КА́МЕНА,

вёска ў Лагойскім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе г.п. Плешчаніцы — в. Зембін. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 42 км на ПнУ ад г.п. Лагойск, 82 км ад Мінска, 44 км ад чыг. ст. Барысаў. 587 ж., 199 двароў (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Каля вёскі селішчы позняга феадалізму.

т. 7, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЙНА,

вёска ў Лагойскім р-не Мінскай вобл., на р. Гайна, на аўтадарозе Лагойск—Ілья. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 10 км на ПнЗ ад г.п. Лагойск, 50 км ад Мінска, 41 км ад чыг. ст. Смалявічы. 710 ж., 302 двары (1996). Малое швейнае прадпрыемства «Гайна», хлебапякарня. Сярэдняя школа, Дом культуры, клуб, б-ка, аддз. сувязі.

Упершыню ўпамінаецца гісторыкам 15 ст. Я.​Длугашам. Пасля 1397, верагодна, кн. Вітаўтам у Гайне (Айне) сярод першых на тэр. ВКЛ заснаваны касцёл. Уваходзіла ў Лагойскае княства. З 1512 дзярж. маёнтак у Віленскім ваяв., пасля 1566 дзярж. мястэчка, цэнтр староства ў Мінскім пав. У 1788 пабудаваны новы касцёл (у 1865 ператвораны ў царкву). З 1793 у Рас. імперыі ў Докшыцкім, з 1796 у Барысаўскім пав. Пасля 1861 цэнтр Гайна-Слабодскай вол. У 1886 — 420 ж., 57 двароў. З 1924 цэнтр сельсавета Лагойскага р-на. У 1970 — 915 ж., 256 двароў.

т. 4, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВІ́ЦКІ (Міхаіл Фёдаравіч) (25.4.1933, г. Лагойск Мінскай вобл. — 28.11.1979),

бел. жывапісец. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1962). Працаваў у жанрах тэматычнай карціны, партрэта, пейзажа. Сярод работ: «Год сорак другі», «Памяці герояў Брэста» (абедзве 1962), «Студзень», «Адліга», «Фестывальны засяляецца» (усе 1963), «Партрэт штурмана Галіны Дакутовіч» (1964), «Снегапад», «Жураўлі» (абедзве 1969), «Восень на Мазыршчыне» (1971), «Світанне» (1972) і інш.

т. 11, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАДО́Р’Е,

вёска ў Лагойскім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе в. Даўгінава — в. Жардзяжжа. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 50 км на Пн ад г.п. Лагойск, 90 км ад Мінска, 35 км ад чыг. ст. Будслаў. 352 ж., 135 двароў (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 6, с. 499

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНДРЭ́Й УЛАДЗІ́МІРАВІЧ (каля 1390—1457?),

князь, адзін з найбуйнейшых праваслаўных магнатаў ВКЛ. Сын кіеўскага кн. Уладзіміра з роду Альгердавічаў, брат Алелькі (Аляксандра, гл. ў арт. Алелькавічы) і Івана Бельскага (гл. ў арт. Бельскія). У адрозненне ад братоў удзельнага княства не атрымаў, але займаў высокае становішча ў ВКЛ, уваходзіў у велікакняжацкую раду. Уладальнік маёнткаў Лагойск, Гайна і Камянец (Менскі пав.), Славенск (Ашмянскі пав.), Палонна і Лемніца (Віцебская зямля) і інш.

В.​Л.​Насевіч.

т. 1, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІЗБІ́ШЧА,

вёска ў Лагойскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і калектыўна-долевага с.-г. прадпрыемства. За 57 км на ПнЗ ад г.п. Лагойск, 97 км ад Мінска, 27 км ад чыг. ст. Княгінін. 459 ж., 165 двароў (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, вет. аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — царква (19 ст.). Каля вёскі археал. помнік Ізбішча.

т. 7, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАГО́ЙСКІ БОЙ 1942,

бой партыз брыгады «Штурмавая» (камандзір Б.​М.​Лунін) па разгроме фаш. гарнізона (каля 240 гітлераўцаў) у г. Лагойск Мінскай вобл. ў ноч на 23 снеж. ў Вял. Айч. вайну. Напярэдадні аперацыі лагойскія падпольшчыкі склалі схему ўмацаванняў ворага, перадалі партызанам звесткі пра размяшчэнне яго агнявых пунктаў і пастоў аховы. У выніку 3-гадзіннага бою партызаны разграмілі памяшканні паліцэйскай управы, жандармерыі і камендатуры, спалілі склады з харчаваннем і фуражом, захапілі вял. трафеі.

т. 9, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́КШЫЦКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка ў Рас. імперыі ў 1793—97. Утвораны ў складзе Мінскай губ. з частак Ашмянскага і Мінскага пав. ВКЛ пасля іх далучэння да Расіі ў час 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793). Цэнтр — мястэчка (з 1795 горад) Докшыцы. Найб. значнымі паселішчамі Д.п. былі мястэчкі Беразіно, Гайна, Даўгінава, Ілья, Лагойск, Плешчаніцы, сёлы Бягомль, Нябышына і інш. Скасаваны ў пач. 1797, яго тэр. падзелена паміж Вілейскім і Барысаўскім пав. Мінскай губ.

В.​Л.​Насевіч.

т. 6, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАГО́ЙСКІ РАЁН.

