АКТЫНАБАЦЫЛЁЗ, праактынамікоз, псеўдаактынамікоз,
хранічная інфекцыйная хвароба жывёл, якая выклікаецца грыбком з кл. актынаміцэтаў. Пашырана ў многіх краінах свету, у т. л. на Беларусі. Хварэюць пераважна свойскія жывёлы (часцей маладняк буйн. раг. жывёлы, авечак, свіней) у зімова-веснавы перыяд. У арганізм узбуджальнік трапляе праз раны скуры або слізістай абалонкі рота, часцей з кормам. У хворых жывёл у мяккіх тканках галавы і шыі, лімфатычных вузлах з’яўляюцца шчыльныя гнойныя вузельчыкі, з наступным утварэннем свішчоў. У прафілактычных мэтах неабходна пазбягаць выпасу на нізкіх пашах, запарваць грубыя кармы.
т. 1, с. 212
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЗАВЕ́РШАНАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,
часткова гатовая прадукцыя, якая не прайшла поўны тэхнал. цыкл вытв-сці, неабходны, каб прадукцыю можна было накіраваць на склад гатовай прадукцыі, заказчыку, на рынак для продажу. Н.в. у буд-ве — буд. аб’ект, не ўведзены ў эксплуатацыю, не здадзены заказчыку. Н.в. у сельскай гаспадарцы — частка абаротных фондаў с.-г. прадпрыемства, якая забяспечвае бесперапыннасць вытв. працэсаў. У яе ўключаюць аб’ёмы працы і прадукцыю, якая знаходзіцца на прамежкавых стадыях вытв. працэсу: зяблівае ворыва, сяўбу азімых культур і шматгадовых траў, маладняк жывёлагадоўлі і інш.
т. 11, с. 269
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРО́ЙЛЕР (англ. broiler ад broil смажыць на агні),
адкормленае на мяса кураня ва ўзросце да 70 сутак, з жывой масай да 2 кг. Для вытв-сці бройлераў выкарыстоўваюць мяса-яечныя, мясныя пароды курэй і мясныя лініі гэтых курэй (бацькаўскай формай у скрыжаваннях служыць парода корніш, мацярынскай — белы плімутрок). Бройлеры вызначаюцца інтэнсіўным ростам, скараспеласцю, нізкімі затратамі корму. Мяса бройлера — дыетычны прадукт, які мае да 22,5% бялку, далікатнае і сакаўное. Бройлерам наз. таксама гібрыдны маладняк інш. відаў птушкі, які гадуюць на мяса (качанят не старэй за 8 тыдняў, гусянят і цацаранят ва ўзросце да 12 тыдняў, індычанят — да 19 тыдняў).
т. 3, с. 258
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПРО́БЛІСК»,
«Пралетарска-сялянская беларуская літаратурная суполка», аб’яднанне бел. пісьменнікаў у ліп. 1927 — студз. 1928. Засн. ў Мінску. Ініцыятары стварэння і члены — выключаныя ў крас. 1927 з «Маладняка» Я.Бобрык, В.Каваль, Т.Кляшторны, В.Маракоў, І.Плаўнік, Я.Туміловіч, а таксама А.Гурло, А.Звонак, С.Фамін, М.Хведаровіч, Н.Чарнушэвіч і інш. Ставіла за мэту стварэнне пралетарскай л-ры, адлюстраванне ў маст. форме будаўніцтва сацыялізму ў рэспубліцы. З прычыны сваёй нешматлікасці і неакрэсленасці творчай праграмы суполка не разгарнула шырокай дзейнасці і заявіла (28.1.1928) пра самаліквідацыю. Члены яе былі зноў прыняты ў «Маладняк».
К.Р.Хромчанка.
т. 13, с. 37
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМО́НТ СТА́ТКА,
сістэма мерапрыемстваў па адборы, вырошчванні і ўводзе ў статак маладых жывёл. Праводзіцца з мэтай павелічэння статка, паляпшэння яго прадукцыйнасці, замены жывёл. Маладняк, які выкарыстоўваюць для Р.с., называюць рамонтным. Пры адборы рамонтнага маладняку ўлічваюцца пародныя і прадукц. якасці бацькоўскай пары, паказчыкі асабістага развіцця (хуткасць росту, устойлівасць да хвароб і інш.). У малочнай жывёлагадоўлі штогод для Р.с. пакідаюць не менш як 30% цялушак і праводзяць адбор пасля першага ацёлу. У свінагадоўлі штогод для Р.с. на адну асн. матку вырошчваюць адну рамонтную, якіх выбракоўваюць пасля першага апаросу. У авечкагадоўлі для папаўнення статка штогод пакідаюць 25—30% маладняку.
П.Ф.Драбышэўскі.
