старажытнаперсідская залатая манета; першая залатая манета старажытнасці. Стала вырабляцца пры Дарыі I (каля 516 да н.э.; назва ад імя Дарыя). Маса — 8,4 г золата. Д. быў асновай манетнай сістэмы. Чаканіўся на царскім манетным двары ў Персепалі (да заваёвы Персіі Аляксандрам Македонскім).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРОШ (польск. grosz, ням. Groschen ад лац. denarius grossus цяжкая манета),
1) буйная сярэбраная манета. Выраблялася з 1172 у Італіі, з 1266 у Францыі, стала метралагічным і якасным эталонам для гроша некат. дзяржаў Паўн. і цэнтр. Еўропы. Каля 1300 выраб пачаты ў Багеміі, каля 1337 — у Польшчы, каля 1339 — у Саксоніі, з 1329 — у Венгрыі, з 1535 — у ВКЛ (гл.Грош літоўскі). З 18 ст. біліся і медныя грошы.
2) Лікава-грашовае паняцце ў ВКЛ і Польшчы ў 14—16 ст., Рэчы Паспалітай у 16—18 ст. 3) Манета і элемент грашовай сістэмы каралеўства Польскага ў складзе Рас. імперыі (1815—50), міжваеннай Рэчы Паспалітай (1924—39), Генеральнай губ. (1939—44).
4) Сучасная разменная манета Польшчы (1/100 злотага) і Аўстрыі (1/100 шылінга).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́ЛЕР (ням. Heller, Haller),
1) разнавіднасць дэнарыя (маса 0,5 г), які з 1200 чаканіў Імперскі манетны двор г. Гале (Швабія).
2) Адна з назваў дэнарыя 14 ст., які чаканіўся ў Кракаве.
3) На тэр. Беларусі з 2-й пал. 15 ст. сярэбраная манета, разменны намінал у адносінах да гроша пражскага. У 14—15 ст. адпавядаў 1/12, потым 1/16 гроша. Вядомы пад назвамі «гарэль», «галер», «пенязь галелы». У 17 ст. разменная манета, роўная 6 дэнарыям польскім або 2 шэлегам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЛІЯРЫ́СІЙ (ад лац. miliarense тысячны),
1) познарымская сярэбраная манета 4—5 ст. (лігатурная маса 4,5 г).
2) Візантыйская сярэбраная манета 6—11 ст. (лігатурная маса 3—2,50 г). У канцы 10 — 1-й пал. 11 ст. невял. колькасць М. трапіла на рынкі Русі. На Беларусі трапляецца ў адзінкавых экзэмплярах у скарбах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВА ГРО́ШЫ (польск. dwugrosz),
сярэбраная манета Рэчы Паспалітай і некат. краін Зах. Еўропы. 1) У 1565 выраблена ў ВКЛВіленскім манетным дваром як пераходны намінал паміж манетамі, бітымі па кароннай і літоўскай стапе; роўны 5 паўгрошам каронным ці 4 літоўскім.
2) У 17 ст. агульнадзярж. (1650—51, 1672) і гарадская (1651—53) манета Рэчы Паспалітай, выпушчаная для зручнасці пераходу ад орта да драбнейшых наміналаў.
3) У 18 ст.манета (1766—82, 1785—86), адпаведная палове асн. адзінкі грашова-лікавай сістэмы ў Рэчы Паспалітай — паўзлотага ў 4 сярэбраныя грошы, эквівалентныя 15 медным грошам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭ́ЙЦАР (ням. Kreuzer),
дробная нямецкая манета ў 15—19 ст. Выраб яе з серабра пачаўся ў Аўстрыі ў 1458—60. З 16 ст. К. — білонная манета, з 18 ст. — медная. На працягу 16 ст. чаканка К. пашырылася на Пд і часткова на Пн Германіі. У абарачэнні да канца 19 ст. У Рэчы Паспалітай ў 1615—18 для гандлю з Сілезіяй выпускалі трайны К., т. зв. «бём» (ад ням. Böhm грош).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕ́НГА, дзеньга (ад тат. ценга — сярэбраная манета),
руская сярэбраная (14—17 ст.) і медная (18—19 ст.) манета. Да сярэдзіны 1530-х г. маса 0,78—0,79 г (наўгародска-пскоўская стапа), 0,31—0,40 г (маскоўская стапа). Пасля грашовай рэформы 1533—35 маса Дз.-наўгародкі 0,68 г (1/100 лікавага рубля, такая Дз. стала першай рус. капейкай), маса Дз.-маскоўкі 0,34 г (1/2 капейкі). Да канца 17 ст. маса Дз. паменшылася да 0,14 г. Спарадычна чаканіліся залатая і медная Дз. Пасля грашовай рэформы Пятра I у 1700—1828 чаканілася медная Дз., роўная 1/2 капейкі. Пасля манета выпускалася з пазначэннем наміналу «дзенежка» (1849—63) і «1/2 капейкі» (1839—1916).
Дзенга. Наўгародскага княства, 15 ст. (1), Пятра I, 1700 (2), Аляксандра П, 1863 (3).