ДАМЕНІКІ́НА [Domenichino; сапр. Цамп’еры

(Zampieri) Даменіка; 21.10.1581, г. Балоння, Італія — 6.4.1641),

італьянскі жывапісец-акадэміст, прадстаўнік балонскай школы жывапісу. Вучыўся ў Балонні ў Л.Карачы. З 1602 працаваў пераважна ў Рыме. Творам Д. (фрэскі ў рымскіх цэрквах Сан-Луіджы дэі Франчэзі, 1616—17, і Сант-Андрэа дэла Вале, 1624—28; карціны «Апошняе прычасце св. Іераніма», 1614, «Паляванне Дыяны», 1617—18) уласцівы цэльная кампазіцыя, выразны ідэалізаваны малюнак, стракаты лакальны каларыт.

Даменікіна. Паляванне Дыяны. Фрагмент. 1617—18.

т. 6, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛЬВА́НІ (Galvani) Луіджы

(9.9.1737, г. Балоння, Італія — 4.12.1798),

італьянскі фізік і фізіёлаг, заснавальнік эксперым. электрафізіялогіі, адзін з заснавальнікаў навукі пра электрычнасць. Скончыў Балонскі ун-т (1759). З 1763 праф. анатоміі, потым медыцыны ў Балонскім ун-це. У «Трактаце пра сілы электрычнасці пры мускульным руху» (1791) апісаў з’яву электрызацыі пры кантакце разнародных металаў. Гэта дало магчымасць А.Вольта стварыць гальванічны элемент. Эксперыментальна даказаў наяўнасць электрычных з’яў у жывёльных тканках (1794).

Літ.:

Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 190—194.

т. 4, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЛАПІ́КАЛА (Dallapiccola) Луіджы

(3.2.1904, г. Пазін, Славенія — 17.2.1975),

італьян. кампазітар, піяніст, педагог. Чл. Міжнароднага музычнага савета. Скончыў кансерваторыю ў Фларэнцыі (клас фп., 1924; кампазіцыі, 1931), у 1934—67 выкладаў у ёй (прафесар), а таксама ў ЗША (1951—57), на летніх курсах Моцартэума ў Зальцбургу (1963—64). З 1930 канцэртаваў. У пач. творчасці схіляўся да італьян. неакласіцызму, потым выкарыстоўваў дадэкафонію, серыйную тэхніку, не адмаўляючыся ад дыятонікі і напеўнай мелодыкі. У многіх творах выяўляў свабодалюбныя памкненні асобы, пратэст супраць насілля (оперы «Начны палёт», 1940, «Вязень», 1948, «Уліс», 1968; кантата «Песні вязняў», 1941). З інш. твораў: балет «Марсій» (паст. 1948), містэрыя «Іоў» (1950), кантаты, хары, інстр. канцэрты.

т. 6, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)