выкарыстанне ўзброенай сілы адной дзяржавай (групай дзяржаў) супраць суверэнітэту, тэр. цэласнасці, паліт. незалежнасці другой дзяржавы або народа (нацыі). Найб. небяспечная ўзброеная (прамая) форма агрэсіі. Існуе таксама паняцце ўскоснай агрэсіі, пры якой дзяржава-агрэсар скрыта выкарыстоўвае ўзбр. сілы (напр., праз узбр. банды наёмнікаў, нерэгулярных вайск. фарміраванняў). Паводле Статута ААН, Савет Бяспекі можа кваліфікаваць як агрэсію і інш. дзеянні. Адпаведна з міжнар. правам агрэсія — злачынства супраць міжнар. міру і таму цягне за сабой міжнар. адказнасць. Дзяржава, якая стала аб’ектам агрэсіі, мае права на прыняцце мер індывідуальнай і калектыўнай абароны. Савет Бяспекі ААН правамоцны прыняць рашэнне аб выкарыстанні да агрэсара мер, у т. л. ваеннага характару (напр., у 1991 узбр. сілы НАТО выступілі супраць Ірака, які захапіў Кувейт).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХО́ДНЯЯ А́ЗІЯ, Пярэдняя Азія,
група прыродных краін на З і ПдЗАзіі, якая ўключае п-вы М.Азія, Аравійскі, Сінайскі, прылеглыя да іх астравы і тэрыторыі (Кіпр, Каўказ, Капетдаг, б.ч. Іранскага і Армянскае нагор’е, Месапатамская нізіна і прылеглыя да іх вобласці Усх. Міжземнамор’я, т. зв. краіны Леванта). Пл. каля 7,5 млн.км2. У межах ЗА. размешчаны Арменія, Грузія, Азербайджан, паўн.каўказская ч.тэр. Расійскай Федэрацыі, паўд.ч. Туркменістана, азіяцкая ч. Турцыі, Ірак, Іран, Афганістан, Кіпр, Ліван, Сірыя, Іарданія, Ізраіль, Кувейт, азіяцкая ч. Егіпта, Саудаўская Аравія, Йемен, Катар, Аман, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Бахрэйн.
Нагор’і паўн ч. З.А адносяцца да міжземнаморскага геасінклінальнага пояса, у якім маладыя складкавыя структуры акаймоўваюць стараж. сярэдзінныя масівы, што абумовіла ўтварэнне рэльефу з больш высокімі ўскраіннымі хрыбтамі і паніжанымі ўнутр. пласкагор’ямі. Аравійскі п-аў і Левант прымеркаваны да стараж. платформавых структур Гандваны. Нізінныя раўніны Месапатаміі сфарміраваліся на месцы перадгорнага прагіну. Буйныя радовішчы нафты (бас. Персідскага зал. і Апшэронскага п-ва). Клімат арыдны; пустыні, паўпустыні, сухія стэпы (у асн. на Пд). Узбярэжжы Міжземнага, Чорнага і паўд.ч. Каспійскага м., паўд.-зах.ч. Аравійскага п-ва вільготныя з субтрапічнай і трапічнай лясной і хмызняковай флорай. Развіта пашавая жывёлагадоўля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАВІ́ЙСКІ ПАЎВО́СТРАЎ, Аравія (ад стараж.-яўр. араба пустыня),
на ПдЗ Азіі, самы вялікі на зямным шары. Пл. каля 2730 тыс.км². Працягласць з ПнЗ на ПдУ 2700 км. Абмываецца на З Чырвоным м., на Пд Адэнскім залівам і Аравійскім м., на У Аманскім і Персідскім залівамі. Мяжу на Пн звычайна праводзяць па 30° паўн. шыраты. Паверхня Аравійскага паўвострава — плато з узвышанымі зах. і паўд. ўскраінамі (пераважныя выш. 1000—2000 м), размешчанае на Аравійскім шчыце. Найб. высокія горныя вобласці на ПдЗ — горы Хіджаз і Йеменскія (выш. 3600 м, г. Эн-Набі-Шаіб) і на ПдУ Асманскія горы (выш. 3353 м, г. Шаме). Уздоўж зах. берага нізіна Тыхама, уздоўж усх. — Эль-Хаса. На Пн пясчаныя пустыні Вял. Нефуд, М. Нефуд, на Пд пустыня Руб-Эль-Халі. Фундамент Аравійскага паўвострава складзены са стараж.крышт. парод (архейскія сланцы і граніты) і ўкрыты на Пн і У мезазойскімі, палеагенавымі і неагенавымі вапнякамі і пясчанікамі. Карысныя выкапні: буйныя радовішчы нафты (гл.