раздзел заалогіі, які вывучае павукападобных. Вылучылася ў самастойную дысцыпліну ў сувязі з вял. пашырэннем павукападобных у свеце, стратамі, якія яны наносяць сельскай гаспадарцы, а таксама з небяспечнасцю для здароўя чалавека і жывёл ядавітых павукападобных, розных відаў кляшчоў — узбуджальнікаў і пераносчыкаў хвароб. Распрацоўка тэарэт. асноў арахналогіі звязана з імёнамі рус. вучоных М.А.Халадкоўскага, Я.М.Паўлоўскага, А.А.Бялыніцкага-Бірулі, У.М.Беклямішава. На Беларусі развіваецца з 1920-х г.; найб. ўвага аддаецца вывучэнню кляшчоў (гл.Акаралогія). Навукова-даследчая работа вядзецца ў ін-тах АН Беларусі (заалогіі, лесу), НДІэксперым. ветэрынарыі, эпідэміялогіі і мікрабіялогіі, ВНУ. Вывучаюцца відавы склад, экалогія і ўплыў антрапагенных фактараў на згуртаванне павукападобных. Распрацоўваюцца практычныя мерапрыемствы па ахове чалавека, жывёл і раслін ад шкодных павукападобных і выкарыстанні карысных відаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВУКАПАДО́БНЫЯ (Arachnida, або Arachnoidea),
клас беспазваночных жывёл тыпу членістаногіх. Вядомы з сілуру (каля 440 млн. гадоў назад). 13 атр.: жгутаногія, кляшчы, павукі, сальпугі, сенакосцы, скарпіёны, ілжэскарпіёны (Pseudoscorpiones, або Chelonethi), кененіі, або шчупальцаходавыя (Palpigradi), рыцынулеі (Ricinulei), тартарыды, або схізапельтыдыі (Tartarides, або Schizopeltidia), тэліфоны (Uropygi); каля 60 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Жывуць пераважна на сушы, некат. (вадзяныя кляшчы, вадзяны павук) у вадзе. На Беларусі найб. трапляюцца прадстаўнікі атр.кляшчоў, павукоў, сенакосцаў і інш. Некат. П. — паразіты, пераносчыкі ўзбуджальнікаў інфекц. хвароб, шкоднікі раслін і харч. запасаў.
Даўж. ад 0,1 мм да 17 см. Цела падзяляецца на галавагрудзі і брушка, укрыта кутыкулай. Афарбоўка разнастайная. Галавагрудзі не падзелены на сегменты, у большасці 6 пар канечнасцей; брушка пераважна сегментаванае. Ротавы апарат сысучага тыпу. Вачэй ад 1 да 5 пар (няма ў кененій, многіх кляшчоў, рыцынулей). З органаў пачуццяў найб. развіты дотык. Дыхаюць трахеямі, лёгкімі, радзей паверхняй цела. Крывяносная сістэма незамкнёная (у многіх кляшчоў няма). Органы выдзялення — каксальныя залозы і мальпігіевыя сасуды. Некат. (павукі, скарпіёны) маюць ядавітыя залозы. Пераважна драпежнікі. Раздзельнаполыя. Большасць адкладвае яйцы, некат. (кляшчы, скарпіёны) жывародныя. Звычайна 1, радзей 2—3 пакаленні за год.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАПЛАЦЭФАЛІДО́ЗЫ КО́НЕЙ,
гельмінтозныя хваробы, якія выклікаюцца ўзбуджальнікамі — стужачнымі чарвямі (цэстоды сям. Anoplocephalidae). Прамежкавыя гаспадары — панцырныя кляшчы. Жывёлы заражаюцца ў асноўным летам і восенню на пашы пры заглынанні з травой інвазійных кляшчоў. Хваробы характарызуюцца прыступамі колікаў, нерв. прыпадкамі, сутаргамі, паносамі, схудненнем, разрывам страўніка і перытанітам. Лячэнне тэрапеўтычнае. Праводзяць прафілактычныя дэгельмінтызацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІГАФА́ГІ [ад аліга... + ...фаг(і)],
жывёлы, якія спажываюць вельмі абмежаваны набор кармоў. Да іх належаць многія членістаногія, чэрві, малюскі, рыбы, птушкі, млекакормячыя. Найб. пашыраны ў трапічных лясах. У фауне Беларусі алігафагі ёсць сярод насякомых (клубеньчыкавыя даўганосікі, каларадскі жук), павукоў, кляшчоў, чарвей, рыб, птушак (насякомаедныя — асаед звычайны, драпежнікі-рыбаеды — скапа, драпежнікі-арнітафагі — ястраб-перапёлачнік, ястраб-цецяроўнік), млекакормячых (траваедныя, пладаедныя і інш.). Гл. таксама Манафагі, Паліфагі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНВА́ЗІЯ (ад лац. invasio напад),
