«КАРАЛІ́НСКАЯ ШКО́ЛА»,
адзін з кірункаў англ. паэзіі барока 17 ст. (разам з «метафізічнай школай»), Паслядоўнікі — «паэты-кавалеры» — імкнуліся да вытанчанасці формы, асаблівай маляўнічасці, складанай метафарычнасці і адначасова афарыстычнасці мовы. Культывавалі метафару-канцэпт як плён «высокай дасціпнасці». Эталонам для іх была паэзія Дж. Дона і Дж. Марына, драматургія Б.Джонсана. Найб. яскрава манера «К.ш.» выявілася ў творчасці Р.Герыка, Т.Кэр’ю, Р.Лаўлейса, Дж. Саклінга і інш.
Літ.:
Горбунов А.Н. Поэзия Джона Донна, Бена Джонсона и их младших современников // Английская лирика первой половины XVII в. М., 1989;
Мирский Д.П. Барокко и английская литература // Мирский Д.П. Статьи о литературе. М., 1987.
т. 8, с. 52
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЛЫЧАЎ (Восіп Якаўлевіч) (16.5.1904, г. Адэса, Украіна — 5.1.1973),
расійскі паэт, перакладчык. Друкаваўся з 1920. У зб-ках паэзіі «Ля Чорнага мора» (1935), «Наша зямля» (1955), «Захады і світанні» (1957), «Закон вясны» (1962), «Карані і кроны» (1973) услаўляў стваральную працу людзей, іх мужнасць у барацьбе з ворагамі, апяваў родную прыроду. Аўтар тэкстаў шматлікіх песень (зб. «Кулямётная стужка», 1938). Я.Купалу прысвяціў паэму «Беларуская быль» (1950), напісаў пра яго ўспаміны «Незвычайная задушэўнасць» (у кн. «Такі ён быў», 1975). Пераклаў на рус. мову асобныя творы Я.Купалы, А.Александровіча, П.Броўкі, М.Танка, М.Чарота і інш.
Тв.:
Избр. лирика. М., 1974.
т. 8, с. 391
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАГІ́Ф (сапр. Мала-Панах; каля 1717, с. Салахлы, Казахскі р-н, Азербайджан — 1797),
азербайджанскі паэт і дзярж. дзеяч. Ведаў арабскую і персідскую мовы. Настаўнічаў. Як міністр (везір) замежных спраў карабахскага правіцеля праявіў выключныя здольнасці дыпламата; забіты новым правіцелем Карабаха, яго рукапісы знішчаны (адноўлены пазней па запісах і з вусных песень ашугаў). Узбагаціў азерб. л-ру фалькл. традыцыямі. Зацвердзіў у паэзіі ашугскую форму вершаскладання (гашма). Першы зборнік інтымнай, філас. і грамадзянскай паэзіі Вагіфа выдадзены ў 1856, найб. поўны збор яго твораў — у 1945 (рус. пер. 1949). Лірыка Вагіфа набліжана да рэальнага жыцця, жыццесцвярджальная, філасафічная. Мастацкае асэнсаванне жыцця паэта — у драм. паэме С.Вургуна «Вагіф» (1937).
Тв.:
Рус. пер. — Лирика. М., 1988.
т. 3, с. 429
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСІ́Р ХАСРО́Ў (Абу Муін) (1004, Кубадзіян, каля г. Балх, Афганістан — пасля 1072),
таджыкскі і персідскі паэт, філосаф, рэліг. дзеяч. У 1046—52 знаходзіўся ў Егіпце, свае ўражанні апісаў у «Кнізе падарожжа» («Сафар-наме»), Прыхільнік ідэалогіі ісмаілітаў. Пасля вяртання на радзіму праследаваўся як ератык і апошнія гады жыцця правёў у выгнанні ў гарах Паміра. Пісаў касыды панегірычнага, элегічнага, сатыр., рэліг. характару, любоўныя вершы, дыдактычныя паэмы. Захаваліся рэліг.-філас. трактаты, дыван (12 тыс. бейтаў — двухрадкоўяў), дыдактычная паэма «Раўшанайі-наме» (1053), у якіх асуджае прыдворную паэзію, выказвае спачуванне беднякам, абвінавачвае артадаксальнае духавенства, якое, на яго погляд, перашкаджала развіццю навук. і філас. думкі.