Персідскага заліва нафтагазаносны басейн), золата, жал. і поліметалічныя руды, кухонная соль, буд. матэрыялы. Клімат на Пн субтрапічны, на Пд трапічны, сухі. Сярэднія т-ры студз. ад 7 °C на Пн да 24 °C на Пд, ліп. адпаведна 25 і 30 °C (самы цёплы — чэрв., максімум да 55 °C). Ападкаў на раўнінах каля 100 мм, у гарах Йемена 500 мм за год (індыйскі мусон). Малы сцёк, рэдкая сетка рэк і азёраў, сухія рэчышчы — вадзі. Вял. роля належыць падземным водам і карставым крыніцам. Пастаянныя вадасцёкі на Пд і ПдЗ — рэкі Масіла, Тыбан і інш. Большая ч. тэрыторыі — зона пустыняў і паўпустыняў. На прымітыўных шэразёмах жорсткая падушкападобная паўхмызняковая расліннасць (вярблюджая калючка, палын, салянкі, ахіла), шматгадовыя травы (арыстыда, астрагал), пашыраны перакаці-поле, іерыхонская ружа, лішайнік манна; па схілах гор лістападобныя лясы з дробным лісцем (акацыі, мімозы, друр-джуп, трапляюцца кактусападобныя малачаі); на ПдУ — саванны. У рэдкіх аазісах — фінікавая пальма, садавіна, бавоўнік. Жывёльны свет: антылопы, газелі, дзікі кот, шакалы, гіены, ліс фянёк, бабуіны, гамадрылы, сабакападобныя малпы; з птушак — арлы, ястрабы, сокалы, на ўзбярэжжах — фламінга, пеліканы, чаплі; паўзуны — рагатая гадзюка, гюрза, кобра, хамелеоны. На тэр. Аравійскага паўвострава дзяржавы Саудаўская Аравія, Йемен, Аман, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Кувейт, частка Ірака і Іарданіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́ФТА (тур. neft праз перс. ад грэч. naphtha),
вадкі гаручы карысны выкапень; складаная сумесь вуглевадародаў розных класаў з інш.арган. злучэннямі. Пашырана ў асадкавай абалонцы Зямлі. Утвараецца звычайна на глыб. больш за 1,2—2 км. Выкарыстоўваюць для атрымання вадкага паліва, змазачнага масла і інш. (гл.Нафтапрадукты), а таксама як сыравіну ў хім. прам-сці (гл.Нафтахімія, Нафтахімічная прамысловасць).
Масляністая вадкасць ад светла-рудога да цёмна-бурага (амаль чорнага) колеру з характэрным пахам, шчыльн. 730—1050 кг/м³ (звычайна 820—950 кг/м³); падзяляюць на лёгкую і цяжкую (шчыльн. меншая і большая за 900 кг/м³ адпаведна). Характарызуецца т-рай пачатку кіпення — звычайна 20—30 °C, часам 100 °C і вышэй Цеплата згарання 43,7—46,2 МДж/кг. У звычайных умовах не раствараецца ў вадзе, але можа ўтвараць з ёй устойлівыя эмульсіі. Фіз. ўласцівасці Н. абумоўлены яе хім. саставам. Н. ўяўляе сабой сумесь парафінавых, нафтэнавых (з 5- і 6-членнымі цыкламі) і араматычных вуглевадародаў, гетэраатамных арган. злучэнняў, пераважна сярністых, кіслародных і азоцістых. Кампанентамі Н з’яўляюцца таксама раствораныя ў ёй вуглевадародныя газы (гл.Газы нафтавыя спадарожныя), мінер. рэчывы і вада. Асн. элементы ў саставе Н. — вуглярод (82—87%) і вадарод (11—14%), ёсць таксама сера (ад 0,1 да 5%), азот і кісларод (звычайна не больш за 0,3—0,5%, часам да 1%); у Н. выяўлена больш за 50 розных элементаў. Н. розных радовішчаў адрозніваецца колькасцю вуглевадародаў розных класаў і прымесей. Класіфікуюць Н. паводле вуглевадароднага саставу фракцыі, што выкіпае пры т-ры 250—300 °C (хім класіфікацыя), колькасці серы і якасці вырабленых нафтапрадуктаў (тэхнал. класіфікацыя) Паводле хім. класіфікацыі адрозніваюць: Н. парафінавыя, нафтэнавыя і араматычныя (маюць больш за 50% вуглевадародаў адпаведнага класа), а таксама — змешаных тыпаў (разам з вуглевадародамі асн. класа маюць больш за 25% вуглевадародаў інш. класа). Па колькасці серы падзяляюць на маласярністыя (да 0,5% серы), сярністыя (0,51—2%) і высокасярністыя (больш за 2% серы), паводле якасці нафтапрадуктаў адрозніваюць 3 падкласы Н., якія падзяляюцца на гатункі.
