ПРАСКУ́РЫН Пётр Лукіч (22.1.1928, пас. Косіцы Сеўскага р-на Бранскай вобл., Расія—26.10.2001),

рускі пісьменнік. Герой Сац. Працы (1988). Скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1964). Друкаваўся з 1958. Першая кніга — зб. апавяд. «Таежная песня» (1960). У філас. трылогіі «Лёс» (1972, Дзярж. прэмія Расіі, 1974; паводле рамана кінадылогія «Каханне зямное», 1974, і «Лёс», 1977), «Імя тваё» (1977), «Адрачэнне» (кн. 1—2, 1989—90) лёс рус. народа на трагічных пераломах гісторыі, непадзельнасць лёсу асобнага чалавека з лёсам краіны. Раман «Камень сердалік» (1968) і аповесць «Чорныя птушкі» (1981) пра творчую інтэлігенцыю. Падзеі Вял. Айч. вайны ў раманах «Глыбокія раны» (1960), «Зыход» (1966). Раманы «Карані агаляюцца ў буру» (1961), «Горкія травы» (1964) пра пасляваен. жыццё. Аўтар рамана «Сёмая варта» (1995), зб-каў аповесцей і апавяд. «Цана хлеба» (1961), «Каханне чалавечае» (1965), «Шостая ноч» (1970), вершаў, кінасцэнарыяў і інш. Прозе П. ўласцівы псіхалагізм, драматызм сітуацый, маштабнасць ахопу падзей. Раманы «Горкія травы», «Імя тваё» інсцэніраваны. Дзярж. прэмія СССР 1979.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—5. М., 1981—83;

Порог любви: Повесть встреч и дорог. М., 1987;

Лики земли. М., 1990.

Літ.:

Шагалов А. Петр Проскурин. М., 1979;

Чалмаев В. Сотворение судьбы: Творческий путь П.​Проскурина. М., 1983;

Майданюк П., Ольвовский П. Жанр романа в творчестве П.​Проскурина и В.​Шукшина. Ташкент, 1988.

П.Праскурын.

т. 13, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХАНЫНІ́М,

у карэйскай рэлігіі і міфалогіі вышэйшае бажаство, якое прыносіць шчасце людзям і ўплывае на іх лёс. Лічылася таксама, што ад яго капрызаў залежаў ураджай. Карэйцы-хрысціяне пераносяць імя Х. на Ісуса Хрыста.

т. 16, с. 540

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКАРО́Н (Scarron) Поль (4.7.1610, Парыж — 7.10.1660),

французскі пісьменнік. Аўтар бурлескных сатыр. пасланняў і санетаў, трагікамедый «Саламанкскі шкаляр» (1655), «Дон Яфет Армянскі» (паст. 1646), камедый «Жадле, або Спадар-слуга» (паст. 1645), «Тры Даратэі, або Аганьбаваны Жадле» (1646), зб. «Трагікамічныя навелы» (выд. 1661), быта- і нораваапісальнага «Камічнага рамана» (ч. 1—2, 1651—57, ч. 3 завершана А. д’Арфэ ў 1678) пра лёс дэкласаванага маладога чалавека Дэстэна (у пер. з франц. «лёс»), што змагаецца за права на шчасце, каханне, волю. Заснавальнік традыцыі травесційнай іроікамічнай паэмы («Тыфон, або Гігантамахія», 1644; «Вергілій навыварат», 1648—52), якая парадзіруе гераічны эпас і сатырычна выкрывае прыдворную арыстакратыю. Паэма «Вергілій навыварат» паклала пачатак традыцыі травесціравання Вергілія ў еўрап. л-ры, у гэтым шэрагу і бел. паэмы «Тарас на Парнасе» і «Энеіда навыварат».

Тв.:

Рус. пер. — Комедии. М., 1964;

[Стихи] // Европейская поэзия XVII в. М., 1977.

Г.​В.​Сініла.

т. 14, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАВАНІ́ЎСКІ Сава Яўсеевіч (29.5.1910, г. Кіраваград, Украіна — 2.5.1989),

украінскі пісьменнік. У 1927—30 вучыўся ў Адэскім і Харкаўскім с.-г. ін-тах. Друкаваўся з 1927. У паэт. зб-ках (больш за 30) «Рапартую!» (1931), «Блізкае і далёкае» (1948), «Сіняя птушка» (1980), «Вечны агонь» (1986) і інш. рамантычна-ўзнёсла апаэтызаваў рэчаіснасць, хараство бацькоўскай зямлі, лёс свайго пакалення. Аўтар п’ес «Лёс паэта» (1939), «Далёкае рэха» (1961), раманаў «Таполя на тым беразе» (1965), «Корсунь» (1972; пра героіку Вял. Айч. вайны) і інш. Уражанні ад паездак па Італіі, Германіі, Польшчы і Турцыі ў вершах і нарысах. Нарысы, артыкулы Галаваніўскага ў кн. «Паядынак» (1941), «Часопіс» (1968), «Мемарыял» (1987) і інш. На бел. мову творы Галаваніўскага перакладалі П.​Глебка, А.​Звонак, М.​Танк, М.​Калачынскі, Л.​Салавей, К.​Цітоў.

Тв.:

Твори. Т. 1—3. Київ, 1980—81;

Рус. пер. — Мост к людям: Размышления, воспоминания, рассказы. М., 1985.

В.​А.​Чабаненка.