Тв.:
Рус. пер. — Лирика. М., 1979.
Літ.:
Ашуров Г. Философские взгляды Носири Хисрава. Душанбе, 1965.
т. 11, с. 199
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕСО́А ((Pessoa) Фернанду Антоніу) (13.6.1888, Лісабон — 30.11.1935),
партугальскі паэт. Вучыўся ў Лісабонскім ун-це (1905—06), займаўся журналістыкай. У 1915 узначаліў групу паэтаў-мадэрністаў, што гуртаваліся вакол час. «Orpheu» («Арфей»). Першыя вершы пісаў на англ. мове (зб-кі «35 санетаў», 1918; «Англійскія вершы», ч. 1—3, 1921). У зб-ках «Пасланне» (1933), «Вершы Алвару ды Кампуша» (апубл. 1944), «Вершы Алберту Каэйру», «Оды Рыкарду Рэйша» (абодва апубл. 1946) выявілася супярэчнасць паміж дробязнасцю чалавечага існавання і велічнасцю бясконцага сусвету. Яго паэзія вызначаецца дасканалым паэт. майстэрствам, здольнасцю перадаць найтанчэйшыя адценні думак і пачуццяў. На бел. мову асобныя яго вершы пераклаў Л.Баршчэўскі.
Тв.:
Рус. пер. — Лирика. М., 1978.
Л.П.Баршчэўскі.
т. 12, с. 329
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДОН ((Donne) Джон) (22.1 або 12.2.1572, Лондан — 31.3.1631),
англійскі паэт, заснавальнік т.зв. метафізічнай школы англ. барока. Вучыўся ў Оксфардскім ун-це. У 1615 прыняў духоўны сан, з 1621 настаяцель сабора св. Паўла ў Лондане. Вершы Д. разыходзіліся ў рукапісах (свядома не друкаваў іх, выпадкова былі апублікаваны пахавальныя элегіі «Шлях душы» і «Анатомія свету», 1611—12). Першы зборнік паэзіі выйшаў пасля смерці Д. ў 1633. Пісаў у жанры сатыры, эпісталы, любоўнай элегіі, санета (найб. вядомы цыкл «Песні і санеты»), духоўнай лірыкі. У позні перыяд пераважалі рэліг. матывы з разважаннямі аб прыродзе чалавечай душы, яе макракосмасе («Святыя санеты»). Адкрытая нанова ў 20 ст. творчасць Д. зрабіла вял. ўплыў на еўрап. паэзію.
Тв.:
Рус. пер. — Стихотворения. Л., 1973;
У кн.: Английская лирика первой половины XVII в. М. 1989.
Г.В.Сініла.
т. 6, с. 183
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУПА́НЧЫЧ ((Żupančić) Отан) (23.1.1878, в. Вініца, Славенія — 11.6.1949),
славенскі паэт; адзін з прадстаўнікоў т. зв. «славенскага мадэрну». Чл. Славенскай акадэміі навук і мастацтваў (1938). Дырэктар Нац. т-ра ў Любляне (1918—49). У першым паэт. зб. «Чаша п’янлівасці» (1899) адчуваецца ўплыў дэкадансу. Зб. «Праз раўніну» (1904) поўны жыццесцвярджальных ідэй і вобразаў. Аўтар зб-каў «Маналогі» (1908), «На досвітку дня Віда» (1920; на грамадска-паліт. тэмы), «Барвінак пад снегам» (1945). Яго творчасці ўласціва сувязь з нар.-паэт. традыцыямі: кн. для дзяцей «Пісанкі» (1900), «Сто загадак» (1915), п’есы «Ноч на свята верных душ» (1904) і інш. Вядомы як публіцыст і перакладчык. Творы Ж. на бел. мову перакладаў Н.Гілевіч (анталогія «Маці мая, Славенія», 1976, і інш.).
Тв.:
Бел. пер. — У вечным дазоры. Мн., 1986;
Рус. пер. — Лирика. М., 1978.
І.А.Чарота.