Лічыцца, што Н ўтварылася з рэшткаў арган. рэчываў, рассеяных у асадкавых адкладах, пад уздзеяннем высокіх т-ры і ціску; некат. даследчыкі паходжанне Н. звязваюць з глыбіннымі магматычнымі працэсамі. Найбуйнейшыя нафтагазаносныя асадкавыя басейны прымеркаваны да ўнутрыплатформавых, унутрыскладкаватых, складкавата-платформавых і краявых прагінаў, а таксама перыакіянічных платформ. Радовішчы Н. (агульная пл. каля 80 млн.км2) выяўлены на ўсіх кантынентах акрамя Антарктыды (каля 50 млн.км2) і на шэльфавых плошчах акваторый (30 млн.км2); гл.Мінеральныя рэсурсы. У свеце каля 30 тыс. радовішчаў Н., агульныя запасы 155 073,4 млн.т (1997), з іх 15—20% — газанафтавыя. Адзін з найб. (па запасах) — Персідскага заліва нафтагазаносны басейн, дзе толькі ў 2 радовішчах Гавар (Саудаўская Аравія) і Бурган (Кувейт) сканцэнтравана больш за 12% разведаных нафтавых запасаў свету. Найб. запасы Н. (1997, млн. т.: Саудаўская Аравія — 35 863, Расія — 21 252,9, Ірак — 15 342,5, Кувейт — 12 972,6, Іран — 12 397,3, Венесуэла — 9945,6, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты — 8718.
На Беларусі першы фантан Н. атрыманы ў 1953, на Ельскай структуры. Першае прамысл.Рэчыцкае радовішча нафты адкрыта ў 1964. Усяго адкрыта 62 радовішчы Н. (1999). Яны знаходзяцца ў Рэчыцкім, Светлагорскім, Акцябрскім, Калінкавіцкім, Петрыкаўскім р-нах Гомельскай вобл. і Глускім р-не Магілёўскай вобл.; прымеркаваны да паўн.ч.Прыпяцкага прагіну. Н. залягае ў пратэразойскіх адкладах, у падсалявых тэрыгенных (полацкі і ланскі гарызонты) і карбанатных (саргаеўскі, сямілуцкі, варонежскі), міжсалявых (задонскі, ялецкі, петрыкаўскі) і ўнутрысалявых (лебядзінскі) адкладах верхняга дэвону. Паклады Н. шматпластавыя (падсалявыя), масіўныя (міжсалявыя), літалагічныя (унутрысалявыя), скляпенневыя, тэктанічна і літалагічна экранаваныя. Глыб. залягання ад 1612 м (Бярэзінскае радовішча) да 4580 м (Першамайскае). Пл. нафтавых пакладаў ад менш за 1 км2 да 50 км2 (Рэчыцкае). Калектары асн. гарызонтаў кавернаватрэшчынныя карбанатныя пароды, у тэрыгеннай падсалявой тоўшчы — порыстыя пясчана-алеўрытавыя. Магутнасць нафтанасычаных парод ад 1—2 да 180 м (Паўд.-Аляксандраўскае). Паводле вуглевадароднага саставу Н. метанава-нафтэнавага тыпу, шчыльн. 787—985 кг/м³. Выхад светлых фракцый да 300 °C ад 24 да 68%. Колькасць парафіну да 15%, смол да 53%, серы 0,03—4,79%. У пластавых умовах умяшчае спадарожныя газы — 14—439 м³/т. Якасць Н. мяняецца па пл. Прыпяцкага прагіну: на Пн пераважаюць парафіністыя, смалістыя, маласярністыя, сярэдняй шчыльнасці, на Пд — цяжкія, высокасмалістыя, высокасярністыя, малапарафіністыя. Здабываюць Н. фантанным і механізаваным спосабамі. Разведка Н. вядзецца ВА «Белгеалогія» (б.«Беларусьгеалогія») і ВА«Беларусьнафта», здабыча — ВА «Беларусьнафта», гл. таксама Нафтаздабыўная прамысловасць. Частка здабытай Н. транспартуецца па нафтаправодзе «Дружба». Перапрацоўка Н. ажыццяўляецца на Наваполацкім вытворчым аб’яднанні «Нафтан» і «Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе (гл. таксама Нафтаперапрацоўчая прамысловасць). Рэалізацыя нафтапрадуктаў здабываецца праз нафтабазы і аўтазаправачныя станцыі. Каардынацыйная дзейнасць па пытаннях пошуку, разведкі, здабычы, транспарціроўкі, перапрацоўкі Н. і забеспячэння нар. гаспадаркі нафтапрадуктамі вядзецца Бел.дзярж. канцэрнам па нафце і хіміі «Белнафтахім». Даследаваннямі Н. займаюцца Бел.н.-д. геолага-разведачны ін-тВА «Белгеалогія» і Беларускі н.-д. і пракатны ін-т нафтавай і газавай прам-сці ВА «Беларусьнафта».
