ДО́БРУШСКАЯ ПАПЯРО́ВАЯ ФА́БРЫКА.

Засн. ў 1870 кн. Ф.​І.​Паскевічам у мяст. Добруш (цяпер горад у Гомельскай вобл.). Вырабляла паперу рознага асартыменту з драўніннай масы і рыззя. У 1879 працавала 460. у 1913—1500 рабочых. Называлася т-вам Добрушскай папяровай фабрыкі (у 1880—550 пайшчыкаў). Выкарыстоўвалася газавае асвятленне, з 1888 — электрычнае (упершыню ў Беларусі). Палівам служылі дровы, з 1913 — вугаль. У 1894 на ф-цы (упершыню ў Рас. імперыі) уведзены 8—9-гадзінны прац. дзень. З 1883 пры ф-цы адкрыта вучылішча для дзяцей 5—12 гадоў (навучалася каля 40 чал.). У 1913 вырабляла 625 тыс. пудоў паперы. З 1922 фабрыка мела назву «Герой працы». У 1932 тут упершыню ў Еўропе распачата саломенна-цэлюлозная вытв-сць. У Вял. Айч. вайну разбурана. У 1956 рэарганізавана ў цэлюлозна-папяровы камбінат. З 1976 зноў Д.п.ф. Працуе на прывазной цэлюлозе з Расіі, кааліны (гліназём, сернакіслы алюмінат) завозяцца з Украіны. Асн. прадукцыя (1997): вырабы вытв.-тэхн. прызначэння (дыязапапера, папера чарцёжная, малявальная, абгортачная, стужка клеявая); тавары нар. ўжытку (сшыткі школьныя, агульныя, для малявання, альбомы і блокі для чарчэння і малявання, папера пісчая і туалетная, дзённікі і інш.).

А.​А.​Саламонаў.

т. 6, с. 174

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДАЛІ́НСКІ (Міхал) (1783, Мінск — 1856),

бел. гравёр, педагог. У 1802—08 вучыўся ў Пецярбургскай АМ (у 1806 атрымаў 2-і, у 1808 — 1-ы сярэбраныя медалі). Пасля сканчэння Віленскага ун-та (1825) выкладаў малюнак у гімназіях Вільні, Маладзечна, пазней працаваў настаўнікам малявання ў Мінску. Аўтар серыі партрэтаў прафесараў Віленскага ун-та (В.​Герберскага, І.​Франка і інш.), партрэта канцлера ВКЛ Л.​Сапегі (паводле жывапіснага арыгінала 17 ст.), ілюстрацый да кнігі «Гісторыя царавання Жыгімонта III» і інш.

Л.​Н.​Дробаў.

т. 11, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫ́БАС ((Grybas) Віннае Юргё) (3.10.1890, в. Пелянай Шакяйскага р-на, Літва — 3.7.1941),

літоўскі скульптар. Вучыўся ў Варшаўскай школе малявання (1909—12), Каўнаскім маст. вучылішчы (1923—25) і ў студыі Э.А.Бурдэля ў Парыжы (1925—27). Аўтар дэкар. пластыкі («Сава»), бюста С.​Даўкантаса і помніка яму ў пас. Папіле, партрэтаў П.​Вілейшыса, кн. Вітаўта (усе 1930), манумента «Жэмайціс» у Расейняі (1933—34), кампазіцыі «Бірутэ і Кастуціс» (1939) і інш. Для твораў характэрны рамант. ўздым, псіхалагізм, абагульненыя рэаліст. формы, часам стылізацыя.

В.Грыбас. Партрэт С.​Даўкантаса. 1930.

т. 5, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭМБО́ЎСКАЯ ((Dembowska) Зоф’я) (па мужу Ромер; 16.2.1885, г. Тарту, Эстонія — 23.8.1972),

беларуска-польская мастачка. Брала ўрокі малявання ў Вільні і Кракаве. У 1914—41 жыла ў Віцебскай вобл. Працавала ў жывапісе і графіцы. Да 1920 стварыла цыкл партрэтаў дзеячаў віленскіх універсітэцкіх і літ. колаў: рэктара М.​Ромера, д-ра К.​Міхейды, праф. Р.​Радзіловіча, М.​Здзяхоўскага і інш. У 1920-я г. пісала пейзажы («Дарога», «Вербы», «Стары дом», «Мост», «Снег» і інш.). З 1943 працавала ў Егіпце, Англіі, Канадзе, ЗША, дзе малявала партрэты арыстакратаў, чл. каралеўскіх сем’яў, вядомых палітыкаў і дзеячаў навукі і культуры.

