«КА́РЛСБАД»

(«Karlsbad»),

кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў супраць партызан і цывільнага насельніцтва ў Круглянскім, Аршанскім, Талачынскім, Шклоўскім р-нах 10—23.10.1942 у Вял. Айч. вайну. Праводзілася сіламі 1-й матарызаванай брыгады СС, 2 паліцэйскіх палкоў СС, 2 ахоўных батальёнаў, асобнага батальёна СС Дырлевангера, інш. спец. каманд пад кіраўніцтвам обергрупенфюрэра СС, начальніка СС і паліцыі групы армій «Цэнтр» Бах-Зелеўскага. Група аб’яднаных партыз. атрадаў пад камандаваннем С.Г.Жуніна і адзін з атрадаў партыз. брыгады «Чэкіст» 20.10.1942 каля в. Гоенка Круглянскага р-на прарваліся праз загараджальныя ланцугі гітлераўцаў і выйшлі на шашу Магілёў—Мінск у Клічаўскую партыз. зону. Карнікі не здолелі знішчыць партызан, затое расправіліся з цывільным насельніцтвам у вёсках Падар, Ваўкоўшчына, Задні Бор, Казёл, спалілі вёскі Гоенка і Паляжаеўка, расстралялі 1051 чал., пераважна жанчын, дзяцей і старых.

т. 8, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ЖА,

рака ў Крупскім р-не Мінскай вобл. і Круглянскім р-не Магілёўскай вобл., левы прыток р. Бобр (бас. р. Дняпро). Даўж. 77 км. Пл. вадазбору 530 км². Пачынаецца за 2 км на Пн ад в. Шынкі Крупскага р-на. Цячэ ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны, у сярэднім цячэнні (часткова) і ў нізоўі — праз лясныя масівы. Асн. прытокі: Бярозка, Казлянка і Мясрэда (злева). Даліна трапецападобная, шыр. 600—800 м, у ніжнім цячэнні невыразная. Схілы пераважна спадзістыя, слаба парэзаныя далінамі прытокаў і каналаў. Пойма двухбаковая часам чаргуецца па берагах, шыр. 200—400 м. Рэчышча сярэднязвілістае, на некаторых участках выпрастана. Шыр. ракі ў межань у вярхоўі да 8 м, у ніжнім цячэнні 10—20 м. Берагі стромкія, месцамі абрывістыя. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 3,4 м³/с.

т. 10, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЖАР (Ілья Паўлавіч) (3.8.1902, в. Малое Гальцэва Талачынскага р-на Віцебскай вобл. — 13.10.1967),

адзін з арганізатараў і кіраўнікоў парт. падполля і партыз. руху на тэр. Гомельскай вобл. ў Вял. Айч. вайну, ген.-маёр (1943), Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў ВПШ пры ЦК ВКП(б) (1949). З 1924 на сав. і парт. рабоце ў Аршанскай акрузе, Раснянскім і Круглянскім р-нах Магілёўскай, Брагінскім, Веткаўскім, Лоеўскім р-нах Гомельскай абл. З жн. 1940 сакратар Гомельскага абкома КП(б)Б. У Вял. Айч. вайну ў тыле ворага, з жн. 1941 сакратар Гомельскага падп. абкома КП(б)Б, адначасова з ліст. 1942 камандзір Гомельскага партыз. злучэння. З 1943 сакратар Гомельскага абкома КП(б)Б, у апараце ЦК КП(б)Б. У 1947—63 дырэктар Мінскай ВПШ, выкладчык БДУ. Чл. ЦК КПБ у 1952—61, у 1963—66 старшыня Рэвіз. камісіі КПБ. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1951—63, 1967.

І.П.Кожар.

т. 8, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУГЛЯ́НСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з ліп. 1941 да снеж. 1943 у Круглянскім р-не Магілёўскай вобл. Кіраўнікі: П.​І.​Аляксееў, Я.​В.​Бендзік, М.​З.​Казлоў, М.​С.​Радзько, Л.​Н.​Ракушаў, С.​М.​Сухоцкі і інш. Падп. групы (больш за 70 чал.) дзейнічалі ў г.п. Круглае, вёсках Ліхінічы, Пасырава, Радча, Ражкі, Слабодка і інш. У канцы студз. 1942 групы аб’ядналіся ў адзіную круглянскую «Арганізацыю барацьбітоў за вызваленне Радзімы» («АБЗВР»). Падпольшчыкі падтрымлівалі сувязь з партыз. брыгадамі 8-й Круглянскай, «Чэкіст», магілёўскім патрыят. падполлем і падпольшчыкамі суседніх раёнаў; распаўсюджвалі сярод насельніцтва лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро, здабывалі для партызан зброю, харчаванне, медыкаменты. звесткі пра ўмацаванні, перадыслакацыю і ўзбраенне ворага, падрыхтоўку акупантаў да карных аперацый. У 1942 у Круглым падпольшчыкі спалілі друкарню, ільнозавод, склад нарыхтаваных для адпраўкі ў Германію збожжа і сена, у 1943 — бензасклад у Круглым, маслазавод у в. Слабодка. Пад уплывам іх агітацыі рабочыя Круглянскага льнозавода псавалі абсталяванне, затрымлівалі зборку машын, сяляне зрывалі пастаўкі харч. прадуктаў для акупац. арміі, салдаты варожага «казацкага батальёна» перайшлі да партызан. Пасля арыштаў уцалелыя падпольшчыкі пайшлі ў партызаны.

Л.​В.​Аржаева.

т. 8, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)