Літ.:
Егиазаров Ю.Г., Козлов Н.С., Куликов В.И. Химия промышленных нефтей Белоруссии. Мн., 1972;
Петров А.А. Углеводороды нефти. М., 1984;
Химия нефти и газа. 3 изд. СПб., 1995;
Геология и нефтегазоносность запада Восточно-Европейской платформы Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЗІЯ (грэч. Asia, напэўна ад асірыйскага асу усход),
самая вялікая па плошчы (каля 43,4 млн.км²) частка свету. Размешчана ў паўн.ч.Усх. паўшар’я. Крайнія пункты Азіі: на Пн мыс Чэлюскін, 77°43′ паўн. ш.; на Пд мыс Піяй, 1°16′ паўн. ш.; на З мыс Баба 26°10′ усх. д.; на У мыс Дзяжнёва, 169°40′ зах. д. Разам з Еўропай утварае адзін мацярык Еўропы—Азіі. Мяжа на сушы паміж Азіяй і Еўропай праходзіць па ўсх. падножжы Уральскіх гор, р. Эмба, паўн. беразе Каспійскага мора, Кума-Маныцкай упадзіне, Чорным м., праліве Басфор, Мармуровым м. і праліве Дарданелы. З Афрыкай злучана Суэцкім перашыйкам, ад Паўн. Амерыкі аддзелена Берынгавым пралівам. На Пн абмываецца Паўн. Ледавітым, на У — Ціхім, на Пд — Індыйскім акіянамі і іх ускраіннымі морамі. На Зунутр. моры Атлантычнага ак. — Міжземнае і Эгейскае — абмываюць п-аў М.Азія. Берагі Азіі горныя і нізінныя намыўныя, паднятыя тэрасаваныя і апушчаныя (інгрэсіўныя). На У астраўным узбярэжжам характэрны вулканічныя рысы, берагам трапічных мораў — каралавыя рыфы. Паўастравы займаюць 8 млн.км², астравы — 2,5 млн.км². На Пн Азіі п-вы Ямал, Таймыр; на У — Чукоцкі, Камчатка, Карэя; на Пд — Індакітай з Малакай, Індастан, Аравійскі; на З — М.Азія. У Паўн. Ледавітым ак. а-вы Паўн. Зямля, Новасібірскія, Урангеля; у Ціхім — а-вы і ланцугі вял. а-воў: Курыльскія, Сахалін, Японскія, Рукю, Тайвань, Філіпінскія. На Пд Азіі в-аў Шры-Ланка і Малайскі архіпелаг; на З у Міжземным м.в-аў Кіпр. Найб. аддаленасць унутр. раёнаў Азіі ад акіянаў 2 — 2,5 тыс.км. Прыродныя раёны: Паўн. Азіі, Усх. Азія, Цэнтр., Сярэдняя Азія, Паўд. Азія і Зах. Азія (пра кожны гл. асобны арт.).