І.​А.​Масляніцына.

т. 6, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬСКАЯ ФА́БРЫКА «ПАЛЕСДРУ́К».

Створана ў 1921 пад назвай «Палескі друк» у выніку аб’яднання 1-й Дзярждрукарні, «Гомдруку» і «Гомгазеты». З 1932 наз. друкалітаграфія і карданажная ф-ка «Палесдрук». У 1941 эвакуіравана ў г. Краснакамск Пермскай вобл. У 1944 аднавіла дзейнасць у Гомелі. З 1946 наз. Гомельская друкарня і карданажна-мяшэчкавая ф-ка «Палесдрук», у 1953—60 рэканструявана. Яе філіялы з 1977 Гомельская, Буда-Кашалёўская, Веткаўская і Добрушская раённыя друкарні. Асн. Прадукцыя (1997): агульныя сшыткі, дзённікі школьныя, сшыткі для нот, малявання, касы лічбаў і складоў, запісныя кніжкі, блакноты, альбомы і інш.

А.​А.​Саламонаў.

Гомельская фабрыка «Палесдрук».

т. 5, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРАВУ́МАВА-ЛЕ́БЕДЗЕВА (Ганна Пятроўна) (17.5.1871, С.-Пецярбург — 5.5.1955),

рускі гравёр і жывапісец. Нар. мастак Расіі (1946), правадз. чл. АМ СССР (1949). Вучылася ў Цэнтр. вучылішчы тэхн. малявання Штыгліца, у Пецярбургскай АМ (1892—1900) у І.​Рэпіна і В.​Матэ. Уваходзіла ў аб’яднанне «Свет мастацтва». Адрадзіла рус. арыгінальную чорна-белую і каляровую гравюру па дрэве, працавала ў галіне кніжнай ілюстрацыі, стварыла серыю паэтычных гравюр-пейзажаў: «Пецярбург» (1908), «Крукаў канал» (1910), «Марсава поле» (1922), «Паўлаўск» (1922—23), «Смольны» (1924), партрэты і інш.

Тв.:

Автобиографические записки. Т. 1—3. М., 1974.

Літ.:

Синицын Н. Гравюры Остроумовой-Лебедевой. М., 1964.

М.​М.​Паграноўскі.

Г.Астравумава-Лебедзева. Крукаў канал. 1910.

т. 2, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗМІГРО́ДСКІ (Канстанцін Антонавіч) (1876, Рыга — 1936),

мастак, скульптар, медальер. Вучыўся ў вучылішчы тэхн. малявання Штыгліца ў Пецярбургу (1898), Кракаўскай АМ. У 1906—14 выкладаў у Віцебскім камерцыйным вучылішчы і вучылішчы Грэкава. Адзін з заснавальнікаў і чл. Віцебскай вучонай архіўнай камісіі, хавальнік яе музея (1909—14). З 1914 у Швейцарыі, заг. польскага музея. У 1917—24 выканаў памятныя медалі ў гонар Т.​Касцюшкі, Я.​Дамброўскага, Г.​Сянкевіча і інш. З 1927 у Польшчы, працаваў у музеях.

Тв.:

Каталог монет и медалей музея Витебской ученой архивной комиссии. Витебск, 1911;

Польский военный флот. Витебск, 1911;

Каталог музея Витебской ученой архивной комиссии. Витебск, 1912.

т. 7, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯШКО́Ў (Васіль Мікітавіч) (6.1.1868, г. Ялец, Расія — 26.11.1946),

расійскі жывапісец і графік. Нар. мастак Расіі (1943). Вучыўся ў Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1882—89), Пецярбургскай АМ (1889—90). Чл. Маскоўскага т-ва мастакоў (з 1893), Асацыяцыі мастакоў рэв. Расіі (з 1922). Выкладаў у Маскве ва ўласнай школе жывапісу і малявання (1892—1917), Вышэйшых маст.-тэхн. майстэрнях (1922—23), у Ленінградскай АМ (1937—40). Пісаў жанравыя карціны ў духу позніх перасоўнікаў, пейзажы, партрэты. Сярод твораў: «Лячэнне зубоў» (1891), «Сляпы мастак» (1898), «Трувіль» (1903), партрэты старой (1897), С.​М.​Будзённага, В.​Р.​Мянжынскага (абодва 1927), М.​І.​Калініна (1937), аўтапартрэт (1943) і інш.

