ГРЭСЬ (Аляксандр Яўхімавіч) (н. 22.5.1951, г. Брагін Гомельскай вобл.),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыў БПІ (1981). Працуе на Мінскім электратэхн. з-дзе імя В.І.Казлова (з 1973). Вучыўся ў свайго бацькі — нар. майстра Я.С.Грэся, працуе пераважна з жонкай — нар. майстрам Г.С.Грэсь. Аўтар твораў утылітарнага і дэкар. прызначэння з саломкі, лазы, бяросты, чароту і інш.: куфэркі, цукерніцы, хлебніцы, вазы, капелюшы, пацеркі, бранзалеты і інш. Аформіў саломкай інтэр’ер пакоя музея М.Багдановіча ў Мінску (1983). Аздабляе касцюмы фалькл. калектывам «Белая Русь», «Агмень», «Купалінка», «Крэсіва», «Жавароначкі», «Бяседа» і інш. Творчасці ўласцівы нар. матывы, завершанасць кампазіцыі і пластычнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́ЎСКІ ЦАРКО́ЎНА-АРХЕАЛАГІ́ЧНЫ МУЗЕ́Й.
Адкрыты ў 1915 у г. Мсціслаў Магілёўскай губ. пры духоўным вучылішчы. У 1923 меў 1157 экспанатаў; аддзелы: археал., нумізматычны, этнагр., царк. старажытнасцей, 100-годдзя вучылішча. Сярод экспанатаў косці маманта з кар’ера мясц. цагельні, каменныя сякеры і кераміка з гарадзішча, манеты ВКЛ, Рус. дзяржавы 17—18 ст., старадрукі і рукапісныя царк. кнігі, узоры нар. адзення, с.-г. прылады працы, вырабы з лазы, лыка, дрэва. У 1924 створаны аддзелы: прыродна-гіст., мастацка-прамысловы, бібліяграфічны. Пры музеі дзейнічалі гурткі краязнаўцаў і аховы гіст. помнікаў, быў выпрацаваны статут музея. Экспанаты загінулі ў час Вял.Айч. вайны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́РКАў раслін,
покрыўная тканка, вонкавая частка кары. Штогод нарошчваецца з адмерлых паверхневых слаёў перыдэрмы. Складаецца з корку, фелагену, феладэрмы, парэнхімы кары і інш. адмерлых тканак. Паяўляецца на сцёблах і каранях раслін у розны час (напр., у вінаграднай лазы — на 1-ы год, у яблыні, грушы — на 6—8-ы, у дуба — на 25—30-ы год). Нарастанне шматгадовага сцябла ў таўшчыню прыводзіць да растрэсквання перыферычнай ч. К., злушчванню з паверхні і нарастанню знутры (таму ствалы старых дрэў маюць зрэзаную глыбокімі барознамі К., якая скідваецца). Утварэнне К. выклікаецца таксама грыбамі, лішайнікамі, мех. пашкоджаннямі перыдэрмы. Ахоўвае ствалы і галіны ад выпарэння, перагрэву, вымярзання, сонечных апёкаў, патагенных арганізмаў, аб’ядання жывёлай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКАЯ ФА́БРЫКА МАСТА́ЦКІХ ВЫ́РАБАЎ «КУПА́ВА» Створана ў 1929 у Віцебску як арцель «8 Сакавіка». З 1937 ф-камаст. вырабаў. У Вял. Айч. вайну разбурана, у 1945—47 адноўлена. З 1981 галаўное прадпрыемства Віцебскага ВАмаст. вырабаў, з 1993 самаст.ф-ка з сучаснай назвай. Дзейнічаюць участкі: закройны, машыннай і ручной вышыўкі, пашывачны, вязання, аддзелкі, эксперыментальны. Спецыялізуецца на выпуску строчана-вышытых вырабаў верхняга жаночага адзення, сталовай бялізны, трыкат. вырабаў жаночага і мужчынскага асартыменту. Існуюць участкі ручной вышыўкі, ткацтва і вязання. Жаночыя і дзіцячыя жакеты, джэмперы, камізэлькі ўпрыгожваюцца разнастайным па форме і маст. вырашэнні бел. арнаментам. Вырабляе таксама драўляны посуд і сувеніры з саломкі. Асн. прадукцыя (1997): верхні паўшарсцяны мужчынскі і жаночы трыкатаж, строчана-вышытыя швейныя вырабы і сталовая бялізна, сувеніры з саломкі і лазы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЕ́Й ГІСТО́РЫІ ГО́РАДА СВЕТЛАГО́РСКА.