Рэльеф. Азія — узвышаная ч. свету (сярэдняя выш. 950 м). Пераважаюць горы і пласкагор’і, якія займаюць 75% тэр. У Азіі знаходзяцца найвыш. горныя сістэмы (выш. многіх хрыбтоў у Цэнтр. Азіі больш за 5000—7000 м) і вяршыня свету — 8848 м, Джамалунгма, або Эверэст, у Гімалаях. Горы Азіі ўтвараюць 2 вял. паясы: адзін выцягнуўся ў субшыротным напрамку ад Пярэднеазіяцкіх нагор’яў да хрыбтоў Індакітая і а-воў Малайскага архіпелага і ўключае Таўр, Каўказ, Загрос, Капетдаг, Сулейманавы горы, Гіндукуш, Памір, Каракарум, Тыбет, Гімалаі, горы М’янмы, Суматры і Явы. На У ад яго адыходзяць горныя хрыбты Куньлунь, Наньшань і Цыньлін. Другі пояс гор цягнецца з ПдЗ на ПдУ ад Цянь-Шаня да Чукоткі і ўключае Алтай, Саяны, горы Забайкалля, Станавы хр., Джугджур, Калымскае і Чукоцкае нагор’і. Зах. адгалінаванні паўн.ч. гэтага пояса — хрыбты Верхаянскі і Чэрскага. Уздоўж усх. ўзбярэжжа паласа гор мерыдыянальнага напрамку: Каракскае нагор’е, Сярэдзінны хр. Камчаткі, Сіхатэ-Алінь, Маньчжура-Карэйскія і Анамскія горы. Вял. нагор’і Азіі Тыбецкае, Памір, Пярэднеазіяцкія (Малаазіяцкае, Армянскае, Іранскае), пласкагор’і Сярэднесібірскае, Аравійскага п-ва, Дэкан. Нізінныя раўніны Зах.-Сібірская, Туранская, Паўн.-Сібірская, Вял. Кітайская раўніна, Месапатамская, Інда-Гангская; высокія (у Цэнтр. Азіі) — Кашгарская, Джунгарская. На Камчатцы, а-вах Усх. Азіі і Малайскага архіпелага шмат дзеючых вулканаў.
Геалагічная будова. У тэктанічных адносінах Азія складаецца з шэрагу стараж. платформаў (Сібірскай, Індыйскай, Кітайска-Карэйскай і Афрыкана-Аравійскай) і больш маладых складкавых структур. У абласцях іх распасцірання дакембрыйскія крышт. пароды выступаюць на паверхню ці перакрыты асадкавымі тоўшчамі. Уздоўж краёў Сібірскай платформы невял. тэр. займаюць структуры байкальскага ўзросту (Усх. Саян, Енісейскі краж, Прыбайкалле і Забайкалле). Да структур каледонскай складкавасці адносяцца паўн. дугі Цянь-Шаня, цэнтр.ч. Казахскага драбнасопачніка, паўн.-ўсх. раёны Кітая. Герцынская складкавасць ахапіла вял.тэр. Азіі, у выніку ўтварыліся Урал, паўн.ч. Алтая, Салаір, Цянь-Шань, Куньлунь, Наньшань. Мезазойскія структуры пашыраны ў Паўн.-Усх. Сібіры, Забайкаллі, Індакітаі. Маладыя кайназойскія геал. структуры альпійскай складкавасці фарміраваліся ў Альпійскім і Ціхаакіянскім складкавых паясах, у выніку ўзніклі асн. рысы размяшчэння горных сістэм. Склалася шыротная горная сістэма, што працягнулася праз усю Азію (Каўказ, Памір, Гімалаі і інш.). Каля падножжа маладых гор сфарміраваліся Месапатамскі, Інда-Гангскі і інш. вялізныя краявыя (перадгорныя) прагіны. Карысныя выкапні. У Азіі больш як палавіна сусветных запасаў нафты. Асн. нафтагазаносныя раёны: у краінах Персідскага заліва (Саудаўская Аравія, Аман, Кувейт, Катар, Іран), у Расіі (Зах. Сібір, Сахалін), а таксама ў Азербайджане, Казахстане, на а-вах Малайскага архіпелага (Суматра, Калімантан) і ў Кітаі. Найб. радовішчы каменнага вугалю ў Расіі (Кузнецкі, Канска-Ачынскі, Ленскі, Паўд. Якуцкі бас.), у Казахстане (Карагандзінскі бас.), Кітаі, Індыі, Карэі. Значныя паклады жал. руды ў Расіі (Прыангар’е, Паўд. Сібір), Казахстане (Кустанайская вобл., Цэнтр. Казахстан), Кітаі, Карэі, Індыі. Буйн. радовішчы марганцу ў Індыі і Грузіі; волава ў Паўд.-Усх. Азіі (М’янма, Тайланд, а-вы Інданезіі); медзі ў Казахстане (Джэзказган); нікелю ў Расіі (раён г. Нарыльска); графіту ў Расіі (Усх. Сібір) і Шры-Ланцы; слюды ў Расіі (Усх. Сібір) і Індыі; фасфарытаў у Казахстане і Кітаі; баксітаў — у Казахстане, Расіі (Паўд. Сібір), паўн.-ўсх. Кітаі, Індыі; золата ў Расіі, Узбекістане, Казахстане; алмазаў у Расіі [Саха (Якуція)]. Буйныя радовішчы кухоннай солі ў Расіі, Казахстане, Туркменістане, Турцыі, Іране, Пакістане.
