ВАСІЛЯ́ БЛАЖЭ́ННАГА ХРАМ, Пакроўскі сабор, што на Рове,

помнік рускай архітэктуры. Пабудаваны ў 1555—60 у Маскве на Краснай плошчы дойлідамі Бармам і Поснікам (паводле некаторых меркаванняў, адна і тая ж асоба) у гонар перамогі над Казанскім ханствам. Уключае 8 стоўпападобных цэркваў, згрупаваных вакол цэнтр. шатровага слупа і аб’яднаных агульным падмуркам і ўнутр. пераходамі. Вылучаецца маляўнічасцю і разнастайнасцю арх. формаў, багаццем і прыгажосцю дэкар. элементаў. У 1588 да сабора прыбудаваны прыдзел Васіля Блажэннага, у 1670-я г. ўзведзена шатровая званіца. Да канца 17 ст. храм — самая высокая пабудова ў Маскве (выш. больш за 60 м). Неаднаразова перабудоўваўся і рэстаўрыраваўся.

Літ.:

Ильин М.А. Русское шатровое зодчество: Памятники середины XVI в. М., 1980. С. 63—74;

Памятники архитектуры Москвы: Кремль. Китай-город. Центральные площади. М., 1983. С. 395—403.

Г.​А.​Лаўрэцкі.

Васіля Блажэннага храм.

т. 4, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАКРО́ВАЎ ПРАСВЯТО́Й БАГАРО́ДЗІЦЫ НА НЕ́РЛІ ЦАРКВА́ помнік архітэктуры 12 ст. каля г.п. Багалюбава Уладзімірскай вобл.

(Расія),

у пойме р. Нерль. Належыць да Уладзіміра-Суздальскай школы дойлідства. Пабудавана ў 1165 кн. Андрэем Багалюбскім у памяць пра памерлага сына. 1-купальны 4-стаўповы крыжова-купальнага тыпу храм вылучаецца выключнай гармоніяй крыху выцягнутых па вертыкалі прапорцый, вытанчанасцю пластычнай апрацоўкі (ступеньчатыя лапаткі, перспектыўныя парталы, каменныя рэльефы). Фасады расчлянёны складанымі пучковымі пілястрамі з тонкімі паўкалонкамі. У верхняй іх частцы — разныя выявы цара Давіда, жаночых галоў, ільвоў, грыфонаў. Па верхняй частцы барабана праходзіць дэкар. пояс (арачкі, выкружкі, парэбрык, трохвугольнікі). Цыбулепадобны купал устаноўлены замест першапачатковага шлемападобнага. Да 1672 мелася вежа з ходам на хоры. Помнік значна скажоны ў час рамонту 1877 (знішчаны галерэі, што прымыкалі да яго з трох бакоў, фрэскі). Уключана ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Г.​А.​Лаўрэцкі.

Пакроваў Прасвятой Багародзіцы на Нерлі царква.

т. 11, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІЯ БАРЫСАГЛЕ́БСКІЯ ЦЭ́РКВЫ,

помнікі архітэктуры 19 ст. ў Магілёве. Комплекс складаецца з 2 цагляных будынкаў. Першы ўзведзены ў 17 ст. як жылы дом, у 19 ст. перабудаваны пад царкву (у л-ры вядомы як Барысаглебская, на самай справе наз. Крыжаўзвіжанская). Першапачаткова — 1-павярховы квадратны ў плане будынак, падзелены сцяной на 2 рознавялікія памяшканні. У 19 ст. палавіна ўсх. сцяны перароблена ў 3-гранную апсіду, да зах. сцяны прыбудавана 2-ярусная званіца з шатровым дахам і цыбулепадобнай галоўкай. На вільчыку ўзведзены гал. драўляны барабан (васьмярык на чацверыку). Перабудова надала будынку рысы псеўдарус. стылю. Другая царква пабудавана ў 1869. 6-стаўповы 3-нефавы крыжова-купальны храм. У арх.-стылявой трактоўцы спалучаны рысы класіцызму (руставаныя пілястры па вуглах, прафіляваны карніз асн. аб’ёму) і маскоўскага культавага дойлідства 17 ст. (5-купалле, кілепадобныя завяршэнні закамараў і парталаў, абрыс ліштваў акон).

Г.​А.​Лаўрэцкі.

Магілёўскія Барысаглебскія цэрквы.

