ВЫБІВА́ННЕ, дыфоўка,

тэхніка халоднай апрацоўкі ліставога металу, які ад удару малатка паддаецца дэфармацыі, набывае неабходную форму. Бывае ручное, механізаванае і па мадэлі. Вядома са старажытнасці (дэталі скульптур Фідзія і Паліклета), шырока выкарыстоўвалася ў Зах. Еўропе ў часы сярэднявечча і эпоху Адраджэння, стараж. Русі для вытв-сці кубкаў, чашаў, каўшоў, катлоў, рыцарскага ўзбраення; пазней для вырабу барэльефаў і круглай скульптуры. Мела адмысловыя назвы — «бітая медзь», «каваная медзь», «выбіўка» і інш. Найб. вядомыя творы ў тэхніцы выбівання: статуя «Свабоды» (Ф.​А.​Бартальдзі, 1886) у Нью-Йорку, скульпт. група «Рабочы і калгасніца» (В.​Мухіна, 1935—37) у Маскве і інш. Бел. мастакі выкарыстоўваюць выбіванне ў скульптуры (барэльефы мемар. комплексу «Рыленкі») і ў дэкар.-прыкладным мастацтве (І.​Курачыцкі, Ю.​Любімаў і інш.).

І.​М.​Каранеўская.

Да арт. Выбіванне. І.​Курачыцкі. Рэльеф «Цырк». 1975.

т. 4, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІГАТУ́РА ў тэхніцы,

1) дапаможныя сплавы, якія выкарыстоўваюцца для ўвядзення легіруючых элементаў у вадкі метал (гл. Легіраванне).

Засваенне легіруючага элемента з Л. больш высокае і ўстойлівае, чым пры ўвядзенні яго ў чыстым выглядзе. Л. атрымліваюць сплаўленнем кампанентаў, што ўваходзяць у яе састаў, або ўзнаўленнем іх з руд, канцэнтратаў ці аксідаў. У якасці Л. выкарыстоўваюць медзь, ртуць (гл. Амальгама) і інш. Л. наз. таксама металы, якія ўводзяцца ў высакародныя металы для надання цвёрдасці, зніжэння іх кошту і інш. Колькасць Л. ў сплаве вызначаецца пробай. Для манет рэкамендуецца Л., найб. устойлівая да зношвальнасці. Напр., да золата і серабра дабаўляюць медзь; аптымальныя суадносіны для золата 9:1 (900-я проба), для серабра 5:1 (833-я проба).

2) У паліграфіі 2 злучаныя паміж сабой (злітыя) літары на адной ножцы.

т. 9, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТАЛАПРАТЭІ́ДЫ, металапратэіны,

складаныя бялкі, якія маюць у сабе іоны металаў (жалеза, медзь, цынк і інш.). У жывых арганізмах выконваюць функцыі каталізатараў біяхім. рэакцый, дыхальных пігментаў, пераносчыкаў кіслароду, металаў, ферментаў (металаферментаў). Напр., назапашванне і перанос жалеза (ферытын, трансферын), медзі (цэрулаплазмін), цынку (карбаангідраза, карбаксіпептыдаза) і інш.

т. 10, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«АТЛА́НТЫК РЫ́ЧФІЛД КО́МПАНІ»

(Atlantic Richfield Company),

нафтавая кампанія ЗША. Засн. ў 1870 як «Атлантычная нафтаперагонная кампанія», з 1960 (пасля аб’яднання з карпарацыяй «Рычфілд нафта») сучасная назва. З 1976 уключае кампанію «Анаконда», разам з якой валодае Трансаляскінскім нафтаправодам. Асн. прадукцыя: нафта, прыродны газ, нафтапрадукты, нафтахімікаты, каляровыя металы (медзь), вугаль.

т. 2, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́Я-МА́РЭ (Baia Mare),

горад на Пн Румыніі. Адм. ц. жудэца (адм. адзінка) Марамурэш. 150 тыс. ж. (1989). Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Цэнтр горнапрамысл. раёна (медзь, свінец, золата, серабро). Каляровая металургія, хім., мэблевая, шкло-фаянсавая, тэкст., швейная, харч., буд. матэрыялаў прам-сць. Цэнтр турызму. Музеі. Арх. помнікі 15—18 ст.

т. 2, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯМАГНЕ́ТЫК,

рэчыва, якое намагнічваецца ў напрамку, процілеглым знешняму магн. полю. Пад уздзеяннем поля кожны атам Д. набывае магн. момант, прапарцыянальны полю і накіраваны насустрач яму (гл. Дыямагнетызм; пры адсутнасці знешняга поля Д. немагнітны). Д. з’яўляюцца інертныя газы, азот, вадарод, вісмут, цынк, медзь, золата і інш. элементы, многія арган. і неарган. злучэнні.

т. 6, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРО́КЕН-ХІЛ (Broken Hill),

поліметалічнае радовішча ў Аўстраліі, унікальнае па колькасці свінцу і цынку. Адкрыта і распрацоўваецца з 1883. Складзена з кварц-палевашпатавых гнейсаў, крышт. сланцаў, кварцытаў, амфібалітаў ніжнепратэразойскага ўзросту. Гал. рудныя мінералы галеніт і сфалерыт, ёсць таксама халькапірыт, арсенапірыт, самароднае серабро і інш. Здабываюць свінец, цынк, серабро, кадмій, як спадарожныя — золата, медзь, сурму, кобальт.

т. 3, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАНА́ДЫЕВЫЯ РУ́ДЫ,

прыродныя мінеральныя ўтварэнні, сыравіна для атрымання ванадыю. Гал. мінералы ванадыевых руд: ванадыніт, дэклуазіт, купрадэклуазіт, карнатыт і інш. Радовішчы магматычныя, кантактава-метасаматычныя, гідратэрмальныя, большасць — комплексныя, з іх атрымліваюць таксама жалеза, тытан, уран, свінец, цынк, медзь, алюміній, фосфар. Колькасць V2O5 у рудзе ад 0,1 да 29%. Буйнейшыя радовішчы ў ПАР, ЗША, Фінляндыі, Намібіі, Чылі.

т. 3, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЛАВА́ЙО (Bulawayo),

горад на ПдЗ Зімбабве. Адм. ц. правінцыі Паўн. Матабеленд. Засн. ў 1893. 620,9 тыс. ж. (1993). Вузел чыгунак і аўтамаб. дарог. Міжнар. аэрапорт. Гандл., прамысл. і турыстычны цэнтр. Машынабуд., хім., гарбарна-абутковая, харч. (у т. л. цукровая), шынная, мэблевая, тэкст., дрэваапр., асфальтавая, цэм., с.-г. абсталявання, папяровая прам-сць. Цэнтр горназдабыўнога раёна (храміты, азбест, каменны вугаль, золата, волава, медзь, нікель). Музеі.

т. 3, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЬФРА́МАВЫЯ РУ́ДЫ,

прыродныя мінеральныя ўтварэнні, сыравіна для атрымання вальфраму. Гал. мінералы: вальфраміт (74—76% WO3), шэеліт (80% WO3), гюбнерыт. Мінім. колькасць WO3 у рудзе 0,4—0,5%. Асн. прымесі: малібдэн, волава, берылій, золата, медзь, свінец, цынк і інш. Радовішчы вальфрамавых руд эндагенныя (пегматытавыя, скарнавыя, грэйзенавыя, гідратэрмальныя) і экзагенныя (дэлювіяльныя і алювіяльныя россыпы). Буйныя радовішчы ў Расіі, ЗША, Паўд. Карэі, КНР, Аўстраліі, Балівіі, Канадзе, Турцыі.

т. 3, с. 494

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)