Клімат. Азія размешчана ва ўсіх кліматычных паясах — ад арктычнага да экватарыяльнага. На б.ч. Азіі пераважае кантынентальны клімат. Зімой над Азіяй фарміруецца ўстойлівая вобласць высокага ціску — Азіяцкі антыцыклон. Летам пануюць кантынентальныя трапічныя і ўмераныя паветраныя масы. На У і Пд Азіі развіта мусонная цыркуляцыя (гл.Мусоны). Сярэдняя т-ра студз. ад -20 °C на Пн да 25 °C каля экватара. Найб. нізкія зімовыя т-ры ў раёнах Аймякона і Верхаянска (да -70 °C, полюс холаду Паўн. паўшар’я). У ліпені на Пн т-ра ніжэй за 10 °C, у Цэнтр. Азіі 30 °C і больш. Макс. колькасць ападкаў на наветраных схілах гор Паўд. і Усх. Азіі (напр., у Чэрапунджы, у Індыі, да 12 000 мм за год); у экватарыяльных раёнах — больш за 2000 мм, у субтрапічных і ўмераных мусонных паясах — 600—2000 мм; ва ўнутр. кантынентальных раёнах — менш за 350 мм; у пустынях Аравійскага п-ва і Цэнтр. Азіі — менш як 150 мм за год. Клімат Азіі пустынна-арктычны і субарктычны на Пн; ва ўмераным поясе — рэзка кантынентальны, сухі (Усх. Сібір), умерана кантынентальны (Зах. Сібір); пустынны ў Сярэдняй Азіі, Казахстане і паўн.ч.Цэнтр. Азіі; умераны мусонны на У; міжземнаморскі ў субрапічным поясе (зах. ўскраіна М.Азіі); субтрапічны горна-стэпавы і пустынны на б.ч. М.Азіі; вільготны субтрапічны на У Закаўказзя (Калхідская ніз.); высакагорны пустынны на Паміры, Каракаруме, Тыбеце і інш.; субтрапічны мусонны на ўсх. ускраінах Азіі; трапічны пустынны клімат ва ўнутр. раёнах Зах., Сярэдняй Азіі, Зах. Пакістана; субэкватарыяльны ў Індастане, Індакітаі, усх. раёнах в-ва Ява, экватарыяльны на Зондскіх а-вах і п-ве Малака.
Унутраныя воды. Азія — краіна вялікіх рэк, займае першае месца ў свеце па сумарным аб’ёме сцёку. Водныя рэсурсы размешчаны нераўнамерна. У Паўн. Ледавіты ак. цякуць Об з Іртышом, Енісей з Ангарой і Ніжняй Тунгускай, Лена з Алданам і Вілюем, Яна, Індыгірка, Калыма; у Ціхі ак. — Анадыр, Амур з Сунгары, Усуры і Аргунню, Хуанхэ, Янцзы (самая доўгая і мнагаводная ў Азіі, 5800 км), Сінзян, Меконг і Менам; у Індыйскі ак. — Салуін, Іравадзі, Брахмапутра, Ганг і Інд, а таксама Шат-эль-Араб (утвораны зліццём Тыгра і Еўфрата). Да рэк абласцей унутр. сцёку належаць Амудар’я, Сырдар’я, Чу, Ілі, Кура і інш. Ва ўмераных шыротах рэкі замярзаюць зімой і разліваюцца вясной. Рэкам мусоннай ч. Азіі характэрны летні макс. сцёк, міжземнаморскіх раёнаў — зімовы; рэкі экватарыяльных раёнаў паўнаводныя круглы год. Выкарыстоўваюцца як трансп. артэрыі і для ірыгацыі, маюць значныя энергарэсурсы. Буйныя азёры — Каспійскае і Аральскае моры — з’яўляюцца рэшткамі вял. мораў, у тэктанічных упадзінах ляжаць воз. Байкал (самае глыбокае, 1629 м), Ісык-Куль, Хубсугул, Урмія, Цялецкае; некаторыя азёры ўзніклі ў выніку абвалаў (Сарэзскае), карставых працэсаў (воз.Зах. Таўр). У бяссцёкавых упадзінах шмат салёных азёраў (Кукунор, Туз і інш.). На в-ве Паўн. Зямля, у гарах Памір, Гімалаі, Каракарум, Гіндукуш і інш. ёсць ледавікі. Агульная іх пл. 118,4 тыс.км². Значную тэр.Паўн., Зах. і Усх. Сібіры (каля 11 тыс.км²) займае шматгадовая мерзлата.
