А́ЙСБЕРГ (англ. iceberg),

ледзяная гара, вялікі масіў мацерыковага або шэльфавага лёду, які плавае ў акіяне, моры або ляжыць на мелі. Утвараецца ад абломвання ледавіка, што спускаецца ў ваду. Над вадой узвышаюцца да 70—100 м, б. ч. аб’ёму (да 90%) пад вадой. Асн. раёны ўтварэння айсберга — шэльфавыя ледавікі Антарктыды, а-вы Канадскага Арктычнага архіпелага, Грэнландыя. Могуць служыць крыніцай прэснай вады пры буксіроўцы да засушлівых прыбярэжных раёнаў Аўстраліі, Паўд. Амерыкі, Афрыкі і Аравійскага п-ва. Сутыкненне з айсбергам — прычына гібелі многа суднаў («Тытанік» у 1912, «Хедтафт» у 1959).

Утварэнне айсберга.
Айсберг каля берагоў Грэнландыі.

т. 1, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДЫ́,

бел. нар. гульня. Колькасць удзельнікаў не абмежаваная. Гульцы выбіраюць вядучага — адгадчыка, які выходзіць у суседні пакой або адыходзіць убок. Кожны выбірае назву горада, і калі вяртаецца адгадчык, яму гавораць: «Гарадоў прыгожых многа, ты знайдзі да іх дарогу, лепшы горад выбірай ды хутчэй называй!» Вядучы адгадвае да трох разоў. Калі адгадае, мяняецца месцам з гаспадаром правільна названага горада, калі не — яму кажуць: «Ну і ад’язджай у свой...» (назва горада, што сказаў адгадчык). Вядучы адыходзіць, гульцы выбіраюць назвы інш. гарадоў, і гульня паўтараецца. Выбіраюць гарады адной краіны ці вобласці, аб чым паведамляецца адгадчыку.

Я.​Р.​Вількін.

т. 5, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́РЫК ((Garrick) Дэвід) (19.2.1717, г. Херэфард, Вялікабрытанія — 20.1.1779),

англійскі акцёр, драматург, тэатр. дзеяч. Заснавальнік рэалізму ў англ. т-ры. З 1742 у т-ры «Друры-Лейн» (у 1747—76 яго ўладальнік). Выканаўца трагедыйных і камедыйных роляў у п’есах У.​Шэкспіра: Кароль Лір, Гамлет, Макбет, Рычард III (аднайм. п’есы), Бенядзікт («Многа шуму з нічога»), усяго 25 роляў, а таксама Джон Брут («Раззлаваная жонка» Дж.​Ванбру), Абель Дрэгер («Алхімік» Б.​Джонсана) і інш. Дасканала валодаў мастацтвам пераўвасаблення, вял. сцэн. тэмпераментам. Залажыў асновы мастацтва рэжысуры. Адрадзіўшы на англ. сцэне Шэкспіра, імкнуўся зрабіць яго творы сродкам прапаганды асветніцкай ідэалогіі. Аўтар каля 40 п’ес.

т. 5, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУ́БАЎ (Георгій Савельевіч) (9.12.1933, г. Чыта, Расія — 9.8.1995),

беларускі акцёр. Нар. арт. Беларусі (1990). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1958). З 1959 у Гродзенскім абл. драм. т-ры, з 1964 у Бел. т-ры імя Я.​Коласа. Мастацтву Д. былі ўласцівы яркая характарнасць, камед. майстэрства, імправізацыйнасць. Акцёр дэталі, штрыха; імклівы, лёгкі, гарэзлівы і адначасова востры, удумлівы. Сярод лепшых роляў: Цярэшка Калабок («Трыбунал» А.​Макаёнка), Жывата Цвіёвіч («Доктар філасофіі» Б.​Нушыча), Стары («Шчаслівае здарэнне» С.​Мрожака), жонка Журдэна («Здурнелы Журдэн» М.​Булгакава), Дон Хуан («Многа шуму з нічога» У.​Шэкспіра).

Г.С.Дубаў.
Г.Дубаў у ролі Жываты Цвіёвіча.

т. 6, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВАРО́ТАК,

слова або спалучэнне слоў, якім называюць асобу ці прадмет, да якіх звяртаюцца з мовай. У бел. мове выражаецца назоўным склонам назоўніка ці інш. часцінай мовы («Даруйце, любыя! Даруй, матуля!»), а таксама клічнай формай («Не шукай сабе, мой братку, з ветрам Бацькаўшчыну-матку»), Сінтаксічна З. са сказам не звязаны і членам сказа не бывае. Можа стаяць у пачатку, сярэдзіне і канцы сказа. Каб узмацніць эмацыянальнасць, З. суправаджаюць выклічнікам і інш. словамі эмацыянальнай ацэнкі: «О, край мой любімы, як многа прыволля, і думам, і працы бяскрайні прастор».

Літ.:

Беларуская граматыка. Ч. 2. Мн., 1986.

А.​Я.​Баханькоў.

