леру. Прадстаўнікі утапічнага сацыялізму пад С. разумелі грамадскі лад без эксплуатацыі чалавека чалавекам, які заснаваны на прынцыпе грамадскай справядлівасці. У стараж. Грэцыі былі спробы філас. асэнсавання грамадскага і дзярж. ладу з пункту гледжання яго адпаведнасці патрэбам грамадзян. Лічылася, што чалавек павінен паважаць волю вышэйшых сіл, падпарадкоўвацца аб’ектыўным законам і ўплываць на прыродныя і грамадскія ўмовы ў інтарэсах свайго развіцця, а мэта дзяржавы — забеспячэнне самаст. і шчаслівага жыцця грамадзян. Ідэя справядлівасці і справядлівага грамадскага ладу складала аснову звычаёвага права. Сакрат абгрунтоўваў тоеснасць разумнага, справядлівага і законнага пачаткаў. Платон у дыялогу «Дзяржава» выклаў свой праект ідэальнай дзяржавы, выказваўся супраць прыватнай уласнасці і расколу грамадства на багатых і бедных, нераўнапраўя жанчын, захопніцкіх і грабежніцкіх войнаў. Арыстоцель вылучаў 2 віды справядлівасці: ураўняльную, якая грунтавалася б на «арыфметычнай роўнасці» людзей і выступала б у галіне грамадзянскага і крымінальнага права; і размеркавальную, заснаваную на «геаметрычнай роўнасці», на падзеле агульных даброт па заслугах, прапарцыянальна асабістаму ўкладу кожнага. Развіццё сацыяліст. ідэй прадаўжалі прадстаўнікі утапічнага С. — Т.​Мор, Т.​Кампанела, Г.​Маблі, Ж.​Мелье, Ф.​Бабёф, А.​Сен-Сімон, Ш.​Фур’е, Р.​Оўэн і інш. З 16 ст. па 1830—40-я г. рабіліся спробы тэарэтычна абгрунтаваць шэраг асн. ідэй і палажэнняў: аб неабходнасці ўстанаўлення грамадскай уласнасці на прылады і сродкі вытв-сці, аб прынцыпе размеркавання грамадскіх даброт паводле здольнасцей, стварэнні буйной грамадскай вытв-сці з выкарыстаннем дасягненняў навукі і тэхнікі. Сфарміраваўся пэўны ідэал грамадскага ладу, дзе забяспечваюцца матэрыяльныя і духоўныя патрэбы грамадзян і ствараюцца ўмовы для ўсебаковага развіцця чалавечай асобы. Абвастрэнне класавых супярэчнасцей у капіталіст. грамадстве і паяўленне першых форм арганізаванага сац. пратэсту рабочых супраць эксплуатацыі, у прыватнасці чартысцкага руху ў Вялікабрытаніі, спрыялі ператварэнню С. ў 1830—40-я г. ў адзін з гал. кірункаў еўрап. грамадска-паліт. і навук. думкі, які звязваў сябе з абаронай інтарэсаў рабочага класа. Аднак сацыяліст. ідэі былі неаднародныя і супярэчлівыя ў разуменні будучага сацыяліст. ладу і шляхоў да яго ўсталявання. З цягам часу склаліся 2 гал. падыходы: марксісцкі і сацыял-дэмакратычны. Згодна з матэрыялістычным тлумачэннем гіст. працэсу (К.​Маркс, Ф.​Энгельс, У.​І.​Ленін і інш.), С. — заканамерны вынік гісторыі і з’яўляецца ніжэйшай ступенню камуніст. грамадска-эканам. фармацыі, якая прыходзіць на змену капіталізму. Асн. шляхам для дасягнення гэтай мэты лічыліся сацыяліст. рэвалюцыя, экспрапрыяцыя капіталу і буйной прыватнай уласнасці, пазбаўленне буржуазіі паліт. улады, уздым вытв. сіл грамадства на базе грамадскай уласнасці, удзел працоўных у кіраванні дзяржавай, развіццё асветы, навукі і культуры. Гэтыя прынцыпы ўвайшлі ў праграмы сацыяліст. арг-цый і партый марксісцкай арыентацыі. Сацыял-дэмакратычны падыход да С. ставіў задачы паступовага рэфармавання грамадства ў кірунку паляпшэння сац. становішча працоўных, пашырэння дэмакр. свабод і правоў грамадзян (гл. Рэфармізм). Гэтыя ідэі выкладзены ў праграмах адпаведных паліт. партый, якія ўваходзяць у Сацыялістычны інтэрнацыянал. Распад каланіяльнай сістэмы, утварэнне новых дзяржаў і пошук шляхоў самаст. развіцця выклікалі паяўленне своеасаблівых канцэпцый С., дзе знайшлі свой адбітак нац. традыцыі і культура пэўных народаў. Пераломнай для сацыяліст. ідэалу гіст. падзеяй стала Кастрычніцкая рэвалюцыя 1917, дзякуючы якой С. пачаў набываць контуры рэальна існуючага грамадства ў Расіі, а пасля 2-й сусв. вайны — у некаторых краінах Усх. і Цэнтр. Еўропы, Кітаі, на Кубе. У СССР узнікла спецыфічная форма С. — дзяржаўны С., які спалучыў у сабе марксісцка-ленінскія ідэі з традыцыямі і культ.-цывілізацыйнымі асаблівасцямі рускага і іншых народаў краіны і характэрнымі рысамі якога былі: манаполія дзярж. уласнасці, адчужэнне непасрэдных вытворцаў ад сродкаў вытв-сці, прысваенне прыбавачнай вартасці і эксплуатацыя працоўных, дырэктыўнае цэнтралізаванае планаванне, нецярпімасць да іншадумства. Адначасова змест гэтай сістэмы выражаўся ў пэўнай сац. арыентацыі: грамадскія фонды, бясплатныя адукацыя і мед. абслугоўванне, датацыі, ільготы, бясплатнае атрыманне жылля і нізкая кватэрная плата, матэрыяльная падтрымка дзяржавай права на адпачынак і інш. Форма дзяржаўнага С. шмат у чым тлумачыцца складанымі ўнутр. і знешнімі ўмовамі (войны, пагрозы вайной і інш.), аднак былі забяспечаны цэласнасць шматнацыянальнай дзяржавы і яе ўсебаковае развіццё.