Глебы і расліннасць. На раўнінах паўн. і сярэдняй ч. Азіі ярка выяўлена шыротная занальнасць. На Пн уздоўж узбярэжжа Паўн. Ледавітага ак. распасціраюцца арктычныя пустыні, тундра і лесатундра са слаба развітымі тундрава-глеевымі глебамі, на якіх растуць імхі, лішайнікі, ягаднікі, нізкарослыя дрэвы. Далей на Пд тундра і лесатундра змяняюцца вял. паласой зоны тайгі (цемнахвойнай на З — елка, сасна і светлахвойнай на У — піхта, лістоўніца, кедр) з пераважна падзолістымі мярзлотна-таежнымі глебамі. Тайга змяняецца лісцевымі (бярозавымі) лясамі, потым лесастэпам і стэпам з чарназёмнымі і каштанавымі глебамі, а на Д. Усходзе — шыракалістымі лясамі з дубу, клёну, грабу, ліпы. Паўпустыні і пустыні з шэразёмнымі глебамі пашыраны на Аравійскім п-ве, у раёнах Іранскага нагор’я, Сярэдняй і Цэнтр. Азіі (Каракумы, Кызылкум, Гобі, Такла-Макан), дзе характэрна пустынна-стэпавая расліннасць: злакі, палын, саланчакі. У субтропіках Зах. Азіі міжземнаморская ксерафітная расліннасць на карычневых глебах, ва Усх. Азіі — мусонныя мяшаныя і шыракалістыя лясы на жаўтазёмах і чырваназёмах. У тропіках Усх. і Паўн. Азіі мусонныя лістападныя лясы і саванны на чырвона-жоўтых фералітных глебах; на наветраных схілах гор зялёныя лясы. На п-ве Індастан своеасаблівыя чорныя глебы сухіх саваннаў — рэгуры. У экватарыяльных шыротах (Інданезія) мнагаярусныя забалочаныя лясы (гілеі). У гарах вышынная пояснасць: у Паўн. Азіі пераважаюць чорная тайга і тундра, у Сярэдняй і Цэнтр. Азіі — горныя стэп і пустыні, у Паўд. Азіі — горныя трапічныя лясы. Азія — радзіма большасці культ. раслін.
Жывёльны свет вельмі разнастайны і падпарадкаваны шыротнай занальнасці і вышыннай пояснасці. Некаторыя жывёлы маюць вял. арэалы (у ваўка і ліса амаль уся Азія). Самы бедны жывёльны свет на паўн. акіянскіх узбярэжжах і ў тундры (лемінгі, пясцы; з птушак — белая сава, белая курапатка, гусі, гагі); на ўзбярэжжах і ў лядовых прасторах — белы мядзведзь; у морах — морж, цюлень, розныя віды рыб. У лясной зоне водзяцца лось, алені (паўн. алень; на Пд марал і ізюбр), казуля, кабарга, расамаха, буры мядзведзь, рысь, собаль, куніца, гарнастай, вавёрка. Для фауны стэпаў, пустынь і горных пустынь характэрны антылопы (сайгак, джэйран), дзікія бараны і казуля; з драпежнікаў — барс, гепард, паласатая гіена, шакал. Захаваліся кулан, конь Пржэвальскага, дзікі двухгорбы вярблюд, шмат грызуноў (тушканчыкі, суслікі), надзвычай шматлікія паўзуны: яшчаркі (агамы, геконы, вараны), змеі (гюрза, кобра); некалькі відаў чарапах. Небяспечныя павукападобныя: скарпіёны, каракурт, тарантул, фалангі. У Цэнтр. Азіі водзяцца дзікі як, чырвоны воўк, снежны барс; у шыракалістых лясах — плямісты алень, янотападобны сабака, харза, чорны мядзведзь, бамбукавы мядзведзь. На Пд некалькі відаў малпаў: макакі, гібоны, у Інданезіі — арангутангі. У саваннах і экватарыяльных лясах жывуць слон, насарог, дзікі бык (буйвал), тапір, антылопы і інш. Для вывучэння і аховы прыроды ў многіх краінах створаны запаведнікі.
