манументальнае пахавальнае збудаванне. Назва ад пахавальні карыйскага цара Маўсола ў г.Галікарнас (цяпер Турцыя; сярэдзіна 4 ст. да н.э.). Стараж. М. ўключалі камеру (часта падземную), у якой знаходзіліся астанкі памерлага, і часам памінальную залу. Як тып арх. збудавання вядомы ў Стараж. Рыме (М. Аўгуста, Адрыяна і інш.), у сярэднія вякі ў Сярэдняй Азіі (Гур-Эмір у Самаркандзе), Азербайджане, Індыі, Казахстане (М.-мячэць Хаджа Ахмеда Ясаві ў г. Туркестан) і інш. Архітэктура М. заснавана на выкарыстанні аб’ёмнай кампазіцыі ў спалучэнні з багатым маст. і арх. дэкорам. У 1-й пал. 20 ст. ў некат. краінах М. спалучалі з трыбунамі (Г.Дзімітрова ў Сафіі, 1949, арх. Г.Аўчараў, Р.Рыбараў). У асобных краінах М. ўзводзяць у гонар гіст. значных асоб [Ібн Сіны (Авіцэны) у Іране, 1952].
У 1924 у Маскве на Краснай плошчы каля Крамлёўскай сцяны пабудаваны М. У.І.Леніна (паводле праекта А.Шчусева) — драўляны, увянчаны пірамідай куб з 2 бакавымі прыбудовамі. У 1929—30 М. у ранейшай канфігурацыі зроблены з мармуру, граніту, лабрадарыту, парфіру з трыбунамі (арх. Шчусеў, І.Француз, Г.Якаўлеў). У яго буд-ве ўдзельнічалі майстры з Беларусі (з в. Грабаўка Гомельскай вобл.). У 1945 над М. надбудавана цэнтр. трыбуна (арх. Шчусеў), якая да 1990-х г. была ўрадавай у час ваен. парадаў, дэманстрацый, мітынгаў і інш. У 1953—61 у М. знаходзілася цела І.В.Сталіна (іл.гл. да арт.Красная плошча).
С.А.Сергачоў.
Маўзалей у гонар Ібн-Сіны (Авіцэны) у Іране. 1952.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУБІ́ЗМ (франц. cubisme ад cube куб),
плынь у мастацтве (пераважна ў жывапісе) у 1-й чвэрці 20 ст. Склаўся пад уплывам творчасці П.Сезана, афр. скульптуры, мастацтва прымітыву, новых адкрыццяў у галіне фізікі (рэнтгенаўскія прамяні, структура атама, тэорыя адноснасці). Тэрмін «К.» уведзены ў 1908 франц. крытыкам Л.Васелем як мянушка групы мастакоў, што адлюстроўвалі прадметны свет у выглядзе камбінацый геам. цел, фігур. Заснавальнікі плыні П.Пікасо, Ж.Брак і іх паслядоўнікі (Р.Дэланэ, Ф.Лежэ, А.Глез, Х.Грыс і інш.) імкнуліся да выяўлення прадмета адначасова з розных пунктаў і перадачы не знешняй формы, а яго ўнутр. структуры ў 4 вымярэннях (4-е — час). Мастакі адмаўляліся ад перадачы лінейнай перспектывы, паветр. асяроддзя, каларыстычнай разнастайнасці, прыносячы іх у ахвяру аб’ёму. Асвятленне звялося да ідэальнага светлаценю, які мадэліраваў аб’ёмы без уліку рэфлексаў і рознай інтэнсіўнасці крыніц святла.
