БУШМЕ́НЫ (галанд. bosjesman літар. лясны чалавек),

народ, карэннае насельніцтва Паўд. і Усх. Афрыкі. Качуюць у пустынях Калахары, Наміб і суседніх раёнах, куды выцеснены ў 16—19 ст. народамі банту. Каля 75 тыс. чал. (1983). Адносяцца да бушменскай расы. Карыстаюцца бушменскімі мовамі. Захоўваюць традыц. вераванні.

т. 3, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́НТУ,

група народаў у Цэнтр. і Паўд. Афрыцы (буйнейшыя — руанда, макуа, шона, конга, малаві, рундзі, зулу і інш.). Больш за 150 млн. чал. (1987). Гавораць на мовах групы банту. Шырока рассяліліся (з 1-га тыс. да нашай эры да 19 ст.), асімілюючы карэннае насельніцтва (пігмеяў і інш.).

т. 2, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМЕРЫКАНО́ІДНАЯ РА́СА,

адгалінаванне вял. мангалоіднай расы, уключае карэннае насельніцтва Амерыкі — індзейцаў. Асн. прыкметы чалавека амерыканоіднай расы — прамыя чорныя валасы, цёмныя вочы, скура з бурым адценнем, вял. твар, вусы і барада растуць слаба. Сярод прадстаўнікоў амерыканоіднай расы адсутнічаюць рэзус-адмоўныя індывідуумы, амаль усе яны маюць 0 (І) групу крыві, што разам са слаба развітой мангольскай складкай павека і адносна буйным носам адрознівае амерыканоідаў ад мангалоідаў. Індзейцы складаюць значную частку сучаснага насельніцтва ў краінах Паўд. Амерыкі, у Паўн. Амерыцы іх засталося няшмат.

А.​І.​Мікуліч.

т. 1, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎСТРАЛІ́ЙСКІЯ МО́ВЫ,

сям’я моў, на якіх гаворыць карэннае насельніцтва Аўстраліі (акрамя папуаскай мовы мірыям і тасманскіх моў). Агульная колькасць моў ад 200 да 600 (у сувязі з істотнымі адрозненнямі паміж дыялектамі), значная частка знікла або знікае. Аўстралійскія мовы ўключаюць 12 асобных моў і 16 сем’яў (найбольш моў у сям’і паманюнга — каля 180).

Фанетычная сістэма большасці аўстралійскіх моў мае тры галосныя (i, a, u), сярод зычных няма свісцячых і шыпячых, не адрозніваюцца глухія і звонкія. Націск, як правіла, на першым складзе. Граматычны лад усіх аўстралійскіх моў аглюцінатыўны. Парадак слоў у сказе — свабодны. Усе аўстралійскія мовы — бяспісьменныя.

т. 2, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎСТРАЛІ́ЙЦЫ,

1) карэннае насельніцтва (абарыгены) Аўстраліі. У канцы 18 ст. былі расселены па ўсім мацерыку (250—300 тыс. чал.); больш за 500 плямёнаў. У аснове рэлігіі татэмізм і розныя формы магіі, мова — аўстралійская. Еўрап. каланізацыя з канца 18 ст. суправаджалася масавым вынішчэннем і выцясненнем аўстралійцаў у неўрадлівыя раёны ўнутр. Аўстраліі. У 1966 іх захавалася каля 40 тыс. чал. 2) Нацыя (англа-аўстралійцы), асн. насельніцтва Аўстраліі (12,15 млн. чал., 1987). Амаль выключна нашчадкі перасяленцаў з Англіі, Шатландыі і Ірландыі. Гавораць на аўстрал. варыянце англійскай мовы. Паводле рэлігіі хрысціяне (англікане, католікі, прэсвітэрыяне, метадысты, баптысты і інш.).

т. 2, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНДЗЕ́ЙЦЫ,

карэннае насельніцтва Амерыкі (акрамя эскімосаў і алеутаў). Каля 35 млн. чал. (1992). Буйнейшыя народы — кечуа, аймара, ацтэкі, мая, гуарані і інш. Навук. даследаваннямі ўстаноўлена, што продкі І. пачалі перасяляцца ў Амерыку 30—20 тыс. гадоў назад з Паўн.-Усх. Азіі. У выніку еўрап. каланізацыі многія плямёны цалкам ці часткова знішчаны або выцеснены ў інш. раёны. У ЗША і Канадзе жывуць пераважна ў рэзервацыях. У Балівіі і Гватэмале складаюць б. ч. насельніцтва. Моцна метысаваны. Гавораць на індзейскіх мовах, значная ч. таксама на ісп. (Лац. Амерыка) і англ. (Паўн. Амерыка) мовах. Паводле веравызнання католікі, пратэстанты, ёсць прыхільнікі сінкрэтычных культаў і традыц. вераванняў.