Літ.:

Маркс К., Энгельс Ф. Маніфест камуністычнай партыі: Пер. з рус. Мн., 1968;

Энгельс Ф. Развіццё сацыялізму ад утопіі да навукі: Пер. з рус. Мн., 1970;

Утопический социализм: Хрестоматия. М., 1982;

Бердяев Н.А. Истоки и смысл русского коммунизма. М., 1990;

Бернштейн Э. Возможен ли научный социализм?: «Ответ Г.​Плеханова»: Пер. с нем. М., 1991;

Фроянов И.Я. Октябрь семнадцатого (глядя из настоящего). СПб., 1997;

Жибуль И.Я. Гуманизм советского образа жизни. Мн., 1982.

В.​І.​Боўш.

т. 14, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІРЛА́НДЫЯ (ірл. Éire, англ. Ireland),

Ірландская Рэспубліка (ірл. Saorstát Éireann, англ. Irish Republic), дзяржава ў Зах. Еўропе, на в-ве Ірландыя. Мяжуе на Пн з Паўн. Ірландыяй, якая ўваходзіць у склад Вялікабрытаніі. Пл. 70,3 тыс. км². Нас. 3555,5 тыс. чал. (1997). Дзярж. мовы — ірландская і англійская. Сталіца — г. Дублін. Падзяляецца на 4 правінцыі, якія ўключаюць 26 графстваў і 5 буйных гарадоў-графстваў. Нац. свята — Дзень св. Патрыка (17 сак.). Характарыстыку прыроды гл. ў арт. в-аў Ірландыя.

Дзяржаўны лад. І. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1937 (з пазнейшымі змяненнямі). Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт з шырокімі паўнамоцтвамі, якога выбірае насельніцтва тэрмінам на 7 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — двухпалатны парламент у складзе палаты прадстаўнікоў (166 дэпутатаў, якія выбіраюцца насельніцтвам не больш як на 5 гадоў) і сената (6Ō членаў, частка іх назначаецца прэзідэнтам, астатнія выбіраюцца насельніцтвам). Выканаўчы орган — урад на чале з прэм’ер-міністрам, якога назначае прэзідэнт.

Насельніцтва. Каля 99% насельніцтва — ірландцы. Да нац. меншасцей адносяцца англічане і шатландцы. Большасць вернікаў католікі (93%), ёсць пратэстанты (англікане, 3%). Сярэдняя шчыльн. 50,6 чал. на 1 км. Найб. густа населена ўсх.ч. краіны. Гар. насельніцтва 58%. Найб. гарады (тыс. ж., 1991): Дублін (з прыгарадамі) — 915,5, Корк — 174,4, Лімерык — 75,4, Дан-Лэры — 55,5, Голуэй — 50,9, Уотэрфард — 41,9. Працаздольнае насельніцтва занята ў прам-сці (29,5%), сельскай гаспадарцы (13,5%), сферы паслуг (57%). Эміграцыя 30—40 тыс. чал. за год.

Гісторыя. Паводле археал. звестак, чалавек на тэр І. з’явіўся прыкладна за 6 тыс. гадоў да н.э. У 4 ст. да н.э. І. пачалі засяляць кельты, што асімілявалі мясц. насельніцтва. Яны падзяляліся на роды (кланы) і плямёны, якія ўтварылі 5 плем. федэрацый, аб’яднаных у 3—4 ст. пад уладай ард-рыяга (вярх. караля). Развівалася кельцкая культура (вераванні, л-ра, заканадаўства). У 5 ст. прынята хрысціянства. Шматлікія кляштары сталі асяродкамі мастацтва, л-ры (на стараж.-ірл. і лац. мовах) і навукі. У 6—9 ст. ірл. вучоныя і місіянеры аказвалі ўплыў на краіны Зах. Еўропы, у т. л. на хрысціянізацыю Шатландыі, культ. развіццё дзяржавы Каралінгаў. У 795 пачаліся набегі на І. нарманаў, якія да 10 ст. заснавалі гарады Дублін, Уотэрфард, Лімерык. Працяглая барацьба з нарманамі скончылася перамогай ірл. дружын у бітве пры Клонтарфе (1014). У 1169 пачалося заваяванне І. англа-нармандскімі рыцарамі, якія стварылі на паўд.-ўсх. яе ўзбярэжжы англ. калонію. Тут былі ўведзены манарыяльная сістэма (гл. Манар), англ. законы, падзел на графствы, парламент (з 1297), які ў 1495 падпарадкаваны англ. парламенту і каралю. У канцы 15 ст. пры Цюдарах пачалася сістэматычная каланізацыя англічанамі ўсёй тэр. І. У 1536—37 англ. кароль Генрых VIII прымусіў ірл. парламент прызнаць яго кіраўніком царквы ў І., а ў 1541 прыняў тытул караля І. З гэтага часу нац,вызв. барацьба ірландцаў набыла і рэліг. характар. Англ. прыгнёт стаў прычынай шэрагу паўстанняў ірландцаў (1559—67, 1569—83, 1594—1603, Ірландскае паўстанне 1641—52, 1688—91), пасля задушэння якіх англ. ўлады праводзілі масавыя канфіскацыі зямлі (да канца 17 ст. іх канфіскавана амаль ​6/7). Карэннае насельніцтва І. зганялася з зямлі, на якой сяліліся шатл. і англ. пратэстанты. Каталіцкае насельніцтва І. было пазбаўлена паліт. і грамадз. правоў, што вяло да дэмаграфічнага і эканам. заняпаду краіны. Паліт. і эканам. ўмовы сталі прычынай шырокай эміграцыі, якая пачалася ў 17 ст. і набыла масавы характар у выніку т. зв. вял. голаду 1845—49. Смерць ад голаду і эміграцыя (пераважна ў ЗША і Вялікабрытанію) прывялі да значнага зніжэння колькасці насельніцтва (у 1841—8,2 млн., у 1851—6,5, у 1911—4;4 млн. чал.).