Адкрыты. ў 1978 у г. Светлагорск Гомельскай вобл. на грамадскіх пачатках як краязнаўчы, з 1979 сучасная назва. Пл. экспазіцыі 264,2 м², каля 3,8 тыс. адзінак асн. фонду (2000). Аддзелы: этнаграфія і побыт, прырода, Вял. Айч. вайна на тэр. раёна, прамысловасць, сац.-культ. развіццё горада, выставачны. Сярод экспанатаў калекцыі манет 17—20 ст., прадметы побыту і прылады працы 18—19 ст., матэрыялы пра гіст. мінулае горада, стварэнне і дзейнасць прадпрыемстваў, у т. л. суднаверфі (1929—61), Герояў Сав. Саюза, што загінулі ў баях на тэр. раёна, асабістыя рэчы ген. арміі П.І.Батава, нар. адзенне, вырабы з лазы, саломкі, разьбы па дрэве, матэрыялы пра жывёльны і раслінны свет рэгіёна. Музей праводзіць выстаўкі твораў мясц. мастакоў і майстроў нар. творчасці, калекцый нумізматыкі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМСАХУ́РДЫЯ (Канстанцін Сіманавіч) (15.5.1891, г. Абаша, Грузія — 17.7.1975),
грузінскі пісьменнік. Акад.АН Грузіі (1944). Скончыў Берлінскі ун-т (1919). Друкаваўся з 1914. Падарожнічаў па Італіі, Грэцыі, Турцыі, жыў у Парыжы. У зб-ку навел «Краіна, якую я бачу» (1924), рамане «Усмешка Дыяніса» (1925) уплыў дэкадэнцтва. Раманы «Украдзены месяц» (т. 1—3, 1935—36) і «Цвіценне лазы» (1956) пра жыццё груз. вёскі 1920—40-х г., «Дзясніца вялікага майстра» (1939) пра нац. культуру і норавы ў Грузіі ў часы сярэднявечча, «Давід Будаўнік», (т. 1—4, 1946—58; прэмія імя Ш.Руставелі) пра барацьбу груз. народа за нац. незалежнасць у 11 ст. Творы Гамсахурдыя адметныя шырынёй ахопу гіст. падзей, майстэрствам іх адлюстравання, самабытнасцю мовы. Пераклаў на груз. мову «Боскую камедыю» Дантэ. У 1930-я г. падвяргаўся рэпрэсіям.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКІ ГІСТО́РЫКА-КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.
Адкрыты ў 1995 у г. Нясвіж Мінскай вобл.Пл. экспазіцыі 256 м², каля 4,2 тыс. адзінак асн. фонду, 7 залаў, з іх 2 выставачныя (2000). Сярод экспанатаў археал. знаходкі (кафля, шкляныя вырабы, дахоўка 16—18 ст.), соліды ВКЛ і Рэчы Паспалітай, напольны гадзіннік і фартэпіяна з замка Радзівілаў, сярэбраны кубак пач. 18 ст. з выявай Багуслава Радзівіла, бібліі 1 малітоўнікі 19 ст., карціны і асабістыя рэчы бел. мастака М.К.Сеўрука. У экспазіцыі нац. адзенне, вышываныя ручнікі, вырабы з саломкі і лазы, бандарныя вырабы 19 — пач. 20 ст. Музей праводзіць выстаўкі карцін бел. мастакоў, у т. л. мясцовых, вырабаў дэкар.-прыкладнога мастацтва, калекцый інш. музеяў. У дні фестываляў камернай музыкі ў ім адбываюцца навук.-практычныя канферэнцыі, прысвечаныя муз. і пісьмовай спадчыне Нясвіжчыны. З 1966 працуе аддзел музей-кватэра Сеўрука.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДО́ЦКІ РАЁННЫ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.
