РАБЦЭ́ВІЧ (Аляксандр Маркавіч) (14.3.1898, в. Буда-Лазавая Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл. — 11.4.1961),
Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў школу камсаставу Чырв. Арміі (1920). З 1916 у арміі, у 1918—24 у Чырв. Арміі. Удзельнік вайны ў Іспаніі 1936—39. У Вял.Айч. вайну з 1941 камандзір роты асобнай мотастралк. брыгады. З ліп. 1942 камандзір дыверсійнага партыз. спецатрада НКДББССР «Храбрацы», які на тэр. Брэсцкай, Гомельскай і Магілёўскай абласцей правёў 218 дыверсій. У 1945—52 працаваў у КДББССР. Яго імем названа вуліца ў г.п.Кіраўск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУ́РМАНСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана на ПнЗеўрап. часткі Рас. Федэрацыі. Займае Кольскі п-аў і прылеглыя ўчасткі мацерыка. Абмываецца Баранцавым і Белым морамі. Мяжуе на З з Нарвегіяй і Фінляндыяй. Утворана 28.5.1938. Пл. 144,9 тыс.км². Нас. 1051 тыс.чал. (1997), гарадскога 91,8%. Цэнтр — г.Мурманск. Найб. гарады: Апатыты, Манчагорск, Севераморск, Кандалакша, Кіраўск. Прыроду гл. ў арт.Кольскі паўвостраў. Гал. галіны прам-сці — горназдабыўная, каляровая металургія, рыбная. Здабыча жал. (Аленягорск, Коўдар), апатыта-нефелінавых (Хібіны), медна-нікелевых (Печангскі р-н) руд, вермікуліту, мускавіту, пегматыту і інш.Вытв-сць першаснага алюмінію, рафінаванай медзі, нікелю. Лоўля рыбы і здабыча морапрадуктаў. Вытв-сць электраэнергіі на Кольскай АЭС, каскадах ГЭС (на рэках Ніва, Тулома, Паз, Коўда, Вароніна), ЦЭЦ, ДРЭС, Кіслагубскай прыліўнай эл. станцыі. Развіта хім. (апатытавы канцэнтрат, серная к-та), чорная металургія (жалезарудны канцэнтрат), маш.-буд., у т. л. суднабудаванне і суднарамонт, харч., лёгкая, дрэваапр.прам-сць. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — жывёлагадоўля. Гадуюць буйн. раг. жывёлу (малочна-мяснога кірунку), паўн. аленяў, птушак, свіней. С.-г. ўгоддзі займаюць каля 0,1% тэрыторыі. Вырошчваюць марозаўстойлівыя і скараспелыя гатункі бульбы, агародніны, кармавых культур. Развіта цяплічная гаспадарка. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі, паветраны. Даўж. чыгунак 903 км, аўтадарог 2,3 тыс.км. Гал. чыгунка Мурманск—Санкт-Пецярбург з адгалінаваннямі на Кіраўск, Коўдар, Алакурты і чыгунка Мурманск—Нікель з адгалінаваннем на Лінахамары. Асн. марскі порт — г. Мурманск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛА́,
рака ў Беларусі, у Кіраўскім, Бабруйскім р-нах Магілёўскай вобл. і Жлобінскім, Светлагорскім р-нах Гомельскай вобл., левы прыток Бярэзіны (бас. Дняпра). Даўж. 100 км. Пл. вадазбору 1230 км² у межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны і Прыдняпроўскай нізіны. Даліна пераважна трапецападобная, шыр. 0,8—1 км. Пойма (у вярхоўі асушаная і разараная) шыр. ад 0,5 да 1,5 км. Рэчышча каналізаванае. Берагі стромкія, выш. 1—3 м, у ніжнім цячэнні нізкія. Асн. прытокі: Рылейка, Беліца, Вял. Вязанка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 5,9 м³/с, 52% гадавога сцёку прыпадае на вясну. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац.сістэм. На рацэ г.п.Кіраўск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́РАЎСКІ РАЁН.