Нац.-вызв. рух, які ўзмацніўся пад уплывам вайны за незалежнасць у Паўн. Амерыцы 1775—83 і франц. рэвалюцыі канца 18 ст., прымусіў брыт. ўрад паслабіць калан. рэжым, увесці ў 1782—83 парламенцкую аўтаномію. Арг-цыя «Аб’яднаныя ірландцы» выпрацавала праграму барацьбы за незалежную рэспубліку, аднак нац.-вызв. паўстанне 1798 было задушана. У 1801 парламенцкая аўтаномія І. ліквідавана, парламент скасаваны, ірл. прадстаўнікі атрымалі некалькі месцаў у брыт. парламенце (гл. Англа-ірландская унія 1801). У 19 ст. І. цалкам ператворана ў агр. прыдатак метраполіі. У 1840-я г. пачаўся агр. пераварот, дробная сял. рэнта замянялася арэндай буйных зямельных участкаў пашы. Шырыўся рух за разрыў уніі 1801. У 1842 створана група «Маладая Ірландыя», асн. патрабаваннем якой стала незалежнасць І. Радыкальныя ўдзельнікі нац.-вызв руху заснавалі ў 1847 Ірландскую канфедэрацыю, яе лідэры заклікалі да ўзбр. паўстання супраць англ. панавання; Ірл. паўстанне 1848 задушана. Пасля паражэння паўстання 1867 супраць згону сялян з зямлі цэнтр. месца ў паліт. жыцці краіны заняла барацьба за гомруль (самакіраванне ў межах Брыт. імперыі). У 1879 створана Зямельная ліга. Прадстаўнікі ірл. нац. інтэлігенцыі пачалі барацьбу за адраджэнне ірл. (гэльскай) мовы (да 19 ст. амаль цалкам выцесненай англ.) і нац. культуры (гл. Гэльская ліга).

У 1914 брыт. парламент ухваліў закон аб аўтаноміі І., аднак адтэрмінаваў яго ажыццяўленне да заканчэння 1-й сусв. вайны. Гэта палітыка брыт. улад стала прычынай Ірландскага паўстання 1916, якое было жорстка задушана. У хуткім часе незалежніцкі рух узначаліла партыя Шын фейн, у канцы 1918 яе прадстаўнікі атрымалі на выбарах у брыт. парламент 73 месцы. Дэпутаты-шынфейнеры абвясцілі сябе першым ірл. урадам, а ў студз. 1919 — незалежнасць І. (прэзідэнт І.Дэ Валера). Явачна ствараліся нац. органы ўлады, узбр. сілы. Сфарміраваная Ірландская рэспубліканская армія вяла ваен. дзеянні супраць англ. войск і паліцыі, якія скончыліся падпісаннем мірнага англа-ірландскага дагавора 1921. Паводле яго краіна была падзелена на 2 часткі. Паўн. І. (Ольстэр) засталася пад.уладай Вялікабрытаніі, Паўд. І. атрымала правы дамініёна (Ірл. свабодная дзяржава); на яе тэр. захаваліся англ. ваен. базы. Спрэчкі паміж ірл. патрыётамі па адносінах да дагавора 1921 выклікалі грамадз. вайну 1922—23, што скончылася паражэннем прыхільнікаў барацьбы за поўную суверэннасць і адзінства І. У 1932 яны атрымалі перамогу на парламенцкіх выбарах (партыя Фіяна файл) і сфарміравалі ўрад на чале з Дэ Валера (да 1948). У 1937 прынята новая канстытуцыя. Яна адмяніла статус дамініёна, абвясціла суверэнную дзяржаву Эйрэ (ірл. назва І.), якая захоўвала толькі фармальныя сувязі з Вялікабрытаніяй. У 1949 І. абвешчана рэспублікай і фармальна выйшла з брыт. Садружнасці. Адносіны да Паўн. І., якую І. лічыць сваёй гіст. часткай, з 1922 З’яўляюцца адной з гал. паліт. праблем, асабліва пасля абвастрэння ў 1968—69 паўн.-ірл. канфлікту. Ірл. ўрад лічыць таксама, што змена статусу Паўн. І. можа адбыцца толькі са згоды большасці яе жыхароў. І. імкнецца аказваць уплыў на брыт. кіраванне ў Паўн. І. і разам з памяркоўнымі паўн.-ірл. групоўкамі распрацоўвае мадэль уз’яднання, прымальную для Вялікабрытаніі і паўн.-ірл. пратэстантаў. У 1985 падпісана англа-ірл. пагадненне аб стварэнні міжурадавага кансультатыўнага органа па ўнутр. праблемах Паўн. І. Урад І. ўдзельнічаў у перагаворах, у выніку якіх у 1994 спынена ўзбр. барацьба ў Паўн. І. На міжнар. арэне І. падтрымлівае цесныя паліт. кантакты з краінамі Зах. Еўропы і Паўн. Амерыкі, захоўвае ваен. нейтралітэт (абвешчаны ў час 2-й сусв. вайны). З 1997 прэзідэнт краіны — М.​Макаліз, прэм’ер-міністр — Б.​Ахерн. І. — чл. ААН (з 1955), Еўрап. саюза (з 1973). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў крас.