В.Мяшкоў. Сказанне пра Урал. 1949.

т. 11, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРА́ЎСКІЯ,

бел. жывапісцы, браты. Ураджэнцы маёнтка Уборкі Бярэзінскага р-на Мінскай вобл.

Апалінар Гілярыевіч (30.1.1883—1900) (30.1.1833—1900), пейзажыст і партрэтыст. Вучыўся ў Пецярбургскай АМ (1850—54), у 1855—60 удасканальваў майстэрства ў Жэневе, Дзюсельдорфе, Рыме і Парыжы. У 1860—80-я г. жыў у маёнтку Уборкі, зімой выязджаў у Пецярбург, дзе ў 1862—86 выкладаў у школе малявання Т-ва заахвочвання мастацтваў. Яго творы адметныя жыццёвай праўдай, высокім майстэрствам, глыбокай народнасцю, паэтычна апяваюць прыгажосць бел. прыроды, нар. побыт: «Балота», «Пейзаж з ракой і дарогай», «Вечар», «Краявід у маёнтку Кушалёва-Безбародкі Краснаполіца», «Від дубровы каля Бабруйска», «Ліпы», «На радзіме», «Пінскія балоты», «Рака Бярэзіна», «Свіслач», «Час жніва» і інш. Каля 20 карцін мастака знаходзяцца ў Нац. маст. музеі Беларусі («Партрэт маці», «Жаночы партрэт каля мальберта», «Купальшчыцы», «Яўрэй, які моліцца», «Вечар у Мінскай губерні», «Старая моліцца», «Цвіце канюшына», «Кузня», «Жанчына з палітрай», «Магдаліна каецца», «Партрэт Ф.​Л.​Лагорыо», шмат бел. пейзажаў і інш.). Рабіў замалёўкі нар. тыпаў («Селянін» і інш.).

Іпаліт Гілярыевіч (1.7.1828—?), пейзажыст. Спец. адукацыю атрымаў у школе Машчынскага (Мінск). З 1855 наведваў заняткі Пецярбургскай АМ. З яго пейзажаў найб. вядомыя: «На берагах ракі Бярэзіны», «Від у ваколіцах Бабруйска» і інш. Карціна «Каля крыжа. Смерць паўстанца» зберагаецца ў Нац. маст. музеі Беларусі.

Гілярый Гілярыевіч, акварэліст 2-й пал. 19 ст. Вучыўся ў Пецярбургу ў школе малявання Т-ва заахвочвання мастацтваў (да 1868), потым у АМ (да 1873). Сярод пейзажаў: «Від шпіля Петрапаўлаўскага сабора», «Кветкі» і інш.

Літ.:

Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974;

Яго ж. «Колькі праўды ў фарбах...» // Мастацтва Беларусі. 1983. № 10.

Л.​Н.​Дробаў.

А.Г.Гараўскі.
А.Гараўскі. Цвіце канюшына. 1895.

т. 5, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАШКЕ́ВІЧЫ,

сям’я бел. мастакоў. Андрэй, жывапісец канца 18 ст. Жыў і працаваў у Гродне. З твораў вядомы копія партрэта кн. М.​В.​Рапніна (1796) з арыгінала Дз.​Р.​Лявіцкага і алегарычная кампазіцыя «Vanitas vanitatum» (1806). Клеменс (1804, г. Гродна? — 10.7.1849). Сын і вучань Андрэя. Верагодна, вучыўся ў Вільні ў Я.​Рустэма. Некаторы час працаваў настаўнікам малявання ў школах Любліна. Потым пасяліўся ў Варшаве. У 1824 працаваў у Гродне, у 1827, верагодна, у Дунілавічах пад Вільняй у Янішэўскіх. У творчасці пераважае партрэтны жанр; вядомы партрэты І.​І.​Макавельскага (1824), Юзафа і Ізабелы Качкоўскіх (каля 1825), С.​Янішэўскага (1827) і Б.​Янішэўскай (1820-я г.), Я.​Эпштэйна (1835).

Літ.:

Сядзібны партрэт Беларусі XVIII — першай паловы XIX ст. са збораў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. Мн., 1996.

І.​М.​Каранеўская.

т. 7, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)