ЛЮДО́ВІК XIV (Louis; 5.9.1638, Сен-Жэрмен-ан-Ле, каля Парыжа — 1.9.1715),
кароль Францыі [1643—1715]. 3 дынастыі Бурбонаў. Сын Людовіка XIII [1610—43] і Ганны Аўстрыйскай (рэгентка ў 1643—51). Да 1661 дзяржавай фактычна правіў кардынал Дж.Мазарыні. У гэты час атрымана перамога над Фрондай, пазбаўлена паліт. значэння арыстакратыя, прыцягнуты да супрацоўніцтва здольныя прадстаўнікі мяшчанства і дробнага дваранства, што прывяло да апагею франц.абсалютызму ў перыяд самаст. праўлення Л. XIV, якому прыпісвалі вядомы выраз «Дзяржава — гэта я». Яго эканам. палітыка (падтрымка гандлю і рамёстваў, засн. мануфактур, упарадкаванне фінансаў) спрыяла і росквіту навукі, культуры, мастацтва (засн. акадэміі надпісаў, навук, музыкі і архітэктуры). Стварэнне моцнай арміі і флоту дазволіла весці шматлікія войны і павялічыць тэр. Францыі (у 1681 далучаны г. Страсбург, у 1678 — прав. Франш-Кантэ). Аднак экспансіянісцкая знешняя палітыка Л. XIV, рэліг. нецярпімасць (жорсткія праследаванні кальвіністаў, адмена ў 1685 Нанцкага эдыкта 1598), канфлікты з папствам прывялі да стварэння ў 1686 антыфранц. каал шыі, т.зв. Аўгсбургскай лігі. Войны з Лігай 1689—97 і няўдалая для Францыі вайна за Іспанскую спадчыну 1701—14 падарвалі эканоміку краіны. У канцы праўлення Л. XIV дзярж. доўг у 16 разоў перавышаў гадавы даход дзяржавы.
Літ.:
Малеттке К. Людовик XIV, 1643—1715 // Французские короли и императоры: Пер. с нем. Ростов н/Д, 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЙК ((Dyck) Антоніс ван) (22.3.1599, г. Антверпен, Бельгія — 9.12.1641),
фламандскі мастак. Вучыўся ў Амстэрдаме (1609—10). Сярод ранніх твораў (да 1618) партрэты і карціны на рэліг. і міфалагічныя сюжэты («Я.Вермёлен», «Распяцце св. Пятра», «Юпітэр і Антыёпа»). Працуючы памочнікам П.П.Рубенса, зазнаў яго ўплыў («Іаан Хрысціцель і Іаан Евангеліст», 1618). У канцы 1620 — пач. 1621 мастак англ. караля Якава I. Творы гэтага часу («Сямейны партрэт», «Ф.Снейдэрс з жонкай», «Св. Марцін») вызначаліся імкненнем да стварэння адухоўленага вобраза, цікавасцю да эмацыянальнага і інтэлектуальнага жыцця чалавека. З канца 1621 жыў у Італіі, дзе выпрацаваў і давёў да дасканаласці тып барочнага параднага партрэта («Кардынал Г.Бентывольё»), У партрэтах генуэзскай знаці («Маркіз А.Дж.Брыньё-ле-Сале і яго жонка Пааліна Адорна», «Дама з дзяўчынкай») адчуваецца ўплыў венецыянскай школы жывапісу. У 1627—32 жыў у Антверпене; з 1630 прыдворны мастак эрцгерцагіні Ізабелы. У гэты перыяд стварыў лепшыя працы: партрэты Марыі Луізы дэ Тасіс, жывапісца П.Снаерса, серыя афортаў «Іканаграфія». Рэліг. кампазіцыям 1620-х г. уласціва пэўная аднастайнасць («Адпачынак на шляху ў Егіпет», «Мадонна дэль Разарыо», «Аплакванне Хрыста»), З 1632 у Лондане, прыдворны мастак Карла I. У творах таго часу («Карл I на паляванні», «Конны партрэт Карла I», «Дзеці Карла I», «Дж.Сцюарт, герцаг Рычмандскі», «Ф.Уортан») акцэнтаваў увагу на вытанчаным арыстакратызме вобразаў. Апошнім працам характэрна сухасць каларыту, стандартнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРА́НАХ (Cranach) Лукас Старэйшы
