МАКСІ́МАЎ Ігнацій, бел. майстар-цаніннік 17 ст. Жыў і працаваў у г.п.Копысь Аршанскага р-на Віцебскай вобл. У 1654 (ці 1655) узяты патрыярхам Ніканам у Валдайскі Іверскі манастыр, дзе наладзіў упершыню ў Расіі выраб паліхромнай кафлі. З 1658 працаваў з Палубесам. З 1666 майстар Маскоўскай Аружэйнай палаты. Удзельнічаў у аздабленні Васкрасенскага сабора ў Ізмайлаве (да 1674), царквы Грыгорыя Неакесарыйскага (да 1672) у Маскве і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ПЫСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала ў 1941—44 у г.п.Копысь Аршанскага р-на Віцебскай вобл. Складалася з 3 груп (кіраўнікі Я.А.Точын, Ц.Р.Марозаў, А.М. і З.М.Шэвень), аб’ядноўвала больш за 40 чал. Падпольшчыкі запісвалі па радыё і распаўсюджвалі сярод насельніцтва зводкі Саўінфармбюро, здабывалі звесткі аб праціўніку для партызан, выводзілі са строю сельгастэхніку, учынялі дыверсіі (спалілі маслазавод, паліцэйскі ўчастак і інш.). Фашысты высачылі падпольшчыкаў, арыштавалі і закатавалі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВУМО́ВІЧ (Сямён Сцяпанавіч) (н. 15.2.1922, г.п.Копысь Аршанскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне траўматалогіі і артапедыі. Д-рмед.н. (1973). Скончыў Мінскі мед.ін-т (1951). З 1951 у Бел.НДІ траўматалогіі і артапедыі. Навук. працы па эксперым. пратэзаванні, хірург. дапамозе пры прыроджанай і набытай паталогіі тазасцегнавога сустава, прыроджаных і сістэмных захворваннях дзіцячага ўзросту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРША́НСКАЯ АКРУ́ГА,
адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў 1924—30. Утворана 17.7.1924. Цэнтр — г. Орша. Пл. акругі 7,9, у 1927 11,7 тыс.км²; нас. 423,3 у 1924, 572,3 тыс.чал. у 1927. Уключала: 10 раёнаў — Аршанскі, Багушэўскі, Горацкі, Дрыбінскі, Дубровенскі, Копыскі, Коханаўскі, Круглянскі, Ляднянскі, Талачынскі; 3 гарады — Горкі, Дуброўна, Орша; 5 мястэчак — Копысь, Коханава, Ляды, Смаляны, Талачын; 108 сельсаветаў. У 1927 у склад акругі ўвайшлі са скасаваных Барысаўскай акругі Крупскі і Чарэйскі, з Калінінскай — Мсціслаўскі і Расненскі р-ны. Акруговая газ. «Камуністычны шлях». Скасавана 26.7.1930.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕКСАНДРЫ́Я,
вёска ў Беларусі, у Александрыйскім с/с Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл. Цэнтр калгаса «Дняпроўскі». За 12 км на Пн ад Шклова, 50 км ад Магілёва, 1 км ад чыг. ст.Копысь. 333 ж., 164 двары (1995). Сярэдняя школа, б-ка.
Вядома з сярэдзіны 17 ст. як спадчыннае ўладанне ў Шклоўскім графстве Аршанскага пав. Пасля далучэння да Рас. імперыі (1772) мястэчка ў Копыскім пав., з 1775 уладанне графа С.Г.Зорыча. У 1886 у Александрыі 312 ж. З 1924 цэнтр сельсавета ў Копыскім р-не Аршанскай акр., з 8.7.1931 вёска ў Шклоўскім р-не.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ПЫСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 14—18 ст. у г.п.Копысь Аршанскага р-на Віцебскай вобл. Размяшчаўся на ўзвышаным левым беразе р. Дняпро на месцы гарадзішча летапіснай Копысі. Быў ваен.-адм. цэнтрам стараж. горада. У ходзе ваен. падзей 16—17 ст. зведаў неаднаразовыя аблогі і разбурэнні. У час Паўн. вайны 1700—21 рус. войскі ў 1707 спалілі замкавыя ўмацаванні і забралі ўсю зброю з арсенала. Паводле інвентароў Копысі за 1726—73, замак меў 4 бастыёны, драўляныя сцены, уязную вежу-браму з двайнымі варотамі і магутнымі запорамі. Пасля 1772 умацаванні К.з. не аднаўляліся і з цягам часу зніклі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ПЫСКІ ПАВЕ́Т.
Існаваў у 1777—96, 1802—61 у Магілёўскай губ. Цэнтр — г.Копысь. Утвораны на частцы тэр. скасаваных Аршанскай і Магілёўскай правінцый паводле імператарскага ўказа ад 22.3.1777. Пл. каля 2,3 тыс.км². Уключаў 115 маёнткаў, мястэчкі Абольцы, Барань, Зубрэвічы, Саколіна, Смаляны, Стараселле, Талачын. У 1794 да К. п. далучана тэр. на З ад р. Друць з мястэчкамі Абчуга, Бобр, Зарэчны Талачын, Крупкі, пасля чаго пл. павета склала каля 3,1 тыс.км². У 1796 К.п. скасаваны, у 1801 адноўлены. Паўторна скасаваны ў 1861, тэр. ўключана ў Аршанскі, Горацкі, Магілёўскі і Сенненскі пав.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯЎКО́ (Вольга Мікалаеўна) (н. 21.5.1947, в. Астравок Капыльскага р-на Мінскай вобл.),
бел. археолаг. Канд.гіст.н. (1980). Скончыла БДУ (1972). З 1970 у Ін-це гісторыі Нац.АН Беларусі. Вывучае гісторыю Віцебскай зямлі, яе матэрыяльную культуру 14—18 ст. Даследавала стараж.бел. гарады (Віцебск, Орша, Гарадок, Талачын, Копысь), замкі (Езярышча, Смальяны, Шклоў), стараж. пабудовы Куцеінскага (Орша) і Святадухаўскага (Віцебск) манастыроў, гарадзішчы, курганныя могільнікі, селішчы паўн.-ўсх. Беларусі жал. веку і часоў сярэдневякоўя. Аўтар кніг «Віцебская кафля XIV—XVIII стст.» (1981), «Віцебск XIV—XVIII стст.» (1984), «Сярэдневяковае ганчарства паўночна-ўсходняй Беларусі» (1992), «Сярэдневяковая Орша і яе наваколле» (1993) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕБ УСЯСЛА́ВІЧ (? — 13.9.1119),
князь менскі, сын полацкага кн.Усяслава Брачыславіча. У 1104 абараняў Менск ад аб’яднаных сіл паўд.-рус. князёў. У 1106 з братамі ўдзельнічаў у няўдалым паходзе на земгалаў. Праводзіў палітыку аб’яднання вакол Менска шэрагу гарадоў Полацкай зямлі: далучыў да свайго княства Копысь, Оршу і Друцк. У 1116 напаў на Слуцк, за што кіеўскі кн. Уладзімір Манамах з аб’яднанымі сіламі Кіева, Смаленска, Чарнігава і Пераяслава рушыў на Менск. Глеб Усяславіч вымушаны быў падпісаць мір з Манамахам, страціўшы ўплыў на Падняпроўе і Верхняе Панямонне. Паміж 1116 і 1118 зрабіў спробу вярнуць страчаныя тэрыторыі. Таму Манамах у 1118 паслаў на Менск свайго сына Мсціслава, які прыступам узяў горад, паланіў Глеба і адвёз у Кіеў, дзе той раптоўна памёр. Пахаваны ў Кіева-Пячэрскай лаўры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРО́ЖСКІЯ,
княжацкі род герба «Астрог», прадстаўнікі якога займалі высокія дзярж. пасады ў ВКЛ і Рэчы Паспалітай, мелі буйныя землеўладанні на Беларусі і Украіне. Паходзілі з пінскіх і тураўскіх князёў. Найб. вядомыя прадстаўнікі роду:
Даніла (?—?), удзельнік барацьбы феадалаў ВКЛ супраць польскага караля Казіміра III у 1341. Дашка Фёдаравіч (?—1428?), унук Данілы, падтрымліваў Свідрыгайлу ў барацьбе супраць Вітаўта, у 1422 удзельнічаў у паходзе кн. Фёдара Карыбутавіча ў Чэхію на падтрымку гусітаў. Канстанцін, гл.Астрожскі К.І. Ілья (Эліяш; 1510—39), сын Канстанціна і Таццяны з роду Гальшанскіх. На Беларусі меў маёнткі Копысь, Глуск, Гальшаны, Сушу, Палонну з Лемніцай і Смаляны. Канстанцін Васіль, гл.Астрожскі К.В. Януш (1554—1620), сын Канстанціна Васіля, ваявода валынскі з 1585, апошні з роду Астрожскіх па мужчынскай лініі. Пасля яго смерці маёнткі перайшлі да Заслаўскіх.