БАБРО́ЎНІКІ,

катэгорыя сялян-слуг у ВКЛ у 15—18 ст. Займаліся паляваннем на баброў, наглядалі за бабровымі гонамі і іх аховай. Сачылі за выкананнем звычаёвых і кадыфікаваных нормаў паляўнічага права. Мелі выязнога каня, паляўнічых сабак і лоўчыя сеткі. Падпарадкоўваліся баброўнічаму, службоўцу са шляхты. За работу мелі плату ў залежнасці ад выслугі, месца службы і жыхарства, атрымлівалі кожнага 5-га бабра або падчарэўе кожнага здабытага звера, або 1—3 грошы; прыцягваліся да выканання інш. павіннасцяў, у т. л. талок. Маглі мець гаспадарку (беспадатковы зямельны надзел 0,5—1 валока). У сувязі з драпежніцкім вынішчэннем баброў у 18 ст. баброўнікі зліліся з інш. катэгорыямі насельніцтва.

С.​Ф.​Цярохін.

т. 2, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДЗЯНІ́К,

вобраз у старадаўніх павер’ях беларусаў і інш. народаў — уладар вадаёмаў, жывых істот у іх. На Беларусі яго ўяўлялі ў выглядзе старога чалавека, укрытага водарасцямі і цінай, з зялёнай барадой, доўгімі валасамі на клінападобнай галаве, расплывістым тварам. Месца яго жыхарства — віры рэк, асабліва каля млыноў («вірнік»), дно азёр, крыніц, глыбокіх калодзежаў («ціхоня»). Яму прыпісвалі рух, памутненне вады, пару над ёю, разлівы рэк, разбурэнне рыбалоўных прылад, млыноў, гібель людзей і жывёл. У першыя замаразкі млынары іншы раз ахвяравалі яму мяса, а ў некаторых мясцінах рыбакі прасілі ўдалай лоўлі. Вобраз Вадзяніка страціў рэліг. значэнне ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. і знайшоў адлюстраванне ў фальклоры (марскі цар у рус. былінах і чарадзейных казках беларусаў і інш. народаў).

М.​Ф.​Піліпенка.

т. 3, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫДА́ТАК,

азначэнне, выражанае назоўнікам ці субстантывіраванай часцінай мовы ў той жа склонавай форме, што і азначаемае імі слова. Выражае прыкмету прадмета праз адносіны да другога прадмета («лес-гусляр», «вочы-зоркі»).

Бываюць развітыя і неразвітыя, адасобленыя і неадасобленыя («Нам ніхто на заслоніць дарогу — вольнай раці касцоў маладых». П.​Трус). Далучаюцца да азначаемага слова непасрэдна або пры дапамозе злучнікаў ці злучнікавых слоў. Могуць указваць на асобу паводле роду заняткаў, пасады, прафесіі, сац. прыналежнасці, прыналежнасці да пэўнага калектыву, арганізацыі, месца жыхарства, нацыянальнасці («жанчыны-вязальшчыцы», «дзяўчына-кантралёр», «дзед-пенсіянер», «чабаны-таджыкі»), на відавую прыкмету пры яе родавай назве («грыб-баравік»), з’яўляюцца ўласнымі назвамі (часопіс «Полымя»).

Літ.:

Беларуская граматыка. Ч. 2. Сінтаксіс. Мн., 1986;

Сямешка Л.І., Шкраба І.Р., Бадзевіч З.І. Курс беларускай мовы. Мн., 1996.

А.​І.​Наркевіч.

т. 13, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПЕЦПАСЯЛЕ́НЦЫ, спецперасяленцы,

катэгорыя асоб у СССР, якія ў 1930—50-я г. былі сасланы разам з сем’ямі ў аддаленыя раёны краіны (Поўнач, Сібір, Д. Усход і інш.), асабліва ў перыяд масавай калектывізацыі ў 1929—32. Тэрміны «С.», «спецперасяленцы» пачалі ўжываць з вясны 1930, як правіла, у адносінах да асоб раскулачаных і сасланых як кулакі. Іх спісы складалі мясц. партыйныя і сав. органы з фармальным прыцягненнем бядняцка-серадняцкага актыву. Умовы транспарціроўкі і жыцця С. былі надзвычай цяжкімі. Яны часта жылі ў пабудаваных імі самімі «асобых паселішчах» і спецпасёлках, прыцягваліся да розных цяжкіх работ. С. пад страхам асуджэння і накіравання ў папраўча-працоўныя лагеры забаранялася пакідаць раёны пасялення. Увесь час яны знаходзіліся пад наглядам мясц. органаў дзярж. бяспекі. У 1953—59 праводзілася паэтапнае зняцце абмежаванняў на перамяшчэнне С. на месцы пастаяннага месца жыхарства.

