ВЕЛЬШТЭР’Е́Р,

парода паляўнічых норных сабак. Выведзена ў 19 ст. ў Вялікабрытаніі (Уэльс) для палявання на лісоў і трусоў. На Беларусі іх невялікая колькасць. Выкарыстоўваюць пры здабычы баброў, выдраў, норак, янотападобных сабак, а таксама пры паляванні на лася, дзіка.

Сабакі моцнай канстытуцыі, тэмпераментныя, рухавыя, вынослівыя, непатрабавальныя да догляду. Лёгка дрэсіруюцца. Выш. ў карку да 40 см, сярэдняя маса цела 9,5 кг. Масць рыжая з чорным чапраком, які не павінны спускацца ніжэй скакальных суставаў, або чорная з сівізной. Лоб плоскі, сківіцы моцныя, морда падоўжаная, на галаве шчацінне (асн. тып шэрсці пароды) утварае вусы і бараду. Характэрны алюр — галоп.

Э.​Р.​Самусенка.

Вельштэр’ер.

т. 4, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАМАНЬЁНЕЦ, неаантрап,

чалавек сучаснага тыпу (Homo sapiens), які з’явіўся на Зямлі 50—40 тыс. г. назад. Назва ад грота Кро-Маньён (Францыя), дзе ў 1868 франц. археолаг Э.​Лартэ знайшоў 5 чалавечых шкілетаў разам з крамянёвымі прыладамі працы арыньякскага тыпу. Асн. рысы К.: прамы высокі лоб, высокае скляпенне і вял. ёмістасць чэрапа, шырокі твар, малая адлегласць паміж вачамі і высокі рост. З самага ранняга перыяду свайго існавання К. па марфалагічным тыпе падзяляліся на некалькі расавых варыянтаў. Ад сучасных людзей К. адрозніваюцца толькі больш масіўным шкілетам.

Л.​І.​Цягака.

Выява краманьёнца Рэканструкцыя Мак-Грэгара па чэрапе з грота Кро-Маньён, Францыя.

т. 8, с. 446

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНА́НТРАП (ад позналац. Sina Кітай + грэч. anlhrōpos чалавек),

прадстаўнік найстаражытнейшых выкапнёвых людзей (гл. Архантрапы), рэшткі касцей якога знойдзены ў 1927 у кар’еры Чжаўкаўдзянь (45 км на ПнЗ ад г. Пекін). У параўнанні з пітэкантрапам С. меў больш высокія лоб і скляпенне чэрапа (аб’ём 1040 см³). У 1933 выкапнёвыя рэшткі чалавека і 3 чарапы, якія добра захаваліся, выяўлены ў т.зв. Верхняй пячоры. Побач знойдзены ўпрыгожанні са свідраваных зубоў жывёл, ракавін і каменю. Гэтыя рэшткі належаць чалавеку сучаснага тыпу. У 1963 у пав. Ланцьян (правінцыя Шэньсі) знойдзена ніжняя сківіца, паводле якой вылучаюць больш стараж. від С. — ланцьянскі. Узрост большасці знаходак 460—230 тыс. гадоў.

Сінантрап. Рэканструкцыя.

т. 14, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІМУЗІ́НСКАЯ ПАРО́ДА буйной рагатай жывёлы, парода мяснога кірунку. Выведзена ў Францыі ў канцы 19 ст. шляхам паляпшэння аквітанскай жывёлы (правінцыя Лімузен). На Беларусі вытворнікаў гэтай пароды выкарыстоўваюць на племзаводзе «Прыазёрны» Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.

Выш. быкоў у карку да 138 см, маса да 1150 кг, кароў адпаведна да 128 см і 640 кг. Будова цела моцная. Галава кароткая, лоб шырокі, рогі тонкія, закругленыя. Шыя кароткая, тоўстая, грудзі шырокія. Спіна шырокая, роўная. Ногі сярэдняй даўжыні, моцныя. Масць чырв. з адценнямі ад залаціста-рыжай да чырвона-бурай. Малочнасць кароў да 1800 кг з 5% тлушчу. Гадавалыя бычкі могуць дасягаць масы 450—500 кг. Мяса з унутрымускульным тлушчам.

