ЗАЛАТАРО́Ў (Іваноў) Карп Іванаў

(?—1698),

жывапісец і залатапісец у Маскоўскай дзяржаве. Паходзіў з Беларусі. У канцы 1650-х г. працаваў у Нова-Іерусалімскім манастыры каля Масквы, потым «жалаваны» жывапісец Маскоўскай Аружэйнай палаты. Выконваў (з І.​Безміным) жывапісныя творы для Церамнога палаца Маскоўскага Крамля, размалёўваў слупы ў Пакроўскім саборы і печы ў царскіх харомах с. Ізмайлава, Троіцкую праязную вежу-браму ў Крамлі, іканастас Сергіеўскай царквы с. Вараб’ёва. Аўтар партрэта патрыярха Іаакіма (1678), абразоў «Пакуты божыя», «Уваскрэсенне Хрыста», «Пакровы Маці Божай», харугваў з карцінамі «Уваскрэсенне Хрыста» і «Успенне Багародзіцы» для Страснога манастыра ў Маскве. Удзельнічаў у стварэнні іканастасаў царквы Успення Багародзіцы ў трапезнай Новадзявочага манастыра (1685), Вял. сабора Данскога манастыра ў Маскве (1698) і інш. Намаляваў на паперы «12 месяцаў і бегі нябесныя», прапісваў золатам чарцяжы і тэкст рукапіснай кнігі «Пра млынавую будову». Меў вучняў.

т. 6, с. 508

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЧУ́РЫН (Іван Фёдаравіч) (1700—63),

рускі архітэктар. Вучыўся ў Марской акадэміі ў Пецярбургу (1718—20), пенсіянер Пятра I у Галандыі (1723—29). Працаваў у Пецярбургу (з 1729), Маскве (з 1731). Удзельнічаў у складанні генплана Масквы (1734—39), буд-ве званіцы Троіца-Сергіевай лаўры (з 1740). У 1740—60 пабудаваў цэрквы Тройцы на Арбаце і надбрамную Златавустаўскага манастыра (не захаваліся) у Маскве, Андрэеўскую царкву і Марыінскі палац (паводле праектаў В.​Растрэлі) у Кіеве, сабор Свенскага манастыра каля г. Бранск і інш.

т. 10, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛУА́ТР (франц. cloître ад лац. claustrum закрытае месца, пазней — манастыр),

крытая аркадная галерэя-абход вакол прамавугольнага двара манастыра ці царк. комплексу, тыповая для раманскай і гатычнай архітэктуры.

т. 8, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХО́РСКІ МУЖЧЫ́НСКІ ПРААБРАЖЭ́НСКІ МАНАСТЫ́Р.

Існаваў у 17 — пач. 20 ст. каля в. Ахора (цяпер Чэрыкаўскі р-н Магілёўскай вобл.) на беразе р. Сож. Паводле падання, заснаваны як праваслаўны пустэльнікам ці будаўніком Аркадзем. Першы ігумен вядомы з 1669. У 1708 у час Паўн. вайны 1700—21 знішчаны шведамі, пазней адбудаваны. Прывілеем караля Аўгуста II 1720 пацверджана прыналежнасць манастыра да правасл. царквы і захавана яго зямельная ўласнасць. У 1842 прыпісаны да Магілёўскага Богаяўленскага манастыра, з 1870 самастойны. Меў 2 драўляныя храмы: Праабражэння (1711) з разьбяным 3-ярусным іканастасам і шанаваным абразом Маці Божай і Успення (1843). У 1918 манастыр закрыты. Будынкі не захаваліся.

А.​А.​Ярашэвіч.

т. 2, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЯ ТРО́ІЦКАЯ ЦАРКВА́ Маркава манастыра.

Існавала ў Віцебску ў канцы 17 — пач. 20 ст. Пабудавана з дрэва ў 1691 на правым беразе Зах. Дзвіны ў традыцыях Віцебскай школы дойлідства. Пастаўлена на фундаменце крыжовага драўлянага храма (засн. ў 1633), знішчанага пажарам.

