СІДАРЭ́НКА Мікалай Мікалаевіч (28.9 1905, г. Курск, Расія — 24.12.1980),

рускі паэт, перакладчык. Скончыў Маскоўскі мех. ін-т імя Ламаносава (1931). Друкаваўся з сярэдзіны 1920-х г. У лірыцы пераважае грамадз.-патрыят. тэматыка. Творы 1950—70-х г. вызначаюцца філасафічнасцю, спавядальнасцю, асэнсаваннем гісторыі свайго народа, асабістага лёсу. Аўтар зб-каў «Незабыўнае» (1959), «Завеі і лебедзі» (1970), «Трыліснік» (1980) і інш. На рус. мову пераклаў вершы і паэму «Курган» Я.​Купалы, вершы А.​Куляшова, С.​Грахоўскага, К.​Кірэенкі, А.​Пысіна.

М.​І.​Мішчанчук.

т. 14, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНІЛЕ́ВІЧ Васіль Яўхімавіч (1872, г. Курск, Расія — 16.11.1936),

украінскі гісторык, археолаг. Скончыў Кіеўскі ун-т. З 1902 праф. Харкаўскага, з 1907 Кіеўскага ун-таў. Працаваў у археал. экспедыцыях на Полаччыне, Падзвінні, даследаваў стаянку каменнага веку каля в. Кісцяні Рагачоўскага р-на. У працах «Нарыс гісторыі Полацкай зямлі да канца XIV ст.» (1896) і «Шляхі зносін Полацкай зямлі да канца XIV ст.» (1898) абгрунтаваў правамернасць назвы «Полацкая зямля», на матэрыялах археал. даследаванняў паказаў яе гіст. ролю, ваен. і эканам. стабільнасць. Аўтар прац па нумізматыцы, сфрагістыцы, фальклоры, этнаграфіі.

Г.​А.​Каханоўскі.

т. 6, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛАЎКО́Ў Уладзімір Іванавіч (9.5.1926, г. Курск, Расія — 1995),

бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (1967). Працаваў у розных тэатрах краіны. У 1964—69 у Гомельскім абл. драм. т-ры. Акцёр героіка-драм. плана. Творчасці ўласцівы яркі знешні малюнак ролі, сац. завостранасць, рамантычная прыўзнятасць. Найб. значныя ролі ў Гомельскім т-ры: Яраш («Сэрца на далоні» паводле І.​Шамякіна), Торчыкаў («Заглянуць у калодзеж» Я.​Волчака), Прохар Громаў («Угрум-рака» паводле В.​Шышкова), Еўдакімаў («104 старонкі пра каханне» Э.​Радзінскага), Раман Кошкін («Любоў Яравая» К.​Транёва), Чарлз Касл («Зорка Галівуда» К.​Одэтса).

т. 14, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРНІ́ГАЎСКАЕ КНЯ́СТВА,

старажытнарускае княства ў 11—13 ст. з цэнтрам у Чарнігаве. Займала тэр. па цячэнні р. Дзясна, Сейм, верхняй Акі, ніжняга Пасожжа і верхняга Падняпроўя. Уваходзілі гарады Ноўгарад-Северскі, Любеч, Сноўск, Пуціўль, Рыльск, Курск, Старадуб, Трубецк, Бранск і інш. Склалася на землях севяран, палян, радзімічаў і вяцічаў. Уваходзіла ў склад Кіеўскай Русі. Чарнігаў вылучыўся з яе пры кн. Мсціславе Уладзіміравічу ў 1024—36. Пасля смерці Яраслава Мудрага (1054) Ч.к. належала яго сыну Святаславу Яраславічу, які княжыў у Чарнігаве да 1073. Рашэннем Любецкага з’езда 1097 Ч.к. замацавана за яго нашчадкамі. У 1097 з Ч.к. вылучылася княства з цэнтрам у г. Ноўгарад-Северскі, у 12 ст. цэнтрамі ўдзельных княстваў сталі Пуціўль, Рыльск, Трубчэўск, Курск, Ушчыж і інш. З 11 ст. ў Ч.к. ўваходзілі землі паўд. Пасожжа з г. Гомій (Гомель) і Чачэрск, верхняга Падняпроўя з г. Рэчыца. У 1160-я г. Гомій вылучыўся як цэнтр удзельнага княства. У сярэдзіне 12 ст. Ч.к. належалі таксама некаторыя дрыгавіцкія землі з г. Слуцк, Клецк, Рагачоў. У 1239 г. Чарнігаў спалены мангола-татарамі і Ч.к. як дзярж. ўтварэнне спыніла сваё існаванне. У 14 ст. чарнігаўскія землі ўвайшлі ў склад ВКЛ. У сярэдзіне 15 ст. вял. князь ВКЛ Казімір падараваў г. Чарнігаў кн. І.​А.​Мажайскаму. У выніку вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1500—03 чарнігаўскія землі перайшлі да Масквы.