(1472, г. Кронах, Германія — 16.10.1553),
нямецкі жывапісец і графік эпохі Адраджэння. Вучыўся, магчыма, у бацькі. У 1505—50 працаваў пераважна ў Вітэнбергу пры двары курфюрстаў Саксонскіх. Рэнесансавыя маст. прынцыпы спалучаў з элементамі гатычнай традыцыі. Ранняя творчасць развівалася ў 2 кірунках: аднаму былі ўласцівы трагізм і жыццёвасць вобразаў, дынамізм і асіметрыя кампазіцый (партрэт Ганны Куспініян, 1502—03, і інш.), напружанасць і экспрэсіўнасць каларыту («Галгофа», каля 1500; «Укрыжаванне», 1503); другі вызначаўся ідылічнасцю і паэт. успрыняццем прыроды, якая ў яго карцінах набыла раўнапраўнасць з асн. сюжэтам («Адпачынак на шляху ў Егіпет», 1504). Апошні кірунак паслужыў у вял. ступені асновай станаўлення Дунайскай школы жывапісу. У перыяд работы ў Вітэнбергу канчаткова склаўся супярэчлівы творчы стыль К., у якім адлюстравалася складанасць эпохі. Гуманіст. ідэалы рэнесансавага мастацтва ўвасоблены ў «Алтары св. Кацярыны» (1506), «Княжацкім алтары» (1510), карцінах «Мадонна з дзіцем пад яблыняй» (пасля 1525), «Кардынал Альбрэхт Брандэнбургскі перад Укрыжаваннем» (каля 1520—25) і інш. Сяброўства з М.Лютэрам абумовіла з’яўленне ў творчасці К. работ, што адлюстравалі ідэі Рэфармацыі і стварылі першыя ўзоры пратэстанцкай іканаграфіі (гравюра «Пропаведзь Іаана Хрысціцеля», 1516, і інш.). У некат. творах ант. і біблейскай тэматыкі бачны ўплывы італьян. і нідэрл. мастацтва: «Венера і Амур» (1509), «Німфа адпачывае каля крыніцы» (1518), «Суд Парыса» (1529), «Юдзіф з галавой Алаферна» (каля 1530), «Венера» (1532), «Адам і Ева» (1533) і інш. Творчасць К. паўплывала на развіццё быт. жанру («Паляванне на аленяў», 1529; «Прадажнае каханне», 1532; «Фантан маладосці», 1546). Майстар партрэта (партрэты герцага Генрыха Набожнага Саксонскага, 1514; М.Лютэра як юнкера Іорга, 1522; І.Шойрынга, 1529; аўтапартрэт, 1550, і інш.). Графічным творам уласцівы выразнасць, напружанасць штрыха: «Святы Георг стаіць з двума анёламі» (1506), серыі «Страсці» (1509), «Апосталы» (каля 1515), ілюстрацыі да малітоўніка імператара Максіміляна (1515) і інш.Іл.гл. таксама ў арт.Германія.
Літ.:
Немилов А.Н. Л.Кранах Старший: [Альбом]. М., 1973.
В.Я.Буйвал.
Л.Кранах. Святы Георг стаіць з двума анёламі. 1506.Л.Кранах. Партрэт Ганны Куспініян. 1502—03.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАТЫКА́Н (Vaticano),
Дзяржава-горад Ватыкан (Stato della Città del Vaticano), папская суверэнная дзяржава, цэнтр каталіцкай царквы, рэзідэнцыя яе кіраўніка — папы рымскага. Размешчана ў Рыме — сталіцы Італіі, на ўзгорку Монтэ-Ватыкана, на зах. беразе р. Тыбр. Пл. 0,44 км². Нас. 811 чал. (1992), у т. л. 402 чал. маюць ватыканскае грамадзянства. Ватыкану належаць асобныя тэрыторыі з 13 будынкамі ў Рыме па-за дзярж. межамі агульнай пл. 0,7 км²: 3 саборы, шэраг палацаў і вілаў. Каля Рыма ў замку Кастэль-Гандольфа летняя рэзідэнцыя папы. Афіц. мовы лац. і італьянская. Нац. свята — дзень узвядзення на прастол рымскага папы Іаана Паўла II (22 кастр.).