т. 9, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРЫ́ШКІНСКАЕ БАРО́КА, нарышкінскі стыль, маскоўскае барока,

умоўная назва стылявога кірунку ў рус. архітэктуры канца 17 — пач. 18 ст. Паходзіць ад прозвішча баяраў Нарышкіных, у чыіх маёнтках і на заказ якіх у Маскве і Падмаскоўі будавалі невял. сядзібныя храмы, а таксама буйныя гар. цэрквы яруснага тыпу. Паводле кампазіцыі Н.б. — традыц. васьмярык на чацверыку, ускладнены дэкарацыямі і карункавай арнаментыкай. Характэрныя рысы пабудоў, падкрэсленая сіметрычнасць, яруснасць, адпаведнасць арх. форм канструкцыям; аздабленне ярусаў калонкамі па вуглах у завяршэнні карнізнымі паясамі; магутныя валюты, карнізы, якія моцна выступаюць, авальныя і шматвугольныя аконныя праёмы, сістэма спалучэння чырвоных цагляных сцен і белакаменных разных дэкар. дэталей. Сярод узораў Н.б.: цэрквы Пакрова ў Філях (1690—93), Тройцы ў Троіцкім-Лыкаве (1698—1704; абедзве цяпер у межах Масквы), Успенскі сабор у Разані (1693—99, арх. Я.​Бухвостаў) і інш. Рысы Н.б. ўласцівы таксама грамадз. і жылым пабудовам (Сухарава вежа, 1692—95, арх. М.​Чаглакоў, не захавалася).

Г.​А.​Лаўрэцкі.

Да арт. Нарышкінскае барока. Царква Пакрова ў Філях (цяпер у межах Масквы). 1690—93.

т. 11, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЯ ШКО́ЛА ДО́ЙЛІДСТВА,

самабытная арх. школа, што склалася ў драўляным грамадз. і культавым дойлідстве Віцебска ў 17—18 ст. Сфарміравалася пад уплывам Адраджэння, у 18 ст. развівалася пад уплывам стылю барока.

Спецыфічная рыса школы — ярусныя кампазіцыі, дзе кожны аб’ём быў самаст. арх. адзінкай і адначасова падпарадкоўваўся агульнай кампазіцыі будынка. Першапачаткова традыцыі школы склаліся ў абарончым буд-ве — сцены ў выглядзе гародняў, раскаты, вежы і інш. Асн. тыпы вежаў — прамавугольныя і васьмігранныя («круглікі»); у залежнасці ад функцый — вежы-брамы і глухія вежы. Замкавыя пабудовы (Верхні, Ніжні, Узгорскі замкі, гл. ў арт. Віцебскія замкі) фарміравалі адзіную структуру, суцэльную горадабуд. сістэму. Дынамічную асіметрыю мелі палацавыя будынкі 1-й пал. 17 ст. — дамы Горскага, Шапкіна, Віцебскі палац Агінскага. Да помнікаў Віцебскай школы дойлідства належаць грамадз. пабудовы — будынак прыказа, двор ваяводы, Віцебская ратуша з Віцебскім гасціным дваром. Культавыя будынкі мелі спецыфічныя рысы аб’ёмнапланіровачнай кампазіцыі, якія набліжалі іх да рус. і ўкр. архітэктуры. Яны ўяўлялі сабой ярусныя кампазіцыі, якія аб’ядноўвалі некалькі аб’ёмаў у адзіны суцэльны ансамбль; крыжова-цэнтрычныя храмы ўключалі 4—5 зрубаў, размешчаных вакол цэнтральнага, а таксама званіцу на гал. фасадзе (Віцебская Троіцкая царква на Пескаватыку), мелі галерэі, якія апяразвалі па перыметры ўвесь будынак або размяшчаліся з боку бабінца (Віцебская Троіцкая царква Маркава манастыра). Помнікі Віцебскай школы дойлідства не захаваліся, вядомыя паводле абмераў, замалёвак, фотаздымкаў 19 — пач. 20 ст.

Літ.:

Чарняўская Т.І. Архітэктура Віцебска: З гісторыі планіроўкі і забудовы горада. Мн., 1980.

Г.​А.​Лаўрэцкі.

т. 4, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЎГАРО́ДСКАЯ ШКО́ЛА ДО́ЙЛІДСТВА,