Бык лімузінскай пароды.

т. 9, с. 262

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЖАВА́ЛЬСКІ (Мікалай Міхайлавіч) (12.4.1839, в. Кімбарава Пачынкаўскага р-на Смаленскай вобл., Расія — 1.11.1888),

расійскі географ, падарожнік, натураліст, даследчык Цэнтр. Азіі. Са старадаўняга роду Пржавальскіх, якія атрымалі шляхецкае званне і землі ў Віцебскім ваяв. ВКЛ у канцы 16 ст. Ген.-маёр. (1886). Ганаровы чл. Пецярбургскай АН (1878) і Рус. геагр. т-ва (1880), многіх рас. і замежных т-ваў. Скончыў Акадэмію Генштаба ў Пецярбургу (1863). Кіраўнік экспедыцыі ва Усурыйскі край (1867—69), 4 экспедыцый ў Цэнтр. Азію: Мангольскую (1870—73), Лабнорскую і Джунгарскую (1876—77), першую (1879—80) і другую (1883—85) Тыбецкія. У час экспедыцый пройдзена больш за 30 тыс. км і праведзена здымка гэтай тэрыторыі. П. даследаваў і апісаў прыроду Цэнтр. Азіі, адкрыў некалькі хрыбтоў і катлавін у Куньлуні, Наньшані і Тыбецкім нагор’і, удакладніў паўн. межы нагор’я, даследаваў вярхоўі рэк Хуанхэ і Янцзы, азёры Лабнор і Кукунор, палажыў пачатак вывучэнню клімату, сабраў багатыя калекцыі флоры і фауны, апісаў шэраг невядомых жывёл (у т. л. каня П., дзікага вярблюда, мядзведзя-пішчухаеда і інш.), сабраў звесткі па этнаграфіі. У 1891 Рускае геагр. т-ва ўстанавіла сярэбраны медаль і прэмію імя П., у 1946 Геагр. т-ва СССР — залаты медаль імя П. У яго гонар названы горад (Каракол), сяло ў Смаленскай, вобл., горны хрыбет у сістэме Куньлуня, ледавік на Алтаі, мыс на в-ве Ітуруп (Курыльскія а-вы), некат. віды жывёл і раслін, апісаныя ім.

Тв.:

Монголия и страна тангутов: Трехлетнее путешествие в Восточной нагорной Азии. М., 1946;

От Кульджи за Тянь-Шань и на Лоб-нор. М., 1947;

От Кяхты на истоки Желтой реки: Исслед. северной окраины Тибета и путь через Лоб-нор по бассейну Тарима. М., 1948.

І.​Ф.​Пржавальскі, В.​А.​Ярмоленка.

М.М.Пржавальскі.

т. 13, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎСТРАЛАПІТЭ́К (ад лац. australis паўднёвы + грэч. pithēkos малпа),

найбольш прымітыўны від чалавека, першы прадстаўнік сям. гамінідаў. З’явіўся ў Афрыцы каля 5—4 млн. г. назад. Аўстралапітэкі мелі невял. рост (120—130 см), вагу (да 40 кг) і аб’ём галаўнога мозга (435—600 см³), масіўныя сківіцы, моцна выражаныя надброўныя дугі, пакаты лоб, падбародак адсутнічаў. Хадзілі на дзвюх нагах, былі здольныя вырабляць найпрасцейшыя каменныя прылады. Унутры віду аўстралапітэкаў вылучаюць падвіды: аўстралапітэк з Афара (australis afarensis), аўстралапітэк афрыканскі (australis afrikanus), аўстралапітэк масіўны (australis robustus, іншая назва парантрап), аўстралапітэк Бойса (australis boisei, іншая назва зінджантрап). Некаторыя вучоныя адносяць да аўстралапітэкаў і чалавека ўмелага (Homo habilis) — першага прадстаўніка роду Homo, які, верагодна, паходзіў ад аўстралапітэка з Афара ці афрыканскага.

