ВЫШЧАЛО́ЧВАННЕ ГО́РНЫХ ПАРО́Д,

працэс выбіральнага растварэння і вынасу прыроднымі водамі асобных кампанентаў горных парод. Найб. развіта ва ўмовах выветрывання і ў зоне інтэнсіўнага водаабмену ў артэзіянскіх басейнах. Пры вышчалочванні горных парод спачатку выносяцца лёгка растваральныя хларыды натрыю і калію, потым сульфаты і карбанаты кальцыю. Найлепш вышчалочваюцца каменныя і калійныя солі, гіпсы, ангідрыты, мел, вапнякі, даламіты. Тыповае праяўленне вышчалочвання горных парод — карст; у раёнах пашырэння лёсу і лёсападобных парод развіта суфозія. Працэсы вышчалочвання ўплываюць на састаў падземных вод, фарміраванне калектараў нафты і газу, выкарыстоўваюцца пры здабычы карысных выкапняў. У Беларусі метадам падземнага вышчалочвання здабываюць кухонную соль на Мазырскім радовішчы каменнай солі.

т. 4, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІЛІКА́ТНЫЯ ФА́РБЫ,

суспензіі пігментаў, напаўняльнікаў і інш. дабавак у водным растворы сілікатаў шчолачных металаў (шкле вадкім). Для атрымання С.ф. звычайна выкарыстоўваюць каліевае вадкае шкло K2O∙mSiO2∙nH2O∙(m ≥ 3, n = 2—5), шчолача- і святлоўстойлівыя пігменты і напаўняльнікі, пераважна аксіды, гідраксіды і карбанаты цынку, жалеза, алюмінію і тытану, метал. парашкі. Наносяць С.ф. на паверхню пры дапамозе распыляльніка, пэндзля або валіка ў 2—3 слоі. Утвараюць даўгавечныя вогнезасцерагальныя пакрыцці. Выкарыстоўваюць у буд-ве для вонкавых і ўнутр. работ, некат., т. зв. пратэктарныя, С.ф. для засцярогі ад карозіі метал. вырабаў (труб гарачага і халоднага водазабеспячэння, падводнай часткі карпусоў марскіх суднаў і інш.).

т. 14, с. 378

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТАЦЫ́ДНЫЯ СРО́ДКІ,

лекавыя рэчывы, здольныя звязваць і нейтралізаваць саляную к-ту, што знаходзіцца ў страўнікавым соку. Выкарыстоўваюцца пры гастрытах, язвавай хваробе з высокай кіслотнасцю. Антацыдныя сродкі могуць быць солі, вокіслы і гідравокіслы шчолачных і шчолачна-зямельных металаў, якія ў залежнасці ад усмоктвання ў страўніку падзяляюцца на 2 групы. Рэзарбцыйныя антацыдныя сродкі (натрыю гідракарбанат, калію і кальцыю карбанаты) знімаюць пякотку і боль, але пры ўзаемадзеянні з салянай к-той утвараюць вуглякіслы газ, што прыводзіць да расцягвання страўніка і адрыжкі. Нерэзарбцыйныя антацыдныя сродкі (магнію вокіс і карбанат, алюмінію гідравокіс і фасфат) утвараюць з салянай к-той хларыды, якія нейтралізуюць павышаную кіслотнасць і садзейнічаюць утварэнню геляў у водным асяроддзі страўніка. Выкарыстоўваюцца камбінаваныя антацыдныя сродкі, што ўключаюць вяжучыя, спазмалітычныя, жаўцягонныя, слабіцельныя і анестэзоўныя сродкі (вікаір, вікалін, альмагель).

