метылавыэфір метакрылавай кіслаты, CH2C(CH3)COOCH3. Бясколерная празрыстая вадкасць, tкіп 101 °C, шчыльн. 943 кг/м³. Неабмежавана раствараецца ў дыэтылавым эфіры, метаноле, абмежавана — у вадзе. Сумесь з паветрам (1,47—12,5% М. па аб’ёме) выбухованебяспечная. У прам-сці атрымліваюць дэгідратацыяй ацэтонцыянангідрыду ў прысутнасці метанолу. Выкарыстоўваюць пераважна для вытв-сці поліметылметакрылату (гл.Шкло арганічнае). Гл. таксама Метакрылаты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫ́ДРЫЦКІ ЗАВО́Д СУХО́Й ПЕРАГО́НКІ ДРАЎНІ́НЫ.
Дзейнічаў на Беларусі ў 1900—16 ва ўрочышчы Выдрыца Аршанскага пав. Магілёўскай губ. Адно з буйных хім. прадпрыемстваў Рас. імперыі. Выпускаў драўняны і метылавы спірт, воцат, фармалін, воцатную кіслату, воцатнакіслы натрый, драўняны вугаль, смалу, ацэтон і інш. У 1913 меў 9 паравых рухавікоў, працавала 150 пастаянных і 300 часовых рабочых, выпушчана прадукцыі на 500 тыс.руб. У час 1-й сусв. вайны пастаўляў прадукцыю ваен. ведамству.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУК (Fagus),
род кветкавых раслін сям. букавых. 10 відаў. Пашыраны ў пазатрапічных абласцях Паўн. паўшар’я. На Беларусі ў дзікарослым стане ў час кліматычнага оптымуму галацэну трапляўся бук лясны, або еўрапейскі (F. sylvatica). У наш час гэты від, а таксама бук буйналісты (F. grandifolia) і ўсходні (F. orientale) вырошчваюць як інтрадукаваныя расліны ў бат. садах, парках і некат. лясгасах.
Аднадомныя лістападныя дрэвы выш. да 50 м, дыяметрам ствала да 2—2,5 м, з густой амаль цыліндрычнай кронай і шэрай гладкай карой. Жывуць да 500 гадоў. Лісце эліптычнае, бліскучае. Кветкі дробныя, аднаполыя. Плады — 3-гранныя арэхі. Лесаўтваральныя (пераважна ў гарах), меліярац., дэкар. (некат. віды маюць садовыя формы), тэхн. (з драўніны вырабляюць мэблю, муз. інструменты, фанеру і інш., атрымліваюць метылавы спірт, воцат), лек., алейныя (плады даюць харч. і тэхн. алей), кармавыя і ядавітыя (плады маюць алкалоід фагін) расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАГЕНІЗА́ЦЫЯ (ад лац. hydrogenium вадарод),
гідрыраванне, хімічны працэс далучэння вадароду (пераважна малекулярнага) да розных рэчываў у прысутнасці каталізатара пры высокай т-ры і ціску. У якасці каталізатараў найчасцей выкарыстоўваюць металы VIII гр.перыяд. сістэмы (напр., нікель, кобальт, плаціну, паладый), аксіды металаў (напр., аксід хрому Cr2O3, алюмінію Al2O3) і інш.
Гідрагенізацыяй азоту ў прам-сці атрымліваюць аміяк, аксіду вугляроду — метылавы спірт. Практычнае значэнне мае гідрагенізацыя арган. злучэнняў з кратнымі сувязямі. Далучэнне вадароду па падвойных сувязях (С=С) ляжыць у аснове ператварэння вадкіх алеяў і тлушчаў у цвёрдыя прадукты (напр., пры вытв-сці маргарыну). Гідрагенізацыя — адна з асн. рэакцый многіх працэсаў нафтаперапрацоўкі (напр., каталітычнага рыформінгу, гідракрэкінгу). Гідрагенізацыя можа адбывацца адначасова з гідрагенолізам: разрывам сувязі С—Х (Х — вуглярод, азот, сера, кісларод) у малекуле арган. злучэння пад уздзеяннем вадароду (напр., пры атрыманні шмататамных спіртоў з поліцукрыдаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯРО́ЗА (Betula),
род кветкавых раслін сям. бярозавых. Каля 140 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і ад гор субтропікаў да арктычных тундраў. На Беларусі 6 дзікарослых і 44 інтрадукаваныя віды рознага геагр. паходжання. Бяроза павіслая, або бародаўчатая (B. pendula), і пушыстая, або белая (B. pubescens), утвараюць бярозавыя лясы; карэльская, або чачотка (B. carelica), і няясная, або цёмная (B. obscura), з амаль чорнай па ўсім ствале карой, трапляюцца рэдка асобнымі дрэвамі ці невял. групамі пераважна на ўзвышшах у зах. і цэнтр. раёнах; нізкая (B. humilis) і карлікавая (B. nana) — кустовыя расліны, утвараюць хмызнякі на балотах і па берагах балотных азёр. Б. карлікавая занесена ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. З інтрадукаваных у зялёным буд-ве найчасцей выкарыстоўваюцца бяроза папяровая (B. papyrifera), жоўтая (B. lutea), вязалістая (B. ulmifolia), Эрмана (B. ermanii), японская (B. japonica), блакітная (B. coerulea), туркестанская (B. turkestanica), даурская (B. dahurica), рабрыстая (B. costata) і Шміта, або жалезная (B. schmidtii).
Аднадомныя лістападныя дрэвы або кусты і кусцікі з гладкай ці трэшчынаватай, часцей белай, радзей шэрай і інш. колеру карой. Лісце суцэльнае (у садовых формаў бывае рассечанае), на чаранках. Кветкі аднаполыя, у тычынкавых і песцікавых каташках, распускаюцца ў крас.—маі, амаль адначасова з лісцем, апыляюцца з дапамогай ветру. Плады — дробныя аднанасенныя арэхі з плёначнымі крылцамі па баках. Лесаўтваральнікі, дэкар., лек. (пупышкі і маладое лісце выкарыстоўваюць у медыцыне як жаўцягонны, мачагонны і процізапаленчы сродак), харч. (бярозавы сок мае да 20% цукру, спажываецца як напітак), кармавыя (галінкі з лісцем служаць кормам для жывёлы, пупышкі і каташкі — для птушак) і тэхн. (з драўніны атрымліваюць метылавы спірт, ацэтон, воцат, актываваны вугаль, вырабляюць фанеру, мэблю, лыжы і інш. вырабы; з кары здабываюць дзёгаць, з лісця — фарбу для шэрсці) расліны. Выкарыстоўваюцца на лесаўзнаўленне, азеляненне населеных месцаў, прысады каля дарог, у проціпажарных і полеахоўных палосах, для замацавання адхонаў і інш.