НЕМАРА́ЛЬНАЯ РАСЛІ́ННАСЦЬ (ад лац. nemoralis лясны),

сукупнасць раслінных згуртаванняў, звязаных паходжаннем з шыракалістымі лясамі. Пашырана ў Цэнтр. Еўропе, сярэдняй паласе Усх. Еўропы, на Каўказе, Д. Усходзе, ва ўсх. ч. Паўн. Амерыкі.

Фларыстычны склад Н.р. сфарміраваўся ў трацічным перыядзе (каля 60 млн. г. назад) з лісцевых (бук, дуб, каштан, клён, ліпа, ляшчына, ясень і інш.) і хваёвых (метасеквоя і таксодыум) парод дрэў і травяністых мнагалетніх раслін (немаросаў), пераважна эфемероідаў (ветраніца, медуніца, падалешнік і інш.). У шырокім сэнсе Н.р. ахоплівае ўсе згуртаванні, што ўласцівы падзоне шыракалістых і часткова хваёва-шыракалістых лясоў. Змяняецца пад уплывам дзейнасці чалавека.

т. 11, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́СЫНКІ,

біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Мядзельскім р-не Мінскай вобл. Створаны ў 1991 з мэтай захавання унікальнага ландшафтнага комплексу Пд Бел. Паазер’я. Пл. 104 га. Размешчаны на тэр. нац. парка Нарачанскі, на беразе воз. Нарач. Займае крутыя схілы з драбналессем і сухадольнымі лугамі, дзе ў травастоі дамінуюць стэпавыя і лесастэпавыя віды: крынічнік шыракалісты, гарлянка жэнеўская, асака берагавая, суніцы зялёныя, драсён горны, скочкі атожылкавыя; трапляюцца цыбуля агародная, спаржа лекавая, крынічнік каласісты, танканог шызы і інш., а таксама занесеныя ў Чырв. кнігу гарычка крыжападобная, кураслеп лясны, першацвет вясновы, сон лугавы. З гасп.-каштоўных відаў раслін сустракаюцца ядловец, ляшчына, свідзіна, чаромха, шыпшына сабачая і інш.

П.​І.​Лабанок.

т. 12, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ДРЫ,

запаведнік у Малдове, на тэр. ўзв. Кодры. Засн. ў 1971 для захавання прыроднага комплексу шыракалістых лясоў. Пл. 5,1 тыс. га. Рэльеф — плато (выш. да 430 м), лагчыны, схілы. Ландшафт: лясны масіў (грабавыя і букавыя дубровы), крыніцы, ручаі. У флоры больш за 900 відаў. Звычайныя дубы скальны і чарэшчаты, бук, ясень, граб, ліпы серабрыстая і драбналістая, клён, груша, чарэшня; у падлеску — ляшчына, брызгліна, глог, кізіл і інш. Травяное покрыва з асок, сніткі, фіялак, чарамшы і г.д. У фауне звычайныя барсук, заяц, воўк, дзік, ліс. Акліматызаваны высакародны і плямісты алені, марал, лань. Каля 100 відаў птушак, у т. л. беркут, арол-магільнік, ястраб, курапатка. Рэдкія віды — лясная куніца, еўрапейскі дзікі коч, малы падворлік, арол-карлік, філін.

т. 8, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАДО́ВЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,

расліны, якія вырошчваюць для атрымання ядомых пладоў; аб’ект пладаводства. Вядома больш за 200 відаў з 26 сямействаў. Пераважна дрэвы і кусты, таксама травяністыя расліны і ліяны. Падзяляюцца на семечкавыя (яблыня, груша, рабіна, глог, ірга, айва, мушмула), костачкавыя (вішня, чарэшня, сліва, алыча, абрыкос, персік), ягадныя (суніцы, маліны, парэчкі, агрэст), арэхаплодныя (ляшчына, грэцкі арэх, міндаль, фісташка), субтрапічныя пладовыя (лімон, мандарын, грэйпфрут, апельсін, інжыр, гранат, хурма, масліна), трапічныя пладовыя (банан, манга, ананас, папайя).