пранікненне ў арганізм чалавека, жывёлы і расліны паразітаў жывёльнага паходжання (прасцейшых, кляшчоў, гельмінтаў). Яны трапляюць праз скуру (актыўная І.), плацэнту (унутрычэраўная І.), заносяцца з ядой, вадой (пасіўная І.); здольныя паразітаваць за кошт арганізма гаспадара. Пры ўзаемадзеянні ўзнікаюць пэўныя сімптомы, іншы раз са смяротным зыходам (узаемадзеянне бывае і адносна няшкодным). Інвазійныя працэсы жывёл і чалавека вывучае паразіталогія, раслін — фітапаталогія. Гл. таксама Інвазійныя хваробы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЗІНСЕ́КЦЫЯ (ад дэз... + лац. insectum насякомае),
комплекс ветэрынарна-сан. мерапрыемстваў па знішчэнні або зніжэнні колькасці шкодных членістаногіх (насякомых, кляшчоў і інш.). Метады Д.: мех. (сеткі, ліпкія стужкі, пасты, ачыстка ферм і тэрыторый), фіз. (уздзеянне высокіх і нізкіх тэмператур, гама-выпрамянення), хім. (інсектыцыды), біял. (выкарыстанне прыродных ворагаў членістаногіх — птушак, рыб, бактэрый, вірусаў, грыбоў). Выкарыстоўваюць супраць пераносчыкаў узбуджальнікаў інфекц. і інвазійных хвароб жывёл, чалавека і раслін, а таксама свірнавых шкоднікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛО́ЗНІЦА ВУГРАВА́Я (Demodex folliculorum),
клешч сям. валасяных кляшчоў. Пашыраны ўсюды. Паразітуе ў скурных залозах і валасяных мяшэчках чалавека і млекакормячых.
Цела падоўжанае (0,3—0,4 мм), чэрвепадобнае, светла-шэрае з нерасчлянёнымі галавагрудзьмі і вузкім брушкам з папярочнымі рыскамі, укрыта празрыстай кутыкулай. Ротавыя органы колючыя. 4 пары ног. Цыкл развіцця 20—25 сут са зменай 3 лічыначных стадый у целе аднаго гаспадара. Выклікае інвазійную хваробу ў чалавека і жывёл — залознічную каросту (дэмадэкоз).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКАРАПІДО́Зпчол, акароз, акарыёз,
кляшчовая хвароба, небяспечная хранічная інвазійная хвароба рабочых пчол, матак і трутняў, якая выклікаецца паразітаваннем кляшча Acarapis Woodi. Пашырана ў краінах Еўропы. Да акарапідозу ўспрыімлівыя ўсе пароды. Кляшчы адкладваюць яйцы ў трахеі, і на 3—6-ы дзень утвараюцца лічынкі. Цыкл развіцця 10—16 сут. На адной пчале можа паразітаваць да 150 кляшчоў. З моманту заражэння адзінкавых пчол да пашкоджання 50% сям’і праходзіць 3—5 гадоў. Ранняй вясной хворыя пчолы не могуць узняцца ў паветра, падаюць на зямлю, сядзяць кучкамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭРМАЦЭ́НТАР (Dermacentor),
род іксодавых кляшчоўатр. паразітыформных. 30 відаў. Пашыраны ў Паўн. Амерыцы, Еўразіі (акрамя паўд.-зах.ч. Аравійскага п-ва, Індастана, Індакітая), Паўн. Афрыцы. Жывуць пераважна ў стэпах, лясах, пустынях. Пераносчыкі ўзбуджальнікаў шэрагу небяспечных хвароб. Гаспадары — млекакормячыя, зрэдку птушкі. На Беларусі 2 віды: Д. pictus і Д. marginatus.
Даўж. цела ў галодным стане 2—8,5 мм Характэрны для ўсіх відаў белы эмалевы малюнак на спінным шчытку. Развіццё Д. адбываецца па трохгаспадаровым цыкле Працягласць развіцця 1, зрэдку 2 гады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРО́СТАВЫЯ КЛЯШЧЫ́ (Sarcoptoidea),
надсямейства паразітычных членістаногіх з групы акарыдый атр. акарыформных кляшчоў. Каля 200 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Арктыкі і Антарктыкі Паразітуюць на паверхні і ў верхніх слаях скуры млекакормячых жывёл і чалавека. На Беларусі найб. трапляюцца прадстаўнікі родаў Acarus, Psoroptes, Chorioptes.
Даўж. 0,1—1 мм, самкі большыя за самцоў. Цела круглаватае, выпуклае на спіне 4 пары кароткіх ног з прысоскамі або шчацінкамі. Ротавы апарат грызучага тыпу Адкладваюць яйцы ці нараджаюць лічынак. Развіццё з поўным ператварэннем Узбуджальнікі каросты, саркаптозу, кмемідакаптозу, псараптозу, харыяптозу і інш. хвароб. У чалавека каросту выклікае К.к. (Sarcoptes scabiei, або Acarus siro).