т. 7, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРА́ЙНЯЯ ПО́ЎНАЧ,

частка тэр. ў Рас. Федэрацыі, размешчаная пераважна на Пн ад Палярнага круга (66°33 паўн. ш.). Уключае арктычную ледзяную зону, тундру, лесатундру і частку тайгі. Характарызуецца вельмі суровымі кліматычнымі ўмовамі і адносна слабай заселенасцю. Карэннае насельніцтва складаюць т.зв. малыя народы Поўначы. У адм. адносінах да раёнаў К.П. адносяць: Якуцію, Магаданскую, Камчацкую, Мурманскую (за выключэннем г. Кандалакша з прылеглай тэрыторыяй) вобласці, асобныя раёны і гарады Рэсп. Комі, Архангельскай, Цюменскай, Іркуцкай і Сахалінскай абласцей, Краснаярскага і Хабараўскага краёў, а таксама астравы Паўн. Ледавітага ак. і яго мораў; астравы Берынгава і Ахоцкага м. Шэраг мясцовасцей у Бураціі, Томскай, Чыцінскай і Амурскай абласцях, Прыморскім краі, якія знаходзяцца ў суровых кліматычных умовах, прыраўнаваны да раёнаў К.П.

т. 8, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАМО́Р’Е,

гістарычная назва ў 15—17 ст. у Расіі, узбярэжжа Белага м. ад г. Кем да г. Анега (Паморскі бераг), а таксама вял. тэр. ад Абанежжа да Паўн. Урала, у якую ўваходзілі Карэлія, Дзвінская, Важская, Сысальская, Вяцкая, Пермская землі, Пасухонне, Белазерскі і Пячорскі краі. Першапачаткова насялялі карэлы, комі, лапары. Да 17 ст. карэннае насельніцтва часткова асімілявана рус. пасяленцамі, якія з 12 ст. асвойвалі тэр. П. У 12—15 ст. уладанне Наўгародскай феадальнай рэспублікі. У пач. 16 ст. далучана да Масквы. У 17 ст. ў 22 паветах П. асн. маса насельніцтва — вольныя сяляне. Частка зямель належала манастырам і купцам Строганавым. На Пн насельніцтва займалася рыбалавецкім, слюдзяным, саляным промысламі; у Карэліі развівалася металургія, у паўд. паветах — земляробства.

т. 12, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТРЫ́ЦЫІ (лац. patricii ад pater бацька),

у Старажытным Рыме першапачаткова ўсё карэннае насельніцтва, якое ўваходзіла ў родавую абшчыну і складала рым. народ (Populus Romanus Quiritium); супрацьстаяла плебеям. Пасля вылучэння з роду знатных патрыярхальных сем’яў — родавая арыстакратыя. З канца 6 ст. да н.э. — пануючы клас-саслоўе Рым. рэспублікі, мелі ўсе грамадз. і паліт. правы, у т. л. выключнае права карыстацца грамадскай зямлёй. Пасля ўключэння плебеяў у склад рым. народа і ўраўнавання іх у правах з П. (пач. 3 ст. да н.э.) вярхі П. і плебса зліліся і ўтварылі набілітэт. У эпоху імперыі ўзніклі новыя П., якія складалі прывілеяваную ч. сенатарскага саслоўя; у яго ўваходзілі вылучаныя імператарам ураджэнцы Італіі і правінцый.

т. 12, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРА́БСКІЯ ЗАВАЯВА́ННІ,

ваенныя паходы арабаў у 30-я г. 7 — пач. 9 ст., у ходзе якіх створана феад.-тэакратычная дзяржава — Арабскі халіфат. На працягу 7 ст. заваяваны Сірыя, Палесціна, Месапатамія, Егіпет, амаль уся Паўн. Афрыка, Іран; на пач. 8 ст. — Закаўказзе і міжрэчча Амудар’і і Сырдар’і ў Сярэдняй Азіі; у 712 — Сінд (тэр. ў ніжнім цячэнні Інда), у 711—714 — б. ч. Пірэнейскага п-ва, пазней — Сіцылія, Мальта, Крыт. На заваяваных тэрыторыях распаўсюджваўся іслам, адбывалася арабізацыя мясц. насельніцтва (акрамя Ірана і Сярэдняй Азіі). У выніку ўзаемадзеяння арабаў з заваяванымі народамі ўзнікла сярэдневяковая арабская культура. З 1-й чвэрці 9 ст. пачаўся паліт. распад халіфата на адасобленыя часткі. Барацьбу за вызваленне ад араб. экспансіі карэннае насельніцтва Пірэнейскага п-ва вяло некалькі стагоддзяў (гл. Рэканкіста).

У.​С.​Кошалеў.

т. 1, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)