адна з найб. значных школ стараж.-рус. дойлідства 12—15 ст. Склалася ў г. Ноўгарад і яго ўладаннях у феад. перыяд. Самыя раннія яе помнікі (Наўгародскі Сафійскі сабор, 1045—50; Георгіеўскі сабор Юр’ева манастыра, 1119) па тэхніцы ўзвядзення і кампазіцыі набліжаліся да кіеўскіх храмаў з уласцівымі ім манум. прастатой і кампактнасцю аб’ёмаў. З сярэдзіны 12 ст. будавалі пераважна невял. 4-стаўповыя храмы, якія служылі прыходскай царквой вуліцы або дамавой заможнага баярына. На іх хорах звычайна размяшчалі маленькія прыдзелы, прысвечаныя патрону заказчыка. У якасці буд. матэрыялаў выкарыстоўвалі вапняковыя пліты з цаглянымі праслойкамі, якія звонку заставаліся незацертымі. Гэта абмяжоўвала разнастайнасць дэкар. аздаблення пабудоў. Да помнікаў гэтага перыяду належаць цэрквы Георгіеўская і Успенская ў Старой Ладазе (2-я пал. 12 ст.), Спаса на Нярэдзіцы ў Ноўгарадзе (1198) і інш. З канца 13 ст. дойліды імкнуліся ўзмацніць выразнасць арх. кампазіцыі (цэрквы Міколы на Ліпне, 1292; Успення на Волатавым полі, 1352). У 14—15 ст. склаўся класічны тып багата дэкарыраванага наўгародскага храма. У ліку дэкар. элементаў пераважалі лапаткі, шматлопасцевыя абрысы асн. аб’ёмаў, разнастайныя нішы, броўкі, паўвалікі, дэкар. крыжы і інш. (цэрквы Фёдара Страцілата на Ручаі, 1360—61; Спаса на Ільіне вуліцы ў Ноўгарадзе, 1374; Пятра і Паўла ў Кажэўніках, 1406). З 2-й пал. 15 ст. ў архітэктуры Н.ш.д. праявіліся кансерватыўныя тэндэнцыі, звязаныя з адмаўленнем наўгародскіх баяр уключэння Ноўгарада ў Рус. цэнтралізаваную дзяржаву. З канца 15 ст. школа страціла сваю адметнасць і развівалася ў агульным рэчышчы рус. культуры.

Літ.:

История русского искусства. Т. 1. 2 изд. М., 1979;

Попова О.С. Искусство Новгорода и Москвы первой половины XIV в. М., 1982.

Г.​А.​Лаўрэцкі.

Наўгародская школа дойлідства. Царква са на Ільіне вуліцы. 14 ст.

т. 11, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛЬЧЫЦКІ БАРЫСАГЛЕ́БСКІ МАНАСТЫ́Р.

Існаваў у 12 — 1-й пал. 20 ст. на месцы рэзідэнцыі полацкіх князёў у б. прадмесці Полацка Бельчыцы, за км ад Верхняга замка, на левым беразе р. Зах. Дзвіна пры ўпадзенні ў яе р. Бельчанка. Унікальны культавы комплекс 12 ст., выключная з’ява ў дойлідстве і манум. жывапісе Стараж. Русі. Уключаў 4 мураваныя храмы (захаваліся фундаменты 3 цэркваў), пабудаваныя ў 12 ст. ў тэхніцы муроўкі сцен з плінфы са схаваным радам, характэрнай для Полацкай школы дойлідства.

Вялікі сабор (пабудаваны ў 1120—30-я г., назва невядома) — крыжова-купальны 3-апсідны храм, падзелены 6 стаўпамі на 3 нефы, меў 3 прытворы. Вынесеная ў асобную зону алтарная частка, далучаная да асн. аб’ёму, надавала храму ўзнёслы цэнтрычны выгляд. Фасады дэкарыраваны плоскімі лапаткамі. Падлога была выкладзена паліванымі пліткамі, сцены размаляваны фрэскамі (зберагліся фрагменты). Барысаглебская царква — 3-нефавы 1-апсідны храм. Да невял. квадратнага ў плане 4-стаўповага асн. аб’ёму з З далучаўся нартэкс, які з хорамі ўтвараў паніжаны адносна ўсёй кампазіцыі аб’ём. Сцены ўнутры былі ўпрыгожаны фрэскамі з выявамі святых, арнаментам. Пятніцкая царква — падоўжаная ў плане вузкая пабудова, паніжаная зах. частка якой (магчыма, 18 ст.) стаяла на месцы першапач. прамавугольнай апсіды. Мела таксама прытвор і крыпту (верагодна, пахавальня кн. Барыса Усяславіча). Сцены былі размаляваны фрэскамі. Храм-трыконх паводле малюнка канца 18 ст. — падоўжаны па восі У—З прамавугольнік з паўкруглай апсідай, дзе быў прастол. Бакавыя апсіды ўтваралі своеасаблівы трансепт, на 4 слупы якога абапіраўся барабан з купалам. Падобную планіроўку маюць храмы Афона, Балгарыі і Сербіі.