На Пн Мінскай вобл. Утвораны 17.7.1924, канчаткова сфарміраваны 14.8.1979. Пл. 2,4 тыс. км². Нас. 43,5 тыс. чал. (1998), гарадскога 41%. Сярэдняя шчыльн. 18 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г. Лагойск. Уключае г.п. Плешчаніцы, 323 сельскія населеныя пункты. Падзяляецца на 16 сельсаветаў: Акалоўскі, Акцябрскі, Астрошыцкі, Бяларуцкі, Гайненскі, Задор’еўскі, Зарэчанскі, Знаменкаўскі, Ізбішчанскі, Каменскі, Крайскі, Лагазінскі, Лагойскі, Нястанавіцкі, Чырванашвабаўскі, Янушкавіцкі і Плешчаніцкі пасялковы Савет.

Раён размешчаны пераважна на Лагойскім узвышшы і Плешчаніцкім узвышшы, паўн.-зах. ўскраіна — на Нарачана-Вілейскай нізіне. Паверхня ўзгорыстая. Пераважаюць выш. 200—250 м, на выш. больш за 250 м — 25% тэрыторыі, найвыш. пункт 333 м (каля в. Вял Бясяды). Карысныя выкапні: торф, пясчана-жвіровы матэрыял, мел. Сярэдняя т-ра студз. -7,1 °C, ліп. 17,6 °C. Ападкаў 631 мм за год. Вегетац. перыяд 188 сутак. Найб. рэкі: Вілія (на мяжы з Вілейскім р-нам) з прытокамі Дзвінаса і Ілія; Гайна з прытокамі Цна і Лагазінка; на Пд вярхоўі р. Вяча. Плешчаніцкае вадасховішча на р. Дзвінаса. Азёры Дзікае і Церахава. Пашыраны глебы дзярнова-падзолістыя (48,2%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (29%), тарфяна-балотныя (16,1%). Пад лесам 54,4%тэр. раёна, з іх 18,2% — штучныя насаджэнні, пераважаюць хваёвыя і яловыя лясы Найб. лясістасць на У. Балоты займаюць 1% тэр. раёна, найб. з іх Чысцік, Крамянец, Антонаўскае балота. Біял. заказнік рэсп. значэння Антонава; біял. мікразаказнікі мясц. значэння Казырскі і Паненская гара; помнікі прыроды мясц. значэння; парк у г. Лагойск, «Лагойская крыніца» ў г. Лагойск, «Паграбішчанскія крыніцы» — абапал ручая Макаўза каля в. Паграбішча. Зоны адпачынку Верасы, Гайна, Лагойшчына, часткова Вілейка.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 90,6 тыс. га, з іх асушаных 23,7 тыс. га. На 1.1.1998 у раёне 26 калгасаў, 18 фермерскіх гаспадарак, птушкафабрыка, аграфірма «Астрошыцы», прадпрыемства па вытв-сці свініны «Лагойскае». Асн. кірункі сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля, свінагадоўля, птушкагадоўля (вытв-сць яец), развядзенне норак, ільнаводства. Вырошчваюць збожжа, бульбу, кармавыя культуры. У раёне ветсанутыльзавод (вытв-сць мяса-касцявой мукі), малыя прадпрыемствы харч. (сыр, гарэлка), лёгкай (трыкат. вырабы) і буд. матэрыялаў (цэгла) прам-сці. Плешчаніцкая геафізічная абсерваторыя. Асноўныя аўтадарогі на Мінск, Лепель, Смалявічы, Барысаў, Маладзечна, Вілейку. У раёне 24 сярэднія, 9 базавых, 8 пачатковых, 2 муз. школы, прафес.-тэхн. вучылішча, 33 дашкольныя ўстановы, 43 клубы і дамы культуры, 50 б-к, 3 бальніцы, 7 амбулаторый, 30 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: парк (1-я пал. 19 ст.) у г. Лагойск; касцёл (2-я пал. 19 ст.) у в. Амнішава; капліца (2-я пал. 19 ст.пач. 20 ст.) у в. Жардзяжжа; цэрквы (19 ст.) у вёсках Ізбішча і Косіна. Мемар. комплексы Дальва (1973) і Хатынь (1969). Купалы Янкі літаратурнага музея філіял «Акопы» ў в. Харужанцы. Радзіма К.П.Тышкевіча і Я.П.Тышкевіча. Выдаецца газ. «Родны край».

Г.​С.​Смалякоў.

т. 9, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАГО́ЙСКАЯ АСТРАБЛЕ́МА,

старажытны метэарытны кратэр паблізу г. Лагойск у вярхоўі р. Гайна. Пахаваны пад антрапагенавымі адкладамі. Адкрыты ў 1975 пры бурэнні свідравіны ў раёне в. Кузевічы як структура з анамальнай геал. будовай. Дыяметр Л.а. каля 15 км, глыбіня каля 500 м. Складзена з т. зв. брэкчыі — абломкаў, глыб, друзу парод рознага ўзросту; частка іх дэфармаваная, сплаўленая; уся маса кавалкаў сцэментаваная ў больш позні час. Метэарытнае паходжанне Л.а. абгрунтавалі бел. вучоныя А.​С.​Махнач, М.​В.​Вераценнікаў, Г.​І.​Ількевіч.

Літ.:

Логойская астроблема. М., 1991.

У.​Я.​Бардон.

т. 9, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)