т. 1, с. 385

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІСЛО́ТНА-ШЧО́ЛАЧНАЯ РАЎНАВА́ГА,

адноснае пастаянства вадароднага паказчыка (pH) унутр. асяроддзя арганізма. У жывёл рэгулюецца фізіка-хім. (буферныя сістэмы крыві і тканак) і фізіял. (дыханне, выдзяленне) механізмамі. Абумоўлівае нармальны ход працэсаў жыццядзейнасці (гл. Гамеастаз). У норме pH крыві чалавека 7,37—7,45, тканкавых вадкасцей 7,1—7,4. Памяншэнне pH крыві ніжэй за 7 (ацыдоз) ці павелічэнне больш за 7,8 (алкалоз) прыводзяць да смерці. У раслін рэгуляцыя К.-ш. р. ажыццяўляецца функцыянаваннем пратоннай помпы, што выпампоўвае з клеткі лішак H​+-іонаў праз плазмалему з затратай энергіі АТФ, а таксама балансам карбаксіліруючых (падкісляючых) і дэкарбаксіліруючых (падшчалочваючых) ферментаў і сістэмай буфераў (арган. кіслоты, бялкі, карбанаты, фасфаты). pH цытаплазмы 6—7,5; pH вакуолі 5—6.

Літ.:

Робинсон Дж. Р. Основы регуляции кислотно-щелочного равновесия: Пер. с англ. М., 1969.

т. 8, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТАФІ́ЛЬНЫЯ ЭЛЕМЕ́НТЫ,

група хім. элементаў у геахім. класіфікацыі, якія маюць вонкавую 8-электронную абалонку (паводле тыпу інертных газаў) і размяшчаюцца на ўчастках змяншэння крывой атамных аб’ёмаў. Складаюць 93% асноўнай масы мінералаў зямной кары і 97% масы солевага саставу акіянічнай вады. Да Л.э. адносяцца 55 элементаў перыядычнай сістэмы: кісларод O, крэмній Si, алюміній Al, тытан Ti, бор B, вуглярод C і інш., шчолачныя і шчолачназямельныя металы, галагены і многія рэдкія элементы. Л.э. пераважна парамагнітныя. Уваходзяць у асноўным у састаў сілікатаў, пашыраны таксама іх аксіды, галагеніды, карбанаты, сульфаты, фасфаты. Шчыльнасць злучэння Л.э. ад 2 10​3 да 4 10​3 кг/м³. Групу Л.э. вылучыў у сваёй геахім. класіфікацыі ў 1924 В.М.Гольдшміт. Дапоўніў у 1952 Э.​Садэцкі-Кардаш. Па класіфікацыі А.П.Вінаградава да Л.э. адносяцца таксама атмафільныя элементы.

У.​Я.​Бардон.

т. 9, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЁСАПАДО́БНЫЯ ПАРО́ДЫ,

асадкавыя горныя пароды палевага або жоўтага колеру, якія па марфалогіі і саставу нагадваюць лёс і адносяцца да пылаватых суглінкаў і супескаў. Ад лёсу адрозніваюцца неаднароднасцю будовы, наяўнасцю слаістасці і праслояў грубага пясчанага і галечнага матэрыялу, больш гліністым саставам, меншай порыстасцю і прасадачнасцю, уключэннем ракавін прэснаводных малюскаў і інш. Л.п. і лёсы аб’ядноўваюць пад назвай «лёсавыя пароды». Могуць быць рачнога, азёрнага, пралювіяльнага, дэлювіяльнага, элювіяльнага паходжання. Пераважаюць пылаватыя (0,05—0,005 мм) фракцыі (60—80%). Асн. пародаўтваральныя мінералы — кварц (70—85%), палявыя шпаты, карбанаты, слюды і інш. На Беларусі Л.п. займаюць 14% тэрыторыі. Вылучаны 7 раёнаў пашырэння Л.п.: Аршанска-Магілёўска-Гомельскі, Мінскі, Слуцкі, Навагрудска-Карэліцкі, Лёзненскі, Мазырска-Хойніцка-Брагінскі, Тураўскі. Магутнасць Л.п. 0,5—12 м. Пакатахвалістая паверхня часта ўкрыта суфазійнымі лейкападобнымі западзінамі. На Л.п. сфарміраваліся ўрадлівыя дзярнова-палева-падзолістыя глебы, на якіх парушэнне правіл агратэхнікі вядзе да ўтварэння яроў. Некаторыя Л.п. прыдатныя для вырабу цэглы, аглапарыту і інш.

