Лаўрэцкі Генадзь Аляксандравіч

т. 18, кн. 1, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЎГАРО́ДЫ,

вёска ў Новапагосцкім с/с Міёрскага р-на Віцебскай вобл. Цэнтр калгаса. За 14 км на Пд ад горада і чыг. ст. Міёры, 194 км ад Віцебска. 257 ж., 115 двароў (2000). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

Г.​А.​Лаўрэцкі.

т. 11, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́ЛЬБІШЧА,

вонкавая адкрытая тэраса ці закрытая галерэя, якая абкружае будынак на ўзроўні перакрыццяў падклецця. Выкарыстоўвалася ў культавых будынках 16—17 ст., часам у пабудовах свецкага характару. У драўляным дойлідстве існавала ў выглядзе стоек з укосінамі ў верхняй частцы (Троіцкая царква Маркава манастыра ў Віцебску), у мураваным — у выглядзе аркадных і ордэрных галерэй, глухіх прыбудоў да асн. будынка (храм-пахавальня ў Полацкім Спаса-Ефрасіннеўскім манастыры).

Г.​А.​Лаўрэцкі.

Гульбішча. Чарцёж.

т. 5, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКАЯ СІМЯО́НАЎСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Пабудавана ў 1865 у Брэсце. Храм цэнтрычнай 5-купальнай кампазіцыі: кубападобны асн. аб’ём, прытвор і паўкруглая апсіда. У кампазіцыі і дэкар. пластыцы асн. аб’ёму выкарыстаны прыёмы класіцызму (ордэрная сістэма, трохвугольныя франтоны, высокі прафіляваны карніз і філянговы фрыз, гранітны цокаль), у завяршэнні — формы маскоўскага дойлідства сярэдзіны 17 ст. (кілепадобныя какошнікі, 8-гранныя барабаны, цыбулепадобныя галоўкі, шатры).

Г.​А.​Лаўрэцкі.

Брэсцкая Сімяонаўская царква.

т. 3, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЯНЕ́ЦКАЯ СІМЯО́НАЎСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рус. стылю. Пабудавана ў 1912—14 з цэглы ў г. Камянец Брэсцкай вобл. Мае 4-часткавую кампазіцыю: квадратны трохнефавы асн. аб’ём, пяцігранная апсіда, трох’ярусная званіца і трапезная. У аб’ёмна-пластычнай структуры храма выкарыстаны формы маскоўскай архітэктуры 17 ст.: званіца (васьмярык на чацверыку) завершана васьмігранным шатром, прарэзаным люкарнамі, з цыбулепадобнай галоўкай, какошнікі, броўкі, закамары асн. аб’ёму, пяцікупалле і інш. Асн. кубападобны аб’ём пастаўлены на высокі цокаль і завершаны светлавым цыліндрычным барабанам. У дэкоры фасадаў выкарыстаны какошнікі, сухарыкі, закамары і інш.

Г.​А.​Лаўрэцкі.

Камянецкая Сімяонаўская царква.

т. 7, с. 555

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕНУА́ (Мікалай Лявонцьевіч) (13.7.1813, С.-Пецярбург — 23.12.1898),

рускі архітэктар. Скончыў Пецярбургскую АМ (1836), выкладаў у ёй (з 1857 праф.). Дабудоўваў буйныя ансамблі, у т. л. Пецяргоф (цяпер Петрадварэц, 1848—59), па-майстэрску імітаваў розныя гіст. стылі — неаготыку (будынак пошты, 1850), неабарока (фрэйлінскія дамы, 1847—52, дом Апраксіна, 1858, усе ў Пецяргофе), рэтраспектыўна-рускі (цэрквы ў с. Лісіна-Корпус, 1858, Высокае, 1868, каля Пецяргофа), раманскі (каталіцкая царква Марыі ў Пецярбургу, 1857), тактоўна ўпісваў свае збудаванні ў арх. ансамблі ці паркавыя комплексы («Швейцарскі домік» у Кускове, 1870, Масква). Пабудаваў шэраг чыг. вакзалаў з выкарыстаннем новых метал. канструкцый.

Г.​А.​Лаўрэцкі.

