БРЭ́НА (Вікенцій Францавіч) (1745, г. Фларэнцыя, Італія — 17.5.1820),
мастак-дэкаратар і архітэктар. Італьянец па паходжанні, працаваў у Польшчы (1780—83) і Расіі (1783—1802). У 1790-я г. надбудоўваў галерэі і афармляў інтэр’еры палаца ў Паўлаўску, часткова перабудоўваў палацы ў Гатчыне і Пецярбургу (Каменнавостраўскі палац), па-новаму апрацаваў іх інтэр’еры. Лепшы яго твор — Румянцаўскі абеліск на Марсавым полі (1798—99; цяпер каля будынка АМ у С.-Пецярбургу). У 1797—1800 па праекце В.Бажэнава будаваў Міхайлаўскі (інжынерны) замак у Пецярбургу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛЯ́ЕЎ (Мітрафан Пятровіч) (22.2.1836, С.-Пецярбург — 4 ці 10.1.1904),
рускі муз. дзеяч, выдавец, мецэнат. У яго доме ў 1880—90-я г. збіраліся пецярб. кампазітары т.зв. Бяляеўскага гуртка на чале з М.Рымскім-Корсакавым. Заснаваў Глінкаўскія прэміі (1884, пакінуў фонд для іх), «Рускія сімф. канцэрты» (1885), выд-ва «М.П.Бяляеў у Лейпцыгу» з нотагандл. базай у Пецярбургу (1885), «Рускія квартэтныя вечары» (1891). Старшыня Пецярб.т-ва камернай музыкі (з 1898); наладжваў штогадовыя конкурсы на лепшы камерна-інстр. твор (з 1892, з прысуджэннем прэмій).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫСТА́ЎКА, прэфікс (лац. praefixum прымацаваны спераду),
адзін з відаў афікса, службовая марфема, якая размяшчаецца перад коранем. Служыць для ўтварэння новых лексем («біць — адбіць, забіць, перабіць», «лес — узлесак, «Палессе», «народны — міжнародны, прынародна») або надання слову пэўнага грамат. значэння: відавога («казаць — сказаць»), ступені параўнання («лепшы — найлепшы») і інш. Дзеяслоўныя П. маюць яшчэ назву прэвербаў (ад лац. prae уперадзе і verbum слова). П. могуць спалучацца ў адным слове («папавыносіць», «напавынаходзіць»). У старых утварэннях і запазычаных словах П. могуць вылучацца толькі гістарычна [воблака—(в)об-влако].
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДЫ́,
бел.нар. гульня. Колькасць удзельнікаў не абмежаваная. Гульцы выбіраюць вядучага — адгадчыка, які выходзіць у суседні пакой або адыходзіць убок. Кожны выбірае назву горада, і калі вяртаецца адгадчык, яму гавораць: «Гарадоў прыгожых многа, ты знайдзі да іх дарогу, лепшы горад выбірай ды хутчэй называй!» Вядучы адгадвае да трох разоў. Калі адгадае, мяняецца месцам з гаспадаром правільна названага горада, калі не — яму кажуць: «Ну і ад’язджай у свой...» (назва горада, што сказаў адгадчык). Вядучы адыходзіць, гульцы выбіраюць назвы інш. гарадоў, і гульня паўтараецца. Выбіраюць гарады адной краіны ці вобласці, аб чым паведамляецца адгадчыку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКА́НЧЫКАЎ (Аляксей Уладзіміравіч) (30.7.1940, г.п. Ягаднае Магаданскай вобл., Расія — 29.1.1972),
бел. спартсмен (фехтаванне на шпагах). Засл. майстар спорту СССР (1966). Засл. дз. фіз. культуры Беларусі (1971). Скончыў Бел.ін-тфіз. культуры (1962). Сярэбраны прызёр XIX Алімп. гульняў (1968, Мехіка) у камандным першынстве. Чэмпіён свету ў асабістым (1966, Масква; 1967, г. Манрэаль, Канада; 1970, Анкара) і камандным (1967, Манрэаль; 1969, Гавана) першынстве. Сярэбраны (1966, Масква; 1971, Вена) і бронзавы (1962, Буэнас-Айрэс; 1965, Парыж) прызёр чэмпіянатаў свету ў камандным першынстве, сярэбраны (1969) прызёр у асабістым першынстве. Чэмпіён СССР (1969, 1971) у асабістым першынстве. Лепшы шпажыст свету (1969).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБАДЖАНЯ́Н (Арно Аруцюнавіч) (22.1.1921, г. Ерэван — 11.11.1983),
армянскі кампазітар, піяніст. Нар.арт. Арменіі (1962). Нар.арт.СССР (1971). Скончыў Ерэванскую (1947) і Маскоўскую (1948) кансерваторыі. Аўтар «Гераічнай балады» для фп. з арк. (1950), фп. трыо (1952), санаты для скрыпкі і фп. (1959), канцэрта для віяланчэлі (1962), 2 струнных квартэтаў, твораў для фп., у т. л. «6 карцін» (1965), эстрадных песень (найб. папулярныя «Песня першага кахання», «Не спяшайся», «Загадай жаданне», «Лепшы горад зямлі»), музыкі да спектакляў і кінафільмаў і інш.Дзярж. прэмія СССР 1951. Дзярж. прэміі Арменіі 1967, 1983.