Палітычныя партыі і прафсаюзы. Лейбарысцкая партыя, Фіяна файл, Фіне гал, Партыя прагрэс. дэмакратаў, Дэмакр. левая партыя. Прафс. аб’яднанне — Ірл. кангрэс трэд-юніёнаў.

Гаспадарка І. — індустр.-агр. краіна. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) на аднаго жыхара 15,4 тыс. дол. ЗША (1995). Доля ў ВУП (у %): прам-сці — 36, сельскай гаспадаркі — 8, сферы паслуг — 56. Вядзецца здабыча торфу — каля 8 млн. т за год (адно з першых месцаў у свеце). У І. буйнейшае ў Зах. Еўропе радовішча поліметал. руд Тынаг у цэнтр. ч. краіны. Здабываюць цынк (193,7 тыс. т, 8-е месца ў свеце, 1993), свінец, медзь, серабро, ртуць, жал. руду, каменны вугаль, прыродны газ, пірыты. Аснову энергабалансу складаюць торф, імпартная нафта, каменны вугаль, гідраэлектраэнергія. Вытв-сць электраэнергіі (1995) 16,6 млрд. кВт гадз, пераважна на ЦЭС. ГЭС на р. Шанан. Важнае месца ў прам-сці займаюць машынабудаванне і металаапрацоўка: зборка аўтамабіляў (з-д «Форд» у Корку) і трактароў (Дублін), суднабуд. і суднарамонт (Дублін, Корк, Лімерык, Дан-Лэры), электроніка і радыёэлектроніка (Дублін, Корк, Лімерык, Уотэрфард). Чорная металургія прадстаўлена з-дам у Корку. Хім. і нафтахім. (мінер. ўгнаенні, пластмасы, гумавыя вырабы), фармацэўтычная прам-сць у Корку, Дан-Лэры. На мясц. сыравіне развіта харч. (мясная, малочная, мясакансервавая, піваварная, спірта-гарэлачная) прам-сць. Ёсць прадпрыемствы папяровай і шкляной прам-сці ў Уотэрфардзе. У сельскай гаспадарцы пераважаюць дробныя і сярэднія фермерскія гаспадаркі памерам да 25 га. Пад ворывам 14% тэр. краіны, пад пашай і сенажацямі каля 70%. Гал. галіна — жывёлагадоўля, якая дае 90% валавой с.-г. вытв-сці (70% ідзе на экспарт). Па колькасці буйн. раг. жывёлы на душу насельніцтва і па яе вывазе ў жывым выглядзе І. займае 1-е месца ў Еўропе. Асн. раёны — Пд, ПдЗ і З краіны. Пагалоўе (млн. галоў, 1996): буйн. раг. жывёлы — 6,4, авечак — 5,8, свіней — 1,5. Птушкагадоўля. Вырошчваюць пшаніцу, ячмень, авёс, сеяныя травы, бульбу, турнэпс, цукр. буракі, лён. Агародніцтва і садоўніцтва. Марское рыбалоўства. Улоў рыбы — 412,7 тыс. т (1995). Штогод краіну наведвае каля 3—3,5 млн. турыстаў. Замежны турызм дае каля 2 млрд. дол. ЗША прыбытку. Даўж. аўтадарог 86,8 тыс. км, чыгунак 1,9 тыс. км. Аўтапарк каля 990 тыс. машын. Унутр. суднаходныя шляхі: р. Шанан, Гранд-канал, Роял-канал. Танаж марскога флоту каля 129 тыс. брута рэг. т. Гал. парты Дублін, Корк. У краіне 225 км газаправодаў. 9 аэрапортаў, у т. л. 3 міжнародныя (Дублін, Корк, Шанан). Экспарт (1994, 29,9 млрд. дол. ЗША): машыны і абсталяванне, жывая жывёла, прадукты жывёлагадоўлі, піва, хім. прадукты, тэкстыль, канцэнтраты каляровых металаў. Імпарт (1994, 25,3 млрд. дол. ЗША): машыны і абсталяванне, нафта, хім. прадукты, кармы. Вял. значэнне маюць грашовыя пераводы эмігрантаў. Асн. гандл. партнёры: Вялікабрытанія, ЗША, Германія, Францыя, Нідэрланды. Гандл. абарот Рэспублікі Беларусь з І. у 1996 склаў 26,9 млн. дол. ЗША. Грашовая адзінка — ірл. фунт.

Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. Агульная колькасць каля 13 тыс. чал. (1996). Ёсць рэзервы. Камплектуюцца з добраахвотнікаў. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Сухап. войскі (11 тыс. чал.) маюць на ўзбраенні больш за 100 танкаў і бронеаўтамабіляў, больш за 700 артыл. сродкаў і інш. У ВПС больш за 900 чал. асабовага складу, каля 30 самалётаў. У ВМС каля 1 тыс. чал., 7 караблёў.