т. 7, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕЦЫЦІ́НЫ (ад грэч. lekithos яечны жаўток),

халінфасфатыды, складаныя эфіры амінаспірту халіну і дыгліцэрыдфосфарных кіслот; найважн. прадстаўнікі фосфаліпідаў. Малекулы складаюцца з рэшткаў гліцэрыну, тлушчавых к-т, фосфарнай к-ты і халіну.

Гіграскапічныя воскападобныя рэчывы, добра раствараюцца ў спіртах. У арганізме чалавека многа Л. у печані, сардэчнай мышцы, нерв. тканцы. Шмат Л. у яечным жаўтку, ікры рыбы, насенні coi і сланечніку. Асн. функцыя ў арганізме — удзел у будаўніцтве біял. мембран. Шэраг Л. атрыманы сінтэтычна. У медыцыне пры хваробах нерв. сістэмы, анеміях ужываюць цэрабралецыцін, які атрымліваюць экстракцыяй з мозга буйн. раг. жывёлы. Выкарыстоўваецца ў харч., тэкстыльнай і касметычнай прам-сці.

т. 9, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ЛЕЯ ЗАКО́Н НАМАГНІ́ЧВАННЯ,

залежнасць намагнічанасці ферамагнетыка ад напружанасці знешняга магн. поля ў слабых палях, калі напружанасць поля, што дзейнічае на цела, многа меншая за каэрцытыўную сілу. Устаноўлены Дж.У.Рэлеем (1887). Для крывой пачатковага намагнічвання выражаецца формулай J = χаб ∙ H±RH​2, дзе J — намагнічанасць; H — напружанасць знешняга магн. поля; χаб — абарачальная магнітная ўспрыімлівасць, якая характарызуе абарачальную лінейную частку працэсу; R — пастаянная Рэлея, якая характарызуе неабарачальныя нелінейныя працэсы намагнічвання (неабарачальныя зрушэнні даменных межаў); знак «+» адпавядае H>0, знак «−» H<0. Неабходная ўмова для выканання закону — павольная, квазістатычная змена магн. поля для звядзення да мінімуму эфектаў, абумоўленых магн. паслядзеяннем (гл. Магнітная вязкасць).

т. 14, с. 6

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІРЫ́ЙСКАЯ ПУСТЫ́НЯ У сумежных раёнах Сірыі, Іарданіі, Ірака і Саудаўскай Аравіі. Пл. каля 1 млн. км². Вапняковае плато і лававыя палі выш. 500—800 м, астраўныя горы выш. да 1100 м, многа бяссцёкавых катлавін і сухіх рэчышчаў, паніжэнні з саланчакамі і такырамі, участкі пясчаных і камяністых пустынь. Паверхня зніжаецца да даліны р. Еўфрат і Месапатамскай нізіны. Клімат субтрапічны кантынент., сухі, з цёплай зімой і гарачым летам. На паўн. ускраіне сярэдняя т-ра студз. 6,9 °C, ліп. 29,2 °C. Ападкаў 100—150 мм за год. Разрэджаная эфемерная і палынова-кусцікавая расліннасць, па далінах часовых вадацёкаў зараснікі тамарыску. Качавая жывёлагадоўля.

т. 14, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́ЛГУД ((Gielgud) Джон Артур) (н. 14.4.1904, Лондан),

англійскі акцёр і рэжысёр. Тэатр. адукацыю атрымаў у Каралеўскай акадэміі драм. мастацтва. З 1921 у т-рах «Олд Вік», Шэкспіраўскім мемарыяльным і інш. Асабліва вядомы па шэкспіраўскім рэпертуары (таксама і як рэжысёр): Гамлет, Кароль Лір, Рычард III, Юлій Цэзар (аднайм. п’есы; дзве апошнія ролі і ў кіно), Бенядзікт («Многа шуму з нічога») і інш. Значнымі ў яго творчасці былі ролі ў п’есах А.​Чэхава, Г.​Грына, Э.​Олбі і інш. Інсцэніраваў «Злачынства і пакаранне» Ф.​Дастаеўскага (1946, выканаў ролю Раскольнікава). З 1932 у кіно: «Сакрэтны агент», «Забойства ва Усходнім экспрэсе», «Дырыжор», «Гандзі», «На паляванні» і інш.

т. 5, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВА́НТАРЫ (ад лац. quantum колькі),

у матэматычнай логіцы, аператары, што выяўляюць пры вылічэннях колькасную характарыстыку аб’ектаў, пра якія гаворыцца ў выказваннях, або іх прэдыкатаў.

Найб. важнае значэнне маюць К. агульнасці (у звычайнай мове ім адпавядаюць словы «ўсе», «усякі», «кожны», «любы», «бясконца многа» і інш.) і К. існавання («некаторы», «некалькі», «існуе», «адзіны» і інш.). У лагічных вылічэннях К. пераўтвараюць свабодныя пераменныя ў звязаныя. Аперацыю выкарыстання К. наз. падвядзеннем пад К. (вывядзеннем з-пад К.) ці квантарыфікацыяй. Над выразамі з К. можна рабіць усе аперацыі злічэння прэдыкатаў, размяркоўваць К. па членах складанага выразу, перастаўляць іх і інш. ў адпаведнасці з законамі матэматычнай логікі.

т. 8, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)