РА́МАЧНАЯ АНТЭ́НА,

накіраваная антэна ў выглядзе аднаго ці некалькіх плоскіх віткоў проваду, якія ўтвараюць рамку квадратнай, круглай або прамавугольнай формы. Перыметр рамкі, як правіла, значна меншы за даўжыню выпрамененай ці прынятай эл.-магн. хвалі. Максімум прынятага сігналу адпавядае выпадку, калі плоскасць рамкі ляжыць у напрамку на перадавальную станцыю. Выкарыстоўваецца ў радыёпеленгатарах, радыёкомпасах і інш.

т. 13, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАВІТО́К АНЬЕ́ЗІ,

плоская алгебраічная крывая 3-га парадку. Ураўненне ў прамавугольных каардынатах y = a3 x2 + a2 , дзе a — дыяметр утваральнай акружнасці з цэнтрам у пункце (0; a/2). Мае асімптоту — вось Ox; максімум дасягаецца ў пункце (0; a); плошча паміж крывой і асімптотай S = Πa​2. Назва ад прозвішча італьян. матэматыка М.​Аньезі, які вывучаў яе (1748).

т. 6, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Экстрэмум 4/334; 11/426, гл. Максімум і мінімум

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЛІ́НА СМЕ́РЦІ (Death Valley),

міжгорная бязводная ўпадзіна на ПдЗ ЗША (штат Каліфорнія), у пустыні Махаве. Даўж. з ПнЗ на ПдУ каля 250 км. Адна з найб. глыбокіх (85 м ніжэй узр. м.) і бязводных упадзін на Зямлі, самае нізкае месца Паўн. Амерыкі. Абс. максімум т-ры паветра 56,7 °C (самая высокая ў Зах. паўшар’і). Назва звязана з золаташукальнікамі, якія загінулі тут у 1849 ад недахопу вады. Нацыянальны помнік прыроды (1933).

т. 6, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРСЕІ́ДЫ,

адзін з самых яркіх метэорных патокаў. Радыянт знаходзіцца ў сузор’і Персея (адсюль назва). Назіраюцца штогод з 15 ліп. да 26 жн. (максімум 12 жн.). Вядомы з 830. Утвараюцца з прычыны выкідаў рэчыва з каметы 109P/Свіфта—Тутля. Да 1979 давалі ў максімуме 70—80 метэораў за гадзіну, у 1990-я г. рэгістравалася да 1000 метэораў за гадзіну. П. — першы метэорны паток, для якога выяўлена сувязь з каметай (італьян. астраном Дж.​Скіяпарэлі, 1866).

т. 12, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗАНАСФЕ́РА (ад грэч. ozo пахну + сфера),

азонавы экран, слой у межах стратасферы з павышанай канцэнтрацыяй азону (на выш. 20—25 км у 10 разоў большая, чым каля паверхні Зямлі). Затрымлівае асн. ч. пагібельнага для ўсяго жывога касм. выпрамянення. Максімум азону ў азанасферы прыпадае на вясну, мінімум — на восень. З сярэдзіны 1980-х г. над Антарктыдай было зафіксавана перыяд. знікненне азону (азонавая дзірка), зменшылася яго колькасць і над іншымі тэрыторыямі. Мяркуюць, што ўзнікненне і пашырэнне азонавых дзірак тлумачыцца ўздзеяннем на азанасферу выкідаў у атмасферу хлорфторвугляродаў (фрэонаў).

т. 1, с. 151

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕГХАЛА́Я,

штат на ПнУ Індыі. На Пд мяжуе з Бангладэш. Пл. 22,5 тыс. км². Нас. каля 2 млн. чал. (1997), пераважна народнасці кхасі, джантыя, гара і інш. Адм. ц. — г. Шылонг. У рэльефе пераважаюць узгоркі і нізкагор’і (масіў Шылонг выш. да 1961 м). Клімат трапічны, мусонны. Ападкаў месцамі больш за 10 000 мм за год, у Чэрапунджы каля 12 000 мм (сусветны максімум). Натуральная расліннасць — трапічныя лясы і хмызнякі. Большая ч. насельніцтва вядзе ляднае земляробства. Вырошчваюць рыс, кукурузу, проса, бульбу. Садоўніцтва (апельсіны). Шаўкаводства. Лесанарыхтоўкі. Невял. здабыча вугалю.

т. 10, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗО́РСКІ АНТЫЦЫКЛО́Н, Азорскі максімум,

субтрапічная вобласць высокага атм. ціску над Атлантычным ак. з цэнтрам каля Азорскіх а-воў. Праяўляецца перавагай антыцыкланічнай дзейнасці на працягу ўсяго года, асабліва добра выражаны летам (у ліп. ціск больш за 1025 Па). Прыкметна ўплывае на клімат Паўд. Еўропы і Паўн. Афрыкі, утварае летам адгалінаванне ў напрамку Міжземнага м., зімой у напрамку Сахары. На надвор’е Беларусі ўплываюць паўн.-ўсх. перыферыя або адасобленыя «ядры» азорскага антыцыклону: устанаўліваецца сухое і сонечнае надвор’е з высокімі т-рамі паветра (зімой часам да 8 °C і больш, летам да 25—30 °C і вышэй).

т. 1, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАЎНАВА́ГА ТЭРМАДЫНАМІ́ЧНАЯ,

стан тэрмадынамічнай сістэмы, у які яна самаадвольна пераходзіць, калі знаходзіцца ў пастаянных знешніх умовах ці з’яўляецца замкнутай. Працэс такога пераходу наз. рэлаксацыяй.

Пры Р.т. спыняюцца неабарачальныя працэсы (напр., дыфузія, цеплаправоднасць, тэрмадыфузія). Неабходныя ўмовы Р.т. — роўнасць ва ўсіх пунктах сістэмы тэмпературы, ціску, хімічных патэнцыялаў для кожнай яе кампаненты і інш. Гэтыя параметры могуць мець у невялікіх аб’ёмах малыя ваганні адносна сваіх сярэдніх значэнняў (флуктуацыі). Дастатковая ўмова Р.т. — экстрэмум аднаго з патэнцыялаў тэрмадынамічных. Напр., у ізаляванай сістэме (мае фіксаваныя энергію і аб’ём) Р.т. адпавядае максімум энтрапіі, у сістэме з фіксаванымі т-рай і аб’ёмам — мінімум свабоднай энергіі.

т. 13, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́НА ЗАКО́Н ВЫПРАМЯНЕ́ННЯ,

закон размеркавання энергіі ў спектры абсалютна чорнага цела. Тэарэтычна выведзены В.Вінам. Паводле Віна закона выпрамянення шчыльнасць энергіі выпрамянення Uν, адпаведная частаце ν, выражаецца формулай: Uν = ν3 𝑓( ν/T ) , дзе f — некат. функцыя адносін ν/T, T — абс. т-ра. З Віна закона выпрамянення вынікае т.зв. закон зрушэння Віна, паводле яго даўж. хвалі λmax, на якую прыпадае максімум энергіі ў спектры выпрамянення абс. чорнага цела, адваротна прапарцыянальная яго абс. т-ры: λmaxT=b, дзе b=2,897∙10−3 м. K — пастаянная Віна. Віна закона выпрамянення — гранічны выпадак Планка закону выпрамянення для вял. частот (малых даўжынь хваль).

т. 4, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)