Насельніцтва. У Азіі жыве каля 3,4 млрд.чал. (1994). 80% насельніцтва Азіі сканцэнтравана ў Кітаі, Індыі, Інданезіі, Пакістане і Японіі, дзе шчыльнасць насельніцтва дасягае 200—300 (часам 1500) чал. на 1 км², найб. нізкая шчыльнасць у Сібіры, Цэнтр. і Зах. Азіі (у асобных раёнах няма пастаяннага насельніцтва). У Азіі жывуць прадстаўнікі 3 асн. расаў: мангалоіднай (Усх., Паўд.-Усх., Цэнтр. і часткова Паўд. Азіі, карэнныя жыхары Сібіры і Д.Усходу), еўрапеоіднай (Усх., Паўд.-Усх., Цэнтр. і часткова Паўн. Азіі, карэнныя жыхары Сібіры і Д. Усходу) і акіянскай галіны экватарыяльнай расы (Паўд.-Усх. і Паўд. Азіі). Ёсць пераходныя антрапалагічныя тыпы: пярэднеазіяцкі, пантыйскі, інда-афганскі і інш. Большасць насельніцтва Азіі вызнае іслам (народы Пярэдняй Азіі, малайцы, яванцы і інш. народы Паўд.-Усх. Азіі) і будызм (манголы, карэйцы, кітайцы, японцы, в’етнамцы і інш.); распаўсюджана таксама хрысціянства (рускія, армяне, грузіны, філіпінцы, ч. арабаў Лівана і в’етнамцаў, альфуры), індуізм (насельніцтва Паўд. Азіі), даасізм і канфуцыянства (у Кітаі), сінтаізм (у Японіі), часткова джайнізм і сікхізм (у Індыі), іудаізм (у Ізраілі). У карэйцаў, в’етнамцаў і інш. захаваліся і анімістычныя вераванні.
Палітычны падзел. У межах Азіі і на прылеглых а-вах размешчаны дзяржавы: Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Азербайджан, Аман, Арменія, Афганістан, Бангладэш, Бахрэйн, Бруней, Бутан, В’етнам, Грузія, ч. Егіпта, Ізраіль, Іарданія, Індыя, Інданезія, Ірак, Іран, Йемен, Казахстан, Камбоджа, Карэйская Народна-Дэмакратычная Рэспубліка, Катар, Кіпр, Кітай, Кувейт, Кыргызстан, Лаос, Ліван, Малайзія, Мальдывы, Манголія, М’янма, Непал, Пакістан, Палесціна (тэр.Зах. берага р. Іардан і сектар Газа), Расійская Федэрацыя, Рэспубліка Карэя, Саудаўская Аравія, Сінгапур, Сірыя, Таджыкістан, Тайланд, б.ч. Турцыі, Туркменістан, Філіпіны, Шры-Ланка, Японія, а таксама тэр. Аамынь (уладанне Партугаліі) і Сянган (Ганконг; уладанне Вялікабрытаніі).
Літ.:
Власова Т.В. Физическая география материков. 3 изд. М., 1976;
Физическая география материков и океанов. М., 1988;
Народы мира: Ист.-этногр. справочник. М., 1988;
Страны и народы: Зарубежная Азия: Общ. обзор;
Юго-Западная Азия. М., 1979;
Страны и народы: Советский Союз: Общ. обзор;
Российская Федерация. М., 1983.
Да арт. Азія. Каменная пустыня.Да арт. Азія. Лістоўнічная тайга ў Заходняй Сібіры (злева); джунглі Малайзіі.Да арт. Азія. Даліна Гейзераў на Камчатцы.Да арт. Азія. Вільготныя субтропікі Закаўказзя.Да арт. Азія. Пясчаная пустыня ў Сярэдняй Азіі.Да арт. Азія. Пік Кхумбутсе ў Гімалаях.