Літ.:
Григорян А. Арно Бабаджанян. М., 1961;
Аматуни С.Б. Арно Бабаджанян: Инструм. творчество. Ереван, 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОК-САГЫ́З (Taraxacum kok-saghyz),
кветкавая расліна роду дзьмухавец. Пашыраны ў міжгорных далінах Усх.
Цянь-Шаня. Да 1954 вырошчваўся ў Еўрапейскай ч.СССР як лепшы натуральны каўчуканос флоры. З развіццём вытв-сці сінт.каўчуку не культывуецца.
Шматгадовая травяністая расліна выш. 10—30 см. Лісце падоўжанае, зубчастае, у разетцы. Кветкі жоўтыя, дробныя, у адзіночных кошыках. На адной расліне бывае да 200 кветаносаў. Плод — сямянка. Корань стрыжнёвы, у яго млечных сасудах назапашваецца каўчук. Пры пашкоджванні кораня латэкс выцякае ў выглядзе белай вадкасці, якая хутка застывае і ўтварае плеўку эластычнага каўчуку. Па якасці не саступае каўчуку трапічных каўчуканосных раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ЎБЕ ((Laube) Генрых Рудольф Канстанц) (18.9.1806, Шпротаў, Германія — 1.8.1884),
нямецкі пісьменнік, тэатр. дзеяч. Вывучаў тэалогію і л-ру ва ун-тах Гале і Брэслаў (1826—30). Кіраўнік венскага «Бургтэатра» (1849—67), працаваў у Лейпцыгскім (1869—70) і Венскім гар. (1872—80) т-рах. Чл. групы пісьменнікаў «Маладая Германія». Лепшы раман «Маладая Еўропа» (1833—38), напісаны пад уражаннем Ліпеньскай рэвалюцыі 1830 у Францыі і паўстання 1830—31, пра прыгнечаную Польшчу, яе сац. і нац. праблемы. Аўтар рамана «Графіня Шатабрыян» (1843), драм «Вучні школы Карла» (1847, пра маладога Ф.Шылера), «Граф Эсекс» (1856), тэатразнаўчых прац. Як рэжысёр паўплываў на развіццё рэаліст. традыцый аўстр. і ням. т-раў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСЛІ́НА, аліўкавае дрэва (Olea),
род кветкавых раслін сям. маслінавых. Каля 60 відаў. Пашыраны ў тропіках і субтропіках. Характэрны элемент цвердалістых хмызнякоў і рэдкастойных лясоў. У культуры М. вядома з 3—2-га тыс. да н.э.
Вечназялёныя дрэвы ці кусты выш. 10—15 м. Лісце супраціўнае, ланцэтнае, скурыстае. Кветкі дробныя, белаватыя, духмяныя, у пазушных суквеццях. Плод — касцянка цёмна-фіялетавага ці чорнага колеру. Плады алейнай расліны М. культурнай. ці еўрапейскай (O. europaea), маюць 25—80% невысыхальнага алею; іх соляць, кансервуюць (зялёныя і спелыя). Са свежых алівак атрымліваюць мед., харч. (лепшы сорт праванскі), тэхн. алей. Макуха — корм для жывёл, драўніна ідзе на сталярныя і такарныя вырабы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́ВІЧ (А.) (сапр.Ціхановіч ці Цэхановіч),
бел. пісьменнік пач. 20 ст. Па адукацыі ўрач. Працаваў у г. Новачаркаск (Расія). Аўтар апавяданняў «У дому лепей» (1911) пра цягу селяніна да роднай зямлі і «Амерыканец» (1912), герой якога вярнуўся з Амерыкі і хоча перайначыць жыццё бел. мужыка на лепшы лад. Гэтыя творы высока ацэнены Я.Купалам (арт. «Агляд кніг», 1913), які падкрэсліваў іх прастату і шчырасць, уменне «нязначным спосабам падсунуць чытачу маральную навучку, паказаць добрую незавілую сцежку к лепшаму жыццю», і М.Багдановічам, які ў арт. «За тры гады» (1913) адзначыў, што «асабліва вызначаецца Новіч, каторы першы паспрабаваў напісаць вялікую рэч прозай па-беларуску».