т. 13, с. 303
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫНІ́Т, насмарк,
запаленне слізістай абалонкі носа. Бывае востры, хранічны, алергічны. Часта з’яўляецца сімптомам інфекц. хвароб (адру, грыпу, дыфтэрыі і інш.). Востры Р. узнікае пад уплывам агульнага і мясц. пераахаладжэння, мех. і хім. раздражняльнікаў, суправаджаецца чханнем, агульнай слабасцю, серознымі выдзяленнямі з носа. Хранічны Р. бывае пасля шматразовага вострага Р. і прыводзіць да разрастання (гіпертрафіі) або атрафіі слізістай. Прычына алергічнага Р. — уплыў на слізістыя абалонкі носа алергенаў рознага паходжання (бактэрыяльных, быт., грыбковых, расл., жывёльных і інш.). Яго працяканне прыступападобнае; у час прыступу — сверб у носе, частае чханне, вадзяністыя выдзяленні, заложанасць. Лячэнне: тэрапія, фізіятэрапія. Сярод жывёл на Р. часцей хварэе маладняк.
т. 13, с. 516
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЮЛЕРЫЁЗ,
інвазійная хвароба авечак, коз і некат. дзікіх жвачных жывёл (ласі, казулі, алені, лані, муфлоны, сарны і інш.), якая выклікаецца воласападобнай нематодай Мюлера, што паразітуе ў лёгкіх. Сустракаецца ў Еўропе, Азіі, Амерыцы і Аўстраліі, часцей у летне-асенні перыяд. Жывёлы заражаюцца пры заглынанні з травой інвазійных лічынак нематоды (разам з малюскамі — прамежкавымі гаспадарамі або пасля выхаду з іх), якія з цёкам лімфы і крыві заносяцца ў лёгкія, выспяваюць і адкладваюць яйцы. З яец выходзяць лічынкі, заглынаюцца з макротай і выдаляюцца з фекаліямі. Цячэнне часцей хранічнае. Развіваюцца бранхіты, бронхапнеўманія (часам з ацёкам), схудненне, маладняк адстае ў росце і развіцці. Пры значнай інвазіі жывёлы гінуць.
т. 11, с. 60
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЬЮКА́СЛСКАЯ ХВАРО́БА, псеўдачума птушак,
высоказаразная інфекц. хвароба птушак, якая пашкоджвае пераважна ц. н. с., органы стрававання і дыхання. Выклікаецца РНК-змяшчальным вірусам з роду параміксавірусаў. Хварэюць пераважна курападобныя (часцей куры), таксама галубы, вераб’і, шпакі і некат. інш., найб. — маладняк. Крыніца інфекцыі — хворыя і вірусаносьбіты. Заражэнне праз слізістыя абалонкі вачэй, дыхальных шляхоў, страўнікава-кішачнага тракту з паветрам, кормам, вадой. Цячэнне маланкавае (без выяўленых сімптомаў), вострае, падвострае ці хранічнае. Праяўляецца прыгнечанасцю, высокай т-рай, паносам, паралічамі, запаленнем, множнымі дробнымі кровазліццямі ва ўнутр. органах і інш., птушкі часта гінуць. Апісана і ў чалавека (з катарам верхніх дыхальных шляхоў, кан’юнктывітам, ацёкам павекаў і твару).
т. 11, с. 396
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЯ ЛІТАРАТУ́РНА-МАСТА́ЦКАЯ КАМУ́НА»,
літаратурнае аб’яднанне бел. пісьменнікаў. Існавала з вер. 1927 да крас. 1928. Створана ў выніку выхаду з «Маладняка» групы маладых пісьменнікаў. Ініцыятар стварэння П.Шукайла. Чл.: А.Атава (Канановіч), П.Броўка, У.Варава, Я.Відук (Я.Скрыган), Ю.Лявонны (Л.Юркевіч), У.Прыбыткоўскі, Я.Сукала, М.Шалай і інш. Існавалі літ. гурткі камуны пры Полацкім і Магілёўскім педтэхнікумах, у вёсках Случчыны і Полаччыны. Захапляліся футурызмам, арыентаваліся на ЛЕФ і творчую практыку У.Маякоўскага ў форме вонкавага пераймання. Выдала 2 нумары час. «Росквіт» (1927—28). Самаліквідавалася, члены яе зноў увайшлі ў «Маладняк».
Літ.:
Скрыган Я. Некалькі хвілін чужога жыцця: Літ. ўспаміны, сустрэчы, шляхі. Мн., 1979. С. 10—18.
К.Р.Хромчанка.
т. 2, с. 414
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ КЛУБ у Маскве.
Існаваў з лют. 1922 да восені 1938 (?). Напачатку насіў імя С.Булата. Адкрыты па ініцыятыве студэнтаў-беларусаў, пераважна членаў Беларускай культ.-навук. асацыяцыі пры Пятроўскай с.-г. акадэміі, Галоўпалітасветы Наркамата асветы БССР і паўнамоцнага прадстаўніка БССР у РСФСР М.Марозава. З восені 1923 работай клуба кіравала Цэнтр. бюро Бел. пралетарскага студэнцкага зямляцтва. Меў бел. б-ку (1200 кніг). Пры клубе дзейнічалі маскоўскі філіял літ. аб’яднання «Маладняк», гурткі беларусазнаўства. Працаваў таксама літ. гурток (кіраўнік паэт М.Дуброўскі). У 1920-я г. клуб наведвалі Г.Гарэцкі, Ю.Гаўрук, У.Дубоўка, М.Міцкевіч; на пач. 1930-х г. — літаратары З.Астапенка, А.Звонак, М.Лужанін і інш.
т. 2, с. 446
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)