ЗНІШЧА́ЛЬНІК,

высокаманеўраны баявы самалёт для перахвату і знішчэння паветраных сродкаў нападу, паражэння малапамерных і рухомых наземных і надводных аб’ектаў. Можа выкарыстоўвацца для паветранай разведкі і мініравання з паветра. Радыус дзеяння больш за 700 км, скорасць да 3000 км/гадз, вышыня палёту да 30 км.

З.пачалі выкарыстоўваць у 1-ю сусв. вайну; першы паветраны бой і таран на З. ажыццявіў заснавальнік вышэйшага пілатажу П.М.Несцераў. У 2-ю сусв. вайну асн. відам З. быў аднамесны самалёт з поршневым рухавіком. Лепшымі З. былі: Як-3, Ла-7 (СССР), Me-109E (Германія), P-51 (ЗША). У 1940-я г. створаны рэактыўныя З., упершыню перавышана скорасць гуку. Лепшым З. быў МіГ-15. Сучасныя З. — рэактыўныя звышгукавыя усепагодныя, аснашчаныя ЭВМ, разнастайным прыцэльна-навігацыйным абсталяваннем, маюць высокадакладную зброю з радыёлакацыйнай, інфрачырвонай, тэлевізійнай, лазернай сістэмамі навядзення, а таксама бомбы, некіроўныя ракеты, пушкі. У краінах СНД З. падзяляюцца на франтавыя (уласна З.), З.-перахватчыкі і З.-бамбардзіроўшчыкі (у ВПС НАТО З.-перахватчыкі і З.-бамбардзіроўшчыкі аб’яднаны паняццем «тактычны З.»). Лепшыя З. 1990-х г.: МіГ-29, Су-27 (Расія), «Міраж-2000» (Францыя), F-15, F-16, F-18 (ЗША), «Тарнада» (ФРГ, Вялікабрытанія, Італія). Узбр. сілы Беларусі аснашчаны З. МіГ-29 і Су-27. Гл. таксама Авіяцыя.

Літ.: Ильин В.Е., Левин М.А. Истребители. М., 1996.

А.М.Аўсянкін.

Знішчальнікі МіГ-29 і Су-27.

т. 7, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТЛЯРО́ЎСКІ (Іван Пятровіч) (99.1769, г. Палтава, Украіна — 10.11.1838),

украінскі пісьменнік, пачынальнік новай укр. л-ры. Вучыўся ў Палтаўскай духоўнай семінарыі (1780—89). У 1796—1808 на вайск. службе (у 1807—08 у г. Ліда Гродзенскай вобл.). У 1818—21 дырэктар Палтаўскага т-ра. З 1821 ганаровы чл. Вольнага т-ва аматараў рас. славеснасці. Прытрымліваўся пазіцый памяркоўнага асветніцтва, хоць і быў блізкі да дзекабрысцкіх колаў. Аўтар сатырычнай, створанай на аснове сюжэта Вергілія, бурлескнай паэмы «Энеіда» (ч. 1—3, 1789; ч. 1—4, 1809; ч. 1—6, 1842) — першага ў нац. л-ры рэаліст. твора пра жыццё, побыт, норавы розных слаёў грамадства 2-й пал. 18 ст. Твор адметны выразна акрэсленым сац. зместам, вобразнай нар. мовай, каларытнымі нац. характарамі, прасякнуты гумарам і іроніяй. Вядомы як драматург: п’есы «Наталка Палтаўка» (1838; аднайм. опера М.Лысенкі 1889) і «Маскаль-чараўнік» (1841; абедзве паст. 1819). У 1840-я г. п’есы К. ставіліся ў т-рах Мінска і Віцебска. Пад уплывам «Энеіды» К. напісаны бел. ананімныя творы «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе». На бел. мову «Энеіду» К. пераклаў А.Куляшоў.

Тв.:

Повне зібрання творів. Т. 1—2. Київ, 1969;

Твори. Київ, 1982;

Бел. пер. — Энеіда. Мн., 1969;

Рус. пер — Соч. Л., 1986.

Літ.:

Кісялёў Г. Загадка беларускай «Энеіды». Мн., 1971. С. 8—11;

Левин Б. Веселый мудрец. М., 1981;

Кирилюк Е. Іван Котляревський. Київ, 1981.

В.А.Чабаненка.

т. 8, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУХАВА́Я МУ́ЗЫКА,

разнавіднасць інструментальнай музыкі, прызначаная для выканання на духавых інструментах. Ахоплівае творы для асобных інструментаў, для ансамбляў і аркестраў. Вядома са старажытнасці. Яе вытокі звязаны з магічна-рытуальнымі абрадамі, ваен., паляўнічымі, пастухоўскімі і інш. сігналамі (гл. Сігнальная музыка). На працягу стагоддзяў складваліся маст. выразныя сродкі, жанры, формы Д.м. Яе асн. жанры: камерна-інструментальны (санаты, фантазіі, мініяцюры, трыо, квартэты і інш.), марш, папуры. У рэпертуары духавых аркестраў таксама розныя п’есы, уверцюры, часам сімфоніі (М.Мяскоўскі, І.Стравінскі), інструментоўкі сімф., балетнай, вак., народнай, а таксама аранжыроўкі і кампіляцыі эстраднай, танц. і джазавай музыкі.