На ПдЗ Магілёўскай вобл. Утвораны 12.2.1935. Пл. 1,3 тыс.км². Нас. 27,9 тыс.чал. (1998), гарадскога 36,2%. Сярэдняя шчыльн. 22 чал. на 1 км². Цэнтр — г.п.Кіраўск. 126 сельскіх нас. пунктаў, 9 сельсаветаў: Баравіцкі, Грыбавецкі, Дабаснянскі, Казуліцкі, Любоніцкі, Мышкавіцкі, Паўлавіцкі, Скрыпліцкі, Стайкаўскі. Раён пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, 21 нас. пункт знаходзіцца ў зоне радыяцыйнага кантролю.
Размешчаны у паўд.ч.Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Паверхня раўнінная, слаба парэзаная далінамі. Пераважаюць выш. 160—170 м, найвыш пункт 196,4 м (на ПнЗ ад в. Казулічы). Карысныя выкапні: торф, мел, пясчана-жвіровы матэрыял, пяскі, гліны і суглінкі для грубай керамікі. Сярэдняя т-растудз. -6,9 °C, ліп. 18,2 °C. Ападкаў 594 мм за год. Вегетац. перыяд 192 сут. На У працякае р. Друць з прытокамі Вепрынка, Хмялінка, Белая (з Чарабаміркай), Дабрыца, на З — р. Бярэзіна з прытокамі Ольса, Ала, р. Добасна (прыток р. Дняпро). Невял. азёры, буйнейшыя — Бярозавае і Жывін. Створана 15 вадасховішчаў, найб. Чыгірынскае (на р. Друць). Глебы дзярнова-падзолістыя (50,3%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (28,6%), тарфяна-балотныя (10,7%). Лясы займаюць 40% тэрыторыі, з іх 9,9% — штучныя насаджэнні; пераважаюць хваёвыя, яловыя і бярозавыя, найб. масівы суцэльнага лесу на Пн. Пад балотамі 1,6% тэр. раёна, найб. Ганчанскае, Вялікае, Заліцвінскі Мох. Зоны адпачынку Чыгірынка, Бераснёўка. Заказнікі геал. (тарфяныя) мясц. значэння Белыя Рэчкі, Любін Бор. Помнікі прыроды: рэспубліканскага значэння — участак лесу з каштоўнымі дрэвавымі пародамі (хвоя Веймутава, лістоўніца сібірская) у Чыгірынскім лясніцтве, парк «Жылічы» ў в. Жылічы; мясцовага — алея дубова-ліпавая ў в. Зялёная Рошча, дуброва ў Бабруйскім ваен. лясгасе.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 65,5 тыс.га, з іх асушаных 14 тыс.га. На 1.1.1998 у раёне 12 калгасаў, 2 саўгасы, 37 фермерскіх гаспадарак, с.-г. прадпрыемствы «Ніва» і «Чырвоны баец», Жыліцкі с.-г. тэхнікум. Асн. галіны сельскай гаспадаркі: мяса-малочная жывёлагадоўля, свінагадоўля, ільнаводства, садоўніцтва. Пашыраны пасевы бульбы, збожжавых і кармавых культур. Прадпрыемствы харч. (малочныя і мясныя вырабы, кансервы, крухмал і інш.), лёгкай, ільноапрацоўчай, дрэваапрацоўчай і лясной прам-сці. Працуе Чыгірынская ГЭС. Праходзяць аўтадарогі Магілёў—Бабруйск, Мінск—Гомель. У раёне 12 сярэдніх, 10 базавых, пачатковая, дзіцяча-юнацкая спарт., муз., 3 маст. школы, с.-г. тэхнікум, ПТВ, 21 дашкольная ўстанова, 15 дамоў культуры, 12 клубаў, кінатэатр, 27 б-к, 3 бальніцы, 2 паліклінікі, 2 амбулаторыі, 21 фельч.-ак. пункт, санаторый, дом паляўнічага, турбаза. Жыліцкі комплекс-музей на базе палацава-паркавага ансамбля. Помнік архітэктуры — Жыліцкі палацава-паркавы ансамбль (18—19 ст.). Выдаецца газ. «Кіравец».