Ахова здароўя. Сістэма мед. абслугоўвання знаходзіцца ў падпарадкаванні дэпартамента аховы здароўя. Насельніцтва, што карыстаецца мед. паслугамі, падзяляецца на 3 катэгорыі: людзі, якія атрымліваюць усе віды мед. дапамогі бясплатна (з нізкімі даходамі), 2 група (з больш высокімі даходамі) карыстаюцца мед. паслугамі за зніжаную, дыферэнцыраваную аплату. Для дзяцей да 16 гадоў і хранічна хворых — стацыянарнае і амбулаторнае лячэнне, прышчэпкі супраць заразных хвароб, іх дыягностыка бясплатныя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 73,1, жанчын 78,6 гадоў. Смяротнасць 9 на 1 тыс. чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 255 чал., урачамі — 1 на 588 чал. Узровень нараджальнасці 13 на 1 тыс. чал. Натуральны прырост 0,4%. Дзіцячая смяротнасць 6 на 1 тыс. нованароджаных (1997).

Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі І. ўключае пач. і сярэднія школы, прафес. і вышэйшыя навуч. ўстановы. Самаст. дашкольных устаноў няма (існуюць дашкольныя аддзяленні пры пач. школах). Большасць агульнаадук. навуч. устаноў прыватныя або канфесіянальныя. Пач. школа з 6-гадовага ўзросту, 6 гадоў навучання; ёсць 1- і 2-камплектныя школы. Існуюць 3 тыпы сярэдніх школ: традыц., аб’яднаныя і абшчынныя. Усе яны маюць 2 ступені: асн. абавязковая (3—4 гады навучання) дае няпоўную сярэднюю адукацыю, яе выпускнікі пасля здачы экзаменаў атрымліваюць прамежкавы атэстат, старэйшая (3-гадовая) — поўную сярэднюю адукацыю з правам паступлення ў ВНУ. На базе асн. школы прафес.-тэхн. адукацыю даюць прафес.-тэхн. школы (3—5 гадоў навучання), сярэднюю спец. — тэхн., маст. і інш. спец. каледжы (3—4 гады навучання). У 1996/97 навуч. г. ў І. 8 ун-таў (каля 60 тыс. студэнтаў). Буйнейшыя ун-ты: Нац. ун-т І. ў Дубліне (з 1909, больш за 20 тыс. студэнтаў, уяўляе сабой федэрацыю універсітэцкіх каледжаў у Дубліне, Корку, Голуэі і яшчэ 6 каледжаў, у т. л. Каледж св. Патрыка ў Мейнуце), Дублінскі ун-т (засн. ў 1591 як Трыніты-каледж), Дублінскі гар. ун-т (з 1975), ун-т у Лімерыку (з 1989). Навук. ўстановы: Каралеўскае дублінскае т-ва, Каралеўская ірл. акадэмія, галіновыя акадэміі — мед., славеснасці (засн. Б.​Шоу), жывапісу, скульптуры і архітэктуры. Буйнейшыя б-кі: універсітэцкія, Нац. (з 1877) і Публічная — у Дубліне і інш. Буйнейшыя музеі: Нац. музей (з 1731), Нац. галерэя, Галерэя сучаснага мастацтва, Грамадз. музей (з 1953) — усе ў Дубліне.

Друк, радыё, тэлебачанне. У І. выходзіць 8 штодзённых газет: 6 — у Дубліне, 2 — у Корку, у т. л. 4 ранішнія, якія распаўсюджваюцца па ўсёй краіне. Самы высокі тыраж маюць незалежныя газеты — ранішняя «Irish Independent» («Ірландская незалежная», з 1891, сучасная назва з 1905) і штодзённая вячэрняя «Evening Herald» («Вячэрні веснік», з 1891). Інфарм. агенцтваў у І. няма. Радыё і тэлебачанне кантралююцца аўтаномнай карпарацыяй «Радыё Тэлефіс Эйрэан» (PTE; засн. ў 1960, фінансуецца дзяржавай), якая трансліруе праграмы Радыё-1 і Радыё-2. Дзейнічаюць таксама рэгіянальнае радыё Корк, нац. незалежнае радыё Сэнчуры. Дзярж. тэлебачанне трансліруе праграмы PTE-1 і PTE-2; з 1989 дзейнічае і незалежны канал ТВ-3.