На Беларусі асн. П.к. — яблыня, сліва, груша, алыча, вішня, маліны і інш. Плады П.к. (садавіну) выкарыстоўваюць у харч, фармакалагічнай і парфумернай прам-сці. Селекцыйная работа па інтэнсіфікацыі пладаводства вядзецца ў БелНДІ пладаводства з 1925; выведзена больш за 150 сартоў, раянаваных на Беларусі і ў інш. краінах.

М.​Р.​Мялік.

т. 12, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ЕЎСКАЕ ГЕАЛАГІ́ЧНАЕ АГАЛЕ́ННЕ,

помнік прыроды рэсп. значэння (з 1963). У парку г.п. Лоеў Гомельскай вобл., на правым беразе р. Дняпро, за 300 м ніжэй ад вусця р. Сож. Уключае адклады муравінскага міжледавікоўя і папярэдняга позналедавікоўя — лоеўскага міжстадыяла. Магутнасць азёрна-старычных адкладаў (торф, суглінкі, супескі) да 5,3 м, залягаюць яны ў паніжэнні паверхні дняпроўскай марэны і перакрываюцца супескамі і суглінкамі паазерскага часу. Па пылку, спорах, пладах, насенні, насякомых вызначана 111 відаў дрэў, хмызнякоў, травяністых раслін (бяроза, елка сібірская, ляшчына, бразенія, альдраванда, кальдэзія, чарот і інш.), 6 відаў жукоў, якія далі магчымасць высветліць паслядоўнасць змен клімату і расліннасці міжледавікоўя. Л.г.а. з’яўляецца апорным разрэзам антрапагенных адкладаў на Беларусі (на іх вывучаны лоеўскі міжстадыял у позналедавіковых адкладах дняпроўскага зледзянення) і эталонам у стратыграфіі антрапагенных адкладаў.

Г.​І.​Літвінюк.

т. 9, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЙМАВЫЯ ЛЯСЫ́,

лясы ў поймах рэк, якія перыядычна затапляюцца ў час веснавога разводдзя і пры разлівах ад дажджоў у летне-асенні перыяд. Склад і структура П.л. вызначаюцца геамарфал. і экалагічнымі ўмовамі розных ч. рачной поймы: працягласцю і вышынёй затаплення, амплітудай вагання і ступенню праточнасці грунтавых вод, саставам алювіяльных адкладаў. У П.л. пашыраны ўстойлівыя да затаплення віды раслін: дуб звычайны, вольха чорная, ясень звычайны, радзей бярозы павіслая і пушыстая, асіна, вяз гладкі, бераст, некат. віды вербаў, свідзіна крывава-чырвоная, брызгліна еўрапейская, крушына ломкая, парэчкі чорныя, ажыны. На павышаных участках з непрацяглым затапленнем растуць ляшчына і снітка. У далінах старых пойм, дзе адсутнічае затапленне, трапляюцца пазапоймавыя расліны: граб, клён, ліпа, рабіна, маліны, чарніцы, кісліца, арляк. Масівы П.л. пашыраны ў поймах рэк Дняпро, Нёман, Бярэзіна, Пціч, Сож, найлепш захаваліся ў пойме р. Прыпяць і ў нізоўях яе прытокаў. П.л. маюць важнае вода- і глебаахоўнае значэнне.

В.​С.​Гельтман.