І.​М.​Кузняцоў.

т. 15, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМБУЛАТО́РНА-ПАЛІКЛІНІ́ЧНАЯ ДАПАМО́ГА пазабальнічная медыцынская дапамога, якая аказваецца ў амбулаторыях, паліклініках, кансультацыях, дыспансерах, медыка-санітарных частках, фельчарска-акушэрскіх пунктах, дыягнастычных цэнтрах і інш. мед. установах (самастойных ці ў складзе бальніц). Найб. масавы, даступны і набліжаны да месца жыхарства або працы від мед. абслугоўвання і аказання першаснай медыка-сан. дапамогі насельніцтву. Асн. формы амбулаторна-паліклінічнай дапамогі: экстранная, лячэбна-дыягнастычная, лячэбна-кансультацыйная, прафілакт., рэабілітацыйная.

На Беларусі з пач. 1990-х г. пачалося фарміраванне тэр. мед. аб’яднанняў, у склад якіх уваходзяць паліклінікі (для дарослых, дзяцей, стаматалагічная), жаночыя кансультацыі, дыспансеры, мед.-сан. часткі, станцыі і аддзяленні хуткай мед. дапамогі і інш. Уводзяцца новыя арганізац. структуры — аддзяленні прафілактыкі, мед. рэабілітацыі, адзіныя акушэрска-тэрапеўтычныя і педыятрычныя комплексы, дыягнастычныя цэнтры, гасп.-разліковыя паліклінікі, касметалагічныя лячэбніцы, фізіятэрапеўт. паліклінікі, перасоўныя амбулаторыі, флюараграфічныя, стаматалагічныя і зубапратэзныя кабінеты і інш. Пашыраюцца формы прыватнага аказання амбулаторна-паліклінічнай дапамогі. Больш як 1,5 тыс. ўстаноў амбулаторна-паліклінічнай дапамогі (1994) абслугоўваюць каля 10% хворых.

Э.​А.​Вальчук.

т. 1, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІМАТАТЭРАПІ́Я, кліматалячэнне,

сукупнасць метадаў выкарыстання асаблівасцей клімату і надвор ’я з лекавымі ці прафілакт. мэтамі; адзін з прыкладных раздзелаў кліматалогіі медыцынскай і фізіятэрапіі. Гал. фактары пры К.: размяшчэнне мясцовасці над узр. м., ступень набліжанасці ці аддаленасці ад мора, т-ра, цыркуляцыя і вільготнасць паветра, інтэнсіўнасць сонечнай радыяцыі (у т. л. ультрафіялетавай), воблачнасць і колькасць атм. ападкаў. Асн. метады К. — аэратэрапія, сонцалячэнне, таласатэрапія. К. таксама практыкуецца ва ўмовах штучна створанага клімату (у спец. камерах, дзе мадэліруюцца кліматычныя ўмовы розных геагр. зон). Праводзяць К. ў звыклых для хворага мясц. прыродных умовах і на аддаленых кліматычных курортах. Эфектыўная пры хваробах органаў дыхання, сэрца і сасудаў, нерв. сістэмы, абмену рэчываў і інш. Пры найб. складаных выпадках хворым рэкамендуецца пераезд на пастаяннае месца жыхарства ў інш. кліматычную зону ці перыядычнае яе наведванне. Цесна звязана з агульным умацаваннем здароўя пад уплывам кліматычных фактараў (кліматапрафілактыка) і з павышэннем устойлівасці арганізма да шкоднага ўплыву навакольнага асяроддзя (загартоўванне арганізма).

Я.​В.​Малашэвіч.