т. 4, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІ́МАВІЦКІ СКАРБ,

буйнейшы скарб антычных манет на тэр. Беларусі. Знойдзены ў 1804 у г. Клімавічы. Схаваны ў 2 ст. н.э. Складаўся з 1815 сестэрцыяў і дэнарыяў «першых рымскіх імператараў». Скарб здадзены ў Прыдворнае казначэйства (Пецярбург), 8.12.1804 перададзены ў Эрмітаж, адтуль 17 снеж. вернуты ў казначэйства Далейшы лёс невядомы.

т. 8, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛО́Ў Васіль Іванавіч (н. 23.10.1932, в. Цімоніха Харкаўскага р-на Валагодскай вобл., Расія),

рускі пісьменнік. Скончыў Літ. ін-т імя Горкага ў Маскве (1964). Друкуецца з 1956. Прадстаўнік т.зв. «вясковай прозы», у якой — рус. нац. характар, гіст. лёс сялянства. Першая кніга — зб. вершаў і паэм «Вёсачка мая лясная» (1961). У кнігах прозы «Спякотнае лета» (1963), «Рачныя лукавіцы» (1964), «Звыклая справа» (1966), «Цяслярскія апавяданні» (1968) і інш. — мастацкае даследаванне нар. характараў, побыт, звычаі, традыцыі і перспектывы паўн. рус. вёскі. У раманах «Пярэдадзень» (ч. 1—2, 1972—76), «Усё наперадзе» (1987), «Год вялікага пералому» (1991) — хроніка жыцця вёскі 1920-х г., супрацьпастаўленне абшчыннага і урбаністычнага тыпаў мыслення, лёс сучасных «неперспектыўных» вёсак. Аўтар гумарыстычных мініяцюр (кн. «Бухціны валагодскія», 1969), п’ес, артыкулаў, нарысаў (кн. «Лад», 198.2) і інш. Дзярж. прэмія СССР 1981, Літ. прэмія імя Л.​Талстога 1992.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. М., 1991—93.

Літ.:

Селезнёв Ю.В. В.​Белов: Раздумья о творческой судьбе писателя. М., 1983.

С.​Ф.​Кузьміна.

т. 3, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯНУШКЕ́ВІЧ Фелікс Язэпавіч (н. 30.5.1954, в Ракаў Валожынскага р-на Мінскай вобл.),

бел. жывапісец. Брат В.Я.Янушкевіча і Я.Я.Янушкевіча. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1978), творчыя майстэрні АМ СССР у Мінску (1984). Працуе ў розных жанрах станковага жывапісу. Сярод твораў: «Роздум. А.​Пашкевіч (Цётка)», «У вырай» (абодва 1976), «Натхненне. Максім Багдановіч» (1981), «Я.​Купала і Б.​Тарашкевіч. Лазенкі. Варшава, 1927 год» (1982), «А.​Свентарэцкі, В.​Дунін-Марцінкевіч і М.​Грушвіцкі на месцы збору інсургентаў Мінскага павета» (1983), «Сталь» (1984), «Паўстанне» (1992), «Тата, я запаліў святло», «Гэй славяне, гэй Улане (Партрэт бацькі)» (абодва 1993). Аўтар трыпціхаў «Кастусь Каліноўскі» (1978), «Лёс Рагнеды, або Сцяна Памяці» (1986); паліпціха «Слава Мікалаю Гусоўскаму» (1980); серый «Гульні дзяцей Беларусі» (1980), «Камунары Беларусі» (1983), «У партызанскім краі» (1984), «Дзе мой край?» (1985—86). Творы вызначаюцца глыбокім пранікненнем у сутнасць гіст. падзей, метафарычнасцю вобразнага ладу, эмацыянальнасцю колеравага вырашэння, кампазіцыйнай ураўнаважанасцю.

Л.​Ф.​Салавей.

Ф.Янушкевіч. Лёс Рагнеды, або Сцяна Памяці. Трыпціх. 1986.

т. 18, кн. 1, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАВІ́К Марыя Якаўлеўна (н. 22.2.1946, в. Праабражэнка Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. паэтэса. Скончыла БДУ (1978). Працуе ў Падсвільскай дзіцячай бібліятэцы. Друкуецца з 1965. У вершах гуманіст. пафас, задушэўнасць і даверлівасць інтанацый, трывожны клопат пра лёс народа і роднай прыроды (зб-кі «Поле долі», 1985; «Вір пяшчоты і журбы», 1995).

т. 2, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА,

у старажытнаегіпецкай міфалогіі адзін з элементаў чалавечай існасці або адна з душ чалавека. Першапачаткова — увасабленне жыццёвай сілы багоў і цароў і іх магутнасці. Пазнейшыя міфы прыпісваюць наяўнасць К. ўсім людзям. Гэта духоўнае «другое я» кожнага чалавека, якое нараджаецца разам з ім, прадвызначае яго лёс і застаецца пасля яго смерці.

т. 7, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ЙРЫ,

у старажытна-грэчаскай міфалогіі тры багіні лёсу, дочкі Зеўса і Феміды. Першая з іх — Клота прадзе нітку чалавечага жыцця, другая — Лахесіс вызначае лёс, трэцяя — Атропас (Немінучая) у вызначаны момант няўхільна абразае нітку, што азначае смерць чалавека. М. былі няўмольныя і непадуладныя нават багам. У стараж.-рым. міфалогіі ім адпавядалі Паркі.

т. 10, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)