Літаратура. Развіваецца на ірландскай мове і англійскай мове. Гераічны эпас (сагі) узнік у першыя стагоддзі н.э. (першыя запісы 8 ст., захаваліся запісы 12 ст.). Найб. вядомая — гал. сага гераічнага цыкла «Выкраданне быка з Куальнге» з цэнтр. вобразам Кухуліна — нац. героя І. У сярэднія вякі высокага ўзроўню дасягнула паэзія бардаў (Донах Мор, Мюрэдах Албанах, Гофрэй Фіён). Карэнныя змены ў л-ры звязаны з англ. каланізацыяй у 12 ст. Аднак забарона ірл. мовы, знішчэнне рукапісаў не спынілі развіццё нац. л-ры. У 16—18 ст. адбывалася ломка арыстакратычнай традыцыі бардаў, асаблівае значэнне набыла балада. Літ. мовай стала нар. ірл. гаворка. У л-ры пераважалі тэмы развітання з радзімай, адчування крызісу звыклага ўкладу жыцця (песня «Бывай, Ірландыя» Дж.​Наджэнта, «Ода Мэгуайру» Э.​О’Хасі). У 17 ст. сабраны і перапісаны шматлікія рукапісы, якім пагражала знішчэнне (склалі шматтомныя «Аналы чатырох магістраў»; 1632—36). З канца 18 ст. пачынае складвацца традыцыя празаічных твораў на англ. мове: гіст. (Дж.​Бейнім) і сац.-быт. (М.​Эджуарт, У.​Карлтан) раманы. Ірл. л-ра развівалася ў рэчышчы нац. паэт. традыцый і захоўвала сваю самабытнасць. Перавага фантаст. матываў, пачуццё камічнага і вострая іранічнасць — яе адметныя асаблівасці. Выразны ўзор асваення вобразнасці на англ. мове — «Ірландскія мелодыі» (1808—34) Т.​Мура. Канец 19 ст. пазначаны т. зв. «Ірландскім адраджэннем», яго пачынальнік у л-ры У.Б.Йітс. Нац. мастацтва, міфалогія і гісторыя паўплывалі на творчасць дзеячаў «Ірландскага адраджэння» Дж.​Расела, І.​А.​Грэгары, П.​Колума, Дж.​Стывенса, Дж.​Кэмпбела. Развіццю рэалізму ў нац. драме папярэднічала творчасць Дж.​Сінга. Раман Дж.Джойса «Уліс» (1922) паклаў пачатак л-ры «плыні свядомасці». Ірл. паўстанне 1916 прадвызначыла далейшы шлях развіцця ірл. л-ры. Асн. тэма творчасці пісьменнікаў 1920—30-х г. — нац.-вызв. рух (Ш.​О’Кейсі, П.​О’Донел, Б.​Біэн). Адраджаюцца мастацтва апавядальнікаў і жанр «апавядання ля каміна» (Ф.​О’Конар, М.​Лэвін, Ш.​О’Фаалейн, Б.​Кілі). Для л-ры 1960—80-х г. характэрны адмаўленне ад нацыяналіст. ідэй, увага да сац. праблем. Новае развіццё набывае гіст. раман. Э.​Дзілан, Т.​Флэнаган, Дж.​Планкет звяргаюцца да нядаўняга мінулага, імкнучыся выявіць сац. аснову катаклізмаў у сучаснай І. Сітуацыі пачатку 20 ст. прысвечаны лепшыя раманы Дж.​Джонстан «Ці далёка да Вавілона?» і «Стары жарт». Гіст. алюзіі ў раманах Д.​Марцін «Цырымонія ініцыяцыі» і «Шлях у Балішанон», К.​Кейсі «Мары аб помсце». Англа-ірл. праблематыка ў цэнтры ўвагі і буйнейшага сучаснага ірл. раманіста У.​Трэвэра. Да эксперым. прозы звяртаюцца пісьменнікі Дж.​Бэнвіл і Д.​Хоган. Ірл паэзія 1940—70-х г. прадстаўлена творамі О.​Кларка, П.​Кэванаха, Дж.​Монтэгю, Т.​Кінсела, Л.​Мак-Ніс, Р.​Мэрфі. Яна сучасная паводле светаўспрымання і выразных сродкаў і адначасова неадрыўная ад традыцый паэзіі Ш.​Хіні.