т. 6, с. 449
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАПЕ́РЦЫЙ (Секст) (Sextus Propertius; каля 50 да н.э., г. Асізі, Італія — каля 15 да н.э.),
рымскі паэт. Вучыўся ў Рыме. Належаў да гуртка Гая Мецэната. Выдаў 4 кнігі элегій (28—16 да н.э.), у якіх па-майстэрску адлюстраваў дыялектыку любоўнай страсці. Большасць з іх прысвяціў сваёй каханай Кінфіі (сапр. Гостыя). Узбагаціў жанр рым. элегіі новымі тэмамі. У «вучоных» элегіях, напісаных на ўзор Калімаха, звяртаўся да нац. рым. сюжэтаў, тлумачыў паходжанне рэліг. культаў, звычаяў, помнікаў. Выкарыстаў міфы як сродак паэтызацыі. Мова П. сціслая і цяжкая, стыль вызначаецца патэтычнасцю і выразнасцю.
Тв.:
Рус. пер. — у кн.: Валерый Катулл;
Альбий Тибулл;
Секст Проперций. М., 1963;
У кн.: Античная лирика. М., 1968.
Літ.:
Савельева Л.И. Идеал и действительность в творчестве Тибулла и Проперция // Античность и современность. М., 1972.
С.Дз.Малюковіч.
т. 13, с. 15
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСТАПЧЫНА́ (Еўдакія Пятроўна) (4.1.1812, Масква — 15.12.1858),
руская пісьменніца. Графіня. Друкавалася з 1831. Першы зб. — «Вершы» (1841). Яе паэзіі ўласцівы тонкае спалучэнне пачуццяў і разважанняў, шчырае раскрыццё свету жаночай душы. У сатыр. паэме «Дом вар’ятаў у Маскве ў 1858 г.» (апубл. 1885 як «працяг» паэмы А.Ваейкава «Дом вар’ятаў») крытычная ацэнка тагачаснага грамадскага жыцця. Аўтар драм. паэм, рамана ў вершах «Дзённік дзяўчыны» (1850), камедыі ў вершах «Вяртанне Чацкага ў Маскву, ці Сустрэча знаёмых асоб пасля дваццаціпяцігадовай разлукі» (1856, апубл. 1865), «свецкіх» аповесцей «Чыны і грошы», «Паядынак» (абедзве 1838), аўтабіягр. раманаў «Шчаслівая жанчына» (1852), «Ля прыстані. Раман у лістах» (1857) і інш. Многія вершы Р. пакладзены на музыку.
Тв.:
Стихотворения. Проза. Письма. М., 1986;
Талисман: Избр. лирика;
Нелюдимка: Драма;
Документы, письма, воспоминания. М., 1987;
Счастливая женщина: Лит. соч. М., 1991.
т. 13, с. 362
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАКХІЛІ́Д, Бакхілід (Bakchylidës),
старажытнагрэчаскі паэт 5 ст. да н.э. Адзін з буйнейшых прадстаўнікоў харавой мелікі (лірыкі). Родам з в-ва Кеас, таму атрымаў імя В.Кеоскі. Пляменнік і вучань вядомага харавога паэта Сіманіда Кеоскага. Пісаў эпінікіі — гімны ў гонар пераможцаў агульнагрэч. гімнастычных спаборніцтваў (Алімпійскіх, Піфійскіх, Немейскіх, Істмійскіх гульняў). Яго стыль адрозніваецца ад складанага, цьмяна-метафарычнага, асацыятыўнага стылю Піндара выразнасцю, лёгкасцю, празрыстасцю, павольнасцю ў разгортванні тэмы. Дзякуючы вял. эпічным фрагментам міфаў, уключаным у лірычны тэкст, дыфірамбы Вакхіліда нагадваюць балады. Адзін з іх («Тэсей»), пабудаваны ў форме вершаванага дыялогу, дае яскравае ўяўленне пра вытокі грэч. Трагедыі. У 1896 знойдзены фрагменты 14 эпінікіяў і 6 дыфірамбаў Вакхіліда.
Тв.:
Рус. пер. — у кн.: Пиндар. Вакхилид. Оды. Фрагменты. М., 1980.
Літ.:
Тронский И.М. Хоровая лирика // Тронский М.М. История античной литературы. 5 изд. М., 1988.
Г.В.Сініла.
т. 3, с. 467
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)