Я.​І.​Аношка.

т. 9, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНГЛАМЕРА́Т (ад лац. conglomeratus сабраны, ушчыльнены),

механічнае, выпадковае спалучэнне якіх-н. разнародных кампанентаў. У геалогіі — сцэментаваная асадкавая абломкавая горная парода (гл. Абломкавыя горныя пароды), складзеная пераважна з галькі з прымессю пяску, жвіру і валуноў. Цэментам звычайна з’яўляюцца аксіды жалеза, карбанаты, гліністы матэрыял, радзей крэменязём. Вядомы розныя класіфікацыі К., заснаваныя на ўмовах іх утварэння, тыпе і колькасці цэменту, ступені адсартаванасці, прыродзе і складзе абломкаў. На Беларусі К. найб. пашыраны ў тоўшчах абломкавых парод рыфею і венду, пермскай і трыясавай сістэм. Глыбы валунова-галечнага К. ў антрапагенавых адкладах вядомы каля Гродна (гл. ў арт. Калодзежны роў). У эканоміцы — адна з форм аб’яднання прадпрыемстваў (фірм) рознага галіновага профілю. Адрозніваюць К. функцыянальныя, якія аб’ядноўваюць прадпрыемствы (фірмы), звязаныя у працэсе вытв-сці і інвестыцыйныя, якія аб’ядноўваюць фірмы, не звязаныя галіновай агульнасцю. Для К. характэрны; аб’яднанне шырокага кола прадпрыемстваў (фірм), якія выконваюць розныя функцыі; высокі ўзровень дэцэнтралізацыі кіравання; рост капіталу ў выніку зліцця і накіраванне яго на павелічэнне кантролю над існуючымі прадпрыемствамі (фірмамі); аб’яднанне ў рамках К. з удзелам банка або вакол яго.

т. 7, с. 576

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАЛЕ́ЗНЫЯ РУДЫ,

прыродныя мінеральныя агрэгаты, якія маюць у сабе жалеза ў выгаднай для здабычы колькасці. Галоўныя рудныя мінералы: аксіды жалеза — магнетыт, гематыт, мартыт; гідрааксіды — гётыт і гідрагётыт; карбанаты — сідэрыт; сілікаты — шамазіт, цюрынгіт. Прамысл. Ж.р. маюць 16—72 % жалеза. У плаўку ідзе абагачаны да 60—70% канцэнтрат (гл. Абагачэнне карысных выкапняў, Агламерацыя). Карысныя прымесі: нікель, кобальт, марганец, вальфрам, малібдэн, хром, ванадый і інш. Шкодныя прымесі: сера, фосфар, цынк, свінец, мыш’як, медзь. У залежнасці ад паходжання вылучаюць Ж.р. эндагенныя (магматычныя, гідратэрмальныя, вулканагенна-асадкавыя і інш.), экзагенныя (асадкавыя пластавыя, радовішчаў выветрывання і інш.) і метамарфагенныя (жалезістыя кварцыты і інш.). Прамысл. тыпы класіфікуюць паводле пераважнага руднага мінералу (магнетытавыя, гематытавыя, сідэрытавыя і г.д.). Найб. запасы і аб’ёмы здабычы Ж.р. прыпадаюць на дакембрыйскія жалезістыя кварцыты, менш пашыраны асадкавыя буражалезняковыя, а таксама скарнавыя, гідратэрмальныя і карбанатытавыя магнетытавыя руды. Адрозніваюць Ж.р. багатыя (больш за 50% Fe) і бедныя (менш за 25% Fe); бедныя падзяляюцца на лёгка- і цяжкаабагачальныя. Па агульных запасах Ж.р. краіны СНД займаюць 1-е месца ў свеце (больш за 100 млрд. т), на 2-м месцы Бразілія (34 млрд. т). Ж.р. выкарыстоўваюцца для выплаўкі чыгуну, сталі і ферасплаваў, невялікая колькасць — як прыродная фарба (вохра) ці як уцяжарвальнік свідравальных раствораў. На Беларусі ў зах. ч. выяўлены радовішчы Ж.р. у пародах крышт. фундаменту (г.п. Карэлічы Гродзенскай вобл., г. Стоўбцы Мінскай вобл.), а таксама шэраг рудапраяўленняў. Ж.р. ў іх прадстаўлены жалезістымі кварцытамі (Аколаўскае радовішча жалезных руд, Рубяжэвіцкае рудапраяўленне), ільменітмагнетытавымі рудамі (Навасёлкаўскае радовішча і інш.) і магнетытавымі метасаматытамі.