У ранні, «сезанаўскі», перыяд К. (1907—09) магутныя гранёныя аб’ёмы шчыльна размяшчаліся па паверхні палатна і стваралі падабенства рэльефу, у якім колер, што вылучаў асобныя грані. падкрэсліваў і драбіў аб’ём («Фермерша» Пікасо, «Эстак» Брака, абодва 1908). У «аналітычны» перыяд (1910—12) форма прадмета канчаткова распадаецца, падзяляецца на дробныя грані, якія падпарадкоўваюцца складанаму дэкар. рытму (партрэт А.Валара Пікасо, 1910; «У гонар І.С.Баха» Брака, 1912). У творах «сінтэтычнага» перыяду (пасля 1912) пераважае дэкар. пачатак, пачынае ўжывацца калаж, разнастайныя аб’ёмныя напластаванні на паверхню палатна. З’явілася кубістычная скульптура, якой уласціва гульня прасторавасці і плоскаснасці («контррэльефы» А.Архіпенкі, прасторавыя канструкцыі А.Ларана, Р.Дзюшан-Вілона, геаметрызаваныя фігуры і рэльефы В.Цадкіна, Ж.Ліпшыца).
У літаратуры Г.Апалінэр, М.Жакоб, А.Сальмон імкнуліся да стварэння «кубістычнай паэзіі», перадаць дынамічнае адчуванне зрухаў і ўзаемапранікальнасці прадметаў. К. паўплываў на італьян. футурыстаў (гл.Футурызм), рас. кубафутурыстаў (К.Малевіч, У.Татлін), ням. мастакоў «Баўгауза». У шэрагу выпадкаў К. стаў папярэднікам развіцця абстрактнага мастацтва. Непасрэдна з К. звязаны пурызм 1920-х г.
Літ.:
Можнягун С.Е. О модернизме. Этюд 2. Феномен беспредметничества. М., 1974;
Турчин В.С. По лабиринтам авангарда. М., 1993.
І.М.Каранеўская.
Да арт.Кубізм. Х.Грыс. Сняданак. 1915.Да арт.Кубізм. П.Пікасо. Авіньёнскія дзяўчаты. 1906—07.Да арт.Кубізм. Ж.Брак. Дамы ў Эстаку. 1908.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМУНІСТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ ЗАХО́ДНЯЙ БЕЛАРУ́СІ (КПЗБ). Створана ў кастр. 1923 на канферэнцыі Беластоцкага, Брэсцкага і Віленскага акр. к-таў Камуніст. рабочай партыі Польшчы (КПРП), скліканай паводле рашэння II з’езда КПРП, з лют. 1925 Камуністычная партыя Польшчы, КПП. У КПЗБ увайшлі члены б. арг-цый КП(б)Б і КП Літвы, што перайшлі ў падполле, чл. КПРП. У снеж. 1923 у КПЗБ улілася Беларуская рэвалюцыйная арганізацыя (БРА), кіраўнікі якой І.К.Лагіновіч (П.Корчык), Л.І.Родзевіч (Антось), А.Р.Капуцкі (Лёкса) былі кааптаваны ў склад Цэнтральнага Камітэта КПЗБ, што садзейнічала павелічэнню бел. элемента ў кіраўніцтве КПЗБ. Функцыянавала да жн. 1938 на правах тэр.-аўтаномнай арг-цыі КПП, зыходзіла з яе праграмных установак. КПЗБ змагалася за сацыяліст. рэвалюцыю, ліквідацыю памешчыцкага землеўладання і перадачу сялянам зямлі без выкупу, за права самавызначэння Заходняй Беларусі і ўз’яднанне з БССР. Працавала нелегальна ва ўмовах паўакупац. рэжыму ў краі. Польскія ўлады праследавалі членаў КПЗБ, знявольвалі іх у турмы, Бяроза-Картузскі канцэнтрацыйны лагер, наладжвалі масавыя палітычныя працэсы. На час стварэння КПЗБ у яе парт. арг-цыях налічвалася 528 чал.; у канцы 1924—2296 чал., у канцы 1927—3254 чал. У 