т. 3, с. 101

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІФО́РЫУМ, біфора (ад лац. biforis скразны, на абодва бакі),

двухчасткавы арачны праём або элемент аркады, падзелены на 2 часткі па восі слупам (калонкай). Біфорыум перакрываецца цыркульнай (раманская і візант. архітэктура), спічастай (готыка), лучковай (барока, эклектыка) аркамі. Прамежак паміж малымі (унутранымі) і вял. (знешняй) аркамі можа быць глухі, аздоблены дэкар.-пластычным элементам і ажурны. У бел. архітэктуры біфорыум выкарыстаны ў Сар’еўскім касцёле, Каменкаўскім Антоніеўскім касцёле, у царкве ў в. Азерцы Гродзенскага р-на (пач. 20 ст.) і інш.

Г.​А.​Лаўрэцкі.

Біфорыум вежы касцёла ў в. Каменка Шчучынскага раёна Гродзенскай вобл. Пач. 20 ст.

т. 3, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАДЗЕ́ЧАНСКАЯ ПАКРО́ЎСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рус. стылю ў г. Маладзечна Мінскай вобл. Пабудаваны ў 1867—71 з цэглы. У плане ўяўляе сабой традыц. 4-часткавую схему: званіца, трапезная, 3-нефавы квадратны асн. аб’ём і 5-гранная апсіда, абапал якой прыбудаваны рызніца і ахвярнік. Над асн. аб’ёмам — 8-гранны светлавы барабан. У дэкоры выкарыстаны кілепадобныя какошнікі, ліштвы акон, шатровыя з макаўкай завяршэнні і інш. Званіца і гал. светлавы барабан царквы маюць аднолькавую арх.-пластычную структуру: 8-гранная ў сячэнні канструкцыя завяршаецца какошнікам і шатровым дахам з цыбулепадобнай галоўкай. Гэта надае кампазіцыі будынка цэласнасць і аб’ёмнае адзінства.

Г.​А.​Лаўрэцкі.

Маладзечанская Пакроўская царква.

т. 9, с. 552

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВІ́ЦЦЕЎСКАЯ ПРАЧЫ́СЦЕНСКАЯ ЦАРКВА́, царква Раства Багародзіцы,

помнік драўлянага дойлідства ў в. Павіцце Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл. Пабудавана ў 1912 з брусоў (18 × 18 см) пад кіраўніцтвам чэш. майстра Гута. У плане традыц. 4-часткавая схема: званіца, трапезная, асн. аб’ём, апсіда. Да асн. аб’ёму з 4 бакоў прымыкаюць прыбудовы: з 3 два ўваходы, з У дзяканнік з асобным уваходам і ахвярнік, аб’яднаныя гал. алтаром. У інтэр’еры 2-ярусны разны іканастас пач. 20 ст. Ў арх.-стылявой структуры спалучаюцца рысы традыц. нар. драўлянага дойлідства (разьба на навесах ганкаў, барабанах і інш.), рэтраспектыўна-рус. (планіроўка, форма і канструкцыя званіцы, 5-купалле асн. аб’ёму, выкарыстанне 3-лопасцевых какошнікаў і інш.) і неарускага (ламаныя абрысы завяршэння гал. барабана, падзораў цвінтара) стыляў.

Г.​А.​Лаўрэцкі.

Павіццеўская Прачысценская царква.

т. 11, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЎГАРО́ДСКІ САФІ́ЙСКІ САБО́Р, сабор св. Сафіі,

помнік стараж.-рус. дойлідства ў г. Ноўгарад. Пабудаваны ў 1045—50 кіеўскімі майстрамі ў дзядзінцы (крамлі) з каменю (скляпенні і аркі з цэглы-плінфы) на ўзор Кіеўскага Сафійскага сабора (толькі меншых памераў). Быў кафедральным саборам. Храм крыжова-купальны 5-нефавы 5-купальны 3-апсідны, абкружаны з трох бакоў напачатку 1-яруснымі, пазней — высокімі закрытымі 2-яруснымі галерэямі. З зах. боку ў галерэю ўбудавана масіўная вежа з лесвіцай, што вядзе на хоры. Сабор вылучаецца суровай магутнасцю і прастатой форм, сціпласцю дэкору. Захаваліся фрагменты фрэсак (2-я пал. 11 ст., 1108, 1144), зах. бронзавыя, т.зв. Карсунскія вароты (1152—56), абразы сярэдзіны 14 — пач. 15 ст. Сабор часткова пашкоджаны ў 1941—44, рэканструяваны. Цяпер музей і адначасова дзеючы храм.

Г.​А.​Лаўрэцкі.

Наўгародскі Сафійскі сабор.

т. 11, с. 212

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)