т. 12, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАСАВІ́К (назва ад слова краскі, кветкі),

бел. назва 4-га месяца каляндарнага года (30 дзён), сярэдзіна вясны. 15 К. працягласць дня ў Мінску 14 гадз 01 мін, выш. Сонца над гарызонтам у поўдзень 45,8°. Сярэдняя сума сонечнай радыяцыі за месяц 393 МДж/м², радыяцыйны баланс 193 МДж/м². На тэр. Беларусі сярэднямесячная т-ра паветра 5,8 °C (4,5 °C на Пн, 7,5 °C на ПдЗ). Ападкаў 40—47 мм, колькасць дзён з ападкамі 12—14. Азёры ачышчаюцца ад лёду, на вял. рэках працягваецца разводдзе. У К. поўнасцю адтайваюць глебы, пачынаецца бурнае развіццё прыроды. Цвітуць шэрая вольха, ляшчына, вярба, таполя, асіна, бяроза, пралеска, медуніца. Узнаўляецца вегетацыя азімых, канюшыны. Пачынаецца выпас жывёлы. У садах вядуць барацьбу са шкоднікамі, садзяць дрэвы і кусты, уносяць угнаенні, сеюць раннія яравыя культуры. Вяртаюцца з выраю амаль усе птушкі, большасць робіць гнёзды і кладзе яйцы. Пачынаецца ацёл у ласіх і казуль. Нерастуюць шчупак, акунь, язь.

т. 8, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДЛЕ́САК,

кусты, радзей дрэвы, якія растуць пад полагам лесу i, у адрозненне ад падросту, не ўтвараюць дрэвастою; асобны ярус лясной расліннасці. Кампанент лясных біягеацэнозаў, які ўзбагачае іх відавую разнастайнасць, паляпшае біял. ўстойлівасць насаджэнняў, аслабляе эрозію і павялічвае ўрадлівасць глебы. Садзейнічае працэсу аднаўлення лесу, з’яўляецца ахоўным полагам і падгонам для падросту лясных культур. Утвараецца пераважна ценевынослівымі пародамі. Для шыракалістых і шыракаліста-хвойных лясоў характэрны П. з ляшчыны, брызгліны бародаўчатай і еўрапейскай, воўчага лыка; для хвойных — з ядлоўцу, жаўтазеляў фарбавальнага і германскага, зяноўцу рускага, рабіны, крушыны; для чорнаальховых — з парэчак чорных і чырв., вербаў казінай, попельнай, вушастай, пяцітычынкавай; для поймавых лясоў — са свідзіны, ажыны, каліны. У дрэнных умовах росту П. могуць утвараць граб, ліпа, дуб, вяз і інш. Многія віды — харч. (ляшчына, парэчкі, маліны, буякі, ажына) і лек. (рабіна, крушына, ядловец, маліны, каліна і інш.) расліны; некат. выкарыстоўваюцца як тэхн. сыравіна, служаць кормам для дзікіх капытных (вербы, свідзіна, рабіна). На Беларусі ў склад П. ўваходзяць каля 30 відаў раслін.

т. 11, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖАЗЁРНЫ,

ландшафтны заказнік рэсп. значэння на тэр. Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. Створаны ў 1977 (воз. Воласа ўключана ў заказнік у 1986) з мэтай захавання прыроднага комплексу Бел. Паазер’я і воз. Воласа з рэліктавымі відамі ракападобных. Пл. 982 га. З 1995 у складзе нац. парку Браслаўскія азёры.

Займае цэнтр. ч. перашыйка паміж азёрамі Снуды, Воласа Паўн. і Воласа Паўд. Рэльеф з озавых, камавых і марэнных град і ўзгоркаў укрыты хваёвым лесам, растуць таксама бяроза, дуб, елка, у падлеску — брызгліна, ляшчына, рабіна, ядловец. Больш за 420 відаў вышэйшых сасудзістых раслін. У басейнах азёр расце хвошч стракаты, занесены ў Чырв. кнігу. Водная расліннасць займае каля 40% плошчы азёр, у асноўным харавыя водарасці да глыб. 7,5 м, прымешваюцца макрафіты — трыснёг, чарот, рдзест, эладэя канадская, рагаліснік, разак. У фітапланктоне 44 віды водарасцяў, у зоапланктоне 69 відаў жывёл, у заабентасе 24 віды. У іхтыяфауне 20 відаў рыб, у т. л. сняток, рапушка, шчупак, лешч, лінь, акунь і інш. 4 рэліктавыя віды ракападобных: лімнакалянус, понтапарэя, бакаплаў Паласа, мізіда, а таксама рак шыракапальцы, занесеныя ў Чырв. кнігу Беларусі.