У 1928 напаўразбураныя Барысаглебскую і Пятніцкую цэрквы даследаваў І.​М.​Хозераў. Вялікі сабор даследавалі ў 1965 М.​К.​Каргер, у 1970-я г. П.​А.​Рапапорт, у 1990 А.​А.​Трусаў.

Літ.:

Селицкий А.А. Живопись Полоцкой земли XI—XII вв. Мн., 1992.

Г.​А.​Лаўрэцкі.

Бельчыцкі Барысаглебскі манастыр. Барысаглебская царква. З гравюры. 19 ст.
Бельчыцкі Барысаглебскі манастыр. Акварэль І.​Трутнева. 1866.

т. 3, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЯ БЛАГАВЕ́ШЧАНСКАЯ ЦАРКВА́, Віцебская царква Звеставання, Віцебская Дабравешчанская царква,

помнік стараж.-рус. дойлідства. Пабудавана ў сярэдзіне 12 ст. ў Віцебску, на левым беразе Зах. Дзвіны ў тэхніцы opus mixtum — адзін рад часаных вапняковых блокаў чаргаваўся з 2—3 радамі плінфы. Кампазіцыя складалася з 4-слуповага 3-нефавага аднаапсіднага асн. аб’ёму, да зах. сцяны якога далучаўся нартэкс з хорамі. Храм быў узорам пераасэнсавання візант. буд. традыцыі ў мясц. умовах. Аб удзеле ў буд-ве грэч. дойлідаў, якіх, магчыма, прывезлі ў 1140-я г. полацкія князі (былі сасланы ў Візантыю ў 1129), сведчаць буд. методыка і выкарыстанне футавай метрычнай сістэмы. Будынак меў шэраг асаблівасцей, не ўласцівых арх. школам Русі таго часу: бакавыя нефы заканчваліся паўцыркульнымі нішамі ва ўсх. сцяне, апсіда мела трапецападобную віму (адзіны выпадак ва ўсх.-слав. хрысціянскай архітэктуры), па ўсёй даўжыні храм падзяляўся на амаль аднолькавыя часткі. Вонкавая паверхня сцен была пакрыта цамянкавай абмазкай і раскрэслена белымі палосамі, якія імітавалі квадравую муроўку. У інтэр’еры была фрэскавая размалёўка (не збераглася). Царква шмат разоў перабудоўвалася. У 1619, калі яна стала уніяцкай, перад зах. фасадам зроблена прыбудова, завершаная трохвугольным франтонам; закамары на паўд. фасадзе былі знівеліраваны.

У 1714 і 1759 перабудоўвалася і набыла рысы стылю віленскага барока, зах. фасад фланкіраваны 2 вежамі-званіцамі, да паўд. прыбудавана 2-павярховая пабудова з асобным уваходам, купал заменены на сігнатуру над алтаром. Пасля 1862 храм набыў рысы рэтраспектыўна-рус. стылю; былі знішчаны вежы-званіцы, узведзены вялікі драўляны гранёны барабан з цыбулепадобным купалам. У Вял. Айч. вайну храм быў пашкоджаны, у пач. 1960-х г. зруйнаваны. У канцы 1970-х г. праведзена кансервацыя помніка (арх. С.​Друшчыц). З 1992 вядзецца рэстаўрацыя (арх. Г.​Лаўрэцкі).

Г.А.Лаўрэцкі.

Віцебская Благавешчанская царква. Здымак пач. 20 ст.
Віцебская Благавешчанская царква. Фрагмент муроўкі.
Віцебская Благавешчанская царква. Паўднёвы фасад. Праект рэстаўрацыі Г.​Лаўрэцкага.

т. 4, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКО́ЎСКАЯ ШКО́ЛА ДО́ЙЛІДСТВА,