Дзяржаўны лад. Паводле канстытуцыі 1929, Ватыкан — абсалютная тэакратычная манархія. Кіраўнік дзяржавы — папа рымскі, які выбіраецца пажыццёва на канклаве — спец. сходзе выбаршчыкаў (удзельнічаюць кардыналы не старэй за 80 гадоў). Яму належыць вярхоўная заканад., выканаўчая і суд. ўлада. Папа прадстаўляе Ватыкан у міжнар. справах, заключае, ратыфікуе і дэнансуе міжнар. дагаворы і канкардаты, прымае дыпламат. прадстаўнікоў і прызначае паслоў (нунцыяў) у інш. краінах. Кіраўніцтва рэліг., паліт. і эканам. дзейнасцю Ватыкана належыць Рымскай курыі (урад Ватыкана). У яе ўваходзяць статс-сакратарыят, 9 кангрэгацый (дэпартаментаў), 3 трыбуналы, 3 сакратарыяты і інш. Статс-сакратарыят узначальвае звычайна кардынал, які выконвае функцыі прэм’ер-міністра і міністра замежных спраў. Асн. дэпартаменты ўзначальваюць кардынальскія камісіі на чале з прэфектам або прэзідэнтам. У склад Рымскай курыі ўваходзяць таксама кардынальская калегія і сінод каталіцкай царквы. Ахова Ватыкана і цырыманіяльныя функцыі ўскладзены на швейц. гвардыю і папскую жандармерыю.
Гісторыя. Назва Ватыкан паходзіць ад назвы аднайм. ўзгорка на беразе р. Тыбр, дзе ў раннім сярэднявеччы быў пабудаваны палац, які з канца 14 ст. стаў пастаяннай рэзідэнцыяй кіраўніка каталіцкай царквы (гл.Каталіцызм, Папская вобласць, Папства). Пасля аб’яднання Італіі і далучэння да яе Рыма (1870) была ліквідавана свецкая ўлада папы рымскага. Папа не прызнаў аб’яднанай італьян. дзяржавы і абвясціў сябе «ватыканскім вязнем». Канфлікт паміж Апостальскай сталіцай і ўрадам Італіі быў ліквідаваны ў 1929 Латэранскімі пагадненнямі, паводле якіх была ўтворана дзяржава Ватыкан і вызначаны яе сучасныя межы. Ватыкан падтрымлівае дыпламат. адносіны з больш як 125 краінамі свету, з ліст. 1992 — з Рэспублікай Беларусь. Прадстаўлены ў ААН.
Гаспадарка. Эканам. асновай дзяржавы з’яўляюцца даходы ад капіталаўкладанняў і ахвяраванняў. Ватыкан — адзін з буйнейшых у свеце акцыянераў і капіталаўласнікаў. Кошт акцый і інш. каштоўнасцей Ватыкана, уключаючы залатыя запасы, неафіцыйна ацэньваецца больш як у 13 млрд.дол. ЗША. Ватыкан валодае буйной нерухомасцю ў Італіі, Іспаніі, ФРГ, лацінаамер. краінах. Пастаянны даход прыносіць продаж паштовых марак, турысцкіх сувеніраў, рэліг. л-ры, плата за наведванне музеяў. У Ватыкан сцякаюцца таксама значныя сродкі ў выглядзе паступленняў ад вернікаў, збораў ад падаткаў і інш.Сусв. цэнтр рэліг. паломніцтва і турызму. Выраб мазаік і уніформы для персаналу. Чыг. станцыя. Грашовая адзінка — ватыканская ліра.
Друк, радыё, тэлебачанне. Афіц. ўрадавы орган — бюлетэнь «Acta Apostolicae Sedis» (з 1909). Выходзіць штодзённая газ. «L’Osservatore Romano» («Рымскі аглядальнік», з 1861). Сярод інш.перыяд. выданняў: «Ecclesia», «Latinitas». Інфармац. агенцтва — Аджэнцыя Інтэрнацыянале Фідэс (АІФ). Працуе шматмоўны выдавецкі цэнтр. «Радыё Ватыкана» (з 1931) вядзе перадачы на 35 мовах. Тэлевіз. праграмы рыхтуе і трансліруе Тэлевізійны цэнтр Ватыкана (з 1983).