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. Найб. раннія помнікі на тэр. І. захаваліся ад бронз. веку: мегалітычныя пабудовы (дальмены, кромлехі), курганы з пахавальнымі камерамі з несапраўднымі скляпеннямі (Нью-Грэйндж), залатыя і бронз. ўпрыгожанні з геам. арнаментам. Метал. вырабы 5—4 ст. да н.э. аздоблены складаным лінейным кельцкім арнаментам. Пасля хрысціянізацыі І. ў 5—12 ст. будавалі круглыя ў плане крэпасці (Эйлек), высокія вартавыя вежы-званіцы, кляштарныя комплексы з круглымі вежамі, капліцамі і келлямі (у Глендалоху, Дэвенішы, Келсе, а таксама за межамі І., на тэр. сучасных Францыі і Італіі). Дэкар. багацце характэрна для манум. каменных крыжоў (у Карндоне, 6 ст.; Манастэрбойсе, 9—10 ст.), дзе стылізаваныя фігуратыўныя выявы на біблейскія сюжэты арганічна ўключаны ў фармальную сістэму, у якой дамінуе арнамент з плеценых ліній, кругоў, спіралей. Багата арнаментаваліся бронз. брошы брошкі, рэлікварыі, паціры, посахі, пласціны (з эмаллю, філігранню ўзорнымі выявамі ў звярыным стылі) Характэрная рыса ірл. мініяцюр з рука пісаў 7—12 ст. — абстрактная трактоўка элементаў і фігур («Псалтыр св. Калумбана», канец 6 — пач. 7 ст.; «Ліндысфарнскае евангелле», канец 7 пач. 8 ст.; «Жыціе св. Калумбана», канец 7 ст.). Зааморфныя элементы, адзначаныя саксонскім і міжземнаморскім уплывамі, з’яўляюцца ў «Евангеллі з Дараў», «Лігфілдскім евангеллі», «Эхтэрнахскім евангеллі» (канец 7 — пач. 8 ст.). «Евангелле з Келса» і «Санктгаленскае евангелле» (канец 8 — пач. 9 ст.) змяшчаюць ілюстрацыі на цэлую старонку. У 11 ст. з’яўляецца запазычаны са Скандынавіі «звярыны» арнамент («Евангелле Бангора»). У 11—12 ст. будавалі раманскія капліцы (у Кашэлі), кляштарныя цэрквы (у Бойлі, Джэрпойнце), саборы (у Кланмакнойсе, Кланферце). простыя па кампазіцыі з выразным скульпт. афармленнем і вытанчанай разьбой на парталах. У канцы 12—14 ст. будавалі гатычныя храмы, найчасцей аднанефавыя з вежай над сяродкрыжжам (Крайс-чэрч у Дубліне), замкі (у Дубліне, Лімерыку, Трыме, графстве Клэр). Англ. каланізацыя запаволіла развіццё ірл. культуры, у 15—17 ст. архітэктура і мастацтва ў заняпадзе. У 17 — пач. 19 ст. ў Дубліне ўзводзілі парадныя адм. будынкі, палацы ў стылі англ. класіцызму (арх. У.​Робінсан, У.​Чэймберс, Т.​Кулі, Дж.​Гэндан і інш.), з 1829 — цэрквы ў стылі неаготыкі. У 19 — пач. 20 ст. ў партовых гарадах ствараліся раёны з рэгулярнай забудовай у духу эклектызму. У 20 ст. ў І. пабудаваны шэраг арх. комплексаў у сучасным стылі (работы арх. М.​Скота і Т.​Кенэдзі ў гарадах Дублін і Голуэй). У выяўленчым мастацтве з канца 17 ст. пашырыўся партрэтны жывапіс (Г.​Морфі, Т.​Бэт), развіццё якога працягвалася ў 18 ст. (Дж.​Лэтам, Ф.​Хасі, Э.​Лі, Т.​Фрай, Р.​Хантэр, Ч.​Джэрвас, С.​Слоўтэр, Н.​Хоўн Старэйшы). Пейзажны жанр прыўнёс у ірл. жывапіс І. ван дэр Хаген, найб. развіўся ў творчасці Дж.​Барэта, братоў Робертс, У.​Эшфарда, У.​Содлера. У канцы 18 ст. Дж.​Бары, Х.​Д.​Гамільтан стваралі карціны на міфалагічныя і біблейскія тэмы ў акад. стылі. У 18 ст. працавалі скульптары Дж. ван Ност, П.​Канінгем, Э.​Сміт, у 19 ст. — Дж.​Г.​Фолі. У жывапісе 1-й пал. 19 ст. развіваўся лірычны пейзаж (Дж.​Фішэр, Дж.​А.​О’Конар, Ф.​Дэнбі), рамант. партрэт (Т.​Хікі, Р.​Фэгэн), у 2-й пал. 19 ст. — жанравы жывапіс (У.​Осбарн, У.​Малрэдзі, Д.​Мэклайс), пейзаж (Н.​Хоўн Малодшы, Дж.​Фолкнер). У мастацтве пач. 20 ст. дамінавалі экспрэсіяніст Дж.​Б.​Йітс і рэаліст Ч.​Лэмб, С.​Кітынг. Кубізм і фавізм прыўнеслі М.​Джэлет, І.​Хоўн, К.​Мідлтан і Д.​О’Нейя; у інш. кірунках працавалі К.​Сутэр, В.​Браўн, Б.​Кінг. Мастакі наступнага пакалення (Р.​Балаф, Дж.​Дэўлін і інш.) удзельнічалі ў руху «новай фігурацыі». У 2-й пал. 20 ст. актыўна развіваюцца плыні авангарднага мастацтва: абстракцыянізм (У.​Скот, М.​Фэрэл, Х.​Хіран), сюррэалізм (П.​Генесі, М.​Гейл, Л.​Ле Брокі).

Музыка. Узоры нар. ірл. песень, якія захаваліся, аднагалосыя, хоць у стараж. сагах упамінаецца пра хар. і шматгалосыя спевы. Лады песень 7-ступенныя дыятанічныя; выразныя элементы пентатонікі, што звязана з гукарадамі асн. нац. муз. інструментаў арфы і валынкі. Носьбіты нар. муз. культуры — барды. Ёсць гіст. сведчанні пра ранняе развіццё ў кельтаў поліфаніі і развітую прафес. муз. культуру ў раннім сярэдневякоўі. З 12 ст. рост прафес. муз. культуры запаволены англ. заваёўнікамі. З канца 16 ст. пранікае шматгалосая музыка англіканскай царквы, фарміравалася свецкае муз. мастацтва прыдворных бардаў, вылучыліся першыя прафес. кампазітары, у т. л. Р.​Д.​О’Катайн (16—17 ст.), бард Т.​О’Кэрален (17—18 ст.). У 2-й пал. 17 ст. была пашырана англ. і шатл. музыка. З канца 18 ст. вядомы кампазітары Д.​Мэрфі, М.​Келі, Дж.​Філд (стваральнік жанру накцюрна ў фп. музыцы), М.​Балф. Зарадзілася муз. фалькларыстыка (Э.​Бантынг і інш.). Сярод кампазітараў 20 ст. В.​Бекет, А.​Дуф, Ф.​Ней. Нац. кампазітарская школа ў працэсе фарміравання. Адзін з асн. муз. цэнтраў І. — г. Дублін, дзе працуюць Ірл. нац. оперная трупа (з 1963), Ірл. акадэмія музыкі (б. Каралеўская ірл. акадэмія музыкі, засн. ў 1856) і інш.

Тэатр. Эстэтычныя прынцыпы ірл. нац. т-ра вызначыла мастацтва вуснай паэзіі, дэкламацыйнае майстэрства паэтаў-сказіцеляў з часоў язычніцтва. У 16 ст. ў Дубліне англ. цэхавымі гільдыямі ладзіліся паказы містэрый, з 17 ст. ствараліся т-ры для англ. знаці. Развіццё нац. мастацтва тармазілі англ. ўлады. У канцы 19 ст. ў сувязі з рухам за развіццё нац. культуры («Ірландскае адраджэнне») У.Б.Йітс і А.​Грэгары стварылі ў Дубліне Ірландскі літ. т-р (1899). У 1901 ён аб’яднаны з суполкай аматараў і названы Ірл. нац. драм. т-вам, у якім ставіліся п’есы Дж.​Сінга, Ш.​О’Кейсі, Л.​Робінсана. У 1904 т-ва ператворана ў пастаянны т-р у Дубліне — Тэатр Абацтва. У 1920-я г. пачаўся новы ўздым нац. тэатр. мастацтва, ставіліся п’есы ірл. і перакладной драматургіі. У 1922 створаны Драм. саюз. У 1929 Э.​Хілтан і М.​Мак-Ліямаір арганізавалі ў Дубліне т-р, дзе сцвярджаліся наватарскія прыёмы сучаснага тэатр. мастацтва. У 1928—31 існаваў Гэльскі т-р у Голуэі. З 1939 спектаклі на гэльскай мове пачаў ставіць і Тэатр Абацтва. Асн. тэатр. цэнтр — г. Дублін.

