КА́МЕНКАЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА МЕ́ЛУ,
у Крычаўскім р-не Магілёўскай вобл., на правым беразе р. Сож, каля в. Каменка. Пластавы паклад звязаны з адкладамі туронскага яруса верхняга мелавога перыяду. Мел белы і светла-шэры, шчыльны, трэшчынаваты, з рэдкімі ўключэннямі крэменю і праслойкамі мелападобнага мергелю. Разведаныя запасы 119,3 млн. т, перспектыўныя 145 млн. т. Магутнасць карыснай тоўшчы 8,8—55,4 м, ускрышы (пяскі, супескі) 0,7—19,6 м Мел прыдатны на выраб партландцэменту. Радовішча распрацоўваецца ВА «Крычаўцэментнашыфер».
А.П.Шчураў.
т. 7, с. 512
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАБКО́ВІЦКАЕ РАДО́ВІШЧА ФАСФАРЫ́ТАЎ.
У Крычаўскім і Мсціслаўскім р-нах Магілёўскай вобл., за 15 км на Пн ад г. Крычаў, на З ад в. Лабковічы. Пластавы паклад звязаны з кварцава-глаўканітавымі пяскамі сенаманскага яруса (верхні мел). Фасфарыты прадстаўлены цёмна-шэрымі жаўлакамі, пясчана-жаўлачнымі пластамі і суцэльнай плітой. Папярэдне разведаныя запасы 18,6 млн. т, перспектыўныя — 227 млн. т. Магутнасць карыснай тоўшчы да 3 м, ускрышы (пяскі, супескі, мергель, мел) 20—79 м. Фасфарыты прыдатныя на вытв-сць мінер. угнаенняў.
А.П.Шчураў.
т. 9, с. 82
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЫ́ШКІ,
радовішча мелу ў Гродзенскім р-не, каля в. Пышкі. 2 пластападобныя паклады, звязаныя з адкладамі верхняга мелу, залягаюць у выглядзе адорвеняў сярод ледавіковых утварэнняў сожскага зледзянення. Мел шаравата-белы, белы, у асобных інтэрвалах жаўтаваты, месцамі з плямамі ажалязнення, слаба сцэментаваны, з уключэннямі крамянёвых сцяжэнняў, у верхняй ч. пласта запясочаны. Разведаныя запасы 2 участкаў (Паўн. і Паўд.) 5,2 млн. т. Магутнасць карыснай тоўшчы (пройдзеная) 2,4—39,7 м, ускрышы (пяскі, супескі, суглінкі) 0,3—15,4 м. Мел прыдатны на выраб вапны.
А.П.Шчураў.
т. 13, с. 153
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМУНА́РСКАЕ РАДО́ВІШЧА МЕ́РГЕЛЮ І МЕ́ЛУ.
У Касцюковіцкім р-не Магілёўскай вобл., каля чыг. ст. Камунары. Пластавы паклад звязаны з верхнемелавымі адкладамі. Вылучаюцца 3 участкі: Высокае, Камунары Заходнія і Камунары Усходнія. Мергель шэры з рознымі адценнямі, шчыльны, вязкі, месцамі з лінзамі глін, тонкадысперсны, ніжэй па разрэзе пераходзіць у белы чысты мел. Разведаныя запасы 385,5 млн. т, перспектыўныя 75,9 млн. т. Агульная магутнасць карыснай тоўшчы 18,7—29 м, ускрышы (супескі, пяскі, гліны) 1,6—20,9 м. Мергель і мел прыдатныя на выраб партландцэменту. Радовішча распрацоўваецца.
А.П.Шчураў.
