АБРЭ́НАВІЧЫ (Обреновићи),

княжацкая [1815—42, 1858—82], потым каралеўская [1882—1903] дынастыя ў Сербіі. Заснавальнік Мілаш Абрэнавіч. У 1842—58 Абрэнавічы ў выгнанні. Правіцелі дынастыі Абрэнавічаў: Мілаш [1815—39, 1858—60]; Міхаіл [1839—42, 1860—68]; Мілан [1868—89; з 1882 — кароль]; Аляксандр [1889—1903]. Апошні з Абрэнавічаў Аляксандр забіты групай афіцэраў — прыхільнікаў Карагеоргіевічаў.

т. 1, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯГО́НІЯ (Begonia),

род кветкавых раслін сям. бягоніевых. Каля 900 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных лясах Амерыкі, Афрыкі і Азіі. На Беларусі шмат відаў вырошчваюць у аранжарэях, цяпліцах, пакаёвай культуры (напр., бягонія каралеўская — B. rex, Крэднера — B. credneri, металічная — B. metallica, Мэсона — B. masconiana, срэбраплямістая — B. argenteo-quttata і інш.) і адкрытым грунце (напр., бягонія гібрыдная — B. tuberhybrida, заўсёдыквітучая — B. semperflorens і інш.).

Шматгадовыя травяністыя расліны з тоўстым карэнішчам або клубнем, рэдка кусты або ліяны. Лісце звычайна простае, асіметрычнае, на чаранках. Кветкі розных памераў і афарбоўкі, звычайна яркія, аднаполыя, адзіночныя ці ў суквеццях. Плод — сухая каробачка з дробным насеннем. Дэкар. расліны (адрозніваюць кустовыя, клубневыя і лісцевыя бягоніі).

Бягонія каралеўская.

т. 3, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГОГЕНЦО́ЛЕРНЫ-ЗІ́ГМАРЫНГЕНЫ (Hohenzollern-Sigmaringen),

каралеўская дынастыя ў Румыніі ў 1866—1947. Заснавальнік Караль I (Карл; 1866—1914; да 1881 князь, потым кароль) — нашчадак пабочнай лініі прускай каралеўскай дынастыі Гогенцолернаў. Яго пераемнікі: Фердынанд I [1914—27], Караль II [1930-40] і Міхай I [1927—30, 1940—47].

т. 5, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРПА́ДЫ, Арпадавічы,

княжацка-каралеўская дынастыя ў Венгрыі [889—1301]. Правілі ў перыяд фарміравання феад. адносін і пачатку феад. раздробленасці. Заснавальнік дынастыі Арпад (Arpad) [889—907]. Найб. вядомыя прадстаўнікі: Іштван [997—1038, з 1000 першы кароль Венг. каралеўства Іштван I Святы], каралі Ласла I Святы [1077—95], Бела IV [1235—70].

т. 1, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПЕТЫ́НГІ (Capétiens),

каралеўская дынастыя ў Францыі ў 987—1328. Паходзілі ад парыжскіх графаў Раберцінаў, якія ўзмацніліся ў 9 ст. дзякуючы тэр. магутнасці і поспехам у барацьбе з нарманамі. Заснавальнік дынастыі Гуго Капет (адсюль назва) выбраны каралём (987), што стала канцом з дынастыі Каралінгаў. Пры першых К. Францыя была раздробленай дзяржавай са слабай каралеўскай уладай, яны валодалі толькі Іль-дэ-Франсам. У часы праўлення К. каралеўская ўлада з выбарнай ператварылася ў спадчынную, пашырана тэр. каралеўскага дамена, у пач. 14 ст. ўключала ​3/4 тэр. Францыі. Да К. належалі: Гуго Капет [987—996], Роберт II [996—1031], Генрых I [1031—60], Філіп I [1060—1108], Людовік VI [1108—37], Людовік VII [1137—80], Філіп II Аўгуст [1180—1223], Людовік VIII [1223—26], Людовік IV Святы [1226—70], Філіп III Смелы [1270—85], Філіп IV Прыгожы [1285—1314], Людовік X [1314—16], Філіп V [1316—22], Карл IV [1322—28]. Пасля смерці Карла IV каралямі Францыі былі прадстаўнікі пабочных ліній К. — Валуа і Бурбонаў. Дз.​М.​Чаркасаў.

т. 8, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ТАРПЫ (Gottorp),

Гольштэйн-Готарпы, каралеўская дынастыя ў Швецыі ў 1751—1818. У 1761 готарпскі герцаг Карл Пётр Ульрых стаў рус. царом пад імем Пятра III (правіў у 1761—62). У 1773 сын Кацярыны II і Пятра III готарпскі герцаг Павел I абмяняў уладанні Готарпаў у Шлезвіг-Гольштэйне на Ольдэнбург і Дэльменгорст, якія належалі Даніі.

т. 5, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАНО́ВЕРСКАЯ ДЫНА́СТЫЯ,

каралеўская дынастыя ў Вялікабрытаніі ў 1714—1901. Змяніла дынастыю Сцюартаў. Прадстаўнікі Гановерскай дынастыі: Георг I

[1714—27],

Георг II [1727—60], Георг III [1760—1820], Георг IV [1820—30], Вільгельм IV [1830—37], Вікторыя [1837—1901]. Пасля ўступлення на прастол Эдуарда VII, сына Вікторыі і прынца Альберта (прадстаўнік герм. дома Сакс-Кобург-Гота), пачалося праўленне Сакс-Кобург-Гоцкай дынастыі (з 1917 Віндзорская дынастыя).

т. 5, с. 29

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРНАДО́ТЫ (Bernadotte),

каралеўская дынастыя, якая з 1818 правіць у Швецыі (у 1818—1905 адначасова ў Нарвегіі). Родапачынальнік дынастыі — маршал Францыі Ж.​Б.​Бернадот, у жн. 1810 абраны наследнікам швед. прастола; быў на троне ў 1818—44 пад імем Карла IV Юхана. Інш. прадстаўнікі Бернадотаў: Оскар I [1844—59], Оскар II [1859—1907], Густаў V [1907—50], Густаў VI Адольф [1950—73], Карл XVI Густаў [з 1973].

т. 3, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́ДА (Breda),

горад на Пд Нідэрландаў. Засн. ў 10 ст. 128,2 тыс. ж. (1993). Чыг. вузел, рачны порт на р. Марк Прамысл., культурны, адукац. цэнтр прав. Брабант. Вытв-сць штучнага шоўку; эл.-тэхн., швейная, запалкавая, гарбарна-абутковая, харчасмакавая прамысловасць; металаапрацоўка і машынабудаванне (у т. л. ваеннае). Акадэмія прыгожых мастацтваў. Каралеўская ваенная акадэмія. Музеі. Арх. помнікі пераважна 15—16 ст. Турызм.

т. 3, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІНДЗО́РСКАЯ ДЫНА́СТЫЯ,

каралеўская дынастыя ў Вялікабрытаніі. Засн. ў 1901, калі брыт. манархам стаў Эдуард VII (правіў у 1901—10), сын каралевы Вікторыі (Гановерская дынастыя) і прынца Альберта (прадстаўніка герм. дома Сакс-Кобург-Гота). Да 1917 наз. Сакс-Кобург-Гоцкая. Ва ўмовах пашырэння антыням. настрояў Георгам V [1910—36] уведзена сучасная назва. Інш. прадстаўнікі Віндзорскай дынастыі: Эдуард VIII [студз.снеж. 1936], Георг VI [1936—52], Лізавета II [з 1952].

т. 4, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)