Літ.:

Насонов А.Н. «Русская земля» и образование территории древнерусского государства. М., 1951;

Зайцев А.К. Черниговское княжество // Древнерусские княжества X—XIII вв. М., 1975.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 17, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЛГАРО́ЎСКІ Станіслаў (1.5.1872—24.10.1935),

юрыст і грамадскі дзеяч. Скончыў 7 класаў Віленскай гімназіі і быў выключаны за ўдзел у стварэнні б-кі забароненай л-ры. У 1892 скончыў гімназію ў г. Коўна, паступіў на юрыд. ф-т Варшаўскага ун-та, з якога выключаны за ўдзел у паліт. руху. У 1892—94 у ссылцы ў г. Курск. Скончыў юрыд. ліцэй у Яраслаўлі. У 1896—1905 адвакат у Вільні, у 1905—15 працаваў у г. Друя, С.-Пецярбургу. З 1918 у Польшчы. У 1928 працаваў натарыусам у г. Лодзь (Польшча), у Вільні.

В.​А.​Гапоненка.

т. 3, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРУЖЫ́НІН Мікалай Міхайлавіч (13.1.1886, г. Курск, Расія — 8.8.1986),

рускі гісторык. Акад. АН СССР (1953). Скончыў юрыд. (1911) і гісторыка-філал. (1918) ф-ты Маскоўскага ун-та. Працаваў пераважна ў Маскоўскім ун-це (1929—48), з 1938 у Ін-це гісторыі АН СССР. Аўтар прац па гісторыі эканомікі, грамадскай думкі і рэв. руху ў Расіі (пераважна 19 ст.). Дзярж. прэмія СССР 1947, Ленінская прэмія 1980.

Тв.:

Декабрист Никита Муравьев. М., 1933;

Государственные крестьяне и реформа П.​Д.​Киселева. Т. 1—2. М.; Л., 1946—58;

Русская деревня на переломе, 1861—1880 гг. М., 1978.

т. 6, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯЦЫ́НА Пётр Пятровіч (6.1.1906, г. Магілёў — 24.8.1964),

бел. і расійскі скульптар. Вучыўся ў студыі Усерасійскага каап. т-ва «Мастак» (1933—36). У 1928—32 піяніст Магілёўскага гар. т-ра, у 1936—38 кіраўнік скульптурнага камбіната ў г. Курск (Расія). Стварыў помнікі У.​І.​Леніну ў Магілёве на Тэатральнай плошчы (разам з бацькам П.Г.Яцынам; 1925—26, не захаваўся) і каля будынка з-да штучнага валакна (1932), у г. Гарадок Віцебскай вобл. (1959), у Курску (1933), Ялце (1954), Казані (1955), Грозным, Іжэўску, Ліпецку, Маскве каля гал. ўвахода на ВДНГ СССР і інш.; гарэльеф «Клянёмся табе, таварыш Ленін» (з Я.​Вучэцічам і інш.; Дзярж. прэмія СССР 1948), станковыя работы.

М.​А.​Ножнікаў.