т. 7, с. 541
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНКРЭ́ЦЫЯ (ад лац. concretio зрастанне, згушчэнне),
сцяжэнне, мінеральнае ўтварэнне шарападобнай ці няправільнай формы ў асадкавых горных пародах і глебах. Канцэнтруе рассеяныя кампаненты змяшчальных парод або цэментуючага матэрыялу — крэменязёму, кальцыту, даламіту, аксідаў жалеза, пірыту, гіпсу, фасфату і інш. Цэнтрамі сцяжэння могуць быць зерні мінералаў, абломкі парод, ракавіны, косці рыб. часткі раслін і інш. Памеры К. вагаюцца ад 1 мікрона да 3 м у дыяметры. Паводле будовы найб. частыя шкарлупінаватыя (канцэнтрычна-слаістыя), радыяльна-прамянёвыя, грубапалоскавыя. У сучасных акіянічных асадках пашыраны жалеза-марганцавыя канкрэцыі. Трапляюцца ў адкладах усіх геал. сістэм. На Беларусі вядомы К. крамянёвыя (верхні мел), фасфарытавыя (дэвон, верхні мел, палеаген), а таксама жалезістыя на дне азёр.
У.Я.Бардон.
т. 7, с. 587
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУ́СЦЕ,
радовішча мелу каля в. Вусце Чэрыкаўскага р-на Магілёўскай вобл. Пластавы паклад прымеркаваны да верхнемелавых адкладаў. Мел белы, шаравата-белы, трэшчынаваты. Разведаныя запасы 23 млн. т. Магутнасць карыснай тоўшчы 4,9—16,8 м, ускрыша 0,2—9,4 м. Прыдатны для вытв-сці вапны.
т. 4, с. 296
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЗАЗО́ЙСКАЯ СКЛА́ДКАВАСЦЬ,
сукупнасць працэсаў складкавасці, гораўтварэння і гранітоіднага магматызму, якія адбываліся на працягу мезазойскай эратэмы (групы). Найб. інтэнсіўна праявілася ў межах Ціхаакіянскага рухомага пояса (гл. Ціхаакіянская складкавасць). Адрозніваюць старажытнакімерыйскую, або індасінійскую (канец трыясу — пачатак юры); юнакімерыйскую (гл. Кімерыйская складкавасць); аўстрыйскую (на мяжы ранняга і позняга мелу); ларамійскую (позні мел — ранні палеаген).
т. 10, с. 258
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЎКАВЫ́СКАЕ ВЫТВО́РЧАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ БУДАЎНІ́ЧЫХ МАТЭРЫЯ́ЛАЎ.
Створана ў 1946 у г. Ваўкавыск Гродзенскай вобл. як прамкамбінат. З 1969 камбінат буд. матэрыялаў, з 1981 сучасная назва. Уключае з-д сілікатнай цэглы, лесазавод, з-д па вытв-сці керамічнай цэглы і кафлі, цэх клеявой стужкі. Асн. прадукцыя (1996): цэгла сілікатная і керамічная, кафля пячная, стужка клеявая папяровая, сталярныя вырабы, мел школьны.
т. 4, с. 40
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІ́МАВІЦКІ КАМБІНА́Т БУДАЎНІ́ЧЫХ МАТЭРЫЯ́ЛАЎ.
Знаходзіцца ў г. Клімавічы Магілёўскай вобл. Засн. ў 1928 як завод сілікатнай цэглы № 2. У Вял. Айч. вайну разбураны, у 1945 адноўлены. З 1958 сучасная назва. З 1958 і 1970 працуюць 2 тэхнал. лініі вапнавага цэха (часова спынены), з 1971 — сілікатны цэх. Сыравіна: пясок і мел з радовішча Пясчаная Гара, вапну прывозяць з Гродна і Ваўкавыска. Асн. прадукцыя (1998) — сілікатная цэгла.
т. 8, с. 337
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́ТУМНЫЯ ПЛА́СТЫКІ,
тэрмапластычныя матэрыялы на аснове прыродных або штучных нафтавых бітумаў, каменнавугальнага пеку або іх сплаваў. Змяшчаюць 25—60% напаўняльнікаў (баваўняныя ачоскі, кізельгур). Пластычныя сумесі бітуму з дробнадысперснымі напаўняльнікамі (мел, азбест і інш.) наз. бітумнымі масцікамі. Атмасфера- і вільгацеўстойлівыя; перапрацоўваюцца прасаваннем (5—20 МПа) загатовак пры т-ры да 175 °C. Выкарыстоўваюцца ў вытв-сці акумулятарных бакаў, дэталяў электра- і радыёапаратуры, дахавых і гідраізаляцыйных матэрыялаў (напр., руберойду), пакрыццяў падлогі і інш.
т. 3, с. 162
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)