ЛЯДО́ВАЕ ПАБО́ІШЧА 1242,

бітва паміж наўгародскім войскам і рыцарамі ням. Лівонскага ордэна на лёдзе Чудскога воз. 11 красавіка. Выкарыстаўшы аслабленне Русі з-за мангола-тат. нашэсця хана Батыя, ням. крыжакі, дацкія і шведскія феадалы ўзмацнілі націск на паўн.-зах. землі суседзяў. Шведы былі разгромлены ў вусці р. Нява (гл. Неўская бітва 1240); у гэтым жа годзе крыжакі захапілі Ізборск і Пскоў. На землях племя водзь (Водская пяціна) яны пабудавалі крэпасць Капор’е, адкуль рабілі набегі на Наўгародчыну. У 1241 наўгародскі кн. Аляксандр Неўскі, сабраўшы войска з наўгародцаў, ладажан, іжорцаў і карэлаў, выбіў лівонцаў з Капор’я і зруйнаваў крэпасць; потым штурмам узяў Пскоў, адкуль рушыў на землі ордэна. Крыжакі выступілі насустрач з раёна Дэрпцкага біскупства. Частка іх войска накіравалася да Ізборска, асн. сілы — да Пскоўскага возера. Даведаўшыся пра напрамкі руху рыцараў, Аляксандр Неўскі павярнуў сваё войска да Узмені (самае вузкае месца, дзе злучаюцца Чудское і Пскоўскае азёры) і размясціўся насупраць в. Варонін Камень. Умела выкарыстоўваючы мясцовасць і колькасную перавагу (наўгародскае войска налічвала 15—17 тыс. чал.) і ведаючы тактыку лівонцаў (наступленне «клінам» або т.зв. «свіннёй»), кн. Аляксандр Неўскі б. ч. сваіх сіл паставіў на флангах, княжацкую дружыну схаваў у засадзе. Рыцарскае войска (10—12 тыс. чал.), узмоцненае атрадамі эстаў (чудзі), на досвітку 11 крас. прарвала цэнтр абароны наўгародцаў, дзе стаялі пешае апалчэнне і перадавы полк. Потым крыжакі ўступілі ў схватку з добра ўзброенай пяхотай і конніцай, што размяшчаліся на флангах. Пазбаўленыя магчымасці манеўра, яны не змаглі развіць поспех. Удар засаднай княжацкай дружыны спрыяў канчатковаму акружэнню рыцараў і разгрому іх. Л.п. — адна з выдатных бітваў сярэдневякоўя, якая ў значнай меры прыпыніла экспансію крыжакоў на У (гл. Крыжовыя паходы супраць славян і балтаў у 12—15 ст.).

т. 9, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІНТ,

адзін з найпрасцейшых механізмаў (разам з клінам, рычагом, колам), якія з’яўляюцца асн. элементамі тэхн. канструкцый. Звычайна вінт — цыліндрычнае ці канічнае цела з нарэзкай па вінтавой лініі або прыстасаванне, дзе выкарыстаны ўласцівасці вінтавой паверхні. Асн. характарыстыка вінта — ход (вышыня пад’ёму вінтавой лініі за адзін абарот).