т. 8, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЎНАПРА́ЎЕ ГРАМАДЗЯ́Н,

адзін з асноватворных прынцыпаў канстытуцыяналізму і дэмакратыі, які азначае афіцыйна прызнаную роўнасць грамадзян перад дзяржавай, законам, судом. Р.г. — гэта роўнасць правоў, свабод і абавязкаў грамадзян адной дзяржавы незалежна ад полу, расы, нацыянальнасці, мовы, паходжання, маёмаснага і службовага становішча, месца жыхарства, адносін да рэлігіі, перакананняў, прыналежнасці да грамадскіх аб’яднанняў і інш. Прынцып Р.г. устаноўлены ў эпоху бурж. рэвалюцый, змяніў саслоўныя адносіны ў феад. грамадстве. Канстытуцыйная дактрына сучасных дзяржаў прызнае магчымасць існавання некаторых адрозненняў у правах і абавязках грамадзян, якія маюць натуральны характар: напр., абавязак праходзіць ваен. службу ў большасці дзяржаў свету ўскладаецца толькі на грамадзян мужчынскага полу; асобыя канстытуц. правы з 2-й пал. 20 ст. сталі замацоўвацца за інвалідамі, дзецьмі, прадстаўнікамі нешматлікіх карэнных народаў і да т.п. У шэрагу дзяржаў прыроджаныя грамадзяне валодаюць больш шырокімі правамі, чым натуралізаваныя. Напр., у Беларусі, ЗША, Эстоніі, на Філіпінах прэзідэнтам дзяржавы можа быць толькі грамадзянін па нараджэнні; у Румыніі і Эстоніі натуралізаваныя грамадзяне, у адрозненне ад грамадзян па нараджэнні, могуць быць у шэрагу выпадкаў пазбаўлены грамадзянства. Р.г. замацавана ў раздз. II Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Г.​А.​Маслыка.

т. 13, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПАСА́ДСКАЕ БУДАЎНІ́ЦТВА» сукупнасць землеўпарадкавальных, сац.-эканам. мерапрыемстваў урада Рас. дзяржавы ў гарадах з канца 15 да сярэдзіны 17 ст. Было накіравана супраць прыватнай феад. зямельнай уласнасці на пасадах і закладніцтва гандл.-рамеснага насельніцтва, на павелічэнне колькасці падаткаплацельшчыкаў шляхам вяртання ў дзярж. цягло вызваленых ад яго жыхароў прыватнаўласніцкіх, т.зв. «белых» слабод. Шэраг захадаў па «П.б.» зрабілі Іван III, Васіль III, Іван IV, Барыс Гадуноў, Міхаіл Фёдаравіч, канчаткова яго прынцыпы сфармуляваны пры Аляксею Міхайлавічу ў Саборным улажэнні 1649: усе прыватныя ўладанні на пасадах падлягалі бязвыплатнай канфіскацыі; да пасадаў прыпісваліся навакольныя землі для выпасу жывёлы і агародаў; усе «закладнікі» вярталіся ў пасадскую абшчыну, да якой далучаліся і жыхары канфіскаваных феад. уладанняў; занятак гандл.-рамесніцкай дзейнасцю абвяшчаўся манаполіяй пасадскіх людзей (як выключэнне гэты занятак дазваляўся таксама стральцамі частцы «служылых» казакоў); выхад з пасадскай абшчыны і пераходы з пасада ў пасад забараняліся. У 1649—52 да пасадаў далучана больш за 10 тыс. новых цяглых двароў. У выніку рэформы 1649 асн. маса гараджан апынулася ў складзе гандл.-рамеснага саслоўя асабіста свабодных, але па-прыгонніцку прымацаваных да месца жыхарства пасадскіх людзей.

Літ.:

Города феодальной России: Сб. ст. М., 1966.

т. 12, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАХРА́ЙСКІ РАМА́Н, пікарэскны раман,