П.​І.​Лабанок.

т. 10, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫ́ПЯЦКІ,

нацыянальны парк у Жыткавіцкім, Петрыкаўскім і Лельчыцкім р-нах Гомельскай вобл. Створаны ў 1996 з мэтай захавання і ўзнаўлення унікальных прыродных комплексаў Палесся, развіцця вытв.-гасп. базы рэгіёна, арганізацыі турызму і адпачынку насельніцтва. Пл. 82,4 тыс. га, у т. л. запаведная 29,2 тыс. га.

У склад парку ўвайшлі тэр. Прыпяцкага ландшафтна-гідралагічнага запаведніка і ўчастак р. Прыпяць з пойменнымі і прыпоймавымі землямі левабярэжжа. Займае ч. Палескай нізіны. Рэльеф раўнінны са шматлікімі паніжэннямі і эолавымі ўтварэннямі. Поймавыя і лесабалотныя комплексы складаюць 95% тэр. парку. Поймавыя (пераважна дробназлакавыя) лугі. Нізінныя, пераходныя і вярховыя балоты (у правабярэжнай ч. парку буйнейшы ў Еўропе масіў балот пераходнага і вярховага тыпаў). Расліннасць Палеска-Прыдняпроўскай геабат. акругі, падзоны шыракаліста-хваёвых лясоў. Лясы займаюць 70% тэр., уключаюць 25 відаў дрэвавых і 33 кустовых парод. Хвойныя, шыракалістыя, драбналістыя вытворныя, лісцевыя карэнныя балотныя і поймавыя лясы з хвоі, бярозы пушыстай і павіслай, дуба, вольхі чорнай, ясеня, асіны, граба, елкі (астраўныя мікрапапуляцыі і прымесь у мяшаных насаджэннях). Сярэдні ўзрост лясоў 70 гадоў. У падлеску ляшчына, рабіна, крушына ломкая, свідзіна, чаромха, вярба, парэчкі. Унікальныя поймавыя дубровы (сярэдні ўзрост перавышае 200 гадоў) і зараснікі вярбы (узрост асобных дрэў больш за 100 гадоў). У флоры 827 відаў вышэйшых раслін, 196 імхоў, 184 лішайнікаў, 321 водарасцей, каля 1000 відаў грыбоў. Зубніца клубняносная, купальнік горны, лілея кучаравая, касач сібірскі, сліва калючая, гарлачык белы, сальвінія плывучая і інш. занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. У фауне 50 відаў млекакормячых, 246 птушак, 7 рэптылій, 11 амфібій, 36 рыб, больш за 2 тыс. насякомых. Звычайныя дзік, лось, казуля, бабёр, воўк, ліс, заяц-русак, куніцы звычайная і каменная, выдра, вавёрка, глушэц, цецярук, перапёлка, курапатка шэрая, вадаплаўныя птушкі і інш. Зубр, рысь, барсук, некалькі відаў лятучых мышэй, беркут, скапа, арлан-белахвост, пугач, сыч дамавы, бусел чорны, журавель шэры, гальштучнік, кулік-сарока, бугаі малы і вялікі, марадунка, чайка і крачка малыя, чарапаха балотная і інш. занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. У П. створаны 2 вольнажывучыя статкі зуброў (завезены ў 1987 і 2000 з Белавежскай пушчы), у якім налічваецца больш за 40 жывёл. Адм. цэнтр П. ў г.п. Тураў.

А.​А.​Галдзянкоў.

т. 13, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)