Літ.:

Геология и полезные ископаемые кристаллического фундамента и нижней части платформенного чехла Беларуси. Мн., 1996.

У.​Я.​Бардон.

т. 6, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́ДЗІ ЗЛУЧЭ́ННІ,

хімічныя злучэнні, у састаў якіх уваходзіць медзь. Найб. пашыраныя злучэнні адна- і двухвалентнай медзі: медзі аксіды і солі мінер., а таксама некаторых карбонавых кіслот. Солі аднавалентнай медзі бясколерныя рэчывы, не раствараюцца ў вадзе, лёгка акісляюцца; двухвалентнай — раствараюцца ў вадзе, растворы маюць блакітны колер, які абумоўлены ўтварэннем аквакатыёнаў [Cu(H2O)4]​2+. Солі ўтвараюць устойлівыя комплексныя злучэнні з шэрагам малекул і іонаў (напр., аміякаты).

Медзі (II) ацэтату монагідрат, ці мядзянка (CH3COO)2Cu∙H2O — цёмна-зялёныя крышталі. Выкарыстоўваюць як фунгіцыд, пігмент для керамікі, каталізатар полімерызацыі (напр., стыролу), стабілізатар штучных валокнаў. Медзі (II) карбанаты ўтвараюцца пры абменных рэакцыях у водных растворах паміж солямі Cu (II) і карбанатамі інш. металаў; з раствору ў залежнасці ад т-ры і канцэнтрацыі рэагентаў вылучаюцца нерастваральныя асноўныя, ці гідроксакарбанаты: дыгідроксакарбанат CuCO3∙Cu(OH)2 або Cu2(OH)2CO3 (у прыродзе мінерал малахіт) і дыгідроксадыкарбанат 2CuCO3∙Cu(OH)2 або Cu3(OH)2(CO3), (мінерал азурыт). Сярэдні карбанат медзі CuCO3 атрымліваюць апрацоўкай асн. карбанатаў дыаксідам вугляроду пад ціскам пры т-ры 180 °C. Медзі (II) сульфат CuSO4 — бясколерныя крышталі, tпл 200 °C, пры награванні (каля 650 °C) раскладаюцца. Утварае шэраг гідратаў, найважнейшы — пентагідрат, ці медны купарвас CuSO4∙5H2O — сінія крышталі, абязводжваюцца пры т-ры 250 °C. У прыродзе — мінерал халькантыт. У прам-сці атрымліваюць узаемадзеяннем медзі ці яе аксіду CuO з сернай к-той, абпалам сульфідаў медзі ў прысутнасці кіслароду. Выкарыстоўваюць як пігмент у фарбах, у сельскай гаспадарцы для барацьбы са шкоднікамі і хваробамі раслін і для пратручвання зерня (гл. Медныя ўгнаенні), для вырабу скуры, у гальванатэхніцы і інш. Медзі сульфіды: сульфід медзі (I), ці гемісульфід Cu2S і сульфід медзі (II), ці монасульфід CuS. Чорныя крышталі, не раствараюцца ў вадзе, раствараюцца ў азотнай кіслаце. У прыродзе трапляюцца ў выглядзе мінералаў хальказіну (Cu2S) і кавеліну (CuS). Усе М.з. атрутныя: раздражняюць слізістыя абалонкі, пашкоджваюць страўнікава-кішачны тракт, выклікаюць млоснасць, ірвоту, захворванне печані і інш.