т. 18, кн. 1, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫБАКО́Ў Мікалай Хрысанфавіч (19.5.1811, г. Курск, Расія — 27.11.1876),

рускі акцёр. На сцэне з 1826. У 1833—41 у трупах Харкава, потым у т-рах пераважна Пд Расіі. Адзін з рэфарматараў правінцыяльнай сцэны. З 1872 у Маскве. Шмат выступаў у меладрамах, імкнуўся ўнесці ў іх праўду і дух бунтарства: Бідэрман, Ніна («Смерць і гонар», «Угаліна» М.​Палявога), Кін («Кін, або Шалапуцтва і геній» А.​Дзюма-бацькі) і інш. Прапагандыст рус. класічнага рэпертуару і драматургіі А.​Астроўскага. Сярод роляў: Чацкі, Скалазуб («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава), Брускоў, Кураслепаў, Нешчасліўцаў («З чужога шалу галава круціцца», «Гарачае сэрца», «Лес» Астроўскага), Прастакоў, Скацінін («Недаростак» Дз.​Фанвізіна), Земляніка («Рэвізор» М.​Гогаля), Вырын, Млынар («Станцыйны даглядчык», «Русалка» А.​Пушкіна) і інш.

Літ.:

Клинчин А. Н.​Х.​Рыбаков. М., 1972.

т. 13, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕРАБРО́ЎСКІ Аляксандр Сяргеевіч (18.2.1892, г. Курск, Расія — 26.6.1948),

рускі біёлаг, адзін з заснавальнікаў генетыкі ў СССР. Чл.-кар. АН СССР (1933), акад. УАСГНІЛ (1935). Скончыў Маскоўскі ун-т (1914). У 1929 заснаваў і ўзначаліў лабараторыю генетыкі ў Біял. ін-це імя К.​А.​Ціміразева, у 1931 — сектар генетыкі і селекцыі ва Усесаюзным ін-це жывёлагадоўлі УАСГНІЛ. Арганізатар і з 1930 заг. кафедры генетыкі Маскоўскага ун-та. Навук. працы па генетыцы, селекцыі, гібрыдызацыі с.-г. жывёл і раслін. Прапанаваў і эксперым. пацвердзіў схему будовы гена, выказаў ідэю пра яго дыскрэтнасць, сфармуляваў тэорыю паходжання новых генаў шляхам дуплікацыі. Стварыў новы кірунак эвалюц. вучэння — генагеаграфію.

Унёс уклад у распрацоўку асноў селекцыі і гібрыдызацыі, метадаў генет. аналізу і ўвядзенне навук. распрацовак у с.-г. практыку.

А.С.Сераброўскі.

т. 14, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯДЗВЕ́ДЗЕЎ Сяргей Віктаравіч (н. 11.9.1955, г. Курск, Расія),

бел. вучоны ў галіне тэхн. кібернетыкі і інфарматыкі. Д-р тэхн. н. (2003). Скончыў Курскі політэхн. ін-т (1977). З 1977 у СКБ-3 Мін-ва аўтамаб. прам-сці СССР (Мінск). З 1986 у НВА «Комплекс». З 1993 у Аб’яднаным ін-це праблем інфарматыкі Нац. АН (з 1994 заг. лабараторыі). Адначасова ў Бел. нац. тэхн. ун-це (з 1997). Навук. працы па тэорыі і метадах аўтаматызаванага праектавання тэхнал. аснашчэння зборачна-зварачных аперацый. Распрацаваў тэарэт. асновы шматварыянтнага сінтэзу канструкцый прыстасаванняў, кандуктараў і стэндаў для аснашчэння вырабаў аўтатрактарнай і с.-г. тэхнікі і інш.

Тв.:

Автоматизация проектирования технологических процессов и средств оснащения. Мн., 1997 (у сааўт.);

Компьютерные технологии проектирования сборочно-сварочной оснастки. Мн., 2000.

М.​П.​Савік.

т. 18, кн. 1, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)