адна з асн. школ стараж.-рус. архітэктуры 14—17 ст. Склалася і развівалася ў перыяд узмацнення паліт. і эканам. ролі Маскоўскага княства і Масквы. З 14 ст. актывізавалася буд-ва культавых і абарончых збудаванняў (белакаменныя сцены і вежы Крамля Маскоўскага). Першыя храмы Крамля — Успенскі (1327) і Архангельскі (1333) саборы (не захаваліся) — сведчаць пра пераймальнасць арх.-буд. традыцый уладзіміра-суздальскай школы дойлідства. У 14—15 ст. узнік маск. тып белакаменнага храма: кампактны, 4-стаўповы, з павышанымі падпружнымі аркамі, ярусамі какошнікаў, разнымі дэкар. паясамі на фасадах (саборы Успенскі на Гарадку, 1399; і Раства Савіна-Старажоўскага манастыра, 1405, у г. Звянігарад Маскоўскай вобл.; Духаўская царква Троіца-Сергіевай лаўры, 1476). На мяжы 14 і 15 ст. аб’ёмна-прасторавыя кампазіцыі цэркваў мелі рысы балканскага дойлідства (Нікольская царква ў с. Каменскае) і полацкай школы дойлідства (Спаскі сабор Андронікава манастыра). Удзел у перабудове Крамля (канец 15 ст.) пскоўскіх і італьян. дойлідаў паспрыяў удасканаленню тэхнікі буд-ва, узбагачэнню арсенала форм, выкарыстанню традыцый рэнесансу. У 16 ст. пад уплывам драўлянага дойлідства ў М.ш.д. ўзнікла кампазіцыя шатровага храма на высокім падклеце (царква Ушэсця ў Каломенскім, 1532). Храмы 17 ст. складаныя па структуры, з надбудовамі, маюць маляўнічы абрыс (царква Тройцы ў Нікітніках у Маскве, 1628—53). У 1690-я г. ў дойлідстве Масквы развівалася т.зв. нарышкінскае барока, заснаванае на выкарыстанні класічных арх. форм (цэрквы Пакрова ў Філях, 1694; Успення на Пакроўцы, 1699, арх. П.​Патапаў). Храмы і палацы 17 ст. аздаблялі бел. майстры (гл. Беларуская рэзь).

Літ.:

Воронин Н.Н. Зодчество Северо-Восточной Руси XII—XV вв. Т. 2. М., 1962.

Г.​А.​Лаўрэцкі.

Маскоўская школа дойлідства. Духаўская царква Троіца-Сергіевай лаўры ў г. Сергіеў Пасад Маскоўскай вобл. 1476.
Маскоўская школа дойлідства. Царква Тройцы ў Нікітніках у Маскве. 1628—53.

т. 10, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКАЯ ШКО́ЛА ДО́ЙЛІДСТВА,

самабытная арх. школа, якая склалася ў 11 ст. ў Полацкім княстве ў час яго эканам. і паліт. ўздыму. Сфарміравалася ў культавым буд-ве на аснове пераасэнсавання традыцый візант. архітэктуры пад уплывам першага манум. збудавання на тэр. Беларусі — Полацкага Сафійскага сабора. Найб. росквіту дасягнула ў 12 ст. Для П.ш.д. характэрна муроўка з плінфы «са схаваным радам», якая ўтварала двухколерную гаму паверхні сцяны, радзей — з чаргаваннем слаёў плінфы і вапняку (Віцебск). Школа творча развіла адзін з кірункаў візант. царк.-буд. традыцыі: план выцягнуты па падоўжнай восі, бакавыя нефы больш вузкія, дамінуе сярэдняя апсіда (бакавыя знадворку не выяўлены і часцей схаваны ў тоўшчы алтарных сцен). Асн. тып культавых збудаванняў: 1-нефавыя бесслуповыя з адной апсідай і бабінцам (Пятніцкая царква Бельчыцкага Барысаглебскага манастыра) 3-нефавыя 6-слуповыя з 3 апсідамі, выяўленымі знадворку (сабор Бельчыцкага Барысаглебскага манастыра); трохнефавыя 4- або 6-слуповыя са схаванымі бакавымі апсідамі (храм-пахавальня Полацкага Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра, Віцебская Благавешчанская царква, Барысаглебская царква Бельчыцкага Барысаглебскага манастыра). У шэрагу храмаў меліся абходныя галерэі. Для некат. помнікаў П.ш.д. характэрна размяшчэнне падкупальнага квадрата не над усх., а над зах. парамі слупоў, што надавала кампазіцыі будынкаў цэнтрычнасць. Гэтаму спрыяла і канструкцыйна-дэкар. сістэма перакрыцця падкупальнага квадрата ступеньчатымі аркамі і ўтварэнне кубічнага пастамента барабана гал. купала, аздобленага звонку 3-лопасцевымі аркамі. Прадстаўнік П.ш.д. дойлід Іаан — аўтар Спаса-Праабражэнскай царквы ў Полацку. Мяркуюць, што полацкія дойліды ўдзельнічалі ў буд-ве Навагрудскай Барысаглебскай царквы, будавалі ў Ноўгарадзе (царква на Сінічай гары) і Смаленску. П.ш.д. зрабіла вял. ўплыў на далейшае развіццё архітэктуры Беларусі, на Смаленскую школу дойлідства, а таксама Маскоўскую школу дойлідства і Пскоўскую школу дойлідства.

Ю.​А.​Якімовіч, Г.​А.​Лаўрэцкі.

Да арт. Полацкая школа дойлідства. Благавешчанская царква ў Віцебску. Здымак пасля рэстаўрацыі.

т. 12, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)