АКА́ТВАННЕ, акамкаванне,
метад атрымання камякоў пылападобнай руды, мінер. угнаенняў ці танказдробненых канцэнтратаў, спяканне якіх ускладнена. Увільготнены матэрыял у вярчальным барабане ці талерчатым гранулятары ператвараецца ў камякі, трываласць якім надаецца хім. спосабам, абпальваннем ці высушваннем. Канчатковы прадукт наз. акатышам. У каляровай металургіі акатваюцца свінцовыя, медныя, нікелевыя канцэнтраты, для жал. рудаў акрамя акатвання выкарыстоўваюць агламерацыю.
т. 1, с. 186
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РЫ,
археалагічныя помнікі каля в. Горы Горацкага р-на. Гарадзішча зарубінецкай культуры, банцараўскай культуры і ранняга сярэдневякоўя. Пляцоўка авальная, памерам 180×70 м. Культурны пласт 0,8—1,2 м. Знойдзены фрагменты ляпнога і ганчарнага посуду, касцяныя арнаментаваныя пласціны, медныя скроневыя кольцы, медны і каменны абразкі. Замчышча на ПдУ ад гарадзішча (гл. Горскі замак).
А.А.Мяцельскі.
т. 5, с. 367
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́НАС, ахар,
археалагічная культура эпохі энеаліту (каля 1900—1300 да нашай эры) на тэр. штата Раджастхан (Індыя). Назва ад р. Банас, у басейне якой даследавана паселішча Ахар (адсюль другая назва культуры). Насельніцтва займалася земляробствам (вырошчвала рыс, пшаніцу), асн. буд. матэрыялам былі камень і гліна. Характэрна чорна-чырвоная кераміка, упрыгожаная малюнкамі белай фарбы. Пашыраны медныя і бронзавыя вырабы.
т. 2, с. 272
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́РЦА ВІБРА́ТАР,
дыполь Герца, самая простая антэна; першая з вібратарных антэн (гл. Вібратар). Прапанаваны Г.Р.Герцам (1888) для эксперыментальных доказаў існавання эл.-магн. хваль. Герц выкарыстоўваў медныя стрыжні з шарыкамі або палоскамі на канцах і іскравым прамежкам пасярэдзіне. Найменшы з выкарыстаных вібратараў меў даўжыню 26 см, у ім узбуджаліся ваганні з частатой 500 МГц, што адпавядае даўжыні хвалі 60 см.
т. 5, с. 200
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМЕНЕМХЕ́Т III,
егіпецкі фараон [каля 1844—1797 да н.э.] эпохі Сярэдняга царства (XII дынастыя). Пры ім інтэнсіўна будаваліся храмы, былі расшыраны медныя руднікі на Сінайскім п-ве, у выніку ірыгацыйных работ у Фаюмскім аазісе створана штучнае Мерыдава воз., узведзены вял. будынак у Фаюме, названы грэкамі Лабірынтам (прыраўноўваўся да сямі дзівосаў свету), 2 піраміды. Праўленне Аменемхета III — перыяд т.зв. другога росквіту Егіпта.
т. 1, с. 312
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖХУКА́Р,
археалагічная культура эпохі энеаліту (16—15 ст. да н.э.) на тэр. Сінда (Зах. Пакістан). Прасочваецца на некат. помніках, у т.л. каля сучаснага паселішча Джхукар, дзе змяняе Інда даліны цывілізацыю. Характэрная двухкаляровая кераміка, якая мае аналагі з Белуджыстанам. Выяўлены своеасаблівыя пячаткі з каменю, фаянсу і гліны, медныя шпількі, правушныя сякеры, характэрныя для тэр. Сярэдняга Усходу. Некат. даследчыкі звязваюць развіццё Дж. з арыйцамі.
А.В.Іоў.
т. 6, с. 94
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАДЗІ́ЛАВІЧЫ,
курганны могільнік радзімічаў 10—12 ст. каля в. Гадзілавічы Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. 124 насыпы (было каля 400). Пахавальны абрад — трупапалажэнне. Сярод знаходак бронзавыя паясныя кольцы, нажы, крэсівы, упрыгожанні (бронзавыя прамянёвыя скроневыя кольцы, шкляныя бочачкападобныя залачоныя, пасярэбраныя і зонныя пацеркі, медныя пярсцёнкі, падвескі, бранзалеты), фрагменты ганчарнага посуду. На думку Г.Ф.Салаўёвай, група мужчынскіх пахаванняў — некропаль дружыннікаў. Побач з могільнікам існавала паселішча эпохі Кіеўскай Русі.
т. 4, с. 420
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́НЗАЎШЧЫНА,
2 каменныя могільнікі каля в. Вензаўшчына Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. На могільніку канца 10—12 ст. магілы купалападобна абкладзены камянямі ў 3—4 слаі, на могільніку канца 10—15 ст. — у 1 слой. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў ямах (нябожчык абкладзены дошкамі або ў дамавіне), трапляецца трупаспаленне. Пахавальны інвентар: прылады працы, зброя, шматпацеркавыя скроневыя кольцы, сярэбраныя, бронзавыя і медныя ўпрыгожанні, фрагменты керамічнага ляпнога і ганчарнага посуду, цэлыя гаршкі.
т. 4, с. 87
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКІ МАНЕ́ТНЫ ДВОР,
адзін з цэнтраў манетнай вытворчасці ў Рэчы Паспалітай. Створаны ў Брэсце ў час грашовай рэформы 1659—66 для выпуску меднага соліда (барацінкі). Працаваў з 4.12.1665 да 16.12.1666. Соліды Брэсцкага манетнага двара падобныя на медныя соліды Віленскага манетнага двара. На іх аверсе была выява бюста Яна II Казіміра Вазы
[1648—68],
на рэверсе — герба ВКЛ («Пагоня»). Ёсць меркаванне, што б.ч. тыражу манет мае адметныя рысы: шчыт з вострым вуглом, малая манаграма, палеаграфічныя асаблівасці.
т. 3, с. 296
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСІГНА́ЦЫІ
(польск. asygnacja ад лац. assignatio прызначэнне),
расійскія папяровыя грошы, заменнікі медных і сярэбраных манет. Упершыню выпушчаны ў 1769 пры Кацярыне II на суму 1 млн. руб. Эмісію ажыццяўлялі спец. банкі ў Пецярбургу і Маскве (у 1786 яны аб’яднаны ў адзіны банк). Білеты асігнацыі свабодна абменьваліся на медныя і сярэбраныя манеты. Аднак з-за празмернага выпуску асігнацый для пакрыцця ваенных расходаў (войны з Турцыяй, Францыяй, Крымская) яны абясцэніліся і з усталяваннем сярэбранага монаметалізму пасля грашовай рэформы з 1.1.1849 ануляваны.
т. 2, с. 29
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)