1924—29 дзейнічала 6 акруговых (Баранавіцка-Слонімскі, Беластоцкі, Брэсцкі, Віленскі, Гродзенскі, Пінскі) і больш за 50 раённых к-таў КПЗБ. У сак. 1932 у КПЗБ налічвалася 3600 членаў, з іх 20% пражывалі ў гарадах і каля 80% на вёсцы; у 1933—3800—4000 членаў, дзейнічала 11 акруговых (дадаткова Лідскі, Маладзечанскі, Навагрудскі, Пастаўска-Глыбоцкі, Свянцянска-Браслаўскі) і больш за 90 раённых к-таў партыі. Прыкладна палова членаў КПЗБ знаходзілася ў турмах і канцлагеры. Сярод бел.паліт. партый, што дзейнічалі ў краі, КПЗБ была найб. шматлікай і ўплывовай. Пад яе кіраўніцтвам дзейнічалі Камуністычны саюз маладзі Заходняй Беларусі, Міжнародная арганізацыя дапамогі рэвалюцыянерам Заходняй Беларусі. За час існавання КПЗБ адбыліся 2 з’езды і 3 канферэнцыі. Практычную работу партыі ўзначальваў ЦККПЗБ, які складаўся з Бюро ЦККПЗБ і Краявога сакратарыята ЦККПЗБ. Частка членаў Бюро і ЦК знаходзілася ў Мінску з мэтай кіраўніцтва Прадстаўніцтвам ЦККПЗБ пры ЦККП(б)Б, замежнай часткай Цэнтр. рэдакцыі і Мінскай школай КПЗБ. Цэнтр. орган КПЗБ — газ.«Чырвоны сцяг», з 1924 выдаваўся тэарэт.час.ЦККПЗБ«Бальшавік». Легальнымі органамі партыі былі газ.«Барацьба», «Беларуская газета», «Наша воля», сатыр.час.«Асва».
На этапе станаўлення КПЗБ карысталася падтрымкай з боку КП(б)Б. З ліп. 1924 да лют. 1925 у Мінску існавала Бюро дапамогі Кампартыі Заходняй Беларусі пры ЦККП(б)Б. Да стварэння КПЗБ асноўнай формай рэв. і нац.-вызв. руху на анексіраваных Польшчай бел. землях была партыз. барацьба, якая ў 1923—24 ахапіла большасць паветаў (гл.Партызанскі рух у Заходняй Беларусі). На Другой канферэнцыі КПЗБ (ліст. 1924) арганізацыйна аформілася антыпарт. групоўка, якая зыходзіла з курса на ўзбр. паўстанне, патрабавала адасаблення КПЗБ ад КПРП (гл.Сэцэсія). Трэцяя канферэнцыя КПЗБ (студз. 1926) прызнала памылковым курс на ўзбр. паўстанне і вызначыла новую тактыку па збіранні сіл рабочых, сялян і нац. інтэлігенцыі. Гэта тактыка далей развіта ў рашэннях Першага з’езда КПЗБ (чэрв.—ліп. 1928). Па ініцыятыве ЦККПЗБбел. паслы (дэпутаты) у польск. сейме стварылі ў чэрв. 1925 асобны куб — фракцыю Беларуская сялянска-работніцкая грамада (БСРГ), якая перарасла ў больш як стотысячную арг-цыю і фактычна стала легальным асяродкам КПЗБ. Пасля разгрому ў студз. 1927 Грамады правадніком ідэй Кампартыі ў сейме быў бел. рабоча-сял. пасольскі клуб «Змаганне». КПЗБ была ў авангардзе барацьбы супраць рэжыму Ю.Пілсудскага, узначальвала большасць выступленняў рабочых у абарону сваіх эканам. і паліт. правоў. Праз БСРГ, «Змаганне», Таварыства беларускай школы Кампартыя арганізоўвала масавыя акцыі супраць нац. ўціску, што стрымлівала працэс паланізацыібел. насельніцтва. У канцы 1920 — пач. 1930-х г. палітыка КПЗБ характарызавалася лявацка-сектанцкім падыходам, адмоўным стаўленнем да бел.нац.паліт. партый і арг-цый — Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, Беларускай санацыі, Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры, кваліфікуючы іх як састаўную частку нацыянал-фаш. лагера. Арыентацыя на сацыяліст. рэвалюцыю і выключэнне з рэв. лагера дэмакр. сіл звузіла фронт апазіцыйнага да пілсудчыкаў бел.дэмакр. лагера і стала адной з прычын спаду нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі ў пач. 1930-х г. На яго аслабленне адмоўна паўплывалі і рэпрэсіі палітычныя ў 1930-я г. ў БССР у адносінах да кіраўнікоў БСРГ, «Змагання» і ЦККПЗБ, якія ў 1932 па абмене палітзняволенымі перададзены ў СССР. У рэзалюцыях ЦККПЗБ 1934 па нац. пытанні БРА трактавалася як агентура бел. нацыяналізму ў радах КПЗБ. У 2-й пал. 1930-х г. Кампартыя ўзяла курс на аб’яднанне дэмакр. сіл. У рашэннях Другога з’езда КПЗБ (май 1935) выпрацаваны новыя тактыка і стратэгія, скіраваныя на адзінства дзеянняў і стварэнне шырокага антыфашысцкага народнага фронту. Забастоўкі, мітынгі, дэманстрацыі ў 1936—37 праходзілі пад заклікамі барацьбы супраць наступу сіл фашызму і вайны, увядзення антыдэмакр. канстытуцыі, за амністыю палітзняволеным, салідарнасць з рэсп. Іспаніяй, разрыў саюза з гітлераўскай Германіяй і за супрацоўніцтва з СССР. У 1938 дзейнасць КПЗБ спынена. Паводле рашэння Выканкома Камінтэрна КПП і яе састаўныя часткі КПЗБ і КПЗУ ў жн. 1938 на аснове беспадстаўнага абвінавачання былі распушчаны. Роспуску папярэднічалі рэпрэсіі ў 1937 у адносінах да кіруючага актыву партыі. Абвінавачанні супраць КПЗБ і яе актыву зняты пасля апублікавання 21.2.1956 у газ. «Правда» заявы Цэнтр. Камітэтаў Кампартый Сав. Саюза, Балгарыі, Італіі, Польшчы і Фінляндыі, у якой дадзена высокая ацэнка дзейнасці КПП, падкрэслена, што роспуск яе быў неабгрунтаваны.
Літ.:
Борьба трудящихся Западной Белоруссии за социальное и национальное освобождение и воссоединение с БССР’ Док. и материалы. Т. І—2. Мн., 1962—72;
Революционный путь Комларгии Западной Белоруссии (1921—1939 гг.). Мн., 1966;
Полуян В.А., Полуян И.В. Революционное и национально-освободительное движение в Западной Белоруссии в 1920—1939 гг.Мн., 1962;
Мацко А.Н. Революционная борьба трудящихся Польши и Западной Белоруссии против гнета буржуазии и помещиков 1918—1939 іт. Мн., 1972;
Воткович Г.Б. КПЗБ в борьбе за интернациональное единство трудящихся (1929—1933 гг.). Мн., 1975;
Ладысеў У.Ф. КПЗБ — арганізатар барацьбы працоўных за дэмакратычныя правы і свабоды (1934—1938 гг.). Мн., 1976;
Яго ж. В борьбе за демократические права и свободы. Ми., 1988;
Орехво Н.С. Дела и люди КПЗБ: Воспоминания. Мн., 1983;
Зелинский П.И. Политическая работа КПЗБ в массах, 1923—1938. Мн., 1986;
Мисаревич Е.А. На освобожденной земле. Мн., 1989;
Bergmann A Sprawy białoruskie w II Rzeczypospolitej. Warszawa, 1984.
У.Ф.Ладысеў.
Дэлегаты II з’езда Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі. 1935.