Кіно. У 1936 засн. кінематаграфічнае т-ва (з 1978 Саюз ірл. кінатаварыстваў). На мяжы 1930—40-х г. створаны Ірл. кінаінстытут. У 1958 засн. буйнейшая ў І. кінастудыя «Армдар», на якой фільмы здымаюць пераважна замежныя кінематаграфісты. Існуюць і інш. кінастудыі («Знер Кем’юнікейшэн», «Саліван Блют Ст’юдыяз, «Эбі Філмс»), дзе здымаюцца пераважна кароткаметражныя ігравыя, дакумент., рэкламныя фільмы. Поўнаметражныя фільмы ў асн. камерцыйныя. Сярод ігравых фільмаў 1970—80-х г.: «Ірландскі самагон» (рэж. Б.​Куін), «Раніца на Раство» (рэж. Т.​Мак-Брайд), «Выгнаннікі» (рэж. Р.​Він-і-Сімандс) і інш. Маст. фільмы 1990-х г.: «Усе гэтыя яркія і прыгожыя рэчы» (рэж. Б.​Дзёблін), «У імя бацькі» (рэж. Дж.​Шэрыдан), «Кола сяброў» (рэж. П.​О’Конар), «Крымінальная гульня» (рэж. Н.​Джордан), «Доўгі шлях да дому» (рэж. П.​Брытнах) і інш. Сярод дзеячаў кіно: рэжысёры Джордан, О’Конар, Дж.​Камерфард, Л.​Малкус; акцёры Г.​Бірн, Л.​Нісан, Э.​Дудзі, М.​О’Шы, Ф.​Тамэлці. Ірл. кінапракат з’яўляецца часткай брытанскага. У І. існуюць асацыяцыі: кінапрадзюсераў; ірл. кіно; т-ра і кіно; кінаакцёраў І.; Гільдыя ірл. кіно і тэлебачання і інш. Дзейнічаюць Школа камунікацый пры Дублінскім ун-це, школа кіно, тэлебачання і анімацыі (Каледж Дун Лаахаэра), Ірл. ін-т кіно. Міжнар. кінафестывалі ў Дубліне, Корку, Белфасце.

Літ.:

История Ирландии. М., 1980;

Осипова Т.С. Ирландский город и экспансия Англии XII—XV вв. М., 1973;

Сапрыкин Ю.М. Английское завоевание Ирландии (XII—XVII вв.). М., 1982;

Саруханян А.П. Современная ирландская литература. М., 1973;

Яго ж. «Объятия судьбы»;

прошлое и настоящее ирланд. лит. М., 1994;

Иванова Е.К. Современная архитектура Ирландии. М., 1982;

Буйвал В. Зямля Святога Патрыка // Мастацтва. 1996. № 4;

Arnold B. Irish Art. London, 1991;

Acton Ch. Irish music and musicians. Dublin, 1978.

Л.​В.​Лоўчая (насельніцтва, гаспадарка), Р.​Ч.​Лянькевіч (узброеныя сілы), М.​Ю.​Шода (літаратура), В.​Я.​Буйвал (архітэктура і выяўленчае мастацтва), Г.​У.​Шур (кіно).

Герб і сцяг Ірландыі.
Да арт. Ірландыя. Горад Кланакілці на поўдні краіны.
Да арт. Ірландыя. Рэгулярныя ірландскія войскі страляюць па паўстанцах у час грамадзянскай вайны 1921—22.
Да арт. Ірландыя. Краявід на поўначы краіны.
Да арт. Ірландыя. Тыповы сялянскі двор.
Да арт. Ірландыя. «Дыван-старонка» з мініяцюры «Ліндысфарнскага евангелля». Канец 7 — пач. 8 ст.
Да арт. Ірландыя. Заходні крыж у Манастэрбойсе. 9—10 ст.
Да арт. Ірландыя. Пацір з Арда. 8—9 ст.
Да арт. Ірландыя. Мініяцюра з «Евангелля з Келса». Каля 800.
Да арт. Ірландыя. Замак Банраці, графства Клэр. 1450.
Да арт. Ірландыя. Э.​Сміт. Элемент скульптурнага аздаблення будынка Ірландскага банка 1785—90.
Да арт. Ірландыя. Архітэктурны ансамбль у Кашэлі. 11—14 ст.
Да арт. Ірландыя. Будынак мытні ў Дубліне. Арх. Дж.​Гэндан. 1781—91.
Да арт. Ірландыя. Будынак чатырох Судоў у Дубліне. Арх. Т.​Кулі і Дж.​Гэндан. 1786—1800.
Да арт. Ірландыя. П.​Канінгем. Уільям Мейпл.
Да арт. Ірландыя. Ч.​Лэмб. Дзіўная пара.
Да арт. Ірландыя. Дж.​Б.​Йітс. Чаканне.
Да арт. Ірландыя. Х.​Хіран. Звар’яцелая Джэйн. Пач. 20 ст.

т. 7, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)