А.​П.​Чарнякова.

т. 10, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЯЧО́РЫ,

прыродныя поласці ў верхняй тоўшчы зямной кары, злучаныя з паверхняй адной або некалькімі ўваходнымі адтулінамі. Запоўнены паветрам або інш. газам, вадой, часткова цвёрдымі адкладамі. Паводле паходжання падзяляюцца на першасныя (сінгенетычныя з горнымі пародамі: газавыя пузыры і тунэлі ў лавах, поласці ў рыфах, вапняковых туфах, гіпсаангідрытах) і другасныя (узніклі ў сфарміраванай пародзе ці ледавіку: П. выветрывання, вышчалочвання, выдзімання, суфазійныя, абразійныя на берагах мораў, карставыя, гідратэрмальныя, гляцыяльныя ў ледавіках). Найб. пашыраны карставыя П. (гл. Карст).

П. складаюцца з расшыраных участкаў (галерэі, гроты, залы) і вузкіх (праходы, хады, адвержкі). Часта ўтвараюць складаныя шматпавярховыя сістэмы. Найб. працяглыя П. (карставыя); Флінт-Мамантава (гл. Мамантава пячора, ЗША) — каля 560 км, Хёлах (Швейцарыя) — 133 км, Аптымістычная пячора — 157 км і Азёрная пячора — 107,3 км (Украіна). Найб. глыбокія П. свету (карставыя); Вароння (Абхазія) — 1720 м, Жан-Бернар (Францыя) — 1494 м, В.​Панцюхіна — 1465 м і Снежная (Абхазія) — 1370 м, Ільяміна (Іспанія) —1342 м, П’ер-Сен-Мартэн (Францыя, Іспанія) — 1342 м. Для мікраклімату П. характэрны адсутнасць сонечнага святла, пастаянства т-р, высокая вільготнасць, павышаная канцэнтрацыя вуглякіслага газу. У халодных П. намнажаецца шматгадовы лёд. Часта П. ўпрыгожаны рознымі нацечнымі ўтварэннямі, у т. л. сталагмітамі і сталактытамі. Фауна бедная, пераважна беспазваночныя жывёлы, таксама земнаводныя, рыбы. У некат. П. жывуць калоніі лятучых мышэй. Для пастаянных насельнікаў П. характэрны дэпігментацыя, слепата, часам гігантызм, запаволены абмен рэчываў. У П. назіраецца да 90 відаў новаўтвораных мінералаў са слабамінералізаваных пячорных вод, часам з рудаўтваральных і гідратэрмальных раствораў. Найб. пашыраны карбанаты (арганіт, кальцыт, даламіт, магнезіт і інш.) і сульфаты (барыт, цэлесцін, гіпс, мірабіліт і інш.). Муміё П. — прыродная мед. сыравіна. П. выкарыстоўваюцца чалавекам са стараж. часоў. У іх захаваліся касцявыя рэшткі, прылады працы, быту, скульптурныя і наскальныя выявы (напр., П.Альтаміра і Ласко, якія ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны, Капава пячора). Найб. выкарыстоўваюцца П. для падземнага турызму, у некат. з іх пабудаваны навук. лабараторыі, санаторыі, чыгункі, канцэртныя залы, кафэ і інш. П. вывучае спелеалогія.

Літ.:

Дублянский В.Н., Илюхин В.В. Крупнейшие карстовые пещеры и шахты СССР. М., 1982.

Р.​Р.​Паўлавец.

Пячора. Пастойнска-Яма ў Славеніі.

т. 13, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)