Навуковыя і культурна-асветныя ўстановы. Гал. папскія навук. ўстановы: Папская акадэмія навук (засн. ў 1603, адноўлена ў 1936), Рымская каталіцкая акадэмія св. Фамы Аквінскага (з 1879), Папскі біблейскі ін-т (з 1909). Ун-ты: Папскі Грыгарыянскі універсітэт (з 1553), Папскі ун-тсв. Фамы Аквінскага (з 1580), Папскі Урбаніянскі універсітэт (з 1627), Папскі Латэранскі ун-т (з 1824). Ватыканская астр. абсерваторыя (з 1576) старэйшая ў Еўропе.
У музейны комплекс Ватыкана ўваходзяць: Пінакатэка (італьян. жывапіс 11—18 ст. — творы Фра Анджэліка, Леанарда да Вінчы, Тыцыяна, М.Караваджа, Зала Рафаэля), музеі Егіпецкі, Этрускі (каштоўны збор керамікі), Піо-Клеменціна і К’ярамонці (зборы ант. скульптуры), галерэя сучаснага мастацтва, Сіксцінская капэла, Станцы і Лоджыі Рафаэля, галерэя габеленаў, Ватыканская Апостальская бібліятэка разам з Хрысціянскім (каштоўныя зборы дэкар.-прыкладнога мастацтва) і інш. музеямі.
Архітэктура. Арх. комплекс Ватыкана ўключае культавыя, палацавыя і крапасныя збудаванні, якія спалучаюцца з творамі садова-паркавага мастацтва. Уваходам у Ватыкан служыць авальная плошча св. Пятра з каланадамі (1657—63, арх. Л.Берніні), што вядуць да буйнейшага каталіцкага храма — сабора св. Пятра (1506—1614, арх. Д.Брамантэ, Мікеланджэла, Дж.Віньёла, Дж. дэла Порта, К.Мадэрна і інш.). У інтэр’еры сабора — мармуровае «Аплакванне Хрыста» Мікеланджэла (каля 1497—98), бронзавы балдахін (1624—33), кафедра (1657—66) і надмагіллі работы Берніні, «Брама смерці» (1947—64, скульптар Дж.Манцу). На Пн ад сабора размешчаны палацавы комплекс. У яго ўваходзяць капэлы Мікалая V (1440-я г., фрэскі Фра Анджэліка), Сіксцінская (1473—84, фрэскі Мікеланджэла, П.Перуджына, С.Батычэлі, Д.Гірландайо) і Пааліна (1540, арх. А. да Сангала Старэйшы, фрэскі Мікеланджэла, 1542—50), апартаменты Борджа (фрэскі Пінтурык’ё, 1493—94); Лоджыі і Станцы (залы), размаляваныя Рафаэлем і яго вучнямі; двары Сан-Дамаза і Бельведэр (паміж 1503—45, праект Брамантэ); парадны ўваход у палац — Каралеўская лесвіца (Скала Рэджа, 1663—66, Берніні). У садах Ватыкана — Казіно Пія IV (1558, арх. П.Лігорыо), Пінакатэка. Уласнасцю Ватыкана з’яўляюцца раннехрысц. базілікі Сан-Джавані ін Латэрана, Санта-Марыя Маджорэ і Сан-Паала фуоры ле Мура (усе — 4 ст.), Латэранскі палац (16 ст.) і інш. будынкі ў Рыме. Помнікі архітэктуры Ватыкана ўключаны ЮНЕСКА у спіс сусветнай спадчыны.
Літ.:
Музеи Ватикана. Рим: Альбом. М., 1974;
Bonaventura M.A. La Città del Vaticano. Roma, [1971].
Н.К.Мазоўка (дзяржаўны лад, гісторыя, друк, радыё, тэлебачанне, навуковыя і культурна-асветныя ўстановы).
Герб і сцяг Ватыкана.Да арт.Ватыкан. Плошча св. Пятра.Да арт.Ватыкан. Папа рымскі Іаан Павел II бласлаўляе дзяцей-чарнобыльцаў з Беларусі.