На Беларусі выкарыстанне труб, рагоў, дудак у вайск., паляўнічым, прыдворным побыце і старажоўстве адлюстравана ў летапісных і літ. крыніцах («Песня пра зубра» М.Гусоўскага, «Александрыя», «Пан Тадэвуш» А.Міцкевіча), муз. антуражы арх. помнікаў стылю ракако, нац. геральдыцы. З 13 ст. музыка на духавых інструментах суправаджала выступленні скамарохаў. Пастухоўскія сігналы, песенныя, танц. імправізацыі і найгрышы на духавых інструментах (фуярка, чаратоўка, жалейка, дудка, дуда, флейта, кларнет) здаўна ўводзілі ў рэпертуар народных інстр. ансамбляў і аркестраў. Пра характар быт. музыкі 16—17 ст. у выкананні духавых інструментаў дае ўяўленне т.зв. «Полацкі сшытак». У канцы 17 — пач. 18 ст. выканальніцтва на духавых інструментах актыўна развівалася на Магілёўшчыне. У жанрах Д.м. працавалі І.Дабравольскі, Вус, Няльгоўскі і інш. У 2-й пал. 18 — пач. 20 ст. Д.м. Беларусі ўключала пераважна п’есы прыкладнога характару (маршы, бальныя танцы і інш.) і камерна-інстр. творы. У 1930—50-я г. асновы арыгінальнага бел. рэпертуару для духавога аркестра залажылі М.Аладаў, Ю.Бяльзацкі, Дз.Лукас, П.Падкавыраў, С.Палонскі, М.Чуркін, Я.Цікоцкі. У 1960—90-я г. ў розных жанрах Д.м. прадавалі Л.Абеліёвіч, У.Алоўнікаў, А.Багатыроў, У.Буднік, Г.Вагнер, В.Войцік, Г.Гарэлава, Я.Глебаў, А.Гураў, У.Дамарацкі, Я.Дзягцярык, Э.Зарыцкі, Л.Захлеўны, Э.Казачкоў, С.Картэс, А.Клеванец, І.Кузняцоў, І.Лучанок, А.Мдывані, У.Палуэктаў, У.Прохараў, Ю.Семяняка, Дз.Смольскі, Р.Сурус, В.Сярых, К.Цесакоў, Л.Шлег і інш.

Літ.:

Левин С.Я. Духовые инструменты в истории музыкальной культуры. Ч. 1—2. Л., 1973—83.

А.Л.Карацееў.

т. 6, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫПЛАМА́ТЫЯ (франц. diplomatie),

сукупнасць прыёмаў, форм і метадаў, з дапамогай якіх праводзіцца ў жыццё знешняя палітыка дзяржавы. У паняцце «Д.» ўваходзіць афіц. дзейнасць на міжнар. арэне кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў, мін-ваў замежных спраў, дыпламат. прадстаўніцтваў у замежных дзяржавах і пры штабах-кватэрах міжнар. і міжурадавых арг-цый, урадавых дэлегацый на міжнар. канферэнцыях і на сесіях кіруючых органаў міжнар. арг-цый па рэалізацыі знешнепаліт. намаганняў дзяржавы, абароне яе правоў і інтарэсаў, а таксама па абароне правоў і інтарэсаў яе ўстаноў і асобных грамадзян. З паняццем «Д.» звязана майстэрства вядзення перагавораў у мэтах прадухілення і ліквідацыі міжнар. канфліктаў, дасягнення на міжнар. арэне прынцыповых кампрамісаў і агульнакарысных рашэнняў, паглыблення ўсебаковага міжнар. супрацоўніцтва. Д. рэалізуецца з дапамогай замежных візітаў кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў, міністраў замежных спраў, інш. афіц. дзярж. асоб, двухбаковых і шматбаковых перагавораў, афіц. перапіскі, заключэннем дагавораў, канвенцый і пагадненняў. Дыпламат. дзейнасць кожнай дзяржавы павінна ажыццяўляцца з улікам патрабаванняў агульнапрынятых прынцыпаў і норм сучаснага міжнар. права. Паводле арт. 18 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь бел. дыпламаты прытрымліваюцца знешнепаліт. курсу, які адпавядае прынцыпам роўнасці суверэнных дзяржаў, невыкарыстання сілы ці пагрозы ўжыць сілу, непарушнасці дзярж. граніц, мірнага ўрэгулявання міждзяржаўных спрэчак і канфліктаў, неўмяшання ва ўнутр. справы інш. дзяржаў, дабіваюцца ўмацавання міру ва ўсім свеце, хутчэйшага і поўнага раззбраення пад эфектыўным міжнар. кантролем, поўнай забароны выкарыстання ядз. зброі і інш. зброі масавага знішчэння, спынення вытв-сці такой зброі, усебаковага раўнапраўнага міждзярж. супрацоўніцтва, якое накіравана на вырашэнне самых розных паліт., эканам., сац., культ., экалагічных, навук.-тэхн. і інш. праблем, што стаяць перад сучаснай міжнар. супольнасцю.

Літ.:

История дипломатии. Т. 1—3. 2 изд. М., 1959—65;

Левин Д.Б. Дипломатия: Ее сущность, методы и формы. М., 1962;

Никольсон Г. Дипломатическое искусство: Пер. с англ. М., 1962;

Сатоу Э. Руководство по дипломатической практике: Пер. с англ. М., 1961.

Ю.П.Броўка.

т. 6, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)