Л.​І.​Цягака.

Аўстралапітэк афрыканскі. Рэканструкцыя. Мастак З.​Бурыян.

т. 2, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАРА́НКА, малінаўка (Erithacus rubecula),

птушка сям. драздовых атр. вераб’інападобных. Пашырана ў Еўропе, Паўн.-Зах. Афрыцы, М. Азіі, цэнтр. абласцях Зах. Сібіры, на Каўказе. Жыве ў мяшаных і хвойных лясах, садах і парках. На Беларусі звычайны пералётны від.

Даўж. цела 14—16 см, маса 16—20 г. Апярэнне мяккае, рыхлае. У дарослых спіна, крылы і хвост аліўкава-шэрыя, брушка белае, лоб, шчокі, гарляк, грудзі цагляна-рыжыя. Маладыя птушкі зверху цёмна-бурыя з вохрыстымі стракацінамі, бруха жаўтавата-вохрыстае з цёмнымі крапінамі. Гнёзды будуе з сухога лісця, травы, поўсці і інш. ў шчылінах ствалоў, на зямлі. Нясе 6—7 яец двойчы за год. Корміцца пераважна насякомымі. Зімуе на Пд да Егіпта, у Зах. Еўропе, М. Азіі, на З да Пакістана.

Публікаваў казкі, легенды, паданні (рубрыка «Працы нашых чытачоў»), гумарыст. творы (рубрыка «Куток смеху»), Меў таксама рубрыку «Загадкі і круцігалоўкі». Выйшла 15 нумароў (асобныя здвоеныя).

Літ.:

Войцікава Л. (Зоська Верас). [Заранка] // Полымя. 1968. № 4.

А.​С.​Ліс.

Заранка: 1 — дарослая, 2 — птушаня.

т. 6, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМУЙЛЁНАК (Эдуард Людвігавіч) (5.8.1907, С.-Пецярбург — 12.2.1939),

бел. пісьменнік. Вучыўся ў польскай гімназіі (Петраград). Юнацкія гады правёў на радзіме бацькі ў в. Бандзелі Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл. Працаваў у газ. «Чырвоная Полаччына», «Літаратура і мастацтва». Дэбютаваў вершамі ў 1928. Аповесць «Тэорыя Каленбрун» (1933) — вострасюжэтны твор пра барацьбу польск. працоўных супраць фашызму. Выкрыццю фашызму і яго дэмагагічнай ідэалогіі прысвечаны апавяданні «Сустрэча», «Урачыстая меса», «Герой нацыі». Аўтар зб-каў прозы «Пункт апоры» (1935), «Дачка эскадрона» (1937). Пісаў пра калектывізацыю («Абухам у лоб», «Русалчыны сцежкі», «Насустрач будучыні»), ідэалізавана адлюстраваў побыт калгаснай вёскі (аповесць «Паляўнічае шчасце», 1933). У рамане «Будучыня» (1938) паказаў жыццё груз. народа. Аўтар п’ес «Сяржант Дроб» (інсцэніроўка аповесці «Тэорыя Каленбрун», паст. 1935, БДТ-3), «Пагібель воўка» (апубл. і паст. 1939, БДТ-1 і БДТ-2).

Тв.:

Зб. тв. Т. 1—2. Мн., 1952;

Апавяданні. Мн., 1967;

Будучыня. Мн., 1970;

Апавяданні і аповесць. Мн., 1977.

Літ.:

Вольскі В.Ф. Эдуард Самуйлёнак. Мн., 1951;

Слова пра сябра: Успаміны аб Эдуарду Самуйлёнку. Мн., 1962.

В.​П.​Жураўлёў.

Э.Л.Самуйлёнак.

т. 14, с. 142

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)