адна з першых форм зах.-еўрап. сац.-быт. рамана. Вытокі ў сярэдневяковай араб. шахрайскай навеле макаме. Зарадзіўся ў Іспаніі на мяжы Рэнесансу і Новага часу (ананімны твор «Ласарыльё з Тормеса», 1554). У цэнтры — спрытны прайдоха, авантурыст (пікара), дэкласаваны чалавек без пастаяннага месца жыхарства і пэўных заняткаў (здабывае сродкі для жыцця шахрайствам і крадзяжом), які на старасці пакаяўся і распавядае пра свае прыгоды. Ш.р. мае лінейную структуру: эпізоды аб’ядноўваюцца паслядоўна пры адсутнасці суцэльнага разгалінаванага сюжэта. Найб. росквіту дасягнуў у 16—17 ст. у Іспаніі (М.​Алеман-і-дэ-Энера, Ф. дэ Кеведа-і-Вільегас, Л.​Велес дэ Гевара). Паўплываў на развіццё еўрап. прозы ў 17 ст. (І.​М.​Мошэраш, Г.​Грымельсгаўзен у Германіі, Ш.​Сарэль, П.​Скарон у Францыі), у эпоху Асветніцтва (А.​Р.​Лесаж, А.​Ф.​Прэво, П.​Марыво, Вальтэр, Д.​Дзідро ў Францыі, Д.​Дэфо, Г.​Філдынг, Т.​Смолет у Англіі, К.​М.​Віланд у Германіі). У 18—19 ст. рысы Ш.р. выявіліся ў творчасці рус. пісьменнікаў М.​Чулкова, Ф.​Булгарына, В.​Нарэжнага, А.​Вельтмана, у 20 ст. традыцыі прадоўжылі Т.​Ман, К.​Х.​Села.

Публ.:

Плутовской роман. М., 1989.

Літ.:

Плавскин З.И. Плутовской роман // Плавскин З.И. Испанская литература XVII — середины XIX в. М., 1978;

Синило Г.В. Плутовской роман (Кеведо, Гевара) // Разумовская М.В., Синило Г.В., Солодовников С.В. Литература XVII—XVIII вв. Мн., 1989.

Г.​В.​Сініла.

т. 17, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭПАРТА́ЦЫЯ (лац. deportatio),

прымусовае высяленне, выгнанне асобы з пастаяннага месца жыхарства або з краіны, ссылка з пасяленнем яе ў новым месцы з абмежаваннем свабоды перамяшчэння. Тэрмінам «Д.» абазначаліся асобыя віды высялення, якія выкарыстоўваліся ў 18—19 ст. паводле крымін. заканадаўства Францыі ў адносінах да злачынцаў-рэцыдывістаў і рэвалюцыянераў. У СССР у 1920—40-я г. прымусовае высяленне ў Сібір, Казахстан, раёны Крайняй Поўначы, на Урал і інш. аддаленыя рэгіёны краіны грамадзян, якія былі прызнаны ворагамі сав. улады. У 1930-я г. ў час правядзення суцэльнай калектывізацыі ссылку зведалі многія сялянскія сем’і, якія былі прылічаны да кулацкіх і высланы ў глыб дзяржавы. У 1931—34 з БССР было выслана каля 260 тыс. чал. З лют. 1940 у БССР пачалася масавая Д. насельніцтва (пераважна польскага) з Зах. Беларусі. Да 22.6.1941 у зах. абласцях Беларусі было рэпрэсіравана больш за 135 тыс. чал., з іх выслана ў глыб СССР больш за 125 тыс. У час Вял. Айч. вайны 1941—45 у СССР у тыл краіны было дэпартавана насельніцтва некалькіх аўтаномных тэрыторый — крымскія татары, калмыкі, карачаеўцы, інгушы, немцы Паволжа, чэчэнцы і інш., абвінавачанае ў супрацоўніцтве ці дапамозе ням.-фаш. захопнікам. У 2-й пал. 1950—80-х г. большасць ахвяр Д. рэабілітавана, а выселеныя народы вернуты на сваю радзіму.

Літ.:

Адамушка У. Палітычныя рэпрэсіі 20—50-ых гадоў на Беларусі. Мн., 1994;

Яго ж. Абвінавачваюць лічбы: Гістарыяграфія і крыніцы па праблеме паліт. рэпрэсій 1920—1950-х гг. на Беларусі // Бел. мінуўшчына. 1997. № 5;

Парсаданова В.С. Депортация населения из Западной Украины и Западной Белоруссии в 1939—1941 гг. // Новая и новейшая история. 1989. № 2;

Хацкевіч А. Арышты і дэпартацыі ў заходніх абласцях Беларусі (1939—1941 гг.) // Бел. гіст. часоп. 1994. № 1—2.

А.​Ф.​Хацкевіч.

т. 6, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)