Адкрыты ў 1976 у г. Гарадок Віцебскай вобл.Пл. экспазіцыі 404 м², 26 тыс. экспанатаў асн. фонду (1991). Сярод экспанатаў рэчы з археал. даследаванняў на тэр. Гарадоцкага р-на (косці маманта, крамянёвыя прылады працы, вырабы з жалеза, керамічны посуд і цацкі, нумізматычная калекцыя). Ёсць матэрыялы пра стараж. Гарадок, у т. л.Гарадоцкі замак, пра падзеі рэв. руху, грамадз. вайны, аднаўленне нар. гаспадаркі. Значную колькасць складаюць экспанаты перыяду Вял. Айч. вайны: пра абарончыя баі, узнікненне і дзейнасць падполля і партыз. руху ў раёне, злачынствы ням.-фаш. захопнікаў, вызваленне горада і раёна ў ходзе Гарадоцкай аперацыі 1943, матэрыялы пра землякоў Герояў Сав. Саюза М.І.Аверчанку, М.А.Ананьева, Р.Б.Багданава, І.Р.Бумагіна, М.І.Гапяёнка, А.Я.Казлова, П.М.Каралёва, І.А.Круміня, Ц.Ц.Рамашкіна, А.П.Сабалеўскага, пра ахвяры сталінскіх рэпрэсій, удзельнікаў вайны ў Афганістане і інш. Экспануюцца этнагр. матэрыялы 19 — пач. 20 ст., дэкар.-прыкладнога мастацтва (кераміка, вырабы ткацтва, з саломкі, лазы, вышыванкі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЁРСКІ ГІСТО́РЫКА-ЭТНАГРАФІ́ЧНЫ МУЗЕ́Й.
Засн. ў 1983 у г. Міёры Віцебскай вобл. на базе музея на грамадскіх пачатках, адкрыты ў 1994. Нл. экспазіцыі 131 м², каля 2,5 тыс. экспанатаў асн. фонду (1999), 6 залаў. У зале археалогіі сярод экспанатаў прылады працы, касцяныя грабеньчыкі, шпількі-амулеты, шкляныя пацеркі, спражкі, вітыя бранзалеты з зааморфнымі выявамі з курганных могільнікаў і гарадзішчаў Міёршчыны. У залах ткацтва, ганчарства і бандарства тканыя вырабы, вышыванкі, прылады працы для апрацоўкі лёну і воўны, гаршкі, гарлачыкі, бандарны посуд, вырабы мясц. майстроў. 2 залы прысвечаны гісторыі краю з пач. 19 ст., у т. л. падзеям вайны 1812, паўстанняў 1830—31, 1863—64, рэвалюцыі 1905, 1-й сусв. вайны, дзейнасці падполля і партыз. руху ў Вял.Айч. вайну, развіццю сельскай гаспадаркі і прамысловасці ў пасляваенны час. У зале пляцення карабы і абутак з саломы, мэбля, кошыкі з лазы, маляваныя дываны мясц. мастакоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВУ́К,
прасторавая кампазіцыя з саломы, папяровых кветак, зерняў лубіну, фасолі і інш.; традыц. ўпрыгожанне інтэр’ера бел.нар. жылля. П. падвешвалі над сталом (лічылася, што ён прыносіць шчасце). Найб. пашыраны з саломы (шарападобныя, рамбічныя і зорчатыя). Шарападобныя рабілі з саломінак (часта з каласкамі), якія разыходзіліся ва ўсе бакі ад цэнтра (напр., утыкаліся ў бульбіну). Канцы саломінак аздаблялі кветкамі з паперы ці пер’я, зоркамі з фольгі і інш. У аснове рамбічнага П. 8-гранная фігура з 12 саломінак аднолькавай даўжыні. Унутры і да яго вуглоў падвешвалі П. меншых памераў (часта да некалькіх дзесяткаў), саламяныя ці папяровыя ланцужкі, кветкі з рознакаляровай паперы ці пер’я, абгорнутыя фольгай мяцёлкі аўса і інш. Разнавіднасць рамбічнага П., — жорсткая канструкцыя са змацаваных паміж сабою васьміграннікаў аднолькавых памераў. Зорчатыя П. мелі плоскую канструкцыю з саломінак у выглядзе шматпялёсткавай разеткі. Бытавалі таксама П. накшталт абажур?: да абруча з лазы ці дроту падвешвалі гірлянды з зярнят фасолі, гароху, лубіну, начэпленых на ніткі. Арыгінальны П. пач. 20 ст. з гірляндаў кудзелі і кутасоў. Выйшлі з нар. ўжытку ў 1950-я г. Вырабляюцца сувенірныя П.