Царква 4-зрубная, крыжова-цэнтрычнай кампазіцыі, тры зрубы 5-гранныя, заходні прамавугольны ў плане, паміж крыламі трансепта і алтарным зрубам — шматгранныя рызніцы. Зрубы і сяродкрыжжа былі перакрыты самкнутымі купаламі і накрыты невысокімі шатрамі з галоўкамі. Увесь будынак меў вял. абходную галерэю на разьбяных слупках з ганкам пры ўваходзе, накрытым шатровым дахам. Знесена ў 1920-я г.

Т.​В.​Габрусь.

Віцебская Троіцкая царква Маркава манастыра. Малюнак 19 ст.

т. 4, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРАСЦЕ́ЙСКІ СІМЯО́НАЎСКІ МАНАСТЫ́Р.

Існаваў у 16(?)—19 ст. у Брэсце (Берасці). Упершыню ўпамінаецца ў актах Брэсцкага земскага суда ў 1604 як куплены (разам з с. Муравец) Е.​Солтанам у свайго дзядзькі Д.​Солтана. Знаходзіўся на прыватным (шляхецкім) пляцы за р. Мухавец. У 1-й трэці 17 ст. быў аб’ектам барацьбы паміж уніятамі і правасл. мяшчанамі. У 1632 на канвакацыйным сейме замацаваны каралём Уладзіславам IV за праваслаўнымі. Вядомы маёмасныя запісы і завяшчанні мяшчан на карысць манастыра (17 — пач. 18 ст.), яго падтрымлівалі некат. брэсцкія цэхі. Ігуменам у 1640-я г. быў Афанасій Брэсцкі. Драўляныя будынкі манастыра знесены пры ўзвядзенні Брэсцкай крэпасці.

А.​А.​Ярашэвіч.

т. 3, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗІНО́ЎЕЎ Сцяпан, разьбяр па дрэве 2-й пал. 17 ст.; майстар беларускай рэзі. Паходзіў з Беларусі. «Жалаваны» майстар Аружэйнай палаты ў Маскве. Ствараў узоры разьбы («лебядзіныя», «жураўліныя», «гусіныя», 1668). Удзельнічаў у аздабленні царскага палаца ў с. Каломенскае (1678), у стварэнні разных іканастасаў для цэркваў у Ізмайлаве (1680-я г.), званіцы царквы царэвіча Іаасафа (1681) і Смаленскага сабора Новадзявочага манастыра (1683—85) у Маскве. Зрабіў размаляваную фарбамі, серабром і золатам «Іарданскую сень» на 4 разных слупах (1668, разам з Арсеніем і К.Міхайлавым), разныя царскія вароты з сенню для царквы Фёдара Страцілата на Троіцкім падвор’і ў Маскве (былі ўстаноўлены ў іканастасе Смаленскага сабора Новадзявочага манастыра, 1685).

т. 7, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІ́МПІЙ (Аліпій; ? — 17.8.1114),

старажытнарускі жывапісец і ювелір. Манах Кіева-Пячэрскай лаўры, з 1084 удзельнічаў у размалёўцы яе Успенскага сабора. Ёсць меркаванне, што Алімпій пісаў абразы, выканаў мазаікі для сабора Кіева-Міхайлаўскага Залатаверхага манастыра.

т. 1, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБА́Т [лац. abbas (abbatis) ад грэч. abba бацька],

настаяцель каталіцкага манастыраабацтва (настаяцельніца — абатыса). Першапачаткова паводле статута выбіраўся манахамі і зацвярджаўся епіскапам, фактычна назначаўся свецкімі магнатамі. У больш агульным значэнні — свяшчэннаслужыцель у каталіцкай царкве.

т. 1, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́СІПАЎ Пётр, разьбяр па дрэве 17 ст. Паходзіў з Беларусі. Працаваў у Маскоўскай дзяржаве. Разам з інш. майстрамі — выхадцамі з Беларусі прымаў удзел у стварэнні іканастасаў цэркваў Данскога і Новадзявочага манастыра ў Маскве (1683).

т. 11, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)