устойлівыя, афарыстычныя, звычайна вобразныя словы, цытаты, выразы, якія атрымалі вял. пашырэнне ў жывой мове. Кніжнае паходжанне К.с. — іх істотнае адрозненне ад прыказак і прымавак. Крыніцы К.с. — ант. і біблейскія міфы («Дамоклаў меч»), маст. і навуковая л-ра («Мне сняцца сны аб Беларусі» — Я.Купала, «А ўсё-такі яна круціцца» — Г.Галілей), выказванні грамадскіх і паліт. дзеячаў («Прыйшоў, убачыў, перамог» — Ю.Цэзар). Пераасэнсаваныя К.с. становяцца фразеалагізмамі і даследуюцца фразеалогіяй. У бел. мове, акрамя ўласных К.с., ёсць запазычанні з інш. моў: «Дражніць гусей» (І.Крылоў), «Быць ці не быць» (У.Шэкспір) і інш. Крылатымі сталі і асобныя словы, якія набылі метафарычнае значэнне (пераважна імёны міфал. і літ. персанажаў): Геркулес, Гамлет, Гарлахвацкі.
Тэрмін «К.с.» ў лінгвістыцы замацаваўся пасля выхаду з друку аднайменнай кнігі ням. філолага Г.Бюхмана (1864), у якой сабраны гэтыя моўныя адзінкі з ням. мовы. Уласна бел. К.с. ўпершыню пададзены ў слоўніку Ф.Янкоўскага «Крылатыя словы і афарызмы» (1960).
Літ.:
Бабкин А.М. Русская фразеология, ее развитие и источники. Л., 1970;
Малажай Г.М. Беларуская перыфраза. Мн., 1974;
Ашукин Н.С., Ашукина М.Г. Крылатые слова. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫКЛО́Н (ад грэч. kyklōn які круціцца),
вобласць паніжанага атмасфернага ціску. Разам з франтамі атмасфернымі і антыцыклонамі — асн. прычына змен надвор’я і фарміравання асаблівасцей клімату. Адрозніваюць трапічныя цыклоны і ўласна Ц., да якіх належыць большая ч. Ц. зямнога шара.
Уласна Ц. ўяўляюць сабой буйныя віхры дыяметрам ад 1 тыс.км (у пачатку развіцця) да 2—3 тыс.км і больш (пры яго паглыбленні). Утвараюцца ва ўмераных і палярных шыротах Паўн. і Паўд. паўшар’яў пераважна на палярных і арктычных атм. франтах. У Паўн. паўшар’і цыркуляцыя паветра ў віхрах накіравана супраць, а ў Паўд. — па гадзіннікавай стрэлцы, з адхіленнем ад цэнтра Ц. ў ніжніх слаях атмасферы. На ўзроўні мора атм. ціск паніжаецца да 950—960 мбар (сярэдняе значэнне каля 1012 мбар), у розных частках Ц. адзначаюцца і тэмпературныя кантрасты. Перамяшчаюцца пераважна ўздоўж франтоў з З на У. Скорасць руху Ц. 30—40 км/гадз, часам больш за 80 км/гадз. Над кожным паўшар’ем за год бывае некалькі соцень Ц. Доўжацца ад некалькіх дзён да 1—2 тыдняў.
Выклікаюць утварэнне вял. і магутных воблакаў, выпадзенне ападкаў, рэзкую перамену надвор’я. На Беларусі за год адзначаецца каля 40% дзён з Ц., у снеж.—лютым і маі—ліп. каля 50%, у сак. і крас. — каля 30%, у вер. каля 15%.
Цыклон. Ізабары і прыземныя лініі току паветра: а — Паўночнае паўшар’е, б — Паўднёвае паўшар’е.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭАКТЫ́ЎНЫ РУХАВІ́К,
рухавік унутранага згарання, які стварае рэактыўную цягу ў выніку выцякання з яго струменя рабочага цела. Кінетычная энергія струменя ствараецца выкідам праз сапло распаленых газаў у выніку гарэння рабочага цела (рэактыўнага і ракетнага паліва). У энергію рэактыўнага струменя можа пераўтварацца таксама ядз., эл. і сонечная энергія. Р.р. спалучае ў сабе ўласна рухавік і рухач, г. зн. з’яўляецца рухавіком прамой рэакцыі: сіла цягі прыкладзена непасрэдна да корпуса і забяспечвае перамяшчэнне яго ў бок, процілеглы напрамку выцякання струменя. Адрозніваюць рэактыўныя ракетныя рухавікі (сілкуюцца толькі палівам і акісляльнікам, што знаходзіцца на лятальным апараце) і паветрана-рэактыўныя рухавікі (выкарыстоўваюць таксама кампаненты навакольнага асяроддзя — кісларод атм. паветра). Бываюць і камбінаваныя Р.р. — ракетна-праматочныя, ракетна-турбінныя і інш.
Прынцып рэактыўнага руху вынайдзены Геронам Александрыйскім (1 ст.н.э.), першыя цвердапаліўныя Р.р. (парахавыя ракеты) з’явіліся ў Кітаі (каля 10 ст.). Ідэю шматступеньчатай ракеты, ракетных батарэй, тэхналогію вырабу порахаў і інш. пытанні рэактыўнай артылерыі абгрунтаваў бел. інжынер і вучоны К.Семяновіч (17 ст.). Схему лятальнага апарата з парахавым Р.р. склаў М.І.Кібальчыч (1881), Р.р. на вадкім паліве прапанаваў К.Э.Цыялкоўскі (1903). Стварэнню Р.р. спрыялі навук, працы М.Я.Жукоўскага, І.У.Мяшчэрскага, Б.С.Сцечкіна, франц. вучонага Р.Эно-Пельтры і інш. Р.р. розных канструкцый распрацавалі Ф.А.Цандэр, А.М.Люлька, С.П.Каралёў, В.П.Глушко, Г.Оберт, Р.Годард, Ф.Уітл (Вялікабрытанія) і інш.
Рэактыўны рухавік: а — паравы шар Герона Александрыйскага (1 — трубкі для падводу пары, 2 — выхлапныя трубкі, З — полы шар, які круціцца ад рэактыўных струменяў); б — парахавы рухавік на кітайскай вогненнай страле (1 — порах, 2 — папяровая гільза, З — запальны састаў), в — прынцыповая схема турбарэактыўнага рухавіка (у параўнанні з 4-тактавым поршневым рухавіком).