ВАНКУ́ВЕР ((Vancouver) Джордж) (22.6.1757, г. Кінгс-Лін, Вялікабрытанія — 10.5.1798),
англійскі мараплавец. Удзельнік 2-га (1772—75) і 3-га (1776—80) плаванняў Дж.Кука. У 1791—94 здзейсніў кругасветнае плаванне з заходам у зал. Аляска. Даследаваў адкрытыя Кукам Гавайскія а-вы і Ціхаакіянскае ўзбярэжжа Паўн. Амерыкі паміж п-вамі Кенай і Каліфорнія. Разам з Х.Бадэга-і-Куадра (кіраўнік ісп. экспедыцыі) адкрыў і даследаваў востраў (пазней названы імем Ванкувера) з прылеглымі астравамі і пралівы, што іх аддзяляюць, прадоўжыў даследаванне архіпелагаў Каралевы Шарлоты, Аляксандра і інш. астравоў. Яго імем названы гарады ў Канадзе і ЗША.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУТАЛІ́ЗМ (ад англ. brutal грубы),
неабруталізм, кірунак архітэктуры, прадстаўнікі якога імкнуцца максімальна выявіць архітэктоніку простых і грубых арх. масаў. Узнік у 1950-я г. ў Вялікабрытаніі (арх. А. і П.Смітсаны), пашырыўся ў Зах. Еўропе, ЗША і Японіі. Праграмнае для бруталізму — адмаўленне ад дэкар. прыёмаў, якія хаваюць натуральную фактуру жалезабетону, цэглы, сталі, шкла і інш. матэрыялаў. Сярод найб. вядомых пабудоў гэтага кірунку: школа ў Ханстэнтане (1949—54) і будынак рэдакцыі час. «Эканаміст» у Лондане (1964, арх. абодвух Смітсаны), ін-т Марчалонджы ў Мілане (1959, арх. В.Вігано), жылы комплекс Парк-Хіл у Шэфілдзе (1955—61, арх. Дж.Лін, А.Сміт і інш.), лабараторыі А.Н.Рычардса Пенсільванскага ун-та ў Філадэльфіі (1957—61, арх. Л.Кан).
Літ.:
Бэнем Р. Новый брутализм: Этика ил эстетика?: Пер. с англ.М., 1973.
Да арт.Бруталізм. Медыцынскія даследчыя лабараторыі Пенсільванскага універсітэта ў Філадэльфіі. Арх. Л.Кан. 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНІТО́БА (Manitoba),
правінцыя ў цэнтры Канады, на Пд мяжуе з ЗША. Пл. 650,1 тыс.км². Нас. 1,2 млн.чал. (1994). Адм. цэнтр — г.Вініпег. Гар. насельніцтва каля 70%. Найб. гарады: Брандан, Томпсан, Лін-Лейк, Гранд-Рапідс. На ПнУ размешчана плоская забалочаная нізіна, у цэнтры і на Пн — Лаўрэнційскае ўзв., на Пд — Манітобская нізіна. Клімат кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. -20 °C, ліп. 18 °C, ападкаў да 650 мм за год. Густая рачная сетка. Найб. рэкі: Нельсан, Чэрчыл, Хейс. Шмат азёр, у т. л. Вініпег, Манітоба, Вініпегосіс. На Пн тундравая расліннасць, якая змяняецца хваёвымі і стэпавымі ландшафтамі. Прам-сць: перапрацоўка с.-г. прадукцыі, у т. л. мясакансервавая, мукамольная, малочная, маслабойная; здабыча і абагачэнне нікелева-медных руд, дрэваапрацоўка. Развіты нафтахім., хім., маш.-буд., металаапрацоўка, паліграф., швейная прам-сць. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні збожжавых (пшаніца, авёс, ячмень, жыта), тэхн. культур (лён, рапс, сланечнік). Мяса-малочная жывёлагадоўля. Птушкагадоўля. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. Порт Чэрчыл (вываз збожжа). Турызм.