род адна-, радзей шматгадовых травяністых раслін сям. драсёнавых. 4—5 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 2 віды: грэчка пасяўная, ці ядомая (F. sagittatum, ці F. esculentum), — каштоўная крупяная культура, грэчка татарская (F. tataricum) — пустазелле.
Грэчка пасяўная — аднагадовая расліна выш. 40—120 см. Сцябло голае, злёгку рабрыстае, галінастае. Лісце трохвугольна-сэрцападобнае, бліскучае, зялёнае, іншы раз з антыцыянавай чырвона-бурай афарбоўкай. Кветкі двухполыя, белыя, ружовыя, зрэдку чырвоныя, сабраныя ў гронкі. Плод — трохгранны арэшак. Грэцкія крупы маюць 14—18% бялкоў, да 80% крухмалу, 3—3,5 % тлушчаў, цукры, мінер. солі, вітаміны. Добры меданос (да 100 кг мёду з 1 га пасеваў). Вегетац. перыяд 60—120 сутак. Раянаваныя сарты бел. селекцыі: Аніта беларуская, Іскра, Жняярка, Смуглянка, Чарнаплодная, Юбілейная 2.
Літ.:
Культурная флора СССР. Т. 3. Крупяные культуры. М., 1975;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРБУ́З (Cucurbita),
род адна- і шматгадовых травяністых раслін сям. гарбузовых. Радзіма гарбуза — Цэнтр. Амерыка. Вядома 13 культ. відаў, якія вырошчваюцца на ўсіх кантынентах. На Беларусі культывуюць гарбуз звычайны, ці цвердакоры (C. pepo), і яго разнавіднасці — кабачкі і патысоны, таксама гарбуз буйнаплодны, або гіганцкі (C. maxima). Харч., кармавыя, алейныя і дэкар. расліны.
Гарбуз звычайны — аднагадовая расліна. Сцябло граністае з вусікамі і калючым апушэннем, сцелецца, дае прыдаткавыя карані. Лісце 5-лопасцевае. Кветкі раздзельнаполыя, адзіночныя, жоўтыя. Плод — несапраўдная ягада, з тоўстай цвёрдай жоўта-аранжавай абалонкай, іншы раз з жоўта-зялёным малюнкам і мясістай аранжавай мякаццю. Мае цукры (да 8%), крухмал, бялкі, мінер. рэчывы, вітаміны. Плады вараць, пякуць, выкарыстоўваюць на кандытарскія вырабы. У насенні мае да 40% алею, да 28% бялку, ужываецца як глістагонны і мачагонны сродак. Меданос. Вырошчваецца насеннем або расадай. Вільгацялюбны. Добра расце на ўгноеных дзярнова-падзолістых глебах. Раянаваныя сарты: Мазалееўскі 49, Міндальны 35 і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУ́ША (Pyrus),
род пладовых дрэў сям. ружавых. Вядома каля 60 відаў. Пашырана ў краінах з умераным і субтрапічным кліматам. На Беларусі груша звычайная, ці лясная (P. communis), — родапачынальнік многіх культ. сартоў, расце ў лісцевых, зрэдку хвойных лясах, на ўзлесках і ў хмызняках. Культывуецца найб. на ПдЗ.
Груша звычайная выш. да 15 м, крона пірамідальная. Лісце яйцападобнае або круглае, востразубчастае ці суцэльнакрайняе, скурыстае, бліскучае. Кветкі белыя, ружаватыя, у шчытках. Плады масай 25—300 г, мясістыя, з камяністымі клеткамі, жоўтыя ці зялёныя, часам з румянцам, маюць цукры, арган. к-ты, дубільныя рэчывы, вітаміны. Меданос. Каштоўная драўніна. Дрэва святлалюбнае, засухаўстойлівае. Пачынае пладаносіць на 6—8-ы год пасля пасадкі. Перыяд гасп. выкарыстання 50—60 гадоў. Размнажаецца прышчэпкамі. Лепш расце на сярэдне- і лёгкасугліністых, добра дрэнажаваных глебах. Раянаваныя сарты: летнія — Беларуска, Дзюшэс летні, Лімонка, Прыгожая Яфімава, Тальсінская прыгажуня; асенне-зімовыя — Бэра лошыцкая, Бэра слуцкая, Масляністая лошыцкая, Бел. позняя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЫЧА́,
зборная назва відаў раслін з роду сліва. Найб. вядомы алыча культурная (Prunus cerasifera) і сліва разгалістая, або ткемалі (Prunus divaricata). Вырошчваюць у краінах Азіі, Еўропы, на Балканах, Каўказе, у Закаўказзі. Выкарыстоўваюць як пладовую культуру, як прышчэпу для слівы, персіка, абрыкоса; для ахоўнага лесаразвядзення. На Беларусі інтрадукавана ў сярэдзіне 19 ст. з Паўн. Каўказа, пашырылася па ўсёй тэр. рэспублікі.
Дрэва або вялікі куст выш. 4—10 м. Лісце яйцападобнае або прадаўгавата-эліпсападобнае. Кветкі белыя, распускаюцца раней за лісце. Плод — касцянка, ад светла-жоўтай да цёмна-чырвонай, выспявае ў жніўні. Ураджайнасць 8—10 кг (да 40 кг) з дрэва. Сарты: Ветразь, Камета кубанская, Хуткаплодная, Падарожніца (Рубінавая), Мара і інш.Меданос. Размнажаецца насеннем, каранёвымі парасткамі і сцябловымі чаранкамі, акуліроўкай. Святлолюбівая, засухаўстойлівая, непатрабавальная да глебы і вільгаці расліна. Плады багатыя цукрамі, яблычнай і лімоннай к-тамі, вітамінамі С, B1, B2 і інш., з іх гатуюць кампоты, варэнне, павідла, сок, віно, на Каўказе — алычовы лаваш (высушаныя на сонцы тонкія лісты з мякаці пладоў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ШНЯ (Cerasus),
род дрэвавых і кустовых раслін сям. ружавых. Каля 150 відаў у Еўропе, Цэнтр. Азіі, Паўн. Амерыцы. У культуры найб. пашырана вішня звычайная (Cerasus vulgaris), да якой належыць большасць сартоў, якія культывуюцца. На Беларусі ў садоўніцтве выкарыстоўваюць таксама вішню лямцавую, або кітайскую (Cerasus tomentosa), і чарэшню, для азелянення — вішню японскую (Cerasus japonica), вішню куставую, або вішарнік (Cerasus fruticosa). Плады большасці відаў маюць харч. і лек. значэнне. Растуць хутка. Святлалюбныя, засуха- і газаўстойлівыя. Размнажаюцца дзікарослыя віды насеннем, садовыя формы — прышчэпкамі, каранёвымі парасткамі і зялёнымі чаранкамі.
Вішня звычайная — дрэва выш. 5—7 м або кустападобныя формы выш. 3—4 м. Форма кроны набліжаецца да круглай. Лісце эліпсоіднае, чаргаванае, кветкі пераважна белыя, сабраныя па 2—4 у парасонападобныя суквецці, плады — сакаўныя касцянкі рознай велічыні ад ружовай (сарты групы амарэляў) да амаль чорнай (сарты групы грыётаў, або марэляў) афарбоўкі. У пладах 6—20% вугляводаў, 0,8—2,4 арган. кіслот, 0,15—0,88% дубільных рэчываў, вітаміны С, групы В. Выкарыстоўваюць іх свежыя і кансерваваныя, перапрацоўваюць на варэнне, джэм, кандытарскія вырабы. Меданос. Добра расце на лёгкіх сугліністых і супясчаных глебах, непатрабавальныя да ўмоў вырошчвання. Раянаваныя сарты: Любская, Сеянец №1, Навадворская.