Прынцып вінта адкрыты больш як 800 гадоў да н.э. Упершыню выкарыстаны Архімедам (3 ст. да н.э.) у водападымальнай машыне (гл. Архімедаў вінт). Ідэю паветранага вінта (прапелера) як сродку руху ў паветр. асяроддзі выказаў Леанарда да Вінчы; М.​В.​Ламаносаў выкарыстаў яго для стварэння цягі ў мадэлі прылады для метэаралагічных даследаванняў (1754). Прынцыпы выкарыстання паветра вінта тэарэтычна абгрунтаваў Д.​Бернулі, сучасную тэорыю яго распрацаваў М.Я.Жукоўскі. Практычнае выкарыстанне двух-, трох- і чатырохлопасцевых вінтоў пачалося з развіццём самалёта- і дырыжаблебудавання (з 1903). Ідэю грабнога вінта абгрунтаваў І.​Рэсел (1827), які пабудаваў і першы параход з грабным вінтом (1829). Укараненне грабнога вінта прывяло да якасных змен у мараплаўстве і суднабудаванні. Вял. пашырэнне атрымаў вінт для злучэння (гл. Вінтавое злучэнне) або прымусовага перамяшчэння асобных частак машын і механізмаў. Такія вінты падзяляюцца на: мацаваныя (раздымнае злучэнне дэталей), грузавыя (рым-балты і дамкраты), сілавыя (у прэсах), хадавыя (у супартах і сілавых сталах станкоў), мікраметрычныя (у вымяральных прыладах), установачныя (у геадэзічных, лабараторных і інш. прыладах). Паводле характару нарэзкі яны бываюць: правай і левай, трохвугольнай, трапецаідальнай і прамавугольнай разьбы, адна-, двух- і шматзаходныя, саманаразальныя (укручваюцца ў гладкія адтуліны). Вінты для дрэва — шурупы, маюць востры канец і спец. разьбу. Вінт мае і шмат іншых спосабаў выкарыстання (напр., у ветрарухавіках, вентылятарах); укараненне яго садзейнічала прагрэсу многіх галін тэхнікі.

У.​М.​Сацута.

Найбольш пашыраныя формы галовак вінтоў: а — мацаваных (1 — шасцігранная, 2 — цыліндрычная з накаткай, 3 — паўкруглая з крыжападобным шліцам пад адвёртку); б — установачных (1 — цыліндрычная, 2 — шліцавая, 3 — з шасцігранным паглыбленнем пад ключ).
Вінт трохзаходны правы.

т. 4, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАКА́Т (ням. Plakat ад франц. placard аб’ява, афіша),

выява на буйным аркушы паперы інфармацыйнага, рэкламнага ці прапагандысцкага зместу; від графікі, графічнага дызайна. Спецыфіка маст. мовы П. — падкрэсленая кідкасць, абагульненасць форм, лаканізм, кампазіцыйны сінтэз шрыфту і выявы, выяўл. метафары, эфектныя супастаўленні вобразаў, маштабаў, ступеней умоўнасці, якія ўспрымаюцца на вял. адлегласці. Мае 3 асн. жанры: відовішчны (тэатр., цыркавы, кінаплакат і інш., гл. таксама Афіша), рэкламны, сац. (паліт., прапагандысцкі і інш.). Арыгінал П. можа быць маляваны, выкананы ў тэхніцы гравюры (часцей літаграфіі), серыграфіі, з дапамогай калажу, фатаграфіі, камп’ютэрнай тэхнікі. Размнажаюць паліграф. спосабам.

Як маст. з’ява П. пашырыўся ў 1880-я г. Пластычная мова ў вял. ступені фарміравалася пад уплывам панегірычных гравюр, гравюр-тэзісаў (вял. гравюра з тэкстамі, якія інфармавалі пра навук. дыспуты), а таксама жывапісу класіцызму. П. стваралі Э.​Манэ, Гранвіль, Г.​Клімт і інш. З’яўленне ў Зах. Еўропе каляровай літаграфіі ў 2-й пал. 19 ст. дазволіла ствараць кідкія шматтыражныя рэкламныя П. выяўленчага характару (Ж.​Шэрэ, Т.​Стэйнлен). Мастацкае афармленне П. дасягнула росквіту ў творчасці А.​Тулуз-Латрэка. На мяжы 19—20 ст. набылі папулярнасць арнаментальна-дэкар. П. ў духу стылю мадэрн (А.​Муха ў Чэхіі і Францыі, О.​Бёрдслі ў Англіі). Новы стыль П. з выразным лаканізмам і лапідарнай сімволікай стварылі Л.​Бернхард у Германіі, М.​Касандр у Францыі, А.​Бенуа ў Расіі. У 1930-я г. ў асобныя кірункі вылучыліся кінаплакат і паліт. П. Сярод буйнейшых мастакоў-плакатыстаў К.​Кольвіц, Дж.​Гартфілд (Германія), Л.​Мендэс (Мексіка), А.​Дайнека, Л.​Лісіцкі, Дз.​Маор, Кукрыніксы (Расія), І.​Таідзе (Грузія). Своеасаблівай агітацыйна-паліт. хронікай былі «Окна РОСТА» (У.​Маякоўскі, М.​Чарамных). Вобразнай выразнасцю вылучаюцца П. А.​Родчанкі, В. і Г. Стэнбергаў, Я.​Цвіка (Расія). На плакатнае мастацтва моцна паўплывалі экспрэсіянізм, кубізм, канструктывізм і «Баўгауз», што праявілася ў імкненні да лаканізму пластычнай мовы праз памяншэнне колькасці графічных элементаў. У 2-й пал. 20 ст. набылі вядомасць школы П. Польшчы (Г.​Тамашэўскі, С.​Эйдрыгявічус, В.​Свежы, М.​Васілеўскі), Японіі (К.​Нагаі, С.​Фукуда, І.​Танака, М.​Тода), Чэхіі (К.​Мішак, В.​Растока).

На Беларусі на развіццё П. паўплывалі панегірычныя гравюры. У 19 ст. з’явіліся першыя друкаваныя тэатр. афішы. Аўтарам першага П. на бел. мове з’яўляецца Ф.​Рушчыц («Першая краёвая выстаўка хатняга вырабу і народнага штукарства ў Вільні», 1913). У пач. 20 ст. да П. звярталіся Я.​Драздовіч, А.​Быхоўскі, Г.​Змудзінскі, П.​Гуткоўскі і інш. Уклад у развіццё мастацтва П. зрабіла аб’яднанне «Сцвярджальнікі новага мастацтва» (УНОВИС; Лісіцкі, М.​Суэцін і інш.). П. друкаваліся ў Гомелі, Віцебску, Магілёве, Мінску і інш. гарадах. Традыцыі «Вокнаў РОСТА» прадоўжылі ў Вял. Айч. вайну плакат-газеты «Раздавім фашысцкую гадзіну» і «Партызанская дубінка». Выяўл. мова П. 1940—70-х г. адлюстроўвала агульныя тэндэнцыі развіцця тагачаснага выяўл. мастацтва. У галіне П. працавалі А.​Волкаў, М.​Гуціеў, Л.​Замах, Т.​Ігнаценка, Л.​Кроль, Я.​Тарас і інш. У 1966—90 выходзілі перыяд. выданні «Агітплаката». На 2-ю пал. 1980—90-х г. прыпадае высокі ўздым плакатнага мастацтва Беларусі. Сярод мастакоў гэтага перыяду М.​Анемпадзістаў, У.​Васюк, С.​Войчанка, С.​Яўлампіеў, У.​Жук, Л.​Кальмаева, А.​Кітаева, У.​Крукоўскі, Г.​Мацур, А.​Наважылаў, В.​Смаляк, Дз.​Сурскі, К.​Хацяноўскі, У.​Цэслер і інш.

Літ.:

Ганчароў М.І. Беларускі палітычны плакат. Мн., 1989;

Henatsch M. Die Entstehung des Plakates. Hildesheim;

Zürich;

New York, 1994.

М.​Р.​Баразна.

Да арт. Плакат. С.​Войчанка, У.​Цэслер, А.​Шалюта. Ад міжнароднага года міру — да міру без войнаў і зброі. 1986.
Да арт. Плакат. Г.​Мацур. Францыск Скарына. 1989.
Да арт. Плакат. Л.​Лісіцкі. Клінам чырвоным бі белых. 1920.
Да арт. Плакат. А.​Кітаева. Казімір Малевіч. 1989.
Да арт. Плакат. У.​Цэслер